Рэалізм “без берагоў”?

№ 20 (1511) 15.05.2021 - 21.05.2021 г

Роздум наконт адной выставы
Я перакананы, што гэты чалавек быў асобай унікальнай. Бліскучы жывапісец, камунікабельны чалавек, выдатны педагог, з-пад крыла якога выйшла некалькі пакаленняў мастакоў; суразмоўца, з кім можна было гаварыць бясконца, сумленны і прынцыповы, што датычыцца яго маральнага стрыжня ды грамадства ў цэлым. З 87 пражытых гадоў больш за шесцьдзясят ён працаваў у мастацтве. Не буду інтрыгаваць чытача: гэты чалавек — народны мастак краіны, прафесар Май Данцыг, выстава твораў якога толькі што прайшла ў Нацыянальным мастацкім музее. Па вялікім рахунку, яна павінна была паўстаць перад гледачамі яшчэ год таму — у год яго 90-годдзя з дня нараджэння, але па розных прычынах тады штосьці не атрымалася, і вось зараз — яе ўбачылі мінчане і госці сталіцы. У экспазіцыі экспанавалася больш за 50 вядомых музейных твораў і менш вядомых — са збору сям’і мастака. Гэта фігуратыўныя палотны, пейзажы пасляваеннага і новага Мінска, моцныя партрэты дзеячаў культуры, эцюды, малюнкі, створаныя мастаком у 1950 — 2000 гады. Дадам, экспазіцыя ўвабрала ў сябе прыкладна толькі дзясятую частку ўсёй спадчыны Данцыга. Як вядома, самая вялікая яго юбілейная выстава адбылася ў 2015 годзе, на якой было прадстаўлена амаль 250 твораў! І столькі ж (па колькасці) заставалася тады ў яго майстэрні.

/i/content/pi/cult/850/18049/5.jpgТакім чынам, выстава стала часткай мастацкай гісторыі, і зараз прыйшоў час падвесці пэўны вынік і яшчэ раз асэнсаваць месца Данцыга ў сучаснай выяўленчай культуры Беларусі. Жывапісец яркай метафарычнасці, складанай алегарычнасці, які імкнуўся да шматпланавага змястоўнага падтэксту. Такім ён быў, пачынаючы з ранніх твораў, уключаючы яго дыпломную карціну “Насустрач жыццю” (на выставе яна экспанавалася), якую ён у 1958-м бліскуча абараніў у Сурыкаўскім мастацкім інстытуце. І ў тым жа годзе і да канца сваіх дзён ён звязаў свой лёс з педагагічнай дзейнасцю ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце — Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Цікава, але гэта не перашкаджала яму амаль кожны дзень займацца ў сваёй майстэрні любімай творчай справай. А мо — наадварот, бо яму як паветра была неабходна пастаянная і непасрэдная сувязь з моладдзю, з іх работай, з іх радасцямі і няўдачамі.

Звычайна мастацтвазнаўцы адносяць Данцыга да рэалістаў. Але не трэба забываць, што ён, акрамя свайго любімага педагога Аляксандра Дэйнекі, вучыўся на творчасці постімпрэсіяністаў, экспрэсіяністаў, фавістаў і нават ранняга Пікаса. І яшчэ побач — Джота, Тыцыян, Сурбаран, Дэлакруа, Сурыкаў, Гутуза, “Бубновы валет”. Лічыў, што рэалізм не трэба ўспрымаць аднабакова, кшталту перасоўнікаў, як было прынята ў эпоху сацрэалізму. Данцыг лічыў, што так, класічная школа неаддзельная ад рэалізму “без берагоў”. Бо межы такога рэалізму сапраўды шырокія.

Рэалізм, на думку мастака, дазваляе творцам выказвацца глыбока і ўсебакова. Але трэба адрозніваць яго знешнія праявы і сутнасць. Да рэалістаў можа сябе адносіць і проста дрэнны мастак, які перадае вонкавае падабенства натуры, але пры гэтым не зазірае ў сутнасць з’яў, не раскрывае глыбіні вобразаў, вастрыні характараў. Сімпатыі Данцыга заўсёды былі на баку рэалізму моцнага, выразнага, эмацыянальнага. Нават экспрэсіўнага, нават рамантычнага, бо мастацтва павінна быць актыўным.

/i/content/pi/cult/850/18049/4.jpgЧас ішоў, і рамантызм творцы з кожным разам праяўляўся па-новаму, захоўваючы пры гэтым уласцівы яму вобразна-пластычны стыль. Стыль, які мне заўсёды падабаўся, бо ён заснаваны на ўласным аўтарскім ладзе мыслення, на стаўленні да людзей, на маральна-этычных асновах светаўспрымання, на паняццях Дабра і Зла, Любові і Нянавісці, Гуманізму і Антычалавечнасці. Усе гэтыя біблейскія катэгорыі для Данцыга ніколі не былі абстрактнымі і натуральна ўспрымаліся ім у працэсе асабістага жыццёвага вопыту.

Гэтыя асаблівасці прысутнічалі на ўсіх яго персанальных і групавых выставах, якія праходзілі і ў Беларусі, і ў Расіі, і ў еўрапейскіх краінах, і ў ЗША. І дадзеная экспазіцыя, хаця і сціплая па мерках “манументальнага” Данцыга, — гэта плён яго шматгадовых роздумаў, якія былі навеяны і бяссонніцай, і нейкімі жыццёвымі эпізодамі, і шчырай любоўю да роднага Мінска, і пранізлівай памяццю аб Вялікай Айчыннай вайне.

Але, калі казаць шырэй, то, на маю думку, “вайна” для мастака — гэта толькі дзіўная падстава для гутаркі пра тое, што ёсць чалавек у сучасным свеце, што ёсць яго гістарычная памяць, і ў чым сэнс ягонага прызначэння на нашай грэшнай зямлі. Роздумы аб законах, тайнах і парадоксах часу — неад’емная адзнака вобразна-філасофскага мыслення творцы. Мы не заўсёды ўсведамляем тое, як часта звяртаюцца жывапісцы, нашы сучаснікі, да тэматыкі, якая звязана з традыцыйным уяўленнем пра “ўсеўладдзе часу”. Дык вось, Данцыг валодаў здольнасцю перадаваць час трошкі дзіўны, які бясконца цягнецца, амаль што спынены і заўважаць прыкметы застылага механізма там, дзе іншыя бачаць пульсацыю жыцця…

Менавіта да такога перажывання часу і набліжаюцца жывапісныя паэмы і навелы Данцыга. У яго тэма часу, у дадзеным выпадку звязаная з Вялікай Айчыннай, цесным вобразам пераплятаецца з тэмай памяці, якая для мастака заўсёды была ў творчасці, мабыць, самай ранімай у сваёй аголенасці, адкрытасці і… неабароненасці. І таму, калі ўглядацца ў яго знакавыя творы, напрыклад, у выдатную карціну-нацюрморт “Аб Вялікай Айчыннай...” і карціну “Спадчына” (абедзве эспанаваліся на выставе), палотны “Беларусь — маці партызанская” ці “Партызанскае вяселле”, “І памятае свет уратаваны...” ці “Партызанская балада”, “Вызваленне” ці “Легенда Беларусі”, можна задумацца пра мінулае і сённяшняе, пра нетрывалае і даўгавечнае, пра лёс чалавека і лёс мастацтва ў плыні часу, пра перазовы эпох, пачынаючы з “да” і “пасля” вайны... Такім вось шляхам набліжаецца мастак да той самай, так бы мовіць, прытчавай “формулы” вобразна-філасофскага іншасказання аб грунтоўных уласцівасцях быцця…

У час нашай апошняй бяседы 16 лістапада 2015 года (адразу пасля закрыцця яго той грандыёзнай юбілейнай выставы) я запісаў яго маналог, які мне і сёння, праз шэсць гадоў пасля той сустрэчы, здаецца вельмі сучасным і вельмі злабадзённым. Таму пад кожным яго словам магу падпісацца. У асноўным, гаворка тады ішла пра нялёгкі лёс беларускай карціны. Вось гэты маналог.

“Лічу, што прызванне мастака — гэта вельмі высокае прызванне. І патрабую і ад сябе, і ад сваіх студэнтаў Акадэміі мастацтваў аднаго: усвядоміць гэтую місію. Я не разумею тых мастакоў, якія сёння захапляюцца канвеернай, так званай салоннай, творчасцю, бязлітасна тыражуючы саміх сябе. І не мае значэння, для каго яны “штампуюць” свае творы: для айчыннага пакупніка або на замежны мастацкі рынак. Па вялікім рахунку, я не ў захапленні ад сённяшняга стану беларускай карціны. Але, зрэшты, усё сусветнае мастацтва перажывае крызіс. Даўно ўжо сумую па карціне — па мастацтве для душы і сэрца, па мастацтве суперажывання і судатычнасці. Хаця мы, беларусы, ужо даўно даказалі, што не лыкам шытыя, што мы, пры жаданні, можам стварыць эталон заходняга ўзору. Але няўжо гэта мэта творчасці? Мы сёння сталі менш патрабавальнымі да сябе, да сваёй працы. Ці не таму знікла “вялікая карціна” як самы важны жанр жывапісу? Я не заклікаю пісаць палотны, як, скажам, Аляксандр Іванаў, Сурыкаў ці Веласкес. Не! Але ты знайдзі сваю форму, ускладзі на свае плечы цяжкую ношу, каб яна стала “сімфоніяй” у мастацтве! Вось я чаго хачу і ад сваіх вучняў: каб яны навучыліся самастойна мысліць вялікімі формамі і разважаць наконт таго, што іх акружае ў жыцці. Мы задаволіліся ці то “салонам”, які можна павесіць у спальні абывацеля або, у лепшым выпадку, — у офісе, ці то другарадным” і “трэццярадным” так званым авангардам. А ў нас жа ёсць мастакі еўрапейскага ўзроўню. Калі як след прыгледзецца да беларускага мастацтва, дык яно можа спакойна выходзіць на сусветную арэну. І часам робіць гэта. Але ў цэлым — праблем шмат. Праблем, якія звязаны і з незапатрабаванасцю мастацтва дзяржавай, і са зніжэннем сацыяльнага ўзроўню жыцця мастакоў ды педагогаў, і з адсутнасцю нармальных дзяржаўных заказаў, і раз’яднанасцю ўнутры самога мастакоўскага калектыву, і шмат іншых. Хто стварыў сабе самы лепшы помнік у свеце? Павел Траццякоў — сваёй галерэяй, а ў нас — Алена Аладава. Вось прыязджаюць да нас замежныя госці. Вы звярнулі ўвагу, куды яны ідуць у першую чаргу? У музей: глядзець вялікае мастацтва. І па ўзроўні гэтага мастацтва яны разважаюць пра інтэлектуальны ды культурны ўзровень нашай дзяржавы ў цэлым. А не сакрэт жа, што сёння сям-там у чыноўніцкіх кулуарах мусіруецца думка: ці патрэбны, у прынцыпе, дзяржаве мастак? Вось да чаго мы дажылі. А ты кажаш пра крызіс карціны…”

А яшчэ Май тады працытаваў мне цудоўную фразу Андрэя Таркоўскага, якога вельмі паважаў: “Мы — распяцце ў адной плоскасці, а свет — шматвымерны. Мы гэта адчуваем і пакутуем ад немагчымасці спазнаць ісціну. А ведаць і не трэба. Трэба — кахаць. І верыць. Вера — гэта веды пры дапамозе любові...”

У Мая Данцыга было сваё “візуальнае” асяроддзе, сваё разуменне свядомасці, свой прадметны свет, вобразы людзей, гістарычная памяць. Яго немагчыма ні з кім параўнаць, зблытаць, злучыць. Ён адзін такі — з асаблівым мысленнем, асаблівым “голасам”, асаблівай эмацыянальнай і інтэлектуальнай энергетыкай...

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"