Ва ўмовах глабальнай рэвізіі…

№ 27 (1518) 03.07.2021 - 09.07.2021 г

29 чэрвеня ў рамках рэспубліканскага фестывалю манументальна-дэкаратыўнага мастацтва “Манумент 21” адбыўся круглы стол па тэме захавання манументальнай спадчыны савецкай эпохі.

Сумоўе сабрала шчыльнае кола асоб, якія ўважаюць названую тэму за актуальную. Гэта старшыні секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва і секцыі мастацтвазнаўства і крытыкі Беларускага саюза мастакоў, а таксама адмыслоўцы, што асвятляюць культурніцкія падзеі ў сродках масавай інфармацыі і дастаткова дасведчаныя ў праблемах культуры. Быў там і аўтар гэтых радкоў.

На першы погляд праблема падаецца цалкам надуманай. Не зносілі ж у нас пад галёканне натоўпу помнікаў правадыру пралетарыяту, а тым болей — салдатам Вялікай Айчыннай, нават заклікаў да гэтага не было. Ад Віскулёў і да нядаўняга часу ў Беларусі захоўваўся ў пэўнай ступені ўнікальны для постсавецкай прасторы стан мірнага суіснавання дзвюх культурніцкіх сістэм — савецкай, якая ўжо належыць гісторыі; і нацыянальнай, праз якую сцвярджаецца духоўны суверэнітэт новай Беларусі. Падабаецца табе настальгіраваць па Савецкім Саюзе — калі ласка, гэта твая асабістая справа. Толькі не перашкаджай жыць тым, у каго іншыя каштоўнасці; тым, хто дбае пра будучыню.

Бадай што, непазбежна мусіць змяніцца і стаўленне да ўсяго комплексу савецкасці. А значыць, многае са зробленага ў савецкі час у вачах беларускага грамадства, пэўна, не будзе ўспрымацца як мастацкая і гістарычная каштоўнасць.

Нішчыць помнікі ды іншую манументальную аздобу не пойдуць — не той менталітэт. Але і ахоўваць іх ніхто не стане. Верагодна, беларусы будуць проста спакойна назіраць, як манументальныя аб’екты савецкай пары прыйдуць у заняпад, разбурацца і ўрэшце — знікнуць. І датычыць гэта будзе не толькі аб’ектаў з ясна акрэсленым ідэалагічным чыннікам, але і проста прыгожых рэчаў, зробленых у непрыгожы час. Такога сцэнару хацелася б пазбегнуць.

На жаль, і сумныя прыклады ёсць. Вось знік кудысці шэраг габеленаў Аляксадра Кішчанкі, знішчаны альбо знаходзяцца ў занядбаным стане роспісы Зоі Літвінавай, пахаваны пад тынкоўкай сграфіту на будынку колішняга Палаца культуры Камвольнага камбіната, няўцямны лёс роспісаў ужо не існуючага аўтавакзала “Маскоўскі”. І гэта, падкрэслю, адбылося ва ўмовах, калі грамада да савецкай спадчыны яшчэ ставілася памяркоўна.

Удзельнікі сумоўя абмеркавалі магчымыя захады, якія змаглі б абараніць манументальныя аб’екты ва ўмовах будучай глабальнай рэвізіі эпохі, што фактычна скончылася ў 1991 годзе, а зараз памірае і ў свядомасці людзей.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"