Трэба адзначыць, што гэтае мерапрыемства становіцца брэндам і візітоўкай Баранавіцкага раёна. Праводзіцца яно ўжо трэці раз, але сёлета было арганізавана з асаблівым размахам, бо набыла статус міжрэгіянальнага і праходзіла цягам двух дзён. Мястэчка Крошын — радзіма нашага знакамітага земляка, каваля і паэта Паўлюка Багрыма. Тут жа, у мясцовым касцёле, знаходзіцца выкаванная ім жырандоля.
Традыцыю кавальства ў нас працягваюць моцныя духам і целам майстры. На “Крошынскім перазвоне” сабраліся кавалі з Брэсцкай вобласці, з Мінска і Гродна, Яны здолелі не толькі паказаць сваё майстэрства, але і паўдзельнічалі ў прафесійным конкурсе паміж сабой. Спаборнічалі праўнікі агню і металу у трох намінацыях: рабілі нешта на выставу-продаж, дэманстравалі выраб, выканана ў якасці хатняга задання, а непасрэдна падчас свята на вачах у публікі кавалі-выраблялі кандэлябр. Прафесійны ўзровень выканання ўсіх гэтых заданняў улічваўся членамі журы, узначальваў якое беларускі мастацтвазнаўца, прафесар, старшыня беларускага саюза майстроў народнай творчасці, член Міжнароднай арганізацыі народнай творчасці Яўген Сахута…
А распачалося свята адкрыццем арт-аб’екта пад сімвалічнай назвай “Натхненне час не выбірае”. Крэатыўным дапаўненнем да каванага ліхтара, які быў выраблены ў гонар першага фестывалю кавальства стаў стол і музычная лаўка (работа Дзмітрыя Шашкова і Георгія Підэнкі). Кожны населены пункт — невялікая веска ці мільенны горад — павінен мець адметныя рысы і запамінальныя мясціны. У Крошыне яны таксама ёсць.
Любое свята, асабліва тое, што праходзіць на адкрытым паветры, прадугледжвае не толькі гасцей-гледачоў, але і цэлы шэраг рознага роду забаў. Не стала выключэннем і наша кавальскае свята. У той час, калі майстры ўтаймавання агню і жалеза займаліся сваёй справай, увазе гасцей была прадстаўлены канцэртная праграма з удзелам творчых калектываў Брэсцкай вобласці, выстава-продаж майстроў народных промыслаў, майстар-класы па традыцыйных відах рамёстваў, паказальнае выступленне клуба гістарычнай рэканструкцыі, гумарыстычная фальклорная праграма і шмат яшчэ чаго цікавага.
Асобна хацелася б сказаць аб работе пляцоўкі “Бібліятэчны падворак”, арганізаванай супрацоўнікамі Баранавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Прытрымліваючыся меркавання, што прыгажосць бывае не толькі матэрыяльная, а прафесіяналізм і творчае натхненне ўласцівы не толькі рамеснікам, але і майстрам літаратурнага слова, яны арганізавалі літаратурную пляцоўку “Паэтычны перазвон”, удзельнікамі якой сталі таленавітыя людзі Баранавіцкага, Лунінецкага і Карэліцкага раёнаў. Запрошаныя госці шчодра дзяліліся з прысутнымі сваімі думкамі, пачуццямі і перажываннямі, што знайшлі адлюстраванне ў іх вершах. Невядома, што больш паўплывала на тую атмасферу, што панавала на пляцоўцы, веліч дубоў і таполяў, у цені якіх выступалі літаратары, ці водар творчасці і натхнення. Але сустрэча майстроў літаратурнага слова прайшла ў атмасферы амаль хатняй утульнасці.
А была яшчэ квэст-гульня “Я люблю гэтую зямлю”. Удзельнікамі яе за два дні сталі амаль 200 чалавек!
Прыгажосць сапраўды бывае розная… Каваны гэта кандэлябр ці пранікнёная рыфма вершаванага радка — якая розніца! Галоўнае — рабіць сваю справу не толькі прафесіянальна, але і з душою. І вельмі важна падтрымліваць старажытныя народныя традыцыі, даваць магчымасць сустракацца таленавітым людзям. Свята кавальства “Крошынскі перазвон” для таго і існуе. А значыць, гэтая сустрэча была не апошняй. Але гэта ужо будзе зусім іншая гісторыя…
Святлана КРОПАТАВА, загадчык аддзела выдавецкай дзейнасці ЦРБ імя Яна Чачота Баранавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы