Закрануць за жывое

№ 18 (1509) 01.05.2021 - 07.05.2021 г

Днямі ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбылася вечарына памяці кампазітара, музыканта і выканаўцы Дзмітрыя Пянкрата. Яе назвай стала фраза адной з яго песень — “Закрануў мяне ты за жывое, Музыкант”.

/i/content/pi/cult/848/18011/1.jpgДзмітрый Пянкрат быў рознабаковай асобай. Узначальваў аркестр Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі і адначасова плённа супрацоўнічаў з Тэатрам песні Ірыны Дарафеевай. Ствараў эстрадныя песні, рабіў апрацоўкі народных, пісаў інструментальныя кампазіцыі. На яго творчым рахунку — некалькі музычных казак і дзіцячых мюзіклаў. Запатрабаваны былі і яго аранжыроўкі. Што ж да выканальніцкай сферы, дык ён, баяніст паводле першай музычнай адукацыі, добра валодаў многімі інструментамі. У тым жа калектыве заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай звычайна стаяў за клавішамі. Дый сам добра спяваў. Папраўдзе творчая асоба!

Шматгранны талент музыканта знайшоў адлюстраванне ў праграме канцэрта. Бо тут былі і харэаграфічныя кампазіцыі на яго музыку, пастаўленыя народным артыстам Беларусі, прафесарам, мастацкім кіраўніком Дзяржансамбля танца Валянцінам Дудкевічам, і прэм’еры песень, напісаных Дзмітрыем Пянкратам, і ўжо вядомыя яго аўтарскія творы і фальклорныя апрацоўкі. Гучалі і ўспаміны — з вуснаў заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай, а таксама ўдавы музыканта — Ірыны Садоўніч’яй, якая таксама праспявала адну з яго песень. Вядучай канцэрта была запрошана актрыса тэатра і кіно Вера Палякова.

Аўтарам ідэі і прадзюсарам гэтага творчага праекта выступіў Юрый Саваш. Рэжысёрам — Аляксандр Вавілаў. Разам са згаданым Валянцінам Дудкевічам яны прынялі ўдзел у размове пра Дзмітрыя Пянкрата, якую мы ініцыявалі пасля вечарыны.

— Ніхто не чакаў, што Дзмітрый так хутка нас пакіне, — распавёў Юрый Саваш. — У яго, лічыце, толькі пачыналася яго “зорная гадзіна”, прыйшло сапраўднае прызнанне. Творчых планаў было — процьма. Ідэй, накідаў — на некалькі новых альбомаў. Да таго ж, далёка не ўсе напісаныя ім песні былі рэалізаваны на канцэртнай эстрадзе, некаторыя існавалі толькі ў дэмаверсіях. І мы правялі гэты канцэрт, каб паказаць хаця б невялікую частку таго, што было зроблена гэтым музыкантам. Бо пакуль жывуць песні, жыве і іх аўтар. І тут адразу падключыліся Дзяржансамбль танца Беларусі, Уладзімір Дудкевіч. Высветлілася, што яны нават хацелі рабіць асобны канцэрт з яго кампазіцый, таму з радасцю ўліліся ў гэту вечарыну і вельмі ўпрыгожылі яе. Сапраўды, зроблена было Дзмітрыем Пянктарам вельмі і вельмі многа, у розных галінах. Не ўсе ведаюць, што ён і для Надзеі Мікуліч альбом песень напісаў, і для Шыра. Калі сабраць усё, атрымаецца пяць такіх канцэртаў, калі не болей. А былі ж яшчэ ў яго і музычныя спектаклі — сапраўдныя мюзіклы. Прычым усе творы настолькі беларускія, што не заўважыць гэтага немагчыма. Справа не толькі ў тым, што ён звяртаўся да беларускамоўных тэкстаў. Самі яго мелодыі былі прасякнуты беларускасцю, асаблівасцямі нашага нацыянальнага фальклору. Прычым гэта тычылася і гістарычных нумароў (да прыкладу, “Княгіня Ганна”), і маладзёжных песень. Яшчэ адна асаблівасць яго творчасці — вялікая ўвага да агульнай драматургіі. У кожнай песні — не просты паўтор куплетаў, а закладзенае ў яе музычнае развіццё, што прадугледжвалася з самага пачатку. Канцэрт праходзіў напярэдадні дня народзінаў музыканта, і вельмі хацелася, каб вечарына не была памінальнай, не асацыявалася з гадавінай смерці. Таму сярод песень мы аддавалі перавагу не сумнай лірыцы, а, наадварот, кампазіцыям аптымістычным — пра каханне, вясну, чароўны свет вакол нас. Адначасова мы паставілі сабе яшчэ адну мэту — адкрыць для публікі новыя імёны выканаўцаў. Тая ж Крысціна Камінская раней спявала ў складзе гурта “Статус”, а тут выйшла з сольным нумарам. Гэта быў “Раманс” Пянкрата з дзівосным тэкстам Аляксандра Вавілава, якога ведаюць найперш як рэжысёра. А за раялем у гэты момант апынуўся лаўрэат міжнародных конкурсаў, пераможца тэлепраектаў Мікіта Бялько. Усе думалі, што ён толькі спявак, а тут аказалася, што ён яшчэ бліскучы піяніст. І, між іншым, рабіў Фантазію на тэмы Пянкрата. А лаўрэат міжнароднага конкурсу Дзмітрый Максімовіч раптам заспяваў тым жа тэмбрам, што быў і ў Пянкрата. Гэта было не проста сімвалічна, а яшчэ і з нейкай доляй містыкі: сапраўды, літаральна такі ж самы па музычных фарбах драматычны барытон. Быццам голас Пянкрата.

/i/content/pi/cult/848/18011/2.jpgДа размовы падключыўся мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага ансамбля танца, народны артыст Беларусі, прафесар Валянцін Дудкевіч:

— Цягам апошніх пяці-шасці гадоў мы рабілі з ім усе канцэртныя нумары, што паказвалі на “Славянскім базары ў Віцебску”. Гэта такія папраўдзе глабальныя, я сказаў бы, кампазіцыі, як “Лянок”, “Вяселле”, што ўвайшлі ў цяперашнюю вечарыну, а таксама “Сон-трава”, “Слуцкія паясы”. Акрамя інструментальных нумароў, ён рабіў для нашага калектыву і вакальныя. Разам з Дзмітрыем мы напісалі пяць навагодніх казак: мой сцэнарый, яго музыка. А наша леташняя казка — “Чароўны свет” — прызначалася для Галоўнай ёлкі нашай краіны і была ўвасоблена на вялікай сцэне Палаца рэспублікі. Разоў восем ён ездзіў з нашым ансамблем у Кітай і выступаў там як вакаліст і як выдатны гукарэжысёр. Прычым свае спеўныя здольнасці ён дэманстраваў як сольна, так і ў дуэтах. Яго выкананне ўпадабаў тамтэйшы імпрэсарыа і заўсёды, як мы выпраўляліся на гастролі, прасіў уключыць Пянкрата ў склад дэлегацыі.

— Маё знаёмства з Дзмітрыем Пянкратам, — дадаў рэжысёр Аляксандр Вавілаў, — адбылося ў час пастаноўкі яго навагодняй казкі “Чароўны свет”. Дарэчы, гэта была не проста казка, прычым вельмі яркая, светлая, музычная, а сапраўдны мюзікл, зроблены, у адпаведнасці з вядомай формулай, “як для дарослых, толькі лепей”. Я бачыў, як радаваліся на спектаклі дзеці, як імгненна яны рэагавалі на музыку, што добра перадавала настрой. Пасля таго поспеху мы планавалі зрабіць з ім яшчэ адну падобную казку, ды, на жаль, не давялося. Але ў яго хатнім архіве засталіся многія накіды, занатаваныя і ў нотных радках, і ў гуказапісах. Мы прыклалі ўсе намаганні, каб гэта музыка загучала. Звярнуліся да Дзмітрыя Парфёнава, ён бязвыплатна зрабіў аранжыроўкі. Гэтак жа працаваў гукарэжысёр Яўген Купрыянаў. Дзмітрый Сямага зрабіў выдатны відэакантэнт. З новым песнямі Пянкрата выступілі маладыя артысты: Вікторыя Міхеева, Уладзімір Аруцюнян, Вікторыя Маркевіч. І ўвогуле ўсе артысты, уключаючы такіх мэтраў, як Ірына Дарафеева, Алег Сямёнаў, Тарыэл Майсурадзе, Ансамбль танца і іншыя, выступалі на дабрачыннай аснове. Ніхто з тых, каго мы запрашалі ўзяць удзел, не адмовіўся...

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"