Газета — рэгіёны — чытач

№ 27 (1518) 03.07.2021 - 09.07.2021 г


— У Капыле 5 верасня адбудзецца Дзень беларускага пісьменства. Для кожнага горада падзея гэтага кшталту — сапраўдная ўрачыстасць. А як рыхтуецца сам Капыль да свята?

Галоўны спецыяліст ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Капыльскага райвыканкама Таццяна Віаленцій:

— Перш за ўсё ў нас добраўпарадкуюцца аб’екты для ўрачыстасці. Гэта раённы цэнтр культуры і школа мастацтваў, бібліятэка і краязнаўчы музей. Сродкі на рамонт выдзяляюцца з абласнога і раённага бюджэтаў. Бліжэй да Дня пісьменства ў нас адкрыецца памятны знак “майстру-гарбару” ў гонар нашага земляка, пісьменніка Цішкі Гартнага, які меў першую працу менавіта гарбара, апрацоўшчыка скур. Таксама ў горадзе будзе адкрыта алея пісьменнікаў. Каля лавак у горадзе будуць усталяваны літары з PR-кодам, па якім будзе даступна інфармацыя пра нашых землякоў пісьменнікаў. Любы жадаючы зможа праз PR-код прачытаць пра творцаў у інтэрнэце.

— Сядзіба Цюдзявіцкіх у вёсцы Галошава Талачынскага раёна разбураецца. Не так даўно было прынята рашэнне ўключыць яе ў рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Як мясцовыя ўлады закансервавалі аб’ект, каб супрацьдзейнічаць яго разбурэнню?

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Талачынскага райвыканкама Алена Валевіч:

— Сядзіба сапраўды зараз закансервавана. Закалочаны вокны, раз на месяц на тэрыторыі аб’екта прыбіраецца смецце, падразаецца быльнёг. Але ж мясцовае насельніцтва несумленна адносіцца да захавання спадчыны. На жаль, менавіта вяскоўцы крадуць дошкі на ацяпленне, забруджваюць тэрыторыю. Хаця, канечне, за прычыненне шкоды сядзібе прадугледжана адказнасць.

— У сумнавядомым канцлагеры ў Бярозе, які за польскім часам існаваў у міжваенны перыяд, плануюць стварыць памятны мемарыял. Які менавіта?

Намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама Леанід Качына:

— Міністэрствам культуры быў праведзены конкурс эскізных праектаў на ўзвядзенне памятнага знаку і мемарыялу. Хутка з бюджэтаў вобласці і раёна сродкі будуць накіраваны не толькі на іх узвядзенне, але і на стварэнне адмысловага турысцкага маршруту. Хаця сам канцлагер не захаваўся, побач з ім плануецца выдзеліць тры памяшканні для стварэння паўнавартаснай экспазіцыі. Усе дадзеныя працы плануецца пачаць і скончыць гэтым годам.