Карагод у знакамітай вёсцы

№ 24 (1515) 12.06.2021 - 19.06.2021 г

У пазамінулым снежні Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO на сваім пасяджэнні ў далёкай Калумбіі пастанавіў, што абрад “Юраўскі карагод”, які штогод ладзіцца ў вёсцы Пагост на свята Юр’я, з’яўляецца каштоўнасцю ўсяго чалавецтва — але пры гэтым знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Адпаведна, беларуская прысутнасць у запаветным спісе павялічылася на адну пазіцыю. У тую далёкую палескую вёску, заціснутую паміж Прыпяццю і Сцвігай, я выправіўся, каб зразумець, што ж змянілася пасля надання абраду пачэснага статусу. І адразу спойлер: нічога! Хіба толькі прафесійных камер прыкметна паболела. Але аўтэнтыка і кранальная шчырасць засталіся: іх па-ранейшаму цераз край! Праблемы таксама нікуды не зніклі.

/i/content/pi/cult/854/18145/20.jpgНайперш для сябе

Ужо вечарам напярэдадні свята ля пагостаўскага клуба адчувалася ажыўленне. Дзеці плялі вяночкі і вучылі старадаўнія гульні, кабеты замешвалі закваску для каравая, фатографы і аператары старанна ўсё гэта фіксавалі, а тамтэйшыя мужыкі сарамліва назіралі наводдаль… У цэлым, атмасфера панавала вельмі нязмушаная.

І ты адразу адчуваеш вялікую розніцу паміж абрадам ды якім-небудзь “справаздачным канцэртам” або проста любой сцэнічнай дзеяй. Першы — адвольны, шчыры, “як атрымаецца”. Нават калі ён мае сусветнае прызнанне. Найперш для сябе, а не напаказ.

Кацярына Панчэня, пра якую быў зняты цудоўны фільм “Дачка Прыпяці”, як заўсёды голасна папраўляе маладзейшых — па праве старэйшыны і галоўнай захавальніцы традыцый. “Баба Каця”, як тут яе ўсе называюць — даўно ўжо легенда, таму ад ахвотных з ёй пагутарыць або ўзяць інтэрв’ю проста няма адбою. Але медныя трубы — пасля мноства цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў — ёй яўна не пагражаюць. Кацярына Аляксееўна з усімі ветлая ды шчырая, і за цікавасць да роднага Пагосту заўсёды ўдзячная. Таму зноў — пэўна, у соты раз — распавядае гісторыю абраду: мая мама казала, што ўжо хадзілі, як яна была малая... Адпаведна, “Карагод” быў заўсёды. Нават у вайну, якая не абмінула і Пагост.

На раніцу людзей прыкметна более, і працэсія з зялёным фартушком на граблях рушыць на поле. Дзень, як назло, выдаўся халодным, людзі ў вышыванках трохі пацепваюцца, але бадзёраму настрою гэта не перашкаджае.

Раней працэсію заўсёды ўзначальваў мясцовы бацюшка, які асвячаў поле ды прамаўляў малітву за добры ўраджай. Цяпер ужо не: у пагосцкай царкве новы настаяцель… Можа, прычынай яго насцярожанага стаўлення зрабіліся тыя публікацыі ў СМІ, дзе абрад падаваўся ледзь не паганскім рытуалам?

Тыя, хто прагне пабачыць нешта “гэткае”, экзатычнае, будуць моцна расчараваныя. На рытуал з галівудскіх фільмаў усё гэта зусім непадобна. Тым болей, паганскі. Наперадзе працэсіі, як заўсёды, неслі абраз Божай Маці, а на полі, акром уласна абрадавых песень, праспявалі таксама і духоўную, праваслаўную. “Без Бога ні да парога!” — не раз паўтарае завадатарка абраду Кацярына Аляксееўна. І тлумачыць, што звяртаюцца яго ўдзельнікі менавіта да Усявышняга.

/i/content/pi/cult/854/18145/21.jpgШэрагі радзеюць…

З поля працэсія рушыць па вёсцы ды спыняецца ля паасобных хат, дзе ладзіць карагоды і атрымлівае пачастункі. Так было спакон веку. Але ісці сёння даводзіцца доўга: бальшыня дамоў пустыя.

Вёска Пагост даволі вялікая. Пехатой мо і за дзень не абыдзеш! Хаты на вузкай касе паміж Сцвігай ды Прыпяццю стаяць самыя розныя: часам прагнілыя, а часам і навюткія катэджы. Ды ўсё адно: калі раней лік жыхароў перавышаў тысячу, цяпер іх трохі болей за сотню — прынамсі, сталых, а не “дачнікаў”.

Болей за тое — далёка не ўсе яны ўдзельнічаюць у абрадзе. Хтосьці на працы, у кагосьці проста іншыя справы — ці наогул жыццёвыя інтарэсы. Адзін “брутальны мача”, які з самай раніцы забяспечыў сабе бесклапотны дзянёк, нават трохі псаваў карцінку фатографам, але хутка яго сунялі.

Паколькі да ўдзельнікаў абраду далучаюцца шматлікія прыбышы, таго, што “шэрагі радзеюць”, можна і не заўважыць. Хаця гэта так. Лік непасрэдных носьбітаў традыцыі менее з года ў год. Толькі за апошні час мясцовы калектыў “Міжрэчча” — захавальнік неймаверна багатых традыцый Пагоста — страціў чатырох спявачак. Нехта жывы, але ўжо не ходзіць, бо проста не можа… А замены няма.

Эксперт па нематэрыяльнай культурнай спадчыне Рэгіна Гамзовіч, якая вельмі шмат зрабіла для папулярызацыі “Юраўскага карагоду”, перакананая, што вырашэнне праблемы — у наладжванні сістэмы этнавыхавання прынамсі ў бліжэйшых ад Пагоста школах (тут варта дадаць, што паколькі абрад быў пашыраны не толькі ў самой вёсцы, але і ў яе ваколіцах, прынцып натуральнай пераемнасці традыцыі гэтыя захады не парушаюць). Ды, на жаль, паразумецца з сістэмай адукацыі ў фалькларысткі пакуль не атрымліваецца.

Іншы бок пагрозы

Уласна, усе гэтыя назіранні хіба пацвярджаюць даўнюю выснову. Місія па захаванні элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны сёння дэ-факта ўскладзеная не столькі на неакрэсленыя “лакальныя супольнасці”, якім надаецца асабліва ўвага ў дакументах UNESCO, колькі непасрэдна на мясцовыя ўстановы культуры. Што б хто ні казаў!

На выгляд клуба ў Пагосце міжнароднае прызнанне ніяк не паўплывала. Гэта вялікая вясковая хаціна з выгодамі на вуліцы, якая дзе-нідзе патрабуе рамонту. Штат тры чалавекі: загадчык, мастацкі кіраўнік ды яшчэ прыбіральшчыца. Карацей, класіка жанру  — які, на жаль, ужо адыходзіць.

Зрэшты, калі верыць маім палявым назіранням, такія маленькія “клубікі” ў Жыткавіцкім раёне яшчэ засталіся — у адрозненне, на жаль, ад многіх іншых. За што варта падзячыць мясцовыя ўлады. Не сумняюся, што ўдзячныя ім і жыхары гэтых вёсак.

Для гарадскіх турыстаў такія аб’екты нават цікавыя: менавіта ў іх захоўваецца адмысловая шчырая атмасфера. Еўрарамонт яе адно сапсаваў бы — хаця ўдумлівыя ўкладанні яўна б не зашкодзілі. Скажам, добра было б усталяваць сапраўдную печку для стварэння таго самага абрадавага караваю. Бо сёння ў шыкоўнай этнаграфічнай экспазіцыі Пагостаўскага клуба-бібліятэкі змешчаны хіба муляж, а хлеб кіраўніца “Міжрэчча” Ірына Торчык вымушаная пекчы ва ўласнай хаце ды везці з іншай вёскі.

Але самае галоўнае, што з гаспадыняй клуба Пагосту неверагодна пашчасціла! Назіраць за тым, як рупліва, неўтаймоўна і нязмушана працуе загадчыца Ірына Юнчыц, не менш прыемна, чым глядзець на ток вады ў Сцвізе. Шматдзетная маці, якая родам з тых мясцінаў спалучае якасці і лідара, і псіхолага, і ўласнага захавальніка традыцый. Яна хутка ўсё “разруліць”, арганізуе, і ніхто не застанецца пакрыўджаны.

Таму не дзіва, што калі я асцярожна заводжу гутарку пра выкарыстанне пагостаўскай спадчыны ў турыстычных мэтах (асцярожнасці тут вымагае сама канвенцыя UNESCO), яна ахвотна падхоплівае тэму. Маўляў, нам ужо прапанавалі зрабіць турпрадукт у выглядзе вясельнага абраду — дык мы за ноч усё прадумалі, і нават нешта яшчэ пашыць паспелі!

За турызм у гэтых мясцінах адказвае тутэйшая гаспадарка — ТАА “Тураўшчына” (па-мойму, унікальны выпадак!). Прычым атрымліваецца вельмі няблага: адразу відаць, што кіраўніцтва там прагрэсіўнае. Чаго варты хаця б “гатэль на вадзе”, абсталяваны ў баржы на Прыпяці! Таму і нядзіўна, што размаітае меню турпаслуг — апроч класічных экскурсій, даўно запатрабаванага бэрдуотчынгу ды рыбалкі з паляваннем — не так даўно было вырашана папоўніць і абрадамі Пагоста. Балазе, лагатып UNESCO павінен гэтаму спрыяць.

Я цалкам згодны з думкай дасведчанага гіда Цімоха Акудовіча (гл. “К” № 20): калі народныя абрады стануць забаўкай для масавага турыста, іх сутнасць будзе выпакладаная, яны пераўтворацца ў нічога не вартую абгортку. Без сумневу, такі падыход — іншы бок той пагрозы, пра якую гаворыцца ў Спісе UNESCO. Таму прывезці ў Пагост на Юр’е кавалькаду аўтобусаў — гэта яўна не лепшы варыянт.

Іншая справа — разумнае выкарыстанне і самога брэнда гэтай вёскі (а дзякуючы шматлікім публікацыям, слава пра яе разышлася не раўнуючы па ўсім свеце), і яе ўнікальнай культурнай спадчыны. Хай і ў фармаце шоу.

Тут можна правесці аналогію са знакамітымі балгарскімі несцінарамі. Саму аўтэнтычную дзею танцаў на вуглях бачылі вельмі нямногія — яна адбываецца ў канкрэтны час і ў канкрэтным месцы, далёкім ад маршрутаў “пакетных” турыстаў. Аднак апошнія пра яе, вядома, нешта чулі і нават, пэўна, бачылі — акурат у выглядзе шоу-праграмы.

Падазраю, менавіта турызм здатны вярнуць жыццё ва ўнікальную паводле прыроднага і культурнага ландшафту, але зусім спусцелую вёску, дзе сёння наўрад ці знойдзеш хоць якую вакансію. І, без сумневу, адзіная адэкватная мадэль такога турызму — агра- і эка-.

На сённяшні момант такіх аб’ектаў у Пагосце няма. Ніводнага! Хаця за клубам пакрысе разбураецца будынак былой школы. Ды і вольных хат, як я казаў, процьма.

Наастачу — вельмі аптымістычная метафара. Старажытны бык тур для гэтых мясцінаў — амаль як тая святарная карова ў Індыі. Мала таго, што зусім побач Тураў (пра тое, хто быў названы ў гонар каго — горад у гонар быка, ці наадварот, дасюль вядуцца спрэчкі), дык яшчэ і сам Пагост знаходзіцца ва ўрочышчы Рогі паміж дзвюма рэкамі. Фалькларысты лічаць, што ад пачатку менавіта тур быў галоўнай дзейнай асобай абраду, і менавіта ад слова “карв”, альбо бык, утварыліся словы “каравай” і “каравод” .

Як вядома, апошні тур памёр у 1627 годзе — амаль чатыры стагоддзі таму! Здавалася б, мы ніколі іх не пабачым. Тым не меней, нядаўна навукоўцам удалося адрадзіць гэты біялагічны від. А потым стараннямі эколагаў ён вярнуўся і на бераг Прыпяці. Ужо цэлы год бычкі мірна пасуцца на поплаве ля вёскі Пагост!

Вось, як кажуць, сімвал твой…