Косаўскі палац: па прыступках аднаўлення

№ 13 (1504) 27.03.2021 - 02.04.2021 г

У адпаведнасці з рашэннем выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якая адбылася 18 лютага, была звернута ўвага на неабходнасць завяршэння работ другой чаргі па рэстаўрацыі неагатычнага палаца ў Косаве Івацэвіцкага раёна. Якія этапы ўжо былі пройдзеныя на шляху аднаўлення аднаго з найвыдатнейшых помнікаў беларускай неаготыкі, і якія задачы яшчэ патрабуюць вырашэння?

/i/content/pi/cult/843/17931/14.jpgКосава, першая згадка аб якім адносіцца да 1494 года, на працягу сваёй гісторыі належала розным славутым магнацкім родам — Храптовічам, Сангушкам, Чартарыйскім, Сапегам, але сапраўдную вядомасць набыло дзякуючы фаміліі Пуслоўскіх, якія пачалі валодаць мястэчкам у 1821 годзе. Ініцыятарам будаўніцтва палаца, які сёння зрабіўся візітнай карткай Косава, быў Вандалін Пуслоўскі.

Будаўніцтва палаца адбывалася з 1838 да 1853 года пад кіраўніцтвам Францішка Яшчалда. Народжаны на Падляшшы, гэты архітэктар быў надзвычай запатрабаваным у рэгіёне. Між іншага, менавіта ім была збудаваная ў 1849 годзе і неагатычная капліца-пахавальня роду Ажэшкаў у Закозелі Драгічынскага раёна, якая сёння таксама знаходзіцца ў працэсе аднаўлення.

Як пацверджанне даціроўкі перыяду пабудовы палаца ў Косаве, падчас археалагічных раскопак, што папярэднічалі аднаўленчым работам, ля падмуркаў аднаго з кутоў будынка былі знойдзеныя манеты, якія акурат датуюцца сярэдзінай XIX стагоддзя — верагодна, такая знаходка можа быць патлумачана звычаем класці пад кутнія камяні падмурка манеты “на шчасце”, каб будынак быў трывалым. Таксама ў працэсе археалагічных даследаванняў былі адшуканыя фрагменты кафлі і шкляны посуд, сёння гэтыя знаходкі можна пабачыць у часовай экспазіцыі, размешчанай у палацы.

У розныя часы сядзібу Пуслоўскіх наведвалі такія вядомыя дзеячы беларускай гісторыі, як мастак Напалеон Орда, дзякуючы якому, у тым ліку, мы можам пабачыць, як выглядаў гэты будынак у сярэдзіне XIX стагоддзя. Таксама гасцявалі тут такія славутыя літаратары, як Генрык Сянкевіч і Эліза Ажэшка.

/i/content/pi/cult/843/17931/15.jpgЛёсы муроў

Аднаўленчыя работы ў будынку сёння выконваюцца сіламі ААТ “Брэстрэстаўрацыя”, навуковым кіраўніком праекта з’яўляецца Уладзімір Казакоў. Архітэктар узгадвае, што працуе з гэтым аб’ектам ужо больш за трыццаць гадоў, яшчэ з савецкіх часоў, пачынаючы з 1989 года. Калі рэстаўратары ўпершыню з’явіліся на аб’екце, ім добра запаў у памяць выгляд будынка — палац на той час ужо доўгія гады стаяў закінутым.

Пасля перыяду росквіту ў другой палове XIX стагоддзя, калі палацам па чарзе валодаў шэраг шляхецкіх родаў, у пачатку XX стагоддзя быў пакладзены пачатак працэсу яго заняпаду. Будынак быў часткова пашкоджаны ў гады Першай сусветнай вайны, тады ж з яго зніклі і многія дэталі інтэр’ера, і багатыя зборы твораў мастацтва, кніг і іншых каштоўнасцяў.

У міжваенныя гады ў будынку размяшчаліся тагачасныя адміністрацыя староства Косаўскага павета і вучылішча для садаводаў. З надыходам нацысцкай акупацыі ў будынку было зладжана гета, куды сагналі местачковых яўрэяў, а скончылася ваенная эпапея палаца пажарам, які здарыўся напрыканцы нацысцкай акупацыі і знішчыў рэшткі ўнутранай аздобы залаў і прывёў да руйнавання часткі сцен і даху.

Пасляваенныя спробы аднаўлення будынка аказаліся бясплённымі, а навакольная тэрыторыя была ў выніку засаджаная хвоямі — таму, калі рэстаўратары пачалі рабіць абмеры, першым часам даводзілася высякаць дрэвы, якія заміналі працы. Пасля абмераў узяліся за расчыстку падвальных памяшканняў, да якой прыцягнулі ўдзельнікаў студэнцкіх будаўнічых атрадаў Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (цяпер гэта Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна).

Радзіма героя

Ініцыятарам аднаўлення палаца напрыканцы 1980-х быў старшыня саўгаса “Савецкая Беларусь”, што знаходзіўся ў суседняй вёсцы Мілейкі, які меў планы абсталяваць у палацы міжгаспадарчы прафілакторый. Планам гэтым, аднак, не суджана было спраўдзіцца, хаця частка праектнай дакументацыі ўжо была падрыхтаваная. Пасля гэтай першай няўдачы палац доўгія гады зноў заставаўся апусцелым. Руху наперад у накірунку аднаўлення паслужыла тое, што напачатку 2000-х “Брэстрэстаўрацыя” пачала займацца ў Косаве адбудовай дома, дзе ў 1746 годзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. Пуслоўскія, як выглядае, ганарыліся, што ім давялося атрымаць ва ўладанне малую радзіму гэтага дзеяча.

Сядзіба, дзе з’явіўся на свет нацыянальны герой трох народаў, знаходзіцца акурат за кіламетр ад палаца Пуслоўскіх, ад сцен будынка на яе сёння адкрываецца маляўнічы выгляд. Але так было не заўжды — у гады апошняй вайны пацярпеў не толькі мураваны палац Пуслоўскіх. Драўляны аднапавярховы дом Касцюшкаў ва ўрочышчы Мерачоўшчына быў спалены дазвання. Акурат ён і быў адноўлены ў 2004 годзе, што выклікала заканамерную хвалю цікаўнасці і да палаца Пуслоўскіх, які быў добра бачны з фальварка Касцюшкаў і прыцягваў увагу турыстаў, якія пачалі наведваць новы турыстычны аб’ект. Гэта зрабілася магутным імпульсам да аднаўлення чарговай выбітнасці Косава.

Таму ў 2005 годзе работы на Косаўскім палацы былі ўзноўленыя на больш сур’ёзным узроўні. Замоўцам цяпер выступала ўжо Міністэрства культуры, і, пасля распрацоўкі і зацверджання праектнай дакументацыі, у 2008 годзе ў будынку зноў з’явіліся рэстаўратары, якія займаюцца гэтым аб’ектам бесперапынна ўжо на працягу трынаццаці гадоў. Праводзіліся археалагічныя раскопкі, супрацьаварыйныя работы, прычым многае даводзілася рабіць уручную.

Будучыня светлых залаў

На сёння цалкам выкананыя работы па аднаўленні абодвух бакавых флігеляў палаца. У адным з іх дзейнічае гасцініца, а ў іншым — кухня і кавярня, што цалкам задавальняюць патрэбы турыстаў, якія наведваюць Косава. Сёння працягваюцца работы на цэнтральным корпусе палаца, як адзначае навуковы кіраўнік — самыя адказныя і маштабныя.

Палац аднаўляецца з прыстасаваннем пад грамадска-культурны турыстычны цэнтр, таму тут мяркуецца праводзіць усемагчымыя мерапрыемствы і ладзіць экспазіцыі. Уся інжынерная частка работ ужо выкананая, камунікацыі падведзеныя і дзейнічаюць. Работы ў падвале завершаныя, тут знаходзяцца выставачныя памяшканні і канферэнц-зала. Для патрэбаў турыстаў і наведвальнікаў з інваліднасцю цяпер у палацы адбываецца мантаж ліфта, які дазволіць трапіць з ніжняй часткі будынка на абодва яго паверхі.

Сёлета плануецца поўнае завяршэнне работ па добраўпарадкаванні першага паверха палаца, дзе аднаўляюцца найбольш вытанчаныя інтэр’еры. Галоўная роля тут адведзеная так званай белай зале, якая прыстасаваная для правядзення грамадскіх і культурных мерапрыемстваў. Тут працягваецца аднаўленне фрэсак і роспісаў на сценах, выкананая ляпніна з пазалотай і падвешаныя каваныя жырандолі на столі, а таксама адноўлены камін і пакладзены паркет. Для абсталявання інтэр’ераў палаца з аднаўленнем іх гістарычнага выгляду адмыслова адшукваюцца антыкварная мэбля і прадметы побыту, аналагічныя тым, якія знаходзіліся ў залах будынка да пачатку яго заняпаду.

Амаль завершаная рэстаўрацыя ўваходнай групы з галоўнай лесвіцай, асноўнымі элементамі гэтага памяшкання будуць дзве печкі, над аднаўленнем якіх працуюць спецыялісты “Белрэстаўрацыі”. Для гэтай работы яны правялі вялікую працу па вывучэнні аналагічных канструкцый, дзе выкарыстоўвалася адпаведная кафля. Цяпер працягваюцца працы над інтэр’ерамі другога паверха, дзе знаходзяцца так званая бальная зала і гасцёўня, і таксама мусяць быць адноўленыя дзве печкі.

Вялікая ўвага надаецца і добраўпарадкаванню экстэр’ерв, навакольнай прасторы палаца, які займае вельмі выгоднае становішча на пагорку, дамінуючы над наваколлем. Некалі тут раслі ружы, цюльпаны, бэз, а таксама больш за паўтары сотні відаў экзатычных раслін. Для асабліва рэдкіх відаў была ўладкаваная аранжарэя, дзе вырошчвалі вінаград і фінікі. Пляцоўка перад палацам складаецца з трох тэрас, па якіх да галоўнага ўваходу падыходзіць лесвіца, на яе верхняй тэрасе мусяць быць размешчаныя дзве скульптуры. На прылеглай тэрыторыі адноўленыя таксама дзве ўязныя брамы, усходняя і заходняя.

У стварэнні дэндралагічнай часткі праекта былі задзейнічаныя спецыялісты Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, якія распрацавалі планіроўку тэрас і размяшчэнне на іх дрэваў, кустоў і кветак, што створаць адзіны паркавы ансамбль, які некалі быў найбуйнейшым у Беларусі. Пасадка кустоў ужо была распачатая ў мінулым годзе. На сярэдняй тэрасе размешчаны фантан, летась ужо адбыліся выпрабаванні, сёлета яго мусяць здаць у эксплуатацыю. Падыходзяць да завяршэння работы па асвятленні тэрыторыі. Такім чынам, як адзначае Уладзімір Казакоў, фактычна, работы па добраўпарадкаванні выкананыя на дзевяноста працэнтаў.

Косаўскі палац пакрысе робіцца сапраўднай перлінай не толькі Брэсцкай вобласці, але і ўсёй Беларусі. Хочацца спадзявацца, што неўзабаве ягоныя залы будуць з гонарам прымаць гасцей з усёй краіны і з-за яе межаў, і турыстычны патэнцыял мясцінаў, звязаных са шматлікімі імёнамі найлепшых сыноў нашага народа, спраўдзіцца напоўніцу.