Леанід БАРТКЕВІЧ: (З інтэрв'ю “К”) “Я быў правай рукой Мулявіна”

№ 16 (1507) 17.04.2021 - 23.04.2021 г

Два гады таму “Культура” ўзяла інтэрв’ю ў Леаніда Барткевіча (№ 21 (1408) 25.05.2019 — 31.05.2019 г.). Ён быў яшчэ поўны сіл і творчых задум, разважаў на самыя розныя тэмы. Сёння мы вырашылі нагадаць пра тую гутарку Алега Клімава з непаўторным Песняром...

/i/content/pi/cult/846/17989/17.jpg— Якасць, якую вы больш за ўсё шануеце ў людзях?

— Дакладнасць і сумленнасць. Не трываю, калі людзі кажуць спачатку адно, потым — іншае, а то і зусім парушаюць дадзенае імі слова. Калі чалавек схільны да хлусні, ён ніколі не будзе і дакладным — і наадварот.

— Адметная рыса Леаніда Барткевіча?

— Нелюбоў да сябе. Ненавіджу свой голас. Ненавіджу ўсе тыя свае “песняроўскія” хіты, якія спяваю — стаміўся ад іх бязмерна. Але даводзіцца любіць тое, што я раблю ў музыцы... Напэўна, гэта яшчэ можна назваць залішняй самакрытычнасцю. І я самаіранічны чалавек. Але пры гэтым ніколі не іранізую над людзьмі — жыццё само ім пакажа, чаго яны заслугоўваюць, ды паставіцца да іх з гумарам.

— Ваша ўяўленне пра шчасце?

— Шчасце ёсць ужо тое, што мы з’явіліся на свет, а як хто здолеў распарадзіцца гэтым — на ўсё воля Божая. Трэба задавольвацца тым, што ёсць, і імкнуцца быць лепшымі. Тым самым лепшага і заслужым.

— А пра няшчасце?

— Тое, што ўсё рана ці позна канчаецца. І добрае, і дрэннае. Проста трэба заўсёды захоўваць спакой, ведаць, што пасля дрэннага абавязкова прыйдзе добрае. Ну, так у мяне, напрыклад. Праўда, і пасля добрага ідзе дрэннае. Таму і не варта мітусіцца. Страшна, вядома, калі сыходзяць блізкія, сябры, але на тое нам выпрабаванні Божыя і дадзены.

— Недахоп, які выклікае найбольшую агіду?

— Лянота. Абыякавасць. Брыдка, калі чалавек прыгожы і таленавіты, а нічога вартага не робіць, плыве па плыні, задавольваецца малым, але ставіць сябе вышэй за іншых.

— Ваша антыпатыя?

— Не люблю, калі знакамітасці лезуць у тэлевізар. Менавіта лезуць. Не разумеючы, што тым самым ствараюць сабе антырэкламу, губляючы людскую павагу.

— Любімы занятак?

— Пісаць карціны. Думаю, што ўсё-такі я нарадзіўся мастаком. Можа, і архітэктура была маім пакліканнем. Але паколькі ўсе мае сваякі — і блізкія, і далёкія — спявалі, прычым добра, то гены гэтыя перадаліся і мне. А карціны засталіся як хобі.

— Ваш любімы празаік?

— Караткевіч, мабыць. І Быкаў, вядома. У Гродне мы з Вольгай жылі ў адным доме з Васілём Уладзіміравічам. Здаралася, разам выводзілі на шпацыр нашых сабак, і ён часам такія рэчы распавядаў, што памятаю і па сёння. Надзвычайнай сумленнасці быў чалавек. Наогул без адмоўных рысаў.

— Ваш любімы герой?

— Героі Дзюма. Вядома, граф Монтэ-Крыста. Вельмі я любіў у дзяцінстве глядзець французскі фільм, дзе ролю Дантэса выконваў Жан Марэ. Ды і да гэтага часу з задавальненнем гляджу, калі паказваюць па тэлевізары.

— Любімая гераіня?

— Каця з “Двух капітанаў”. Вельмі мне падабалася старая экранізацыя гэтага рамана Веніяміна Каверына. Любіў усіх гераінь Насты Вярцінскай. І самой Настай быў захоплены. Тады я і пачаў пісаць вершы…

— Любімая кветка?

— Напэўна, ружа. Я неяк захацеў напісаць карціну з кветкамі, і чамусьці напісаў з ружамі. Нешта падспудна мне падказала, што яны павінны быць на палатне. Дарэчы, тую карціну я падарыў Пугачовай... Палявыя кветкі, можа, таксама. Але на першым месцы ўсё ж ружа.

— Любімы колер?

— Чырвоны, вядома. Чаму? Не ведаю. Як і тое, чаму я люблю няцотныя лічбы і лікі. Кажуць, што ён — для індыкоў, быкоў. Для дурняў. Не, ён самы яркі. Любімы.

— Любімае выслоўе?

— Быць або не быць. Для мяне прамежкавага ніколі не існавала. І заўсёды было “быць”. Вось у гэтым сэнсе я шчаслівы чалавек. А пра кульбіты ў маім жыцці можна зняць такое кіно... Столькі цудаў у iм было, раптоўных паваротаў. З Мулявіным звязаныя два — калі ён мяне ўзяў у 1970-м у “Песняры” і калі прыехаў за мной у Штаты.

— Вы сышлі ў 1980-м з “Песняроў”, скончылі ГИТИС, з’ехалі за акіян, вярнуліся ў Беларусь… Але чаму праз нейкі час вы сталі працаваць ва Украіне, а не зноў прыйшлі ў родны калектыў?

— Пасля ГИТИСа я хацеў у Мiнску арганізаваць тэатр. Мне ўжо давалі пад яго памяшканне, я хадзіў па інстанцыях, насіў нейкія дакументы, чагосьці дамагаўся — пакуль адзін рэжысёр не сказаў мне: “Навошта табе гэта трэба? У цябе ж ёсць любімая праца — “Песняры”. А чаго ты дасягнеш на рэжысёрскай ніве? Лаўраў не здабудзеш, вядомасці не даб’ешся, толькі інфаркты з інсультамі”. Пераканаў, карацей кажучы. Праўда, ён не ведаў, што ў “Песняры” я вярнуцца ўжо не мог, паколькі, даведаўшыся пра маё паступленне, Мулявін мне абвясціў: “Выбірай — або “Песняры”, або ГИТИС”. Ён не верыў, што на піку славы ансамбля я пайду з яго. Але, калі я нешта вырашыў, то пераканаць мяне практычна немагчыма. Увогуле, тыя словы Валодзі былі мной не забытыя, а пазней ён мне і сам прызнаўся, што палічыў мой сыход ледзь не за здраду.

— Вы былі адным з салістаў “Песняроў”. Кім бы яшчэ мог назваць сябе Леанід Барткевіч у кантэксце жыццядзейнасці ансамбля?

— Я заўсёды быў правай рукой Мулявіна, нават застаючыся па-за “Песнярамі”. Ён заўсёды са мной раіўся, па самых розных пытаннях. Я быў яго ўлюбёнцам. Быў верным сябрам. І ён мяне такім лічыў. Ніколі ні па якіх пытаннях у нас з ім не было
разыходжанняў. (Наш “канфлікт” на глебе ГИТИСа і я, і ён лічылі дробным непаразуменнем.) Мы — людзі адных поглядаў на жыццё, аднаго густу, і значную частку вось гэтага аднаго цэлага Валодзя ў мяне выхаваў.

— Вяртаючыся ў “Песняры” з ЗША па яго закліку, ці доўга разважалі над запрашэннем? Бо жыццё ў Амерыцы ў вас было ўладкаванае, а тут у музыцы трэба было ўсё пачынаць практычна спачатку…

— Вельмі лёгка пагадзіўся на прапанову Мулявіна. Яны з жонкай з месяц у мяне жылі. Прывезлі з сабой газеты, паказалі ўвесь гэты “паліў”. “Лёшка, прыязджай, дапамажы, — ён мне сказаў. — Што ты тут робіш? Тваё месца на сцэне”. І з 2000 года я зноў на пастаяннай аснове стаў працаваць у “Песнярах” — ажно да смерці Валодзі. А потым быў той масавы сыход, аб якім я казаў. З 2003-га ў мяне “Песняры” ўжо свае, іх я лічу сапраўднымі прадаўжальнікамі справы Мулявіна. Безумоўна, лічу такім і сябе — заслужанага артыста Беларусі з 1979 года. Мне Міхаіл Якаўлевіч Фінберг неяк сказаў: “Калі ты не народны артыст, то хто ў нас народны тады?”

— Ці можаце ахарактарызаваць Мулявіна толькі парай слоў?

— Хопіць і аднаго — Ге-нiй!