На кожнай такой імпрэзе я міжволі згадваю біблійную тэзу “Напачатку было Слова”. Дык вось эфект і розгалас таго Слова наўпрост залежыць ад Літары, якой яно напісана, набрана, надрукавана. Адно і тое ж слова ў кірылічнай, лацінскай, арабскай версіях альбо яго іерогліф — гэта розныя словы з розным сэнсам. На сёння самы распрацаваны і распаўсюджаны ў свеце шрыфт — лацінскі. Мастакі “ЛітАрту” маюць звышзадачаю дасягнуць такой жа эстэтычнай дасканаласці ў роднай кірыліцы.
Выстава насамрэч стала дэманстрацыяй творчай свабоды ў такой спецыфічнай справе, як шрыфтавая графіка. Асабліва варта адзначыць у ёй удзел маладых мастакоў. Некаторыя на момант правядзення выставы яшчэ нават не паспелі абараніць свае дыпломныя праекты, атрымаць пасведчанні аб заканчэнні ВНУ. Так што “ЛітАрт” пры наяўнасці такога рэзерву будзе мець працяг.