Як “выгадаваць” абрадавы турызм

№ 13 (1504) 27.03.2021 - 02.04.2021 г

Пра сельскі драйвер удасканалення
COVID-19 адчувальна паўплываў на міжнародны турызм, але адначасова з гэтым даў вялікі штуршок для развіцця турызму ўнутранага. Сёння ў краіне яму надаецца асаблівае значэнне, і тут немалаважную ролю адыгрываюць установы культуры. Таму гэтай тэме і быў прысвечаны флэш-семінар для работнікаў устаноў культуры, бібліятэкараў, кіраўнікоў фальклорных калектываў, спецыялістаў па этнаграфіі, фальклоры і рамёствах Гродзенскага раёна на тэму “Event-туры ці абрадавы турызм як драйвер развіцця сельскага турызму”. Флэш-семінар прайшоў днямі на базе музея “Код памяці” ў Зарачанскім Доме народнай творчасці і ў рамках традыцыйнага абраду “Гуканне вясны“ ў вёсцы Жытомля.

/i/content/pi/cult/843/17937/25.jpgТэматыка семінара была вызначана на аснове аналізу работы па забеспячэнні сістэмы пераемнасці традыцыйнай культуры і выклікана неабходнасцю яе паляпшэння, удасканалення, у тым ліку і дзеля паляпшэння працы ўстаноў культуры ў сферы турыстычнай дзейнасці. А форма флэш-семінара стымулявала імкненне адшукаць аптымальнае рашэнне праблемы, “успыхнуць”, захапіцца ідэяй.

Малады напрамак

Па вядомай прычыне ў 2020 годзе было зафіксавана рэзкае зніжэнне наведвальнасці культурных імпрэз, чаго не скажаш пра колькасць рэканструяваных і адноўленых традыцыйных абрадаў, што падштурхнула нас да арганізацыі каларытных event-тураў для невялікай колькасці зацікаўленных.

Абрадавы турызм — малады напрамак у шэрагу падзейных тураў раёна, але гэта выдатны спосаб пазнання этнічных, рэлігійных і культурных асаблівасцяў народа. У адной дзеі адразу ж раскрываецца мноства аспектаў: традыцыйныя архітэктура, касцюмы, прадметы побыту, кухня, музыка і да таго падобнае. Прывабнасць напрамку заключаецца і ў тым, што ўсе падзеі розныя і ўнікальныя. Кожнае традыцыйнае свята можа быць адзначана толькі раз у год і з захаваннем непарыўных канстант: спалучэння месца, часу і дзеяння, што фармуе яго непаўторнае аблічча і гарантуе выключныя ўражанні. Святы і абрады могуць быць як шырока распаўсюджанымі, так і лакальнымі. Напрыклад, на Аўгустоўскім канале фальклорны народны гурт “Жывіца” Квасоўскага Цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці разам з народным тэатрам народнай песні “Матуліна песня” Жытамлянскага Дома фальклору ўпершыню ў 2020 годзе правялі традыцыйнае Купалле, якое вядома па ўсёй краіне, але для невялікай колькасці турыстаў, а ў Жытомлі — “Гуканне вясны”, якое традыцыйна адбылося ў гэты ж дзень.

Значная ўвага надавалася развіццю новай святочнай культуры і ўстойлівых традыцыйных абрадаў. Прыкладам рэалізаваных летась новых падзейна-культурных праектаў сталі: “Сход калядоўшчыкаў”, “Сход валакайнікаў”, Тыдзень фальколору “Вяртанне да вытокаў”, Школа фалькларыстаў.

Працаваць на імідж

На флэш-семінары ў музеі “Код памяці”, што адбыўся ў вёсцы Зарачанка, работнікам культуры прапанавалі і незвычайную забаву — этнаквіз “Who is Maslenitsa?” Наведвальнікі музея падзяліліся на каманды і праверылі сябе на веды аб гісторыі і традыцыі Масленіцы. У фінале ўсіх чакала спальванне віртуальнага пудзіла — гэта мультымедыйнае відэа, дзе паказаны традыцыйны святочны абрад.

Клапаціла спецыялістаў і прэстыжнасць клубных устаноў, яе складнікі, сярод якіх клубныя работнікі праз флэш-прыём вызначылі і абгрунтавалі наступныя: якасць паслуг установы, унікальнасць традыцыйных абрадаў, камфорт, даступнасць інфармацыі, сучасныя тэхналогіі, сучаснае абсталяванне, узаемадзеянне, папулярызацыя і іншае.

Нічога лепш, чым падзейныя і абрадавыя мерапрыемствы, на імідж краіны не працуе. Вядома, заўсёды ёсць спакуса накіраваць існуючыя сродкі на рашэнне імгненных праблем, часам сапраўды вострых і важных з сацыяльнага пункту гледжання. Аднак, падзейныя мерапрыемствы самі па сабе — бізнес, і зарабляць на ім можна і трэба. Так, цяпер на іх больш траціцца, чым зарабляецца. Але ўвесь свет, уласна, так і робіць: спачатку ўкладвае, потым атрымлівае дывідэнды.

Рэзервы ёсць

Але, на маю думку, у сучасных умовах існуюць рэальныя рэзервы для ўдасканалення дзейнасці ўстаноў культуры на рынку турыстычнага прадукту, і, такім чынам, рэальнага заробку грошай.

Неабходна знайсці кропкі прыкладання сіл для развіцця турызму. Адна з іх — больш актыўнае прыцягненне школьнікаў, моладзі да вандровак па родным краі ў мэтах выхавання павагі да гістарычнага мінулага. Ва ўстановах культуры раёна створаны цудоўныя музеі, распрацаваны інтэрактыўныя і фальклорна-абрадавыя лекцыі, праводзяцца выязныя майстар-класы, а школьнікі нашага раёна перш-наперш едуць у іншыя вобласці. Значыць, у чымсьці не дапрацоўваем.

Для развіцця падзейнага турызму патрэбна аб’ядноўваць канцэпцыі, стрыжнявыя апорныя звёны падзейнага шэрагу. Прыклад: эвалюцыя сямейнага турызму, які ахоплівае, скажам, увесь комплекс Калядных ці Масленічных мерапрыемстваў, якія ў гэтым годзе праводзіліся на аграсядзібных комплексах.

Таму, напярэдадні адкрыцця вясновага турыстычнага сезона і ў надзеі на новыя ўражанні “асвяжаем” і адкрываем новыя культурна-турыстычныя маршруты.

Елі хлеб з маслам?

З сакавіка бягучага года шукае сваіх турыстаў маршрут “Нараджэнне хлеба”, што злучыў вёску Зарачанка і аграгарадок Адэльск. У Адэльскім Цэнтры культуры і народнай творчасці ўзнавілі старажытныя абрады, звязаныя з вырошчваннем, вырабам, захоўваннем хлеба, у тым ліку абрад “Выпяканне хлеба”. Гэтым абрадам сотні гадоў. У іх заключана мудрасць, жыццёвы вопыт, філасофія жыцця нашых дзядоў і прадзедаў.

Пакуль абрад “Выпяканне хлеба” адбываецца ў стылізаваным сельскім доме, суправаджаецца апавяданнямі пра печ, пра абсталяванне, аб хітрасцях замешвання цеста і старажытных сакральных дзеяннях і заклёнах (што можна зрабіць з хлебам, а што нельга). Абрад уключае песні, прыказкі і прымаўкі адэльчан. Нашы продкі верылі, што з дапамогай спецыяльных магічных формул яны дапамагаюць хлебу атрымацца правільным: пышным і смачным.

Важная частка экскурсіі — дэгустацыя хлеба з адэльскім маслам. Нагадаю, лакальныя традыцыі адэльскай кухні ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Ідзе праца па стварэнні новага этнаграфічнага маршруту (вёска Мількаўшчына — аграгарадок Абухава — вёска Зарачанка), культурна-турыстычнага маршруту народных рамёстваў “Сцежкамі нашых продкаў” (вёска Зарачанка — вёска Каробчыцы — аграгарадок Адэльск — аграгарадок Індура — аграгарадок Капцёўка), які будзе ўключаць серыю інтарактыўных лекцый пра розныя віды народнай творчасці: беларускія народныя ручнікі і ткацтва, саломапляценне, драўляныя музычныя інструменты і іншыя вырабы, традыцыйную пісанку, кераміку і народны жывапіс, абярэгавыя і традыцыйная лялькі на прыкладах з музейных экспазіцый.

Пад водар гарбаты

У музейных пакоях, якія створаны ва ўстановах культуры Гродзенскага раёна, заўсёды атмасферна. Госці не толькі атрымаюць асалоду ад насычанай травяной гарбаты, танцаў па-даўнейшаму ды слухання займальнай лекцыі пра той ці іншы від народнай творчасці, але і прымуць удзел у майстар-класах. Утульная атмасфера, водар гарбаты, магчымасць патрымаць у руках прахалодную гліну альбо прымерыць сапраўдную намітку — вось што такое Лекторый “За кубачкам гарбаты”.

Доўгатэрміновых планаў мы пакуль не будуем. Калі сітуацыя будзе стабільнай, мы гатовы прымаць турыстаў, а пакуль рыхтуемся да новага, так бы мовіць, узроўню культурнага жыцця ў раёне — распрацоўваем канцэпцыю музея ў Квасоўскім Цэнтры культуры і развіцця народнай творчасці, галоўнай задачай якога будзе не проста выставачная дзейнасць, а правядзенне этна-вечарын, майстар-класаў, дэгустацый, якія будуць накіраваны на работу як з індывідуальнымі турыстамі, так і з турыстычнымі групамі.

“Стравы” для новага “меню”

Працуем над пашырэннем “турыстычнага меню”, якое, безумоўна, дасць станоўчы эфект: абрады “Юр’я”, фальклорна-анімацыйная праграма “Юр’еўская яешня”. Вельмі хочацца зрабіць Свята пастухоў, сабраць усіх зацікаўленых на Сход валакайнікаў. Чым болей стане такіх імпрэз, тым больш нагоды з’явіцца ў грамадзян нашай краіны іх наведаць.

Пасля тэарэтычнай часткі флэш-семінара работнікі культуры адправіліся ў этнавандроўку ў вёску Жытомля “гукаць” вясну. Для гэтага вясковая моладзь заўсёды збіралася за ваколіцай. Усе спявалі абрадавыя вясновыя песні, вадзілі гукальныя карагоды, падкідвалі ўверх печыва ў выглядзе птушак.

Паўтаруся, пандэмія змяніла вельмі многае ў нашым свеце, у тым ліку свабоду перамяшчэнняў, культурных мерапрыемстваў і сустрэч. Для сябе работнікі культуры Гродзенскага раёна вырашылі захаваць усе фарматы — і нованабытыя “анлайн”, якія набралі папулярнасць, і афлайн, і камбінаваныя, розныя і па працягласці падзей, і па форме. Галоўнае, не страціць тое, што мы доўга будавалі, і ў першую чаргу — увагу да кожнага чалавека.

Наталля РАМАНОВІЧ, вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра

Фота з архіва Цэнтра