Хто там на прыпечку?

№ 17 (1508) 24.04.2021 - 30.04.2021 г

“І гэта добра, што ты цяпер больш чытаеш. Я не ведаю, што цяпер трэба чытаць дзецям твайго ўзросту. Але, мусіць, трэба табе ўжо чытаць некаторыя выданні Гогаля, Пушкіна. Яшчэ была ў нас кніжка “Гаявата” Лангфела, можа, яна табе спатрэбіцца. Парайся з мамай, што чытаць, і пытайся ў школе, якія кніжкі браць у бібліятэцы”. Гэта ліст Максіма Гарэцкага, напісаны ў 1932 годзе з вяцкай высылкі, дзесяцігадоваму сыну. Рэпрэсаваны пісьменнік дбае найперш пра духоўнае сталенне свайго Лёні. Вы адчулі напал заклапочанасці, вы заўважылі дакладнасць стылю ды пунктуацыі? Пісьменнік! А дакладней — інтэлігент у першым калене… Свет змяніўся не ў лепшы бок тады, калі людзі перасталі адпраўляць адзін аднаму рукапісныя лісты ў канвертах з паштовай маркай. Камп’ютарная лапідарнасць усё больш схіляе да безаблічнага афіцыёзу. А душа прагне адкрытасці. І я вельмі рады, што большасць лістоў з рэдакцыйнай пошты менавіта добрыя ды шчырыя. Заўжды прыемна атрымліваць вестку ад сяброў.

/i/content/pi/cult/847/17999/18.jpgА наконт чытання і звязаных з гэтым праблем, сказаць магу адно: дзеці назаўжды пасябруюць з кніжкай, калі іх бацькі будуць актыўнымі наведвальнікамі бібліятэк. Іншага шляху няма. І, як мне падаецца, не надта наезджаны той шлях. Усім матэрыялам з рэгіёнаў пра сямейнае чытанне бракуе аднаго: канкрэтных прыкладаў таго, як бібліятэкар настройвае масткі паміж бацькамі і іх дзецьмі, што канкрэтна робіць для таго, каб усе ў сям’і былі чытачамі. Да кожнага ж патрэбны свой падыход. А вось пра гэта ў лістах — амаль ні слова. А вельмі цікава было б пачытаць. І, напэўна, не толькі мне. Так што, шаноўныя бібліятэкары, чакаю.

З сённяшняй пошты што зачапіла ў першую чаргу? Метадысты Ашмяншчыны напісалі пра Акадэмію на шасці сотках. Цудоўны прыклад удалай назвы для творчага праекта. Клубныя работнікі аграгарадка Кракоўка праславіліся брэндавым святам “Кветкавая феерыя”. Праект мае тэндэнцыю да ўдасканалення. Паспрыяла таму чарговая прыдумка мясцовых творцаў: 11 красавіка ў Кракоўцы пачала дзейнічаць згаданая Акадэмія. Тлумачу ў чым тут сэнс. Вясной на падворку заўжды ёсць чым заняцца: сад дагледзець, абвесціць шкоднікам і хваробам дрэў бязлітасны бой, ландшафтным дызайнам заняцца ды клумбы абнавіць… Пра ўсе драбніцы памянёных работ паведамляе інтэрнэт. Але няма там дыялогу, жывых зносінаў, абмену досведам. Увесь гэты набор “паслуг” і прапанавала Акадэмія на шасці сотках. Садаводы-аматары збіраюцца ў клубе, праглядваюць відэаролікі, абмяркоўваюць, прапаноўваюць сваё. Словам, кветкавы брэнд займеў яшчэ адзін брэнд -“акадэмічны”.

Цяпер — пра Гальшаны. Мясцовыя клубнікі запрасілі аграгараджан на рэтра-вечарыну “Рытмы маладосці”. Гучалі вядомыя савецкія песні, прысутныя адгадвалі крылатыя фразы са старых культавых кінафільмаў, адказвалі на пытанне “Што можна было купіць на капейку?” І самае цікавае было тое, што на вечарынцы прысутнічала шмат маладых людзей. Яны, як і іх бацькі, з задавальненнем вандравалі па мінулым.

Рэдактар Гродзенскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці Ала Бялькевіч напісала пра новы праект для моладзі. “Сучаснаму пакаленню нават уявіць складана, — распавядае аўтарка, — наколькі цікава і весела жылі некалі нашы продкі. Справа ў тым, што яны ніколі не ведалі адзіноты. Побач заўсёды нехта знаходзіўся: у лесе ды жыце, у дрыгве ды пад снапом, у гумне ды ў кутку прыпечка. Усе гэтыя звышнатуральныя сілы дапамагалі растлумачыць і нейкім чынам упарадкаваць з’явы навакольнага свету. Цяпер мы называем іх міфічнымі істотамі ці казачнымі персанажамі. 15 красавіка яны “пасяліліся” ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра. Тут і Жэўжык з Ёўнікам, і Лазнік з Купальскім дзядком.” Вось гэтая выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва “Казкі і паданні майго краю” стала адпраўной кропкай аднайменнага маладзёжнага праекта. 5 мая плануецца запуск чэленджу ў Instagram “#Любімая казка”, а 10 мая “Казкі і паданні…” пачнуць дзейнічаць і ў сацыяльных сетках з магчымасцю анлайн-галасавання. А выбар, за каго галасаваць, вельмі шырокі. На выставе экспануюцца і героі мясцовых легенд: Белая Панна Гальшан, Свіцязянка, Барбара Радзівіл, князёўна Гражына… Ала Бялькевіч паведамляе, што фінальным акордам праекта стане ўрачыстае падвядзенне вынікаў конкурсу ля Маладзёжнага цэнтра “Гродна”. Тут адбудзецца маштабнае свята, падчас якога пераможцы конкурсу атрымаюць прызы. Думаю, што Хатнік, які апякуе Маладзёжны цэнтр, будзе задаволены.

Яшчэ адна навіна ад Алы Бялькевіч. 10 красавіка ў Слоніме прайшоў XIII абласны фестываль узорных тэатральных калектываў “Слонімскія цудадзействы”. За права насіць званне лепшага з лепшых змагаліся 11 дзіцячых тэатраў Гродзеншчыны. Сёлетняе мерапрыемства можна назваць юбілейным, бо першы фэст адбыўся 25 гадоў таму. Сёлета прысуджана рэкордная колькасць(!) індывідуальных прэмій. А лепшай стала музычна-драматычная тэатральная студыя “Бубенчыкі” Гродзенскага гарадскога Цэнтра культуры, мастацкі кіраўнік Вольга Авасілька.

Фестывальны марафон у краіне пакрысе набірае тэмпы. 15 красавіка распачаўся першы этап абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Скарбніца Падняпроўя” (першы фэст ладзіўся ў 2017 годзе). Пра гэта напісала Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, які стаў ініцыятарам і арганізатарам гэтага фэсту. “Ён ладзіцца з красавіка па верасень у тры этапы,— распавядае аўтарка. — Першы: адборачны, другі: тэматычны (канцэрт, гумарыстычная дзея, этна-дыскатэка), трэці: заключныя восеньскія мерапрыемствы. Канцэрт “Галасы Падняпроўя” быў прысвечаны спеўнаму мастацтву і ладзіўся на абласным узроўні. У метадычным цэнтры сабраліся дзіцячыя і дарослыя аўтэнтычныя і фальклорныя калектывы, выканаўцы устаноў культуры, носьбіты песеннага фальклору Хоцімскага, Быхаўскага, Чэрыкаўскага, Краснапольскага, Клімавіцкага, Магілёўскага, Асіповіцкага раёнаў і Магілёва. Наступнае свята-канцэрт “Гумар Падняпроўя” адбудзецца 30 красавіка”.

Пачалася падрыхтоўка творчых праграм да святкавання Дня Перамогі. Метадыст арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў Бабруйска Алена Захарава распавяла, што 10 красавіка быў арганізаваны прагляд нумароў гарадскіх калектываў мастацкай творчасці (устаноў культуры і адукацыі).

Яшчэ адна навіна ад Бабруйскга Палаца мастацтваў. Культарганізатар культурна-масавага сектара ўстановы Ірына Аўсяннікава паведаміла пра ўрок памяці аб вязнях фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў. У мерапрыемстве браў удзел узорны ансамбль танца “Фьюжн”.

Супрацоўнік Бярэзінскай раённай бібліятэкі і старшыня раённага аддзялення Беларускага саюза жанчын Тамара Круталевіч напісала: “Вайна на ўсіх была адна, ды ў кожнага — свая. З нашага раёна ў Германію фашысты вывезлі 925 мужчын, 411 жанчын. Але сучаснікі лепш успрымаюць гісторыю не праз сухую статыстыку, а праз чалавечыя лёсы. На Бярэзіншчыне прайшоў тыдзень памяці. Для навучэнцаў Бярэзінскай гімназіі быў паказаны спектакль тэатра маналогу паводле ўспамінаў землякоў-выгнаннікаў на прымусовыя работы ў фашысцкай Германіі.”

Работнікі Пацуеўскага сектара культуры і вольнага часу (Свіслацкі раён) арганізавалі для дзяцей квэст “У пошуках прыгод”. У ходзе гульні дзеці адгадвалі рэбусы, загадкі, крыжаванкі. Адзін з маршрутаў вёў у бібліятэку, дзе можна было адшукаць частку адгадак. Самыя кемлівыя ўдзельнікі атрымалі салодкія прызы.

Квэст ладзілі і ў Малабераставіцкай (Бераставіцкі раён) інтэграванай сельскай бібліятэцы. Удзельнікі літаратурнага гуртка “Знайка” скіраваліся ў экалагічную вандроўку.

А квэст “Вяртанне да вытокаў” у сектары па абслугоўванні дзіцячага чытача Зэльвенскай раённай бібліятэкі быў этнаграфічным. Намеснік дырэктара ўстановы Вольга Камякевіч паведаміла, што прайшло мерапрыемства з удзелам вучняў гімназіі № 1.

Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун напісала пра дзейнасць аматарскага аб’яднання для сталых людзей “Зносіны”, якое створана і дзейнічае пры Пескаўскай сельскай бібліятэцы. Сябры суполкі абмяркоўвалі, як трэба сябе паводзіць, каб дажыць да ста гадоў. А ў Стралецкай сельскай бібліятэцы, па словах Вольгі Коршун, адбылася творчая сустрэча з самабытнай мастачкай Нінай Шніп з аграгарадка Стральцы.

Беражыце сябе, шаноўныя чытачы, і пішыце пра цікавае ды карыснае.

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"