Лілія Амельянчык — спецыяліст па саломапляценні з 16-гадовым досведам. З мінулага года Лілія Мікалаеўна — у ліку носьбітаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Нядаўна з вучаніцай Настассяй Радзіён брала ўдзел у абласным конкурсе “Казкі і паданні роднага краю”. А яшчэ ў майстрыхі ёсць вучаніцы Ганна Лупач і Настасся Салавей. Інакш кажучы, з пераемнасцю ў Амельянчык усё цудоўна.
Без вышывальшчыц Зінаіды Шабунько, Ганны Пазняк і Людмілы Херкавай свет быў бы не такім маляўнічым. “Крыжыкамі” яны робяць карціны, аздабляюць сурвэткі, пасцельную бялізну. Да слова, вышыўка і па сёння застаецца адным з папулярных відаў народнай творчасці.
Нашы керамісты — гэта тэма для бясконцых размоў пра развіццё мастацтва глінамеса. Сяргей і Марыя Худзяевы працуюць у тэхніцы задымленай керамікі. Іх вырабы пазнаюць і за межамі Беларусі. А Ірына Дзярэчынік — спецыяліст па гліняных сувенірах.
Найлепшая наша ткачыха — народны майстар Беларусі Антаніна Пенцяк. А Аляксандр Галенда любога навучаць плесці з лазы кашы ды кошыкі. І не будзе ім зносу.
Скульптуры з дрэва робяць далёка не ва ўсіх раёнах. Тут не толькі талент патрэбны, але яшчэ і сіла. Усе гэтыя якасці прысутнічаюць у разьбяроў Аляксандра і Уладзіміра Ішчанкаў. Вось, да прыкладу, выява воўка з мульціка “Жыў-быў пёс” ці скульптура ястраба. Зроблены яны з цяжкага ясеня. А побач заўжды шмат ахвотных сфатаграфавацца.
Пазнаёміліся госці свята і з Веранікай Жамойцінай, якая стварае лялькі з паралону ды іншых падручных матэрыялаў. Тая сітуацыя, калі традыцыя закладваецца на нашых вачах.
А ўвогуле праект знаёмства з нашымі рамеснікамі мы назвалі “Адкрыцці людзям”. Думаю, што агульная карысць ад яго відавочная.
Святлана ЯКУТА, метадыст аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага раённага цэнтра культуры