Гурочкі з Нізаўской бочкі
Вясна… Гадоў колькі таму, калі з’явіліся на галінках пупышкі, выбраўся ў першую пасля абрыдлай зімы камандзіроўку. Дзесьці перад Іўем маршрутка спынілася на “перакур”. Выбраўся на нясмелае пакуль сонейка і я, пакаштаваў паветра і — адкінуў цыгарэту. Такім неймаверным водарам шыбанула вясна, што жаданне жыць падалося адзіным шчасцем у свеце. Зноў хачу ў такую камандзіроўку. І для таго яшчэ, каб пераканацца ў правільнасці слоў нядаўняй маёй тэлефоннай суразмоўцы — загадчыка сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва, якая запэўнівала, што з мабільным клубным абслугоўваннем ў яе ў раёне — ніякіх праблемаў. Праўда, па словах гэтай упэўненай жанчыны, сезон аўтаклубнага шчыравання пачынаецца з красавіка (зіма, відаць, — час адхлання). А ў асобна ўзятую вёску перасоўная ўстанова трапляе раз у год (для таго, каб перыядычнасць наведвання аддаленых паселішчаў была часцейшая, запэўнівае загадчык, да справы падключаюцца сельскія клубы, у якіх таксама ёсць зона вясковага абслугоўвання). Вось, маўляў, і атрымліваецца, што праца аўтаклуба пры пэўных умовах не вымагае асаблівых высілкаў і не мае асаблівых праблемаў. Гэтая выснова выклікае ў мяне шмат пытанняў, таму цягам года вернемся да яе яшчэ не раз. А пакуль на старонках “К” друкуецца артыкул Валянціны Валчковай з Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра пра дзейнасць аўтаклубаў вобласці (стар.11). Гаворку аўтарка вядзе і аб праблемных пытаннях. Як вядома, вырашаць іх даводзіцца толькі тым, хто сумленна працуе.