Суплёт сюжэтаў блізу родных мясцін

№ 14 (1505) 03.04.2021 - 09.04.2021 г

Па слядах асветнікаў, творцаў, ваяроў
З надыходам першых цёплых дзён нас усё часцей наведваюць думкі аб новых вандроўках па роднай краіне. Але пакуль веснавое надвор’е яшчэ застаецца зменлівым, выбірацца ў далёкую дарогу зусім не абавязкова. Цікавосткі архітэктурнай спадчыны, сляды знакамітых землякоў і месцы памяці, вартыя наведвання, могуць знайсціся зусім паблізу. Звернем увагу хаця б на бліжэйшыя ваколіцы сталіцы, і агледзім, што адметнага можна пабачыць нават цягам аднаго дня, накіраваўшыся на паўднёвы захад ад Мінска.

/i/content/pi/cult/844/17955/28.jpgПершы прыпынак на нашым шляху — уласна, сам раённы цэнтр, Дзяржынск (альбо, па-ранейшаму — Койданава). Новае і старое імёны горада ўвекавечаны ў назвах дзвюх тутэйшых чыгуначных станцый, што ў нашых краях трапляецца нячаста і наводзіць на пэўныя роздумы. “Койданава” — першы прыпыначны пункт у межах горада, калі ехаць з Мінска, “Дзяржынск” — наступны: атрымліваецца такі сабе рух па лініі часу, з мінулага ў будучыню.

Едучы сюды чыгункай, прыпынак варта выбіраць, зыходзячы з мэты вандроўкі: калі да сучаснага гарадскога цэнтра будзе бліжэй з “Дзяржынска”, то з “Койданава” можна хутчэй дашпацыраваць да галоўнай тутэйшай скарбніцы, дзе захоўваюцца сведчанні мінулага. Менавіта тут, у Дзяржынску, непадалёк ад выезду ў бок Мінска, знаходзіцца Беларускі дзяржаўны архіў кінафонафотадакументаў — шматпавярховы будынак узвышаецца над усім мястэчкам, дамінуючы над краявідам як яго найвышэйшая кропка. Але пакінем візіты ў гэтае сховішча на іншы раз — гісторыя чакае нас сёння проста на вуліцах.

...Першая згадка аб горадзе датуецца 1146 годам, і вядомы тады ён быў, натуральна, не як Дзяржынск (гэтае імя райцэнтр атрымаў толькі ў 1932 годзе), але нават і не як Койданава. Выпадак, бадай што, для Беларусі ўнікальны — горад, такім чынам, змяніў тры назвы. Калі другая гістарычная назва, Койданава, увекавечаная хоць бы чыгуначным прыпынкам, то першае імя, пад якім мястэчка ўвайшло ў гісторыю, у тутэйшай тапаніміцы так проста не адшукаеш.

Першапачаткова горад называўся Крутагор’е — менавіта з гэтай назвай звязвае паданне легендарную бітву, у якой тутэйшыя князі перамаглі татара-мангольскае войска ў XIII стагоддзі. Гісторыкі гэтую падзею лічаць міфічнай, але, тым не менш, нельга адмовіць, што пэўны след у гісторыі горада татары сапраўды пакінулі — лічыцца, што назва “Койданава” мае акурат усходняе паходжанне, і, хутчэй за ўсё, звязаная з імем пэўнага татарскага военачальніка Койдана альбо Кайдана.

/i/content/pi/cult/844/17955/29.jpgСляды класічнага мястэчка ў новым горадзе

Гарадскі цэнтр Дзяржынска, на жаль, моцна пацярпеў падчас апошняй вайны — на памяць аб ёй на месцы спаленых і зруйнаваных бомбамі кварталаў з’явіўся сквер. Аднак, гістарычная забудова прапала не дарэшты — калі з цэнтральнай плошчы ступіць пару крокаў і зазірнуць за вугал на вуліцу Савецкую, можна пабачыць перспектыву абсалютна традыцыйнай беларускай местачковай трасы, уздоўж якой усутыч прымасціліся павернутыя тарцамі да вуліцы аднапавярховыя драўляныя дамкі.

Непадалёк, на Першамайскай вуліцы — двухпавярховы драўляны будынак, які захоўвае памяць аб яўрэйскім мінулым мястэчка. Гэта колішні хедэр, пачатковая школа для хлопчыкаў — адметна, што і ў нашыя дні будынак звязаны з навучаннем, тут знаходзіцца аддзел адукацыі райвыканкама. Колішні хедэр — ці не адзінае, што нагадвае ў Дзяржынску аб зніклай яўрэйскай цывілізацыі.

Некалі мястэчка было адным з важных цэнтраў мясцовых іудзеяў, адсюль паходзіў вядомы рэлігійны дзеяч, даследчык Талмуда Шмуэль Кайдановер (прозвішча ў перакладзе на беларускую так і значыць — “Койданаўскі”). На жаль, апошняя вайна і злачынныя планы гітлераўскіх захопнікаў змянілі стан рэчаў назаўжды — у самым сэрцы мястэчка, непадалёк ад колішняга замка і касцёла, можна падыйсці да магілы, дзе знайшлі свой апошні прыстанак яўрэі Дзяржынска. Амаль дзве тысячы чалавек былі забітыя тут у адзін дзень, 21 кастрычніка 1941 года. Помнік, які сёння можна пабачыць на месцы расстрэльнага рова, незвычайны — ён быў усталяваны неўзабаве пасля вайны, у 1949 годзе, і адметны тым, што на ім быў зроблены надпіс на ідыш, што ў тыя часы было выключэннем з правілаў.

/i/content/pi/cult/844/17955/30.jpgМаўклівыя абаронцы

Ад старога койданаўскага замчышча да нашых часоў дайшоў толькі невялікі фрагмент вала. Некалі гэтыя ўмацаванні займалі цэлую пляцоўку на ўскрайку мястэчка, званую Гаштольдавай гарой. Гаштольды — магнацкі род, які валодаў Койданавым у XV стагоддзі, з ім звязваюць і ўзвядзенне замка, сцены і вежы якога ўзвышаліся на гэтым месцы яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. У XVII стагоддзі тут жа быў збудаваны, па фундацыі аднаго з Радзівілаў, кальвінскі збор — храм прыхільнікаў аднога з адгалінаванняў пратэстантызму.

На жаль, у гады змагання супраць рэлігіі лёс гэтага будынка быў прадвызначаны — яго разабралі яшчэ да вайны, у 1930-х. Больш пашанцавала драўлянаму касцёлу Святой Ганны — збудаваны ў 1785 годзе, ён дайшоў да нашых дзён і дагэтуль дзейнічае. Кіруючыся да заходняй ускраіны Дзяржынска, можна пабачыць і тутэйшыя могілкі — калі загарадны пагост выглядае сучасна і дагледжана, то бліжэйшыя, гарадскія могілкі, на жаль, зазналі багата разбурэнняў, і тое ў мірны час — нейкіх шэсць гадоў таму іх не надта ўдала спрабавалі добраўпарадкаваць, панішчыўшы цяжкай тэхнікай надмагіллі — і толькі дзякуючы неабыякавым гараджанам разбурэнне ўдалося спыніць.

Рухаючыся на захад, прыгадваем гісторыю атрымання горадам свайго апошняга імені — яна таксама незвычайная. У 1932 годзе Койданава было перайменаванае ў Дзяржынск невыпадкова. Гэтае рашэнне было абумоўленае тым, што тады ж на абшарах навокал мястэчка быў утвораны раён, які атрымаў імя Фелікса Дзяржынскага, аднаго з найбольш вядомых савецкіх дзеячаў польскага паходжання.

Адначасова з тым, тут, на самай заходняй мяжы тагачаснай БССР, было распачатае будаўніцтва дотаў і артылерыйскіх капаніраў у складзе Мінскага ўмацаванага раёна, якія мусілі прыкрываць дзяржаўную граніцу ад меркаванага нападу з захаду. Гэтыя бетонныя спаруды і сёння ахоўваюць подступы да заходніх ускраін Дзяржынска, а ўлетку 1941 года іх гарнізоны мужна баранілі горад ад колькасна пераўзыходзячых сіл гітлераўцаў. На шэрых сценах гэтых казематаў і сёння можна пабачыць сляды абстрэлаў і выбухаў, якія захоўваюць памяць аб трагічных і гераічных падзеях пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 80-годдзе якога мы сёлета неўзабаве будзем прыгадваць.

Апошнія прыстанкі класікаў

Па лініі дотаў Мінскага ўмацаванага раёна рушым на захад ад мястэчка. Ужо ў найбліжэйшай вёсцы Дзягільна, што адразу за дзяржынскімі могілкамі, чакае чарговая цікавостка. Тут некалі месцілася сядзіба шляхецкага роду Янушкевічаў. Ад самога маёнтка да нашых дзён дайшла, на жаль, толькі адна з гаспадарчых пабудоў, але ў лесе за вёскай прыхаваліся старыя сямейныя могілкі колішніх уладальнікаў Дзягільна. Тут, між іншага, можна пабачыць надмагілле Адольфа Янушкевіча — вядомага літаратара і вандроўніка, удзельніка вызваленчага паўстання 1830 — 1831 гадоў, які быў прататыпам аднаго з герояў Міцкевічавых “Дзядоў”.

Больш пашанцавала сядзібе Кастравіцкіх у суседніх Вялікіх Навасёлках. Збудаваны ў 1820 годзе двухпавярховы сядзібны дом нейкім дзівам не займеў дагэтуль статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці — хаця, як нядаўна стала вядома, захады ў гэтым кірунку ўжо распачатыя. Пакуль жа застаецца толькі з сумам адзначыць, што знешні выгляд будынка з порцікам і класіцыстычнымі калонамі істотна знявечаны ўсюдыісным сайдынгам. Хочацца спадзявацца, што сітуацыя яшчэ можа быць выпраўленая, і аблічча помніка будзе прыведзенае ў адпаведны стан.

Акрамя самога сядзібнага дома захаваліся таксама жылы дом для рабочых з выкладзеным цэглай на франтоне годам пабудовы (1912), сядзібны флігель, вінакурня і маляўнічыя руіны стайні. У Вялікіх Навасёлках таксама ацалелі старыя могілкі, што ляжаць крыху воддаль вёскі, сярод поля, і тут знайшла спачын яшчэ адна знакамітая асоба. Гаворка, вядома, пра Казіміра Кастравіцкага, які зрабіўся вядомым як літаратар пад псеўданімам Карусь Каганец.

Ад гарадскога галавы — да піянера-героя

Наступны наш прыпынак — у чарговым шляхецкім гняздзе на поўдзень ад Дзяржынска. Станькава — колішні маёнтак роду Чапскіх, найбольш вядомым сёння прадстаўніком якога, бадай, з’яўляецца Караль Чапскі, які займаў пасаду мінскага гарадскога галавы з 1890 па 1901 год. Сядзібны дом, на жаль, не захаваўся, але аб колішніх уладальніках тутэйшага маёнтка працягвае нагадваць маляўнічы парк.

Тут захаваліся так званы “Скарбчык” — будынак бібліятэкі ў выглядзе стылізаванай вежы, жылы дом для рабочых, воданапорная вежа, руіны брамы і яшчэ колькі гаспадарчых пабудоў. На іншым баку паркавага става — Свята-Мікалаеўская царква, узведзеная ў 1858 годзе. У 1961-м яе намагаліся знішчыць, прычым давялося тройчы прымяняць выбухоўку — і, тым не менш, магутныя сцены на беразе става засталіся стаяць. У 2007 годзе тут распачаліся рэстаўрацыйныя работы, і сёння храму вернуты першапачатковае аблічча, ён дзейнічае. А амаль ля самых муроў царквы — дом, які звязаны з яшчэ адным легендарным імем у гісторыі Станькава. Менавіта тут нарадзіўся славуты юны партызан, адзначаны пасмяротна званнем Героя Савецкага Саюза — Марат Казей, які трагічна загінуў у змаганні супраць гітлераўцаў, маючы толькі чатырнаццаць гадоў.

Памяць пра вайну захоўваюць непадалёк ад Станькава і ў ваенна-гістарычным комплексе “Старая граніца” — ён з’яўляецца філіялам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут можна пабачыць адноўленыя будынкі савецкай пагранічнай заставы, адзін з дотаў Мінскага ўмацаванага раёна, а таксама выставу вайсковай тэхнікі “Зброя Перамогі”, дзе прадстаўленыя ўзоры ўзбраення як часоў Вялікай Айчыннай вайны, так і сучасныя.

Дэкарацыі, у якіх нараджалася наша кіно

Вяртаючыся ў Мінск, нельга абмінуць яшчэ адну з найбольш маляўнічых сядзіб прысталічча — Прылукі, якія таксама належалі роду Чапскіх. Тут двухпавярховы сядзібны дом дайшоў да нашых дзён амаль некранутым — у ім размешчаны цяпер Інстытут аховы раслін. Таксама захаваўся прысядзібны парк з будынкам карэтнай, а наводдаль ад палаца, на супрацьлеглым беразе става — шэраг гаспадарчых пабудоў, сярод якіх дамы для рабочых, свіран і бровар.

Менавіта з гэтай сядзібай звязаныя першыя старонкі гісторыі беларускага кінематографа — тут улетку 1926 года адбываліся натурныя здымкі першага беларускага фільма. Стужка “Лясная быль” была створаная рэжысёрам Юрыем Тарычам паводле аповесці вядомага літаратара Міхася Чарота “Свінапас”, якая распавядала пра часы Савецка-польскай вайны. У эпізодах зняліся, у ролі саміх сябе, нават прадстаўнікі тагачаснага кіраўніцтва рэспублікі — Аляксандр Чарвякоў, Язэп Адамовіч, Вільгельм Кнорын. Палац у Прылуках, паводле сцэнарыя, выконваў ролю сядзібы пана Драбскага, а ў здымках у масоўцы ахвотна ўдзельнічалі мясцовыя жыхары. Варта наведаць гэтыя мясціны, каб параўнаць сённяшнія краявіды з кадрамі першага беларускага фільма, і на свае вочы пабачыць сапраўдную калыску айчыннага кіно.

Словам, часам не варта імкнуцца ў далёкія краі, каб пабачыць сапраўдны суплёт гістарычных, біяграфічных і мастацкіх сюжэтаў паблізу родных мясцін. Упэўнены, што падобныя маршруты цалкам магчыма пракласці не толькі ў ваколіцах сталіцы, але і ля многіх беларускіх гарадоў і мястэчак. Наперадзе новыя цёплыя дні — а значыць, чакаюць нас і новыя вандроўкі.