Эмпатыя да пакутаў зямлі

№ 15 (1506) 10.04.2021 - 16.04.2021 г

Мастацкі погляд на Чарнобыльскую трагедыю праз 35 гадоў
Здаецца, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў з’явілася смелая і добрая традыцыя — штогод ладзіць вялікі праект на сур’ёзную і важную для ўсіх беларусаў тэму. Летась у фокусе ўвагі апынулася Другая сусветная вайна. А сёлета, роўна за месяц да 35-х угодкаў аварыі на ЧАЭС, у НЦСМ адкрылася выстава “Чарнобыль. Эфект спячага”. Ад многіх іншых юбілейных арт-падзей яе адрознівае адмысловы куратарскі падыход. Замест звыклай нам публіцыстычнай ілюстратыўнасці тут лейтматыў зусім іншы — грунтоўнае ды неперадузятае даследаванне. І калі гісторыкі імкнуцца выявіць новыя факты або зняпраўдзіць старыя, аб’ект цікавасці сучасных мастакоў зусім іншы — не самі падзеі, але іх адлюстраванне ў свядомасці.

/i/content/pi/cult/845/17965/12.jpgЭфект спячага — гэта не метафара, а паняцце з псіхалогіі, якое характарызуе пэўныя асаблівасці ўспрыняцця інфармацыі: праз нейкі час тыя звесткі, якія раней уяўляліся фэйкавымі, пачынаюць здавацца праўдзівымі. Як лічаць куратары праекта Дзіна Даніловіч і Вольга Рыбчынская, гэта актуальна і ў дачыненні да падзей красавіка 1986-га: “Праз 35 гадоў вакол чарнобыльскай тэмы працягвае працаваць эфект скажэння прасторы і часу”. Сведчаннем таму — хаця б шматлікія камп’ютарныя гульні на чарнобыльскую тэматыку або камерцыйныя туры ў Зону для прагных на пікантныя адчуванні “гурманаў”.

Досыць смелы куратарскі ход — спалучэнне пад адным дахам уласна арт-праектаў і дакументальных здымкаў з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Гэта рэпартажныя фота, якія фіксавалі падзеі па гарачых слядах. Адпаведна, градус суб’ектыўнага аўтарскага бачання тут зменшаны бадай да нуля — што, аднак, робіць здымкі яшчэ больш уражвальнымі. Зафіксаваныя імгненні (і асабліва побыт, паўсядзённасць — накшталт калектыўнага партрэта ліквідатараў у абавязковай пасля працоўнага дня лазні) даюць нам магчымасць непасрэдна дакрануцца да тых падзей.

/i/content/pi/cult/845/17965/13.jpgСвоеасаблівы кантрапункт — серыя Сяргея Кажамякіна “Фантомныя адчуванні”, якая ўжо стала класікай беларускага фотамадэрнізму, інтравертнага і нават умерана саліптычнага. На белы куб, які ў галерэйнай практыцы лічыцца сінонімам чыстага аркуша, праектуюцца размаітыя выявы. Праз аптычныя скажэнні, рандомнасць выбару і адсутнасць усялякіх тлумачальных “цэтлікаў” досыць цяжка зразумець, адкуль гэтыя фота былі ўзятыя — і навошта. Яны бязладна спалучаюцца паміж сабой — як бывае на памежжы сну і явы. Тым не меней, аднекуль табе зразумела, што ўсё гэта — пра мінулае і характар яго рэканструкцыі ў межах канкрэтнай свядомасці.

Да візуальнага шэрагу цудоўна дапасоўваецца аўдыяльны. Саўнд-дызайнер Дзмітрый Ладзес аkа Aortha працуе з “палявымі запісамі” — звычайнымі гукамі, запазычанымі з рэальнага асяроддзя. Аднак дзякуючы камп’ютарным праграмам і творчаму ўяўленню яны трансфармуюцца да непазнавальнасці ды ператвараюцца ў абстрактную электронную музыку. У дадзеным кантэксце такі творчы метад можа ўспрымацца і як свайго кшталту метафара стаўлення чалавека да рэальных падзей і фактаў.

/i/content/pi/cult/845/17965/14.jpgСваё месца на выставе знайшоў і яшчэ адзін “старажыл”: праект Ігара Саўчанкі. Аўтар мадэлюе сітуацыю, калі паток сонечнага святла ўжо не з’яўляецца перманентным — як мы прызвычаіліся. Насуперак уяўленням дакладных навук, гэта прыводзіць не да поўнага скону звыклай нам рэчаіснасці, але толькі да пэўных аптычных эфектаў: “Карціна свету мігціць… Няпэўнасць узрастае”. І да часу мы гэтага нават не заўважаем. А потым рэальнае бачанне ўсё болей замяшчаецца штучнымі вобразамі, сфармаванымі нашай свядомасцю.

Псеўдадакументальныя арт-праекты здзіўляць ужо перасталі — іх апошнім часам развялося ў нас багата. Адпаведна, прыспеў час паразважаць пра своеасаблівыя законы жанру “мак’юментары”, пра тыя крытэрыі, якія робяць мастацкую фальсіфікацыю ўдалай. А ў якасці добрага ўзору цалкам прыдатны “Архіў палкоўніка Снегавога”, які “адкрылі шырокай публіцы” Дзіна Даніловіч і Андрэй Кузмянок.

Тэма “смажаная” — анамальныя з’явы ў Зоне. Сюжэт з адшуканнем нейкіх X-files, што тояць сенсацыйныя звесткі, у жанры “мак’юментары” бадай кананічны. Але і ён можа стаць добрым “палівам” для выкшталцонага выказвання. Гартаючы чорна-белыя фота (хочацца верыць, рукі цікаўных ды шматлікіх гледачоў неўзабаве дададуць ім патрэбны эфект зашмальцаванасці), ты бачыш палёт фантазіі аўтараў — у прамым сэнсе, бо адной з нібы выяўленых анамалій становіцца менавіта левітацыя.

Проста байка або, скажам, змантаваны відарыс сённяшняга гледача ўжо не ўразяць: такога дабра багата і ў “жоўтым” Сеціве. Але зусім іншая справа  — рэчыўныя доказы, якія можна нават памацаць. Старыя архіўныя шуфляды, адзенне, як быццам выяўленае на месцы знікнення аўтобуса з людзьмі, а яшчэ — кветка, якая на здымку адлюстраваная ў палёце. Зразумела, кветка тая самая.

А паколькі ў адной з суседніх залаў можна ўбачыць сапраўдныя анамаліі, выкліканыя катастрофай — зусім не такія паэтычныя, як палёты рэчаў і людзей — глядач на сваім досведзе адчувае тую тонкую мяжу паміж дакументам ды фальсіфікацыяй. І становіцца больш пільным.

Адразу насцярожваешся, калі на фота, чый негатыў быў нібыта знойдзены ў Прыпяці (адпаведна, яно зробленае да красавіка-86), тваё вока заўважае магніцікі на лядоўні. Зрэшты, праект японца Казумы Абары зусім пра іншае. Спалучаючы відарысы банальных кватэрных інтэр’ераў, прасякнутых невідочным, але забойчым радыёактыўным уздзеяннем, і гісторыю драматычнага лёсу канкрэтнай дзяўчыны, якая ад радыяцыі пацярпела, мастак імкнецца праявіць тыя наступствы катастрофы, якіх няўзброеным вокам не пабачыш. Бо памятны яшчэ з 80-х стэрэатып “Радыяцыі не відаць, дык, значыць, яе няма” дасюль не стаў анахранізмам.

Калі праект японскага аўтара называецца Exposure (што адначасова можна перакласці і як “апраменьванне”, і як “экспазіцыя”, і як “выкрыццё”), у фотасерыі Святланы Станкевіч “Ліквідацыя” мы бачым адваротны працэс — “закрыццё”. Гэта дакументальныя здымкі, зробленыя параўнальна нядаўна. Іх аб’екты вызначаныя дакладна, і тут няма ніякай фікцыі. Але канкрэтныя абрысы на фота губляюцца, нібы трапляючы ў туман забыцця.

Як жа выйсці з гэтага туману? Як можна шчыра ды небанальна казаць пра тыя падзеі, якія ты не заспеў хаця б праз свой узрост? Выстава прапануе розныя варыянты. Першы даступны не ўсім  — праз асабісты досвед. Фатограф Таццяна Ткачова, чыя серыя “Паміж правам і сорамам”, прысвечаная тэме абортаў, займела вялізны міжнародны рэзананс, бадай упершыню раскрыла яе вытокі ды распавяла гісторыю свайго з’яўлення на свет.

Другі спосаб — досвед набыты. Украінска-расійскі аўтар Артур Бондар шмат гадоў здымаў Зону, і назапашаныя цягам гэтага часу ўражанні выявіў у выглядзе інсталяцыі, у цэнтры якой — сапраўднае дрэва, а на галінках — зробленыя падчас экспедыцый фота. Гэта набор уражанняў пра ўбачаныя краявіды і сустрэтых людзей, задзіночаныя ў адзіную жывую істоту. Услед за героем Стругацкіх і Таркоўскага, фатограф упэўнены, што Зона — не “проста тэрыторыя”, ды спрабуе “раскрыць філасофію веры ў містычную рэальнасць зямлі, прасякнутай чалавечымі пакутамі і болем”.

Чым адрозніваецца такі падыход ад турыстычнай цікаўнасці, якую Артур Бондар тут жа падвяргае астракізму? Эмацыйнай “уключанасцю”, глыбокай эмпатыяй, спачуваннем да гэтай зямлі ды яе трагедыі. Менавіта такі падыход да тэмы, урэшце рэшт, і прапануе выстава. Пагатоў, як сцвярджае іншы яе ўдзельнік Сяргей Кажамякін, “толькі душа мастака сродкамі мастацтва здатная выбудаваць эмацыйны масток, павялічваючы кола неабыякавых да чужой (?) бяды”.