Будоўля моладзевага цэнтра і рэстаўрацыя палаца Патоцкіх,

№ 24 (1515) 12.06.2021 - 19.06.2021 г

альбо Планы, якія маюць у Беразіно
Гораду Беразіно, што ляжыць роўна паміж двума сталіцамі, Мінскам і Магілёвам, сёлета спаўняецца 520 гадоў. Месца гэта, з насельніцтвам больш за 11 тысяч чалавек, павольна развіваецца, у тым ліку і ў культурнай сферы. Так, раз на два гады тут праходзіць тэатральны фестываль “Бярэзінская рампа”, мясцовы цэнтр раместваў у 2019 годзе атрымаў статус дзяржаўнага, а раённая бібліятэка здаўна з’яўляецца кропкай прыцягнення насельніцтва. Дарэчы, некалькі гадоў таму яна адсвяткавала “наваселле”, і цяпер займае паверх у Доме культуры, што зрабіла яе больш даступнай да чытача. А будынак на ўскрайку горада, дзе бібліятэка знаходзілася раней, зачыніўся на рэканструкцыю, якая доўжыцца ўжо тры гады. Ці ёсць нагода хвалявацца, што дарагі сэрцу бярэзінцаў аб’ект на вуліцы Камсамольскай напаткае лёс яшчэ адной славутасці горада, сумнавядомай “заброшкі” — палаца графа Патоцкага?

/i/content/pi/cult/854/18139/11.jpgЎ сутарэннях рыцарскі клуб

Першапачатковае прызначэнне будынка на вуліцы Камсамольскай у Беразіно — райвыканкам. Таму і ўзводзілі будучую адміністрацыю, каб праз вонкавую сімволку паказаць магутнасць савецкай улады. Адчынілі яе ў сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя, і з тых часоў бярэзінцы не забываюць сюды дарогу. Нават калі ў 70-х райвыканкам перанеслі ў сучасны цэнтр горада, у будынку на Камсамольскай змясцілі РАНА, архіў, зберкасу, рэдакцыю раённай газеты і тыпаграфію для яе друку, а яшчэ, уласна, бібліятэку. Пазней, у 90-х, тут была і школа мастацтваў, і нават сапраўдны рыцарскі клуб — на цокальным паверсе.

— У гэтых сценах былі выхаваны многія пакаленні бярэзінцаў, — узгадвае бярэзінскі краязнаўца Ігар Жукоўскі. — Нават я, цяпер 60-гадовы мужчына, у школьныя гады хадзіў у гурток “Юны следапыт”, арганізаваны настаўнікам гісторыі Сяргеем Ігнатовічам. І зараз, калі адміністрацыя горада плануе аднавіць будынак і ў перспектыве змясціць тут моладзевы цэнтр, застаецца асцярога, звязаная з яго доўгачаканым адкрыццём.

За рэканструкцыю тры мільёна

Пры бліжэйшым знаёмстве з лёсам былой бібліятэкі, высвятляецца, што адміністрацыя раёна не марнавала час. Кіраванне капітальнага будаўніцтва ўжо паспела правесці тэндэр на рэканструкцыю. Па словах дырэктара ўстановы Ірыны Саскавец, у бліжэйшыя 4 месяцы да аб’екта правядуць інжынерныя сеткі, будзе праведзена добраўпарадкаванне, азеляненне. А пад моладзевы цэнтр зробяць прыбудову прыкладна ў 300 метраў квадратных. Як і было раней, другі паверх аддадуць пад бібліятэку, першы — пад адміністрацыйныя ўстановы. На ўсё гэта з раённага бюджэта выдаткуюць 2,4 мільёны рублёў. Яшчэ 600 тысяч спатрэбіцца на кампьютарнае абсталяванне. Па выніках такога рамонта можна будзе эксплуатаваць будынак на патрэбы бярэзінцаў.

А што з палацам Патоцкіх?

Не пакідае трывога і за закінуты палац Патоцкіх. Так хочацца, каб у рэшце рэшт сядзіба зноў стала запатрабаваная людзьмі! Дарэчы, будынак сярэдзіны XIX стагоддзя ў стылі позняга класіцызму на правым беразе ракі Беразіны з 20-х па 70-я выкарыстоўвалі пад школу, а пасля пад калгасны склад. А ў 1994-м лёсам палаца зацікавіліся спадкаемцы магнацкага роду, бацька і сын Анджэй і Конрад Патоцкія. Яны прыязджалі ў Беразіно з Аўстраліі і хацелі ўкласці грошы ў рэстаўрацыю палаца, але ім гэта зрабіць на той час не ўдалося.

Цяпер сядзіба знаходзіцца на балансе аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Тут ужо распрацаваны інвест-праект, па якому з будынка, згодна з гістарычным фасадам, плануюць зрабіць дом адпачынку з прычалам. Інвестар, які будзе мець намер выканаць гэта, атрымае палац у прыватнае карыстанне. Але на рэстаўрацыю патрэбны вельмі вялікія грошы!

— Адміністрацыя шукае спонсара, і нават зрабіла карту дома Патоцкіх і навакольных мясцін з дронаў для гэтага, — зазначае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму бярэзінскага райвыканкама Алеся Аляксееўна Цітова. — А пакуль мы яго прывабім, застаецца толькі падтрымліваць сядзібу ў прыемлімым стане.

Павел САЛАЎЁЎ