Наш Рушнік, які яднае і аберагае

№ 28 (1519) 09.07.2021 - 17.07.2021 г

Святкаванне Купалля — старажытная беларуская традыцыя, якая беражліва захавана і ўшанавана ў нашай краіне. Самая незвычайная ноч у годзе, якая прысвечана летняму сонцастаянню і росквіту прыроды, кожны год яскрава адзначаецца ў Александрыі. Аграгарадок Шклоўскага раёна за гэты час стаў візітнай карткай аднаго з найстарадаўнейшых народных свят. Сваіх сяброў Александрыя збірае і сёлета. Купалле ў гэтым годзе святкуюць традыцыйна — на беразе ракі Дняпро, якая са старажытных часоў згуртоўвае тры ўсходнеславянскія народы. Асноўная пляцоўка свята разгортваецца менавіта каля маста, які яднае не толькі два населеных пункта — Александрыю і Копысь, але і две вобласці — Магілёўскую і Віцебскую. Усе гэтыя сімвалы набылі новы сэнс, улічваючы тое, што 2021 год быў абвешчаны Годам народнага адзінства.

/i/content/pi/cult/858/18208/Kultura-28-page-1--.jpg

Сімвалам рэспубліканскага свята абраны рушнік. “Рушнік — суправаджае нашага чалавека ад нараджэння да смерці. Паміж таго, ён сустракаецца ва ўсіх славянскіх культурных святах, дзеях. На маю думку, наш рушнік у якасці традыцыйнага сімвала дазволіць у чарговы раз засяродзіцца на самабытнай культуры беларускага народа ды й пакажа адзінства славянскай культуры”, — зазначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

Гасцей Александрыі сустракаюць гандлёвыя рады і міні-павільёны, атракцыёны, выставы-продажы, тэматычныя пляцоўкі. І цырымонія адкрыцця, і гала-канцэрт народнага шоу “Песні маёй краіны” — традыцыйна сталі асноўнымі падзеямі свята.

Пра навацыі на гала-канцэрце “К” даведалася ў дырэктара Магілёўскай абласной філармоніі Святланы Ефімук.

— У гэтым годзе асноўная ідэя і пасыл нашага гала-канцэрта — яднаць людзей. Намі быў абраны цікавы фармат: песні па заявах. Можна сказаць, што гледачы самі складаюць канцэртную праграму і чуюць ад артыстаў блізкія і знаёмыя песні, якія адклікаюцца ў іх сэрцы. Таму мы і назвалі наша мерапрыемства “Песні маёй краіны”. Вы можаце пабачыць, як крэатыўна прадумана і галоўная сцэна. Яна складаецца з двух аб’ектаў — паўсфер, для хору і для аркестра, а ў цэнтры размешчана крутная сфера, якая дазваляе хутка змяняць дэкарацыі і акунаць гледача ў неабходную атмасферу. Спадзяюся, што наша свята атрымалася!

Пачнецца мерапрыемства на галоўнай канцэртнай пляцоўцы ў 21:00. У ім прымуць удзел зоркі беларускай эстрады Алёна Ланская, Жанэт, Вікторыя Алешка, Уладзімір Громаў, Анастасія Масквіна, групы “Беларусы”, “Верасы”, ансамблі “Песняры”, “Сябры”. Да нас прыедуць госці Кастусь Масковіч, Сержык, Алег Газманаў.

Ганна Баранок