След гераічных канспіратараў

№ 28 (1519) 09.07.2021 - 17.07.2021 г

Загадкі і згадкі аб мінскім падполлі
80-годдзе з дня нападу нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз — гэта яшчэ адна нагода ўзгадаць не толькі пра трагедыю першых дзён вайны на беларускай зямлі, але і пра пачатак гераічнага супраціву акупантам, у які адразу ж уключыліся шматлікія нашыя суайчыннікі, незалежна ад узросту, нацыянальнасці альбо роду заняткаў. Адной з найбольш вядомых старонак барацьбы супраць гітлераўцаў у Беларусі была дзейнасць мінскага патрыятычнага падполля. Вядомых — але ці добра знаёмых? Наколькі добра мы ведаем гісторыю падполля, і як можна зрабіць памяць аб яго героях больш заўважнай у гарадскім асяроддзі?

Здавалася б, аб мінскіх падпольшчыках даўно напісана мноства навуковых і мастацкіх кніг, у розныя часы на гэтую тэму знятыя некалькі фільмаў і нават тэлесерыялаў... Але рэчаіснасць паказвае, што нават тыя факты, якія падаюцца відавочнымі, могуць, насамрэч, заставацца загадкамі.

Развіццё, перарванае бомбамі

У чэрвені 1941 насельніцтва Мінска налічвала каля дзвюхсот сямідзесяці тысяч чалавек, а тэрыторыя горада, за рэдкімі выключэннямі, змяшчалася прыкладна ў межах сучаснага другога транспартнага кальца. На ўскраінах пераважала драўляная аднапавярховая забудова, а ў цэнтры нават сярод мураваных будынкаў большасць складалі дамы, пабудаваныя яшчэ да рэвалюцыі. Тым не менш, цягам 1930-х гадоў паступова разгортвалася і новае будаўніцтва, у горадзе з’яўляліся грунтоўныя грамадскія будынкі і цэлыя комплексы, такія як Дом ураду, тэатр оперы і балета, Дом Чырвонай Арміі (сённяшні Дом афіцэраў), універсітэцкі і клінічны гарадкі. На ўскраінах будаваліся пад жыллё рабочыя пасёлкі з тыпавых двухпавярховых драўляных дамоў.

Развіццё і рост горада былі гвалтоўна спыненыя нападам акупантаў. Ужо на другі дзень вайны на беларускую сталіцу ўпалі першыя бомбы. Назаўтра, 24 чэрвеня, адбылася яшчэ больш маштабная бамбардзіроўка ўсяго гарадскога цэнтра, якая зрабіла гэты дзень адным з найстрашнейшых у гісторыі Мінска — забудова вуліц Савецкай (сённяшняга праспекта Незалежнасці) і Леніна была знішчаная амаль цалкам. Таксама ад пажараў, выкліканых запальвальнымі бомбамі, цалкам згарэлі велізарныя кварталы драўлянай забудовы на левым беразе Свіслачы, аж да Камароўкі.

Авіяналёты працягваліся і ў наступныя дні, пакуль 28 чэрвеня, на сёмы дзень вайны, у Мінск не ўвайшлі нямецкія войскі. Такі імклівы захоп беларускай сталіцы зрабіўся шокам для ўсіх жыхароў Савецкага Саюза. Які адчай адчувалі ў гэты момант самі мінчукі — увогуле цяжка ўявіць. Ніхто з іх не ведаў, што акупанты прыйшлі сюды на доўгія тысяча сто дзён. Але кожны з гэтых дзён увайшоў і ў летапіс змагання супраць ворагаў.

/i/content/pi/cult/858/18222/Kultura-28-page-14S.jpg

Справы сямейныя

Першыя падпольныя групы пачалі ўзнікаць стыхійна, без якой-кольвек каманды зверху — людзі, выхаваныя ў патрыятычным духу, неўзабаве ачомаліся ад шоку, выкліканага паразамі першых дзён вайны, і пачалі шукаць магчымасць хоць нечым дапамагчы ў справе змагання супраць захопнікаў. Часам гэтыя групы, на жаль, існавалі так нядоўга, што нават не паспявалі далучыцца да агульнай структуры падполля. У гэтым сэнсе паказальнай з’яўляецца гісторыя групы, якая дзейнічала ў лазарэце, размешчаным у першыя дні пасля захопу горада ў будынку, дзе сёння — галоўны корпус Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (пасля вайны ён быў істотна перабудаваны).

Група гэтая ўзнікла, можна сказаць, па прынцыпе сваяцтва — у яе ўвайшлі супрацоўніца 3-га гарадскога шпіталя Вольга Шчарбацэвіч з 14-гадовым сынам Уладленам (Валодзем), два яе браты і сястра з мужам, а таксама некалькі іх знаёмых. На свой страх і рызыку яны арганізоўвалі для параненых савецкіх ваеннапалонных уцёкі з нямецкага лазарэта, дапамагаючы ім перайсці на нелегальнае становішча і далучыцца да партызан — такім чынам былі перапраўленыя ў лясы каля паўсотні чалавек.

Напамін пра геройства, здраду і помсту

На жаль, ужо ўвосень група была выкрытая, дзякуючы здрадзе аднаго з уратаваных ваеннапалонных, Барыса Рудзянкі, які пагадзіўся на супрацоўніцтва з нямецкай вайсковай контрразведкай — абверам. 26 кастрычніка ўдзельнікаў групы павесілі на гарадскіх вуліцах — гэта было першае публічнае пакаранне смерцю ў акупаваным Мінску. Што тычыцца Барыса Рудзянкі, ён працягваў сваю чорную справу, прабраўшыся ў агульнагарадскія падпольныя структуры, і далей выдаваў патрыётаў у рукі нацыстаў. Справядлівае пакаранне напаткала яго толькі пасля вайны — ён быў асуджаны і ў 1951 годзе расстраляны.

Месцы, дзе былі пакараныя смерцю ўдзельнікі групы Шчарбацэвічаў, сёння належным чынам ушанаваныя — памятныя знакі ўсталяваныя на вуліцы Кастрычніцкай і ў Аляксандраўскім скверы. Але, як ні дзіўна, няма ніякай памятнай шыльды на доме, дзе жылі Вольга і Уладлен Шчарбацэвічы, па праспекце Незалежнасці, 27А. А ўсталяваць такі знак было б варта, бо менавіта з гэтым месцам звязаны адзін з найбольш адметных і трагічных эпізодаў у гісторыі падполля.

Хто камандаваў падпольшчыкамі?

Падпольныя групы паступова ўзнікалі, пачынаючы з ліпеня 1941 года, па ўсім горадзе. Найчасцей ствараліся яны таксама па сямейных ці суседскіх сувязях, альбо сярод калег па працы, на самых розных прадпрыемствах. Агульная колькасць удзельнікаў падполля і датычных да яго дзейнасці, паводле апошніх звестак, ацэньваецца амаль у дзесяць тысяч чалавек. Спектр дзейнасці падпольшчыкаў быў надзвычай шырокі: акрамя дапамогі ваеннапалонным, розныя групы збіралі і перапраўлялі ў партызанскія атрады зброю і медыкаменты, праводзілі агітацыю сярод насельніцтва і збіралі разведданыя аб дзеяннях ворага, ладзілі акцыі сабатажу і дыверсіі, і нават удзельнічалі ў непасрэднай ліквідацыі гітлераўцаў ды іх прыслужнікаў. Усе ячэйкі былі аб’яднаныя пад кіраўніцтвам пяці падпольных раённых камітэтаў, якія, у сваю чаргу, падпарадкоўваліся падпольнаму гаркаму.

Хто ж стаяў на чале мінскага падполля? Як ні парадаксальна, для шырокіх мас гэтае пытанне і сёння застаецца таямніцай. Часта размаўляючы з людзьмі аб гісторыі падполля, я заўжды задаю адно і тое ж пытанне — ці ведаюць мае суразмоўцы, хто быў кіраўніком мінскіх падпольшчыкаў? Адказ, на жаль, зазвычай упэўнены, але няправільны. Рэч у тым, што доўгія гады лідарам мінскага падполля паводле афіцыйнай версіі лічыўся Ісай Казінец. Ён сапраўды ўваходзіў у кіраўніцтва гаркама і адыгрываў у дзейнасці падполля надзвычай важную ролю, але ў рэчаіснасці на чале ўсіх падполных структур у горадзе ўсё-ткі стаяў іншы чалавек, імя якога дагэтуль застаецца добра вядомым толькі для спецыялістаў. Як жа так выйшла?

Ужо ў першыя дні вайны партыйнае кіраўніцтва Беларусі прыняло рашэнне аб неабходнасці стварэння на акупаванай тэрыторыі падпольных структур, якія сталі б на чале змагання супраць ворага. Адным з тых, каго пакінулі для гэтай мэты за лініяй фронту, быў Іван Кавалёў — да вайны ён займаў пасаду сакратара райкама партыі ў Заслаўі. Улетку 1941 года менавіта гэты чалавек з’явіўся ў Мінску і аб’яднаў пад сваім кіраўніцтвам падпольныя структуры ў горадзе, маючы на гэта ўсе паўнамоцтвы. Падпольны гаркам партыі дзейнічаў на чале з Кавалёвым ажно да восені 1942 года, калі ў выніку чарговага буйнога правалу яго кіраўнік быў схоплены нацысцкімі карнымі органамі.

“Поспехі” паклёпнікаў

Тут і пачалася сумная гісторыя шматгадовага забыцця, на якое быў асуджаны лідар падпольшчыкаў. Нацысты зладзілі сапраўды подлую правакацыю, надоўга абылгаўшы яго імя і скампраметаваўшы ўсіх, хто з ім супрацоўнічаў. Адразу пасля таго, як Кавалёў быў схоплены, у пранямецкай прэсе, якая выходзіла ў акупаваным Мінску, былі апублікаваныя звесткі, нібыта кіраўнік гарадскога падполля пайшоў на супрацоўніцтва з гітлераўцамі, і выдаў усіх сваіх паплечнікаў. Каб замацаваць эфект, сцвярджалася, што ён выступае перад працоўнымі і каецца за сваю барацьбу.

Тыя падпольшчыкі, якія засталіся на волі, не маглі даць веры такім “навінам”, але, як ні парадаксальна, гэтай хлусні, на жаль, паверылі на іншым баку фронту. Цэнтральнае камандаванне партызанскага руху, якое знаходзілася ў Маскве, распарадзілася лічыць Івана Кавалёва здраднікам, прызнала, што падпольныя структуры, якія ён узначальваў, нібыта былі створаныя немцамі з мэтай правакацыі...

Вяртанне добрага імені

Гэтая памылка дорага каштавала ўдзельнікам падполля, як падчас вайны, так і пасля яе заканчэння. Толькі ў 1959 годзе больш за сотню колішніх падпольшчыкаў былі рэабілітаваныя і пазбаўленыя кляйма здраднікаў — але нават тады Івана Кавалёва працягвалі лічыць правакатарам. І ажно яшчэ праз сорак гадоў, у 1989-ым, адкрыліся сапраўдныя акалічнасці яго арышту і гібелі, і толькі тады кіраўніку падполля было вернутае добрае імя. Насамрэч, ён быў забіты гітлераўцамі пасля паўгода допытаў і катаванняў, так і не выдаўшы нікога з паплечнікаў.

Так ці іначай, версія аб лідарстве Казінца і здрадзе Кавалёва надоўга ўмацавалася ў масавай свядомасці. Магчыма, таму і сёння імя апошняга не на слыху — хаця, між іншым, іменем Івана Кавалёва была нават названая вуліца ў Мінску, у мікрараёне Сухарава. Вось толькі сёння, калі ў гэтым раёне адбываецца інтэнсіўнае будаўніцтва новых шматпавярховых дамоў, старая драўляная забудова вуліцы паступова знікае, а ад яе трасы засталося ўжо не больш за паўкіламетра. Ці не нагода гэта зноў задумацца аб ушанаванні памяці чалавека, які ўзначальваў супраціў гітлераўцам у беларускай сталіцы? Адрасы, па якіх ён жыў у Мінску падчас акупацыі, таксама вядомыя — гэта дамы па вуліцы Хлебнай (сёння ёй вернутая гістарычная назва, Юр’ева-Завальная) і Савецкай, у самым цэнтры горада. Няблага было б і тут пабачыць нейкі напамін аб сапраўдным лідары падпольшчыкаў.

Руіны-помнікі

Разбурэнні, нанесеныя Мінску падчас вайны, былі настолькі моцнымі, што разглядалася нават магчымасць адбудовы сталіцы БССР на новым месцы — а руіны старога горада прапаноўвалася захаваць у якасці помніка, як напамін аб ліхалецці. Цяжка сказаць, ці быў гэты план удалым, але, так ці інакш, да яго рэалізацыі не дайшло. Таму сёння гарадское жыццё працягвае віраваць у тых самых лакацыях, дзе некалі змагаліся і гінулі героі-падпольшчыкі.

Спецыфіка дзейнасці гарадскога падполля палягала ў тым, што канспіратыўную работу заўжды было зручней весці на ўскраінах, забудаваных драўлянымі аднапавярховымі дамамі, у кварталах, дзе немцы рэдка паказваліся. Да таго ж, цэнтр горада быў моцна разбураны пажарамі і бамбардзіроўкамі яшчэ з першых дзён вайны. Сёння даследчыкам вядомыя некалькі соцень адрасоў канспіратыўных кватэр мінскага падполля, але, з вышэйзгаданых прычын, за рэдкімі выключэннямі амаль усе яны былі ў розныя часы зруйнаваныя, на іх месцы з’явіліся новыя гарадскія кварталы. Тым важней сёння захоўваць у сучасным горадзе рэдкія і каштоўныя сляды мясцін, звязаных з дзейнасцю і імёнамі тых, хто ў свой час кінуў выклік акупантам. Магчыма, некалі справа дойдзе і да з’яўлення ў сталіцы музея, прысвечанага гісторыі мінскага падполля.