“Маладзічок” сталее-маладзее

№ 14 (1505) 03.04.2021 - 09.04.2021 г

Вясновыя канікулы! Апошні сакавіцкі тыдзень здаўна стаў скарбонкай разнастайных дзіцячых конкурсаў, фестываляў, прэм’ер і многіх іншых цікавостак, скіраваных на вядомае “эстэтычнае выхаванне моладзі”, што з кожным годам толькі набывае актуальнасць. У Палацы культуры Маладзечна, да прыкладу, 27 — 28 сакавіка адбыўся IX Адкрыты конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок-2021”.

/i/content/pi/cult/844/17954/26.jpgЖуры ўзначаліла знакамітая спявачка, салістка Маладзёжнага тэатра эстрады Жанэт. Сярод больш як 60-ці ўдзельнікаў у чатырох узроставых групах ад 6 да 18 гадоў Гран-пры атрымала 14-гадовая Валерыя Шманай з Жодзіна (дададзім, што ў гэтым горадзе з 2002 года праводзіцца ўласны дарослы конкурс — Рэспубліканскі “Белазаўскі акорд”, які сёлета запланаваны на верасень). Але галоўнае, мабыць, не столькі ў размеркаванні прызоў, колькі ў тым, што заключны гала-канцэрт стаўся сапраўдным песенным святам і, паводле традыцыі, упрыгожыць яшчэ і Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне ў чэрвені.

Ініцыятарам гэтага творчага спаборніцтва выступіла ў свой час кампазітар Алена Атрашкевіч. Тады яна яшчэ не была старшынёй Беларускага саюза кампазітараў, як цяпер, але ўжо кіравала ўзорнай студыяй эстраднай песні “Спяваем разам” Палаца культуры Маладзечна, а таксама заснавала і ўзначаліла цыклавую камісію “Мастацтва эстрады” ў Мінскім каледжы мастацтваў. Як ніхто іншы, яна добра разумела, наколькі патрэбны спеўнай дзятве і моладзі выхады на вялікую сцэну, да ўдзячнай публікі. І конкурсная падрыхтоўка таксама! Бо творчыя спаборніцтвы, пры ўсёй небяспецы ператварэння іх у назапашванне “спартыўных дасягненняў”, дазваляюць атрымаць максімальна поўную карціну дзіцяча-юначага эстраднага выканальніцтва. Дапамагаюць выкладчыкам арыентавацца ў найноўшых тэндэнцыях (дарэчы, “Маладзічок-2021” суправаджаўся майстар-класамі). Дзецям — зарыентавацца ў будучай прафесіі. І нават проста адчуць смак музыкі і сцэны, які і надалей будзе прыводзіць іх у канцэртную залу — калі не ў якасці вакаліста, дык слухача. Усё гэта разумее і дырэктар ПК Маладзечна Святлана Сарока, і мясцовыя ўлады, бо пачынанні такога роду маюць патрэбу ў падтрымцы.

Шкада толькі, што тэлебачанне гала-канцэрт не здымала. Рэпартаж — быў. Але таленавітыя дзеці — наша нацыянальная каштоўнасць. Сваімі выступленнямі яны ў стане ўпрыгожыць эфір! Так, як гэта было з нядаўнім адборам на “Славянскі базар у Віцебску”. Падобных конкурсаў замнога не бывае. І цяперашні росквіт дзіцячага эстраднага выканальніцтва ў нашай краіне, даўно заўважаны на міжнародным узроўні, — гэта заслуга, у тым ліку, і “Маладзічка”, які з самага пачатку ўзяў курс не толькі на выяўленне талентаў, але і на сістэму ранняга прафесійнага навучання эстрадным спевам.

/i/content/pi/cult/844/17954/27.jpg— Гэты конкурс мае свой твар, — гаворыць член журы, мастацкі кіраўнік Арт-групы “Беларусы” Валерый Шмат. — Сваю ўжо дастаткова працяглую гісторыю. Яркі нацыянальны пасыл, бо ўсе ўдзельнікі павінны выканаць не толькі сусветны хіт, але і беларускамоўную песню. Я доўгі час знаходзіўся “па той бок рампы”: рыхтаваў дзяцей да адбораў на “Еўрабачанне”, “Славянскі базар у Віцебску”, “Новую хвалю”, іншыя конкурсы. Таму добра ведаю, што адчуваюць удзельнікі, іх бацькі, педагогі. І бачу тое, як змянілася сама конкурсная сітуацыя. Гадоў дзесяць таму, магчыма, дастаткова было адоранасці дзіця — і можна было, пры ўдалым раскладзе сіл, разлічваць на перамогу. Сёння гэтага ўжо недастаткова. Такія якасці, як добры голас, чыстае інтанаванне ды іншыя дэталі пачатковага этапу вакальнага навучання, ёсць ва ўсіх. Сёння патрабуюцца больш тонкія прафесійныя матэрыі: правільнае і разнастайнае гуказдабыванне, работа з мелізматыкай, валоданне стылямі. І ў 14 — 16 гадоў вынікі бываюць нават больш высокімі, чым на дарослых конкурсах.

Мне часта задаюць пытанне, чаму так атрымліваецца. На маю думку, дарослыя спевакі схільныя ўспрымаць педагога як штосьці залішняе: маўляў, я ўжо ўсяму навучыўся. Тым больш, калі за плячыма — перамогі на дзіцячых конкурсах, разуменне тых дасягненняў як асабістых, а не сумесных з выкладчыкам, які здолеў абраць правільны курс. Здараецца, моладзь падводзяць густавыя перавагі, жаданне быць модным, сучасным, “крутым”, залішняе захапленне тымі ці іншымі вакальнымі прыёмамі — і страта сэнсавага зместу песні, увагі да слова. Малодшых выратоўвае шчырасць выканання, часам нават дзіцячая наіўнасць, якая не можа не крануць дарослыя сэрцы. Але з узростам многія страчваюць гэтыя якасці. Многіх падводзіць і рэпертуар. Бо калі ў сусветных хітах ёсць прыклады выканання, годныя пераймання (хаця апошняе і не заўсёды добра), дык над беларускай песняй, каб яна стала конкурснай, трэба працаваць літаральна з нуля, пакінуўшы хіба мелодыю: зрабіць аранжыроўку, прадумаць куплетную варыяцыйнасць, драматургію, каб не выконваць музычныя паўторы аднолькава. Для ўсяго гэтага патрабуюцца яшчэ і кампазітарскія здольнасці! Ці добры педагог, які дапаможа ўсяго гэтага дасягнуць і ацэніць вынік збоку. Пагаджуся, любыя спаборніцтвы — маральна цяжкія, тут, як звычайна гаворыцца, выжываюць мацнейшыя. Але гэта яшчэ і стымул для развіцця, які не дазваляе расслабляцца ні дзецям, ні выкладчыкам.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"