Час зямных анёлаў

№ 13 (1504) 27.03.2021 - 02.04.2021 г

Кажуць, падчас Другой сусветнай вайны Чэрчылю прынеслі на разгляд бюджэт краіны. Ён пагартаў дакумент і запытаўся: “А дзе выдаткі на культуру?” “Дык вайна ж ідзе, якая культура!” — адказалі памочнікі. Чэрчыль раз’юшыўся: “Калі няма культуры, дык навошта мы тады ваюем!” Выснова наступная. Самадастатковасць дзяржавы — у самадастатковасці яе нацыянальнай культуры. І нашы клубнікі, музейшчыкі ды бібліятэкары ніколі не павінны на гэта забывацца. Яны і не забываюцца збольшага. Прынамсі, у нашых пазаштатных аўтараў заўжды ёсць пра што распавесці.

/i/content/pi/cult/843/17935/22.jpgІ гэта яшчэ не ўсё пра вялікага брытанца герцага Мальбара Уінстана Чэрчыля. Зразумейце правільна, ён не мой кумір, але тое, што гэты чалавек у другой палове насычанага жыцця атрымаў Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры (за бліскучыя мемуары) і напісаў больш за паўтысячы жывапісных палотнаў, за якімі ганяюцца калекцыянеры свету, выклікае пачуццё непадманнай павагі. У гэтым жыцці заўжды ёсць час для творчай самарэалізацыі. І гэтая выснова таксама павінна стаць прыярытэтнай для дзейнасці прафесійных работнікаў культуры. Словам, адказнасць на іх — неймаверная.

Калі ставіць перад сабой задачы, дык максімальна маштабныя. Менавіта так думаюць і дзейнічаюць у Зэльвенскай раённай бібліятэцы. Вось пра што распавяла намеснік дырэктара ўстановы Вольга Камякевіч: “У нашых бібліятэках прайшоў шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне ў чытачоў навыкаў экалагічнай культуры. Найбольш запамінальнымі сталі пазнавальна-гульнявая праграма “Наш дом — планета Зямля” і аўкцыён экалагічных ведаў, якія прайшлі ў Елкаўскай сельскай і Каралінскай інтэграванай бібліятэках. Гаворка ішла пра чыстую ваду, зямлю і паветра, пра ашчаднае выкарыстанне рэсурсаў, пра захаванне жывёл і раслін”. Мо ў выніку штосьці і атрымаецца ў нас з раздзельным зборам смецця?!

Заўжды нестандартныя праекты рэалізоўваюць у Бярэзінскай раённай бібліятэцы. І справа не толькі ў тым, што тут мэтанакіравана ладзяцца арт-марафоны за здаровы лад жыцця і супраць наркатычнай навалы. Загадчык аддзела маркетынгу ўстановы Тамара Круталевіч піша і пра выставу мастачкі Алены Войнавай-Багародзіцкай “Час анёлкаў”, што экспануецца ў Бярэзінскім раённым Цэнтры рамёстваў: “Гэтая выстава стала арыгінальным мастацкім пралогам да інклюзіўнай арт-гасцёўні “Зямны анёлак”. Бібліятэкары раённага Цэнтра запрасілі наведвальнікаў аддзяленняў дзённага знаходжання маладых інвалідаў і сталых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Карціны стваралі пэўны настрой. А людзі, што сабраліся, пачуццёва тонка ўспрымаюць навакольны свет, яго святло і яго холад. Прадстаўлены былі і вышываныя карціны пранізлівага цыкла “Маці і дзіця” маладога інваліда-вазочніка Паўла Картэля”. Свой допіс спадарыня Тамара назвала “Час зямных анёлаў”.

Урок у імя жыцця правялі ў Бабруйскім Палацы мастацтваў. Як паведамляе культарганізатар культурна-масавага сектара ўстановы Ірына Аўсянікава, навучэнцы мясцовага дзяржаўнага будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа абмеркавалі, што кожны чалавек павінен ведаць пра ВІЧ-інфекцыю, разабраліся з асаблівасцямі хваробы і метадамі, каб пазбегнуць яе.

Чарговыя бібліятэчныя праекты. Пра першы распавядае Таццяна Маляўка — загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Васіля Праскурава. Тут з зімы да вясны праходзіў краязнаўчы літаратурны чэлендж, прысвечаны літаратарам-землякам. А напісала спадарыня Таццяна для таго, каб “падзяліцца вопытам па арганізацыі новай формы работы ў электронным асяродку”. Вось пра што аўтарка распавядае далей: “Пастараліся пераняць досвед Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Мэта мерапрыемства — папулярызацыя чытання і творчасці літаратараў-землякоў. Выкарысталі сайт нашай установы. Пачалі з рэкламы ў сацыяльных сетках. Менавіта тут удзельнікі конкурсу павінны былі змяшчаць водгукі аб прачытаным. Дзевяць удзельнікаў прачыталі больш за трыццаць кніг літаратараў Ганцаўшчыны! Самыя актыўныя чытачы ўзнагароджаны экскурсіяй у раённы краязнаўчы музей, наведваннем музычнага шоу ў ГДК, спектаклем узорнага лялечнага тэатра “Усмешка”, вырабамі мясцовых майстроў-рамеснікаў… Практыку мяркуем працягнуць. У жніўні будзем адзначаць 95-годдзе пісьменніка Васіля Праскурава, перачытаем і яго кнігі”. Дзякуй Таццяна Уладзіміраўна за ваш вопыт! Думаю ён натхніць іншых.

Пра другі праект — у лісце бібліятэкара дзіцячай бібліятэкі Бераставіцкага раёна Дануты Лагада. Тут, па яе перакананні, прыярытэтам дзейнасці з’яўляецца краязнаўства. З гэтай нагоды дэманструецца выстава карцін мясцовага мастака Мікалая Жлабовіча. Пасля вучобы ў Віцебскім мастграфе ён працаваў настаўнікам у школе, афарміцелем у Бераставіцкім вучылішчы. А выставу Мікалай Уладзіміравіч назваў “Мой родны кут, дарыў ты мне натхненне”. “К” неаднаразова пісала, што бібліятэка — цэнтр сінтэтычнай культуры: тут і гучанне ціхай музыкі да месца, і выстава жывапісных палотнаў. Я б і далей пайшоў бы. Такі антураж да месца і ў крамах (у бліжэйшай ад майго дома па ініцыятыве дзяўчат-прадавачак пастаянна гучыць рок-н-рол). І яшчэ адзін прыклад з майго дзяцінства. Аднойчы задумаўся, чаму амаль усе веткаўцы маюць сваё стаўленне да творчасці Івана Шышкіна. Адказ ці не адразу знайшоўся. Гарадскія ўлады ўпрыгожылі фае лазні (няма яе ўжо) неблагой копіяй карціны “Жыта”, якую зрабіў мясцовы мастак-бадзяга Грыша Захараў. Тым і праславіў і Шышкіна, і сябе. Але пойдзем далей.

Пісаў калісьці пра яркую палітру абрадавых стылізаваных мерапрыемстваў, брэндавых для вёсак Карэліцкага раёна. Супрацоўніца мясцовага РЦК Іна Лейка паведаміла пра свята “Улассеў дзень” у аграгарадку Лукі. Сутнасць мерапрыемства — у шанаванні хатніх жывёл (іх заступнік — Улас).

Выстава сямейнай творчасці ў Гродне здзіўляе папяровымі карункамі, лялькамі-абярэгамі, карцінамі з натуральнага пяра. “Практычна ўсе віды народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадстаўлены ў выставачнай зале нашай установы, — паведамляе рэдактар Гродзенскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці Ала Бялькевіч. — Гэта работы больш чым 20 сямей вобласці. Вырабы з лазы — Аляксандра і Людмілы Мускіх са Смаргоншчыны, з саломы — сям’і Касьян з Бераставіцкага раёна, разьба па дрэве — сям’і Ішчанак з Зэльвы, жывапісныя палотны Уладзіміра Пакумейкі і яго дачкі з Гродзенскага раёна. Пачэснае месца ў экспазіцыі займаюць выцінанкі-выбіванкі таленавітых жанчын сям’і народнага майстра Наталлі Клімко з Навагрудка, чыя творчасць уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь”.

Ала Бялькевіч распавядае і пра тое, што вырабы майстроў Прынёманскага краю высока ацэньваюцца экспертамі ў вобласці традыцыйных беларускіх рамёстваў. Доказ таму — залічэнне дзвюх умеліц у Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Гэта Юлія Барадзіна і Ірына Шавельская. Першая — метадыст па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Гродзенскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці і адмысловага майстра па ткацтве. Другая — саломапляцельшчыца і майстар народных мастацкіх рамёстваў аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра.

Дар’я Несцярэнка з Мінска віншуе з днём нараджэння этнахарэографа, даследчыка і папулярызатара танцавальнай культуры беларусаў Міколу Козенку — бацьку фестывалю “Берагіня” і шматлікіх выхаванцаў-дзяцей, што здолелі працягнуць справу Міколы Аляксеевіча.

Яшчэ адна выбітная асоба — Валянціна Брыкава. Як распавядае Андрэй Струнчанка, Валянціне Фёдараўне споўнілася 90 гадоў. Павіншаваць колішняга малалетняга вязня Вялікай Айчыннай вайны скіраваліся работнікі ўстаноў культуры аграгарадка Мазалава.

Другая навіна ад Андрэя Струнчанкі — пра выставу работ інсітнага мастака Александро Цішчанкава ў Мазалаўскім сельскім Доме культуры. У мастака не толькі прыгожае імя, але і імя па бацьку — Лучазаравіч. Нарадзіўся ён у Комі АССР. Александро — чалавек адораны: і спявае, і актыўны ўдзельнік тэатральнага калектыву “Вобраз”, а таксама — сябра народнага клуба мастакоў-аматараў “Контур” Культурна-гістарычнага комплексу “Залатое колца Віцебска “Дзвіна”. А карціны ўсе — “лучазарныя”.

Вы бачылі даматканыя палавікі? Без іх, пярэстых ды рознакаляровых, і хата — не хата. Мой вясковы знаёмы называе іх генератарамі ўтульнасці. Дырэктар Мастоўскага раённага Цэнтра рамёстваў Алена Садоўнічая напісала пра чарадзейства такіх даматканых дарожак. Спачатку — пра ўтылітарнае прызначэнне. Палавікі былі патрэбныя, бо падлога не фарбавалася. Ну а функцыя маральнага аспекту — свет упрыгожыць. Бабуля жонкі прывезла такія дыванкі з Мінска, не глядзеліся яны ў аднапакаёўцы. Пасля смерці бабы Іры падаравалі паласатыя даматканыя палавікі знаёмым на лецішча. Штодзённым святам засвяцілася вясковая хата! Але вернемся на Мастоўшчыну. У філіяле РЦР аграгарадка Гудзевічы працуе ткачыха Кацярына Аксаміт. Вось яна робіць такія палавікі, якімі можна нават канапы ды крэслы пакрываць.

І напрыканцы — пра VII міжнародны фестываль-конкурс “Новыя Вяршыні-2021”. Вядучы метадыст па асноўных жанрах аддзела метадычнай работы Іўеўскага Цэнтра культуры Святлана Лугіна піша: “З 17 сакавіка стартаваў адзін з самых яркіх і значымых праектаў краіны — фэст “Новыя Вяршыні”. У завочнай форме прыняла ўдзел Юзэфа Старасціна — загадчык сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры аграгарадка Геранёны. Яе намінацыя — “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” (ад 18 гадоў). Юзэфа Эдвардаўна — саломапляцельшчыца. Яна прадставіла на конкурс кампазіцыю “Мястэчка Барбары Радзівіл. Геранёнскі замак XVI стагоддзя. і стала лаўрэатам трэцяй ступені”.

Пішыце пра цікавае і карыснае.

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"