“Хто ж, калі не ты?”

№ 14 (1505) 03.04.2021 - 09.04.2021 г

Заспець гэтага чалавека ў Мінску даволі складана, а на пытанне, якія навіны, атрымліваеш іх адразу цэлы россып: заўтра ладзім імпрэзу ў Залессі, на наступным тыдні — вернісаж у Салігорску, а там трэба будзе ўжо і ў Докшыцы чарговую выставу весці. Такіх выстаў у невялічкіх гарадах за мінулы год Сяргей Даўгарукаў арганізаваў каля 150. Сёлета планы яшчэ больш грандыёзныя — дзвесце! Да сваіх намераў ён ставіцца без усялякага скепсісу ды сумневаў: маўляў, я такі чалавек, што калі бяруся за нейкую справу, дык ні ў якім разе не адступлюся і абавязкова давяду да канца. Але тут у асобы цікаўнай, вядома, узнікае пытанне: чаму ж дацэнт юрыдычнага факультэта БДУ стаў культуртрэгерам, які імкнецца несці беларускае мастацтва ў “гушчу народа”?

/i/content/pi/cult/844/17945/13.jpgТое, што ў тваіх сілах

— Як выкладчык са шматгадовым досведам, я заўважыў, што студэнты і наогул моладзь нічога акром Інтэрнэта не ведаюць, — распавядае спадар Сяргей пра вытокі свайго, як ён сам кажа, хобі. — Не ходзяць ні на выставы, ні ў тэатры, кніг не чытаюць. Натуральна, такой “навіной” я вас не здзіўлю. Але адна справа — проста засмучацца ды разводзіць рукі, а зусім іншая — паспрабаваць самому хоць штосьці зрабіць, каб тую сітуацыю выправіць. Зрабіць тое, што ў тваіх уласных сілах. Бо хто ж, калі не ты?

На пачатку выкладчык задумаў ладзіць выставы на родным факультэце. Патраціў трохі часу на перамовы ды грошай на падрыхтоўку залы. І цяпер на юрфаку ўтварылася, лічы, сапраўдная галерэя.

— Пару гадоў таму некаторыя знаёмцы дзівіліся: маўляў, нашто табе гэта трэба? — прызнаецца ён. — Ці ж будзе каму тут на тыя карціны глядзець? Але сёлета, калі пару тыдняў выстаў не было, у мяне ўсе пыталі: Сяргей Валер’евіч, што здарылася? Мы ж ужо прызвычаіліся бачыць у сваім корпусе творы мастацтва, дык трэба працягваць!

А потым ён знайшоў і галоўны вектар увасаблення сваіх добрых намераў. З аднаго боку, жыхары невялічкіх гарадкоў не надта часта могуць наведаць выставы прафесійных мастакоў. З другога — самі мастакі не надта часта маюць магчымасць выстаўляцца, асабліва ў тым аб’ёме, у якім ім самім хочацца. Таму карціны надоўга залёжваюцца ў майстэрнях, а бачаць іх хіба што сябры. Адпаведна, патрэбна нейкае інтэгральнае звяно, здатнае звесці аўтараў ды гледачоў. Вось такую ролю і вырашыў узяць на сябе Сяргей Даўгарукаў.

— На жаль, у Вілейцы ці Докшыцах сёння далёка не ўсе маюць магчымасць прыехаць у сталіцу ды наведаць той жа Мастацкі музей, — кажа ён. — Таму я прыйшоў да высновы, што неабходна ісці ў рэгіёны ды паспрабаваць нешта для іх зрабіць. Зразумела, бясплатна — тут на нейкія дывідэнды разлічваць зусім не даводзіцца. З тых 12 пляцовак, з якімі я рэгулярна працую, толькі ў адной трэба купляць квіткі — бо гэта музей.

/i/content/pi/cult/844/17945/14.jpgБольшая частка такіх пляцовак — Дамы культуры. Многія з іх маюць цудоўныя фае, цалкам прыстасаваныя для выставачнай дзейнасці. Па словах спадара Сяргея, на кантакт мясцовая адміністрацыя ідзе вельмі ахвотна. Толькі аднойчы здарыўся выпадак, калі ў ДК запатрабавалі грошы за арэнду — і, зразумела, супрацоўніцтва не атрымалася. Звычайна ж паразуменне дасягаецца хутка. І дзякуючы гэтаму ўдаецца сінхронна ладзіць з дзясятак выстаў. Прычым у хуткай будучыні культуртрэгер мяркуе пашырацца — яшчэ хаця б на пяць пастаянных пляцовак. Папярэдняя дамоўленасць на гэты конт ужо ёсць.

Працаваць такімі “стаханаўскімі тэмпамі” дазваляюць простыя прынцыпы: жорсткае планаванне і лагістыка. Скажам, адзін арандаваны аўтобус адвозіць творы адразу на некалькі выстаў — што эканоміць грошы. Так, кожная падзея прыносіць завадатару сякія-такія выдаткі: на тую ж транспарціроўку, афармленне, яшчэ на нешта. Але спадар Сяргей на іншую “раскладку” пакуль і не спадзяецца.

А ў дадатак — жывыя матылькі

Дыяпазон мастакоў, якія ўдзельнічаюць у гэтым праекце, вельмі шырокі. Ёсць сярод іх і сапраўдныя класікі, ёсць і тыя, чые прозвішчы мала каму вядомыя.

— Калі раней мне даводзілася шукаць мастакоў, дык цяпер аўтары ўжо самі знаходзяць мяне, — кажа ён. — Звяртаюцца нават тыя нашы суайчыннікі, якія даўно жывуць у Германіі, Францыі, Італіі. Ім вельмі хочацца выстаўляцца ў сябе на радзіме — праўда, пакуль я не магу прывезці іх карціны праз эпідэмію. Але, у той самы час, я ахвотна працую і з цікавымі творцамі-самародкамі, якія жывуць далёка ад сталіцы — неўзабаве вось планую зрабіць выставу аднаго такога мастака, які мае інваліднасць, і думаю, што гэта будзе сапраўднае адкрыццё.

Такі дэмакратычны падыход дазваляе адзначыць цікавую ды ў нечым парадаксальную тэндэнцыю. Па словах спадара Сяргея, часам яму прасцей бывае супрацоўнічаць з тымі мастакамі, якія ўжо здзейсніліся і займелі поспех — скажам, з сямейным тандэмам Васіля Пешкуна і Ганны Сілівончык, якому і так хапае прапановаў ды глядацкай увагі. А вось моладзь ідзе на кантакт не надта ахвотна ды нярэдка задае звыклае для цяперашняга часу пытанне: “Што я з гэтага буду мець?”

— Мне зусім няважна, ці ўваходзіш ты ў творчы саюз, ці маеш адмысловую адукацыю — пагатоў, як мы ведаем з гісторыі, многія геніі гэтым не маглі пахваліцца, — дадае суразмоўца. — Я з любым аўтарам ахвотна гатовы сустрэцца і абмеркаваць супрацоўніцтва. Так што звяртайцеся! Трымаць карціны ў майстэрні і не паказваць іх народу — гэта няправільна. Павінен быць рух, людзі павінны бачыць дынаміку твайго развіцця.

У плане эстэтыкі ў яго таксама няма абсалютна ніякіх прэферэнцый. Даўгарукаў ахвотна выстаўляе і зусім традыцыйныя пейзажы, і абстракцыю “на злом мозга”. Прынцып ёсць толькі адзін: ладзіць выключна персаналкі! У сэнсе, ніякіх зборных выставаў, якія мастакі на сваім жаргоне грэбліва называюць “брацкімі магіламі”.

— Па адной карціне ацаніць мастака немагчыма, — перакананы ён. — Зусім іншая справа, калі табе на водкуп аддаюць цэлую залу — і выстаўляй там што хочаш! Творцы мне часам кажуць: прыязджай у майстэрню ды выбірай тыя карціны, якія сам хочаш бачыць. А я ў адказ: ды не, шаноўны, гэта ты сам выбіраць павінен! Ты ж аўтар, тваё імя на афішы. А майго імя там няма. Мая роля толькі ў адным — дапамагчы людзям гэтыя творы ўбачыць.

А таксама, па меры магчымасці, стварыць вакол іх падзею. Неўтаймоўны характар майго суразмоўцы ўвесь час правакуе яго шукаць ды развівацца. І вось, ён ужо задумваецца пра яркія ды запамінальныя вернісажы. Ды пачынае ў мяне дапытвацца, ці не ведаю я нейкіх добрых джазмэнаў. Джаз у сядзібе Агінскага будзе гучаць так шыкоўна!

А пакуль што — ужо ў гэтую суботу — там будуць гучаць рамансы. Для серыі твораў знакамітага майстра Уладзіміра Стэльмашонка “17 муз Адама Міцкевіча” — не самай вядомай, але адназначна вартай увагі — Сяргей Даўгарукаў зрабіў цэлае выставачнае турнэ. Цяпер яна дэманструецца ў Залессі. Там ён і вырашыў распачаць новы пачын — штомесячныя паэтычна-музычныя вечары. Рамансы Чайкоўскага на вершы Міцкевіча будуць спяваць пенсіянеры са Смаргоні.

— А неўзабаве планую правесці выставу цікавай мастачкі, якая цяпер жыве ў Францыі, — працягвае ён дзяліцца планамі. — Яна малюе матылькоў, і я дамовіўся з біялагічным факультэтам, дзе ёсць музей матылькоў. Болей за тое — уяўляеце, падчас адкрыцця будуць лётаць і матылькі жывыя! Я ўжо ўсё, што трэба, прадумаў ды ўзгадніў…

Не толькі для эстэтаў

Пабываўшы на адной з такіх выстаў у невялікім гарадку, я прыйшоў да высновы, што арт-багемы там пакуль, мякка кажучы, вобмаль. Затое заўсёды ёсць зацікаўленая дзятва. Мастацкія школы ў нас паўсюль, ахоп у іх немаленькі. А вось магчымасць убачыць творы старэйшых калегаў, якія ўжо спраўдзіліся на творчай ніве, вучні маюць зусім нячаста.

— На жаль, пакуль яны вымушаныя варыцца ва ўласным соку, — кажа спадар Сяргей. — У мяне была ідэя ладзіць выставы навучэнцаў розных мастацкіх школ, каб тыя маглі стасавацца міжсобку, бачыць, што робіцца навокал. Але пакуль яшчэ не асвоіўся ў спецыфіцы дзіцячай творчасці, ды і баюся, па шчырасці, за юную псіхіку: заўсёды ж будуць крыўды “чаму яго ўзялі, а мяне не”. Таму вырашыў так: хай дзеці пакуль проста паглядзяць на творы вядомых мастакоў — і зразумеюць, да чаго ім трэба імкнуцца. Можа, натхняцца, адкрыюць новыя для сябе тэхнікі або прыёмы. Вельмі рады, калі бачу іх зацікаўленыя вочы.

Суразмоўца прызнае, што казаць пра звышзапатрабаванасць такіх выстаў пакуль не выпадае. Спробы “прасунуць у народ” тое мастацтва, якое зазвычай называюць элітарным, вельмі рэдка калі мелі такі ашаламляльны эфект, на які зазвычай разлічваюць ідэалісты. Пра гэта яшчэ Зошчанка пісаў у гумарэсцы пра “цыркача-трансфарматара”, і наўрад ці многае з тых часоў змянілася.

— Калі пейзаж успрымаюць усе, да абстракцыі трэба быць падрыхтаваным, — пагаджаецца спадар Сяргей. — І часта людзі падыходзяць да мяне ды прызнаюцца, што такога мастацтва не разумеюць — але ўсё адно дзякуюць! Для іх гэта нешта новае, пашырэнне кругагляду. Думаю, калі засяродзіцца, заўсёды можна нешта адчуць ды ўсвядоміць. Так, гледачоў мо пакуль і няшмат. Але калі выстава будзе карыснай хаця б аднаму чалавеку — лічу, задачу мы выканалі. А працаваць толькі для эстэтаў — гэта, на мой погляд, няправільна.

Так, не мог я абмінуць і зразумелае пытанне. Сфармуляваў яго, канешне, неяк іначай, больш далікатна. Але сэнс быў просты: а навошта вам усё гэта трэба?

— У матэрыяльным плане я забяспечаны вельмі няблага, і ўсе свае сціплыя патрэбы магу задаволіць, — тлумачыць спадар Сяргей. — Але ж чым даўжэй жывеш, тым болей пачынаеш пра нешта іншае думаць. Лічу, культура — аснова ўсяго, у тым ліку і эканомікі, яна робіць людзей лепшымі. Так, не я першы гэта сказаў, выраз распаўсюджаны. Але варта паспрабаваць і нешта самому зрабіць, каб той культуры стала болей!