(Працяг. Пачатак у “К”, № 26, 2021)
Адкуль іх карані?
У дваранскіх справах Данілевічаў-Чачотаў (герб “Астоя”) і Дахноўскіх-Гаціскіх (герб “Рох ІІІ”) сцвярджаецца, што абодва гэтыя роды перасяліліся ў Наваградскае ваяводства са Смаленшчыны. Памежныя з Маскоўкай дзяржавай землі ВКЛ былі не самымі спакойнымі. А потым, у выніку бясконцых войнаў, паводле “Дэвулінскага перамір’я” (1667 г.) значная частка Смаленскага ваяводства ўвогуле была страчана. Таму тыя, хто не жадаў станавіцца падданым маскоўскіх цароў, перабіраліся на заходнюю тэрыторыю ВКЛ.
З цягам часу дрэвы родаў Чачотаў і Гаціскіх разрасліся і не раз перапляталіся сваімі галінамі. Чарговае такое перапляценне адбылося 7 верасня 1794 года. У Стваловіцкім касцёле святога Яна Хрысціцеля (цяпер царква Аляксандра Неўскага, аграгарадок Сталовічы) сталі на шлюбны каберац Тадэвуш Чачот і дачка наваградскага ротмістра Антона Гаціскага Клара. Пасля шлюбу, па ўсей верагоднасці, маладыя адправіліся ў фальварак Малюшыцы, які арандаваў Тадэвуш Чачот. Увогуле, адначасова і побач існавала тры фальваркі Малюшыцы — два з іх належалі татарскаму роду Уланаў, а трэці, як арэнднае жытло, увесь час пераходзіў з рук у рукі. За гэтым фальваркам у 1795 — 1796 гадах лічыўся 51 падданы (19 мужчын і 32 жанчыны). Першанец у гэтай сям’і нарадзіўся 17 ліпеня (6 ліпеня па “старому стылю”) 1796 года. Тут варта дадаць, што пакуль вярстаўся нумар удалося высветліць імя таго, хто першым адкрыў праўдзівую дату і месца нараджэння Яна Чачота. Гэта быў гісторык літаратуры, случчанін Леанард Падгорскі-Аколаў, які ў часопісе LECH (1937 год, № 3 — 4) прывёў метрычны запіс аб дапаўненні хросту Яна Чачота, які адрозніваецца ад знойдзенага намі толькі наяўнасцю пары сведкаў — Ігнат Чачот (брат Тадэвуша) і Разалія Гаціская (сястра Клары) і дадаткам “пасады” хростнай маці Яна, Ганны Шымкевіч (жонка аканома маёнтка ў Сервачы).
Дарэчы, не абыйдзем мы ўвагай і яшчэ аднаго даследчыка, які яшчэ ў 1986 годзе, у кнізе “От Нёмана к берегам Тихого океана”, прывёў дату “17 ліпеня”. Ім быў Валянцін Грыцкевіч, брат слыннага беларускага гісторыка Анатоля Грыцкевіча. “Согласно документу, обнаруженному в деле “О дворянстве Чечотов” в Центральном государственном историческом архиве СССР в Ленинграде, он родился 17 июля 1796 года в застенке (шляхетском поселении) Малющицы…”
Дзе прайшлі дзіцячыя гады?
Пасля сканчэння тэрміна арэнды Малюшыцаў (сёння Малюшычы, Карэліцкі раён) бацькі Яна Чачота перабіраюцца ў маёнтак Новая Мыш
(Баранавіцкі раён), дзе напачатку 1798 года ў іх нарадзілася дачка, якую 4 (15) лютага ахрысцілі імем Тэкля. Яе хроснымі сталі Ян Чачот (!) і Разалія Гаціская (сястра Клары). А 2 (14) красавіка 1801 года, там жа, у Новай Мышы, была ахрышчана Алаіза-Караліна. Як сцвярджае краязнаўца і чачотазнаўца Васіль Дубейка, у знойдзеным ім архіўным дакуменце 1803 года сцвярджаецца, што бацька Яна — Тадэвуш Чачот становіцца аканомам часткі графства Новая Мыш (з 1777 года яно належала апошняму наваградскаму ваяводзе Юзафу Несялоўскаму). Прайшло яшчэ трошкі часу і ў аканома нарадзіўся сын Пётр-Павел, які быў ахрышчаны 17 (29) чэрвеня 1806 года ў маёнтку Баранавічы. Аб тым, што і надалей сувязь Яна Чачота з Новай Мышшу не парывалася, сведчыць хаця б той факт, што свае лісты да сяброў-філаматаў ён пачынаў са словаў “Ян з Мышы”.
І тут мы павінны згадаць яшчэ пра адну загадку, якая доўгія гады не давала і не дае спакою даследчыкам. У першай публікацыі, прысвечанай Яну Чачоту (аўтар Ян Прусіноўскі, 1860), з невядомай прычыны за месца нараджэння філамата быў абраны маёнтак Рэпіхаў (Рэпіхава, Ляхавіцкі раён). Памылку гэту ў 1937 годзе выправіў Леанард Падгорскі-Аколаў. Але Рэпіхаў усё роўна застаўся ў чачотазнаўстве, ужо як месца, “дзе яго бацька працаваў аканомам і дзе прайшлі дзіцячыя гады Яна”. Праўда, аніводнага дакумента на карысць гэтага сцвярджэння дасюль прыведзена так і не было. Паадзеныя ж вышэй архіўныя звесткі не пакідаюць Рэпіхава і гэтага шанца. Бо, як мы бачым, ад 1798 года сям’я жыла і “працавала” ў маёнтку Юзафа Несялоўскага (1728 — 1814).
Першыя навукі і знаёмства з Адамам Міцкевічам
Адносна года (1808-га ці 1809-га), калі Ян Чачот паступіў у наваградскі дамініканскі калегіум, падаецца, і да гэтага часу няма пэўнасці. Польскі даследчык з наваградскімі каранямі Анджэй Сыракомля-Булгак дэталёва разабраў пытанне і прыйшоў да высновы, што гэта адбылося ў 1808 годзе. А пазнаёміцца з Адамам Міцкевічам яны маглі толькі ў 1812 або 1813 гадах. Славуты ў будучыні географ, філамат Ігнат Дамейка так апісаў школьны перыяд жыцця сваіх сяброў: “Два нашы студэнты навагрудскай школы з маленства ведалі і любілі наш літоўскі (то-бок беларускі) народ, палюбілі яго песні, пранікліся яго духам і паэзіяй…чаму, відаць, спрыяла і тое, што невялікае мястэчка Навагрудак мала адрознівалася ад нашых вёсак і засценкаў. Школьнае жыццё было, па-сутнасці, сельскім. Сябры хадзілі па кірмашах, бывалі на сялянскіх вяселлях, дажынках і хаўтурах. Яшчэ ў школе бедная страха і народная песня распаліла ў грудзях сяброў першае паэтычнае натхненне…” (пераклад і ўдакладненні Адама Мальдзіса).
Наваградак пачатку ХІХ стагоддзя — даўно ўжо не цэнтр ВКЛ, дзе 6 ліпеня 1253 года, як сцвярджаюць даследчыкі, каранаваўся першы і апошні кароль ВКЛ — Міндоўг. Гэта ўжо і не цэнтр велізарнага Наваградскага ваяводства, славутага сваімі постацямі — Рэйтанамі, Корсакамі, Радзівіламі. Жыло ў сталіцы павета Гродзенскай губерні, збольшага ў драўляных хатах і сядзібах, каля васьмі тысяч чалавек (у Лондане ў той час каля мільёна). Усіх забаў, сапраўды, — хадзіць па кірмашах-святах, а на вакацыях ездзіць па сябрах, чытаць і спрабаваць сілы ў паэзіі.
Але менавіта гэты перыяд сфарміраваў светапогляд Яна Чачота. Вырас ён у сям’і, у якой нястача была паўсядзённым фонам. Бацька яго, працуючы аканомам маёнтка, не асабліва дбаў пра сваю кішэню. Не быў ён і крывапійцам прыгоннага люду. А тое і гэтае былі ў тыя часы неад’емнымі рысамі гэтай “прафесіі”. Адсюль пазней вырас і гнеўны прысуд Чачота “панам прыгнятальнікам” — балада “Узногі”.
У 1815 годзе ў Яна Чачота і Адама Міцкевіча, вучняў 6 класа калегіума, з’явілася магчымасць паступіць у Віленскі ўніверсітэт. Але пашанцавала (заступніцтва ксяндза і ўніверсітэцкага выкладчыка Юзафа Міцкевіча) толькі Міцкевічу, які стаў у тым годзе студэнтам. Яну Чачоту, які быў больш чым на два гады старэйшым за сябра, прыйшлося адкласці паступленне да восені 1816 года.
Віленская alma mater
“Чачот Ян, сын Тадэвуша, 20 год, нарадзіўся ў губерніі Гродзенскай павет Навагрудзкі, парафіі варанчанскай” — так запісана пра новага студэнта ў кнізе запісаў Віленскага ўніверсітэта за 1816 — 1817 вучэбныя гады. Правучыўся Ян Чачот гэты год на факультэце “навук маральных і палітычных”, дзе выкладалі слынныя Ігнат Даніловіч, Яўхім Лелявель, Сымон Малеўскі і іншыя.
Але ў 1818 годзе з-за фінансавых складанасцяў Ян Чачот вымушаны быў пакінуць сцены ўніверсітэта і паступіць на працу “ў Пракураторыю, не маючы аніводнай навуковай ступені і рангу”, дапамагаючы ў розных справах “адвакату Турскаму”. Праца ў “Радзівілаўскай масе”, адмысловай камісіі, якая займалася ўпарадкаваннем маёмасных спраў роду Радзівілаў, працягвалася сем гадоў. Пазней Ян Чачот згадваў, што яго бацька таксама працаваў у гэтай камісіі, толькі дзевяць гадоў. Што дазволіла недзе ў 1830 годзе аўдавеўшай маці Яна Чачота, дзякуючы заступніцтву дабрадзеяў, атрымаць пэўную пенсію, з якой яна і жыла, не маючы свайго маёнтка.
Цікава, што “Пракураторыя” была размешчана ў палацы Радзівілаў, які меў назву “Кардыналія”. Там у тыя самыя часы жыла сям’я былых радзівілаўскіх тэатральных акцёраў Станіслава і Марыяны Закрэўскіх (продкі жонкі Станіслава Манюшкі) (гл. “К” № 26, 2020).
Свой хлеб, сябры і паэзія
Сціплы “радзівілаўскі” заробак дробнага архіўнага працаўніка не дазваляў Яну Чачоту весці раскошны лад жыцця, але ўсё ж такі ён гарантаваў “кавалак хлеба”. Калі выпадала, працягваў наведваць лекцыі ва ўніверсітэце. Праўда, на атрыманне нейкай навуковай ступені эпізадычныя візіты надзеі не давалі. Затое была магчымасць шчыльна кантактаваць са старымі і новымі сябрамі — Адамам Міцкевічам, Тамашом Занам, Адамам Сузіным, Ігнатам Дамейкам, Ануфрыем Петрашкевічам, Францішкам Малеўскім (брат Зосі, “музы” Яна Чачота) і многімі іншымі славутымі прадстаўнікамі аб’яднанняў філаматаў, філарэтаў. І не проста кантактаваць, а прымаць самы чынны ўдзел у жыцці гэтых таварыстваў, у якія ўваходзіла перадавая моладзь з зямель усяго былога ВКЛ і, пераважна, з беларускіх земляў.
У гэты перыяд расквітнеў паэтычны талент Яна Чачота, які гартаваўся ў няпростых паэтычных спаборніцтвах з сябрамі. Тады ж з’явіліся і першыя беларускія вершы Чачота.
Працяг будзе.