Кладашукальнікі, не расслабляцца!

№ 18 (1509) 01.05.2021 - 07.05.2021 г

Не адзін з маіх землякоў прызнаўся, што так і не знайшоў часу, каб наведаць музей у роднай Ветцы. Ёсць такая хвароба: непрыняцце свайго. Маўляў, калі б у Луўр ці ў Прада, дык мы навыперадкі б беглі. А ў родных мясцінах… Ну чым яны нас здзівяць, качалкамі ды прасніцамі? Мне пашанцавала. Веткаўская рэдакцыя месцілася непадалёк ад Веткаўскага музея. І працавалі там ад пачатку і мае сябры, і мае добрыя знаёмыя — мастакі, рэстаўратары, знаўцы ікон і старадрукаў. Так што бачыўся я з імі ці не штодня. Вабілі яны дасканалым веданнем радзімы. І гэтае веданне было агучана шолахам летапісных старонак, залатым ззяннем абразоў, тканай раскошай ручнікоў, казачным арнаментам стараверскіх ліштваў і аканіц. Вось гэтым усім Ветка мяне і разбэсціла. А музейшчыкі, лічы, выхавалі чарговага веткаўца, які звёз у Мінск веру ў сілу роднага ганку. І з таго часу, калі не бачу ў раённых музеях спецыялістаў адмысловых у дзеяннях і перакананых у словах, дык і за музеі тыя ўстановы не лічу. Балазе, у Беларусі такіх не так ужо і шмат.

/i/content/pi/cult/848/18015/6.jpgКлічаўскі краязнаўчы музей мяне калісьці таксама ўразіў. Раз і назаўжды. Напорам, любоўю і кампетэнтнасцю. Гэта ўсё, натуральна, ад кіраўніка ідзе. Ад Наталлі Храмянковай, якая піша ў “К” рэдка, але метка. Да прыкладу, адна з апошніх нагодаў звязана з асобай Напалеона. Доўгі час краязнаўцы ды гісторыкі коп’і ламалі: былі на Клічаўшчыне напалеонаўскія войскі ці не былі. Інакш кажучы, шукаць тут французскі клад ці лепей сілы не губляць? Дык вось апошнія дары музейных наведвальнікаў пераконваюць кладашукальнікаў не расслабляцца. Быў тут Напалеон, быў. Сведчаннем таму — гузікі ад французскіх мундзіраў ды грошы. Пра новыя музейныя паступленні Наталля Уладзіміраўна абяцала напісаць праз час больш падрабязней. А пакуль распавяла пра будучую выставу. Адкрыецца яна ў майскія дні, а ў экспазіцыі будуць прэзентавацца работы скульптара Анатоля Арцімовіча. Па словах Наталлі Храмянковай, мастак пэўны час жыў і выхоўваўся на клічаўскай зямлі. У экспазіцыі прадстаўлены не толькі скульптурныя работы, але і графіка. Тэма вайны займае адно з вядучых месцаў у творчасці Анатоля Яфімавіча. Да слова, сын творцы Іван — адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна (амаль дзве тысяч мірных жыхароў паселішча былі знішчаны фашыстамі ў чэрвені 1942 года).

Дырэктар Клічаўскага краязнаўчага музея Наталля Храмянкова яшчэ толькі піша грунтоўны артыкул для “К”, а намеснік дырэктара Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый Галіна Нячаева такі артыкул ужо напісала. Друкуецца ён на 11 старонцы нашай газеты.

Чарговая цудоўная ўстанова — Дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку. Тут сёння ладзіцца персанальная выстава Алены Панас — сябра Саюза рамеснікаў Гродна. Дзіўна, але яна піша акварэллю па воўне… Кажуць, колішні кіраўнік установы вялікі знаўца душы Адама Міцкевіча Мікола Гайба адышоў ад гаспадарчых спраў і застаўся ў музеі навуковым супрацоўнікам. Яму стала лягчэй. А мне — шкада.

І гэта далёка не ўсё пра музеі. Вы цудоўна ведаеце, што музейныя пакоі існуюць пры многіх клубных установах. Але наколькі яны цікавыя? Існуе меркаванне, што этнаграфічны пакой — для адчапнога, галоўнае, каб качалкі ды прасніцы былі ў наяўнасці. Я супраць такой пастаноўкі пытання катэгарычна. У нашай справе ўсё павінна здзіўляць. У адваротным выпадку руціна пераможа творчасць.

Менавіта пра недапушчальнасць гэтага казалі 18 красавіка ў Грынкаўскім сектары культуры і вольнага часу, што ў Свіслацкім раёне. Тут, напісалі раённыя метадысты, адбылася клубная сустрэча “Каб спадчына засталася”. Удзел у ёй бралі культработнікі трох аграгарадкоў: Грынкаў, Вердамічаў і Вялікага Сяла. “Сустрэча распачалася з экскурсіі ў Музей культуры і народнай творчасці, — паведамілі аўтары. — Тут сабраны фатаграфіі і артыкулы, узнагароды і прадметы народнай творчасці, архіўныя дакументы і ўспаміны ветэранаў пра падзеі мінулых часоў і пра цудоўных людзей, якія стваралі культуру Свіслаччыны”. Другая частка акцыі была складзена з музычных, гумарыстычных і танцавальных нумароў. Выступілі вакальны гурт “Спадчына”, народны тэатр-студыя гульні “Карагод”.

Анонс. 22 мая Гальшанскі замак стане цэнтрам XII рэгіянальнага аднайменнага фестывалю. У праграме: тэатралізаваная дзея “Легенды старога замка”, рыцарскія баі, спаборніцтвы лучнікаў, іншыя сярэднявечныя забаўкі, а таксама — майстар-класы па ганчарстве і кавальстве.

У дадатак вышэйсказанаму Лена Александровіч піша: “Пасля адкрыцця паўночнай вежы Гальшанскага замка можна набыць сувеніры ў візіт-цэнтры. Асартымент сувенірнай прадукцыі складуць гліняны посуд і дэкаратыўныя талеркі з выявай замка, саламяныя лялькі і дамавікі (дакладней, відаць, — замкавікі?), дэкаратыўныя лапці і лазовыя кошыкі”.

Вельмі прыемна, што чарговы ліст падпісала Людміла Кавалёва — загадчык аўтаклуба Пружанскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы. Распавядае шаноўная Людміла Аляксееўна пра акцыю “Маршрутамі памяці”. Работнікі аўтаклуба разам з супрацоўнікамі Рудніцкага сельсавета, аўтабібліятэкі, Пружанскага Палаца культуры, раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, Макроўскага сельвыканкама добраўпарадкавалі брацкую магілу воінаў-вызваліцеляў у аграгарадку Руднікі.

Тры інфармацыі з Бераставіцкага раёна. Чарговая “мабільная” навіна. Канцэрт з дастаўкай на дом арганізавалі работнікі культуры аграгарадка Макараўцы. Пра вось такую канцэртную “віншавальную паштоўку” паведаміла культарганізатар аграгарадка Таццяна Славецкая.

Узорны тэатральны калектыў “Сонейка” з аграгарадка Малая Бераставіца выступіў у Вялікабераставіцкай сярэдняй школе. Такія выступленні — даўняя практыка. А спектаклі заўжды маюць элементы гульні ды інтэрактыву. Мастацкі кіраўнік калектыву — Любоў Валейка.

Да сяброў у госці скіраваліся ў Бераставіцкім раёне. Вынік спадабаўся ўсім. Таму музычны марафон так і назвалі - “Да сяброў у госці”. Творчыя калектывы Бераставіцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці ў абедзенны перапынак наведалі з невялікімі канцэртамі шэраг аграгарадкоў і вытворчых аб’ектаў. Аўтар двух апошіх лістоў — Святлана Ганчарова.

“У аграгарадку Дайліды Іўеўскага раёна, — піша вядучы метадыст па асноўных жанрах аддзела метадычнай работы Іўеўскага Цэнтра культуры і вольнага часу Вольга Аўдзевіч, — прайшло брэндавае свята народнай творчасці “Повязь часоў”. Гэта быў гімн нашаму фальклору, нашым традыцыйным народным рамёствам. Цвік мерапрыемства — дэфіле ў стылізаваных касцюмах з элементамі саломкі”.

Ва Уздзенскім раённым Доме культуры адбыўся другі раённы фестываль самадзейных паэтаў-песеннікаў і кампазітараў “Вянок” (першы быў два гады таму). Пра гэта паведаміла аўтар ідэі і рэжысёр, загадчык аддзела Уздзенскага РДК Людміла Цвірко. Мэта фэсту — далучэнне да творчасці шматлікіх мясцовых талентаў як мага больш прафесійных музыкантаў, спевакоў, аранжыроўшчыкаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел паэты-песеннікі Віктар Сабалеўскі і Мікалай Старавераў, барды Ала Шыбко, Вольга Бокуць-Чабатарова і Валерый Стасенка, кіраўнкі і іх гурты — Юрый Рослік і “Кандраты”, Дзмітрый Буднік і ВІА “ДіАС”, Людміла Казей і “Зборная субота”. Прыемнай нечаканасцю стала для ўсіх выступленне гасцей фэсту ВІА “Лісаўцы” з вёскі Лісаўшчына. Шэсць хлопцаў і дзяўчына стварылі гурт у 1980-х пры Ліцвянскім СДК. Прайшло 35 гадоў… 6-гадовыя выканаўцы зноў узялі ў рукі інструменты і зайгралі. Ды як!” Дзеля гэтага сапраўды, Людміла Казіміраўна, варта працаваць!

Блок бібліятэчных цікавостак. У гарадской дзіцячай бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна горада Слонім адным з асноўных кірункаў дзейнасці лічаць краязнаўства. Тут плённа дзейнічае аматарскае аб’яднанне “Краяведайкі”. Сёлета ўстанова запусціла анлайн-праект “Любі свой край, шануй сваю гісторыю”. Чарговае пасяджэнне аб’яднання з гэтай нагоды называлася “Знакамітыя ўраджэнцы Слоніма ў свеце”. Знакамітых, як распавядае загадчык установы Наталля Апанасік, сапраўды шмат. Сярод іх і маці Гіёма Апалінера — Анжаліка Кастравіцкая з вёскі Кастравічы Слонімскага павета.

22 красавіка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы працавала навукова-практычная канферэнцыя “VIII Лідскія краязнаўчыя чытанні” на тэму “Вайна і памяць: Старонкі гісторыі Лідскага краю”, прымеркаваная да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта паведаміла Кацярына Сандакова — бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

Чарговы ліст Кацярыны Станіславаўны — пра круглы стол “Дыялог аб галоўным”, падчас якога сустрэліся людзі з інваліднасцю і прадстаўнікі дзяржаўных структур. Разглядаліся пытанні сацыяльнай абароны і праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Галоўны бібліятэкар Светлагорскай раённай бібліятэкі Валянціна Расошанка дзеліцца чарговым праектам установы і раённага аб’яднання БРСМ “Адкрыты мікрафон “Будзь з намі!” Летась агульнымі намаганнямі быў рэалізаваны праект па добраўпарадкаванні дзіцячай пляцоўкі ў Кастрычніцкім мікрараёне горада. Сёлетняя акцыя разлічана таксама на маладзёжную аўдыторыю і прадугледжвае арганізацыю дыялогавых пляцовак з удзелам ініцыятыўных асоб, якія распавядуць пра свае амбіцыйныя праекты і планы. Будзем спадзявацца, што такая супраца прынясе чакаемы плён.

Андрэй Струнчанка піша пра сваю любімую вёску Мазалава, у сельскай бібліятэцы якой працуе выстава вырабаў з лазы майстра Ніны Карпенка з вёскі Хайсы. Называецца экспазіцыя “Беларускі кошык”.

Пішыце і здзіўляйце!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"