Лялькі “квартальныя” і запамінальныя

№ 29 (1520) 17.07.2021 - 23.07.2021 г

У сёмы раз на “Славянскім базары ў Віцебску”, пачынаючы з 2014 года, ладзіцца праект “Лялечны квартал”. Ён збірае не толькі дзіцячыя, але і сур’ёзныя дарослыя спектаклі тэатраў лялек з розных краін, застаючыся адным з самых інтэлектуальных асяродкаў летняга фестывалю, і дадаткова дэманструе сінтэз мастацтваў, заяўлены як адна з эстэтычных платформ гэтага буйнога форуму.

/i/content/pi/cult/859/18233/9.jpg— Сёлета да нас прыехалі тыя тэатры і спектаклі, якія мы запрашалі летась, — распавёў Віктар Клімчук, мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра “Лялька”, на базе якога і ладзіцца праект. — Мінулым разам з-за пандэміі ўсе фестывальныя мерапрыемствы ў зачыненых памяшканнях былі скасаваны, і мы перанеслі нашы запрашэнні на 2021 год. Я вельмі рады, што тэатры падтрымалі гэтае рашэнне і не адмовіліся завітаць да нас сёлета. На жаль, не змог прыехаць тэатр “Церамок” з Волагды са сваёй версіяй “Кармэн”. Захварэлі на каранавірус артысты тэатра “Агніва” з Мыцішчаў, якія павінны былі паказаць надзвычай кранальны спектакль “Оскар і Ружовая дама” пра апошнія дні смяротна хворага хлопчыка. Таму ў апошні момант мы замянілі гэтае найменне на свой спектакль. Дзякуючы добрым стасункам Віцебска з расійскім Псковам, сувязям паміж гарадамі на ўзроўні мэрый, у афішу дадаўся дзіцячы спектакль “Прыгучае мышаня” Пскоўскага абласнога тэатра лялек.

У выніку ў праекце сёлета ўдзельнічаюць пяць расійскіх тэатраў — і наш. Праграма заўсёды фарміруецца вельмі дбайна і рупліва. Я не ўключаю ў яе тыя спектаклі, пра якія ад кагосьці чуў, але сам іх не бачыў. Гэта дапамагае пазбегнуць магчымых памылак, бо справа ж не толькі ў мастацкай якасці пастановак, але і ў тым, наколькі прыцягнуць яны спрактыкаваную віцебскую публіку і будуць адэкватна ёй прачытаны. Плён такога падыходу відавочны: квіткі на спектаклі “Лялечнага квартала” разлятаюцца імгненна. Сёлета, да прыкладу, на камедыю “Паважаныя грамадзяне!” паводле аповедаў Міхаіла Зошчанкі, якую прывозіць тэатр “П’еро” з Арэнбурга, квіткі зніклі літаральна ў першы дзень продажу.

Да згаданых спектакляў дадам яшчэ “Усе мышы любяць сыр” з Масквы, “Брыдкае качаня” тэатра “Бадзяжны сабака” з Санкт-Пецярбурга, гісторыю злачынства “Забіць Караля” паводле Мрожэка Пензенскага абласнога тэатра “Лялечны дом”. Пры такім замежным узроўні (а некалькі тэатраў уганараваныя Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміяй “Залатая маска”) яшчэ больш прыдзірлівым становіцца адбор уласных спектакляў.

Наш тэатр прадстаўлены на сёлетнім фестывалі трыма працамі. Гэта “Лялькі Ціма Талера, ці Прададзены смех” — вельмі стыльны, атмасферны спектакль нашага мастака-канструктара Дзмітрыя Гаралевіча, якім мы завяршаем VІІ “Лялечны квартал”. “Мой вялікі маленькі дзядуля” прасякнуты настальгіяй, тонка пададзенай тэмай не бацькоў і дзяцей, а дзядоў і ўнукаў. П’есу напісала наша мясцовая аўтарка Вольга Прусак. Там распавядаецца пра дзяўчынку, не адаптаваную да соцыуму. Яе разумее толькі дзядуля — яе адзіны блізкі сябра: яна нават у школу з ім ходзіць. Дзядуля занепакоены, што стане з унучкай, калі ён пакіне яе назаўжды, і дапамагае ёй пасябраваць з хлапчуком. Спектакль атрымаўся сентыментальным, крыху сумным, незвычайным. Нарэшце, “Насарог і Жырафа”, якім мы адкрылі “Лялечны квартал”, узнімае афрыканскую тэму, у ім многа песень і танцаў. Але праз жыццё экзатычных жывёл нязмушана распавядаецца, вядома, пра чалавечыя стасункі, каштоўнасць якіх мы яшчэ больш ацанілі ў час пандэміі.

Чалавечы фактар спрацоўвае і пры падрыхтоўцы нашага праекта. Шмат гадоў я ўдзельнічаў у працы журы фестываляў лялечных тэатраў, што праходзілі ў Сербіі, Расіі, ездзіў на іншыя міжнародныя форумы. Паглядзеў безліч спектакляў, выкананых у самых розных тэхніках і стылях, завязаў кантакты з многімі і многімі тэатральнымі калектывамі. Без гэтага “Лялечны квартал” наўрад ці станавіўся б такім яркім і запамінальным. Бо калектывы, уключаючы самыя знаныя, “залатамасачныя”, едуць да нас за свой кошт. Вядома, яны атрымліваюць ганарар за выступленні, але той не пакрывае іх выдаткі. Так, да прыкладу, сёлета не змог да нас прыехаць тэатр з Краснаярска: папросту не хапіла грошай на дарогу.

Увогуле, удзел у фестывалі на такіх умовах магчымы хіба праз сяброўства, асабістае знаёмства ды прыязныя стасункі з калектывамі і іх кіраўнікамі. А таксама праз высокі фестывальны імідж, бо для многіх тэатраў пабываць на “Славянскім базары ў Віцебску” — значыць, узняцца яшчэ на адну прыступку сваіх творчых дасягненняў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"