Мельпамену выклікаюць "на біс"!

№ 13 (1504) 27.03.2021 - 02.04.2021 г

Рыхтавацца да Сусветнага дня тэатра творчыя калектывы пачынаюць загадзя — і не толькі рэпеціруюць, што цалкам зразумела, але і некаторыя святочныя мерапрыемствы праводзяць напярэдадні.

/i/content/pi/cult/843/17927/7.jpgНацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі прымеркаваў да свята прэс-канферэнцыю, дзе журналістам не толькі прыадкрылі бліжэйшыя і аддаленыя планы калектыву, але і правялі экскурсію па закуліссі. У гэтым сезоне нас яшчэ чакае новае ўвасабленне “Лебядзінага возера”, фестываль “Балетнае лета”, адзначаны не толькі ўсімі нашымі нядаўнімі прэм’ерамі, але і пастаноўкамі Раду Паклітару і яго “Кіеў Мадэрн-балета”. У час традыцыйнага выезду ў Нясвіж, акрамя выступленняў у касцёле, ва ўнутраным дворыку палаца Радзівілаў адбудзецца канцэртна-сцэнічнае выкананне оперы “Набука”. У канцы красавіка — зорны па складу салістаў “Рэквіем” Дж.Вердзі. Завершыцца ж сезон новай пастаноўкай знакамітай беларускай оперы — “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Солтана.

На восень запланаваны прэм’еры балета “Канёк-гарбунок” Р.Шчадрына і оперы “Самсон і Даліла” К.Сен-Санса. Ёсць спадзеў, што ў наступным сезоне здзейсняцца і гастролі: у дамоўленасцях пазначаны такія краіны, як Аўстрыя, Бельгія, Германія, Люксембург, Нідэрланды, Тайланд, Францыя.

/i/content/pi/cult/843/17927/8.jpgУ Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага ў чацвер адбылося незвычайнае пасяджэнне “суда прысяжных”: усе гледачы, што прыйшлі на прэм’еру “Крэйцаравай санаты” паводле Л.Талстога, атрымалі паперкі, дзе ў фінале павінны былі пазначыць, ці можна апраўдаць галоўнага героя. Вынікі выкладзены ў Сеціва: 60 адсоткаў на 40. Чарговы спектакль — сёння.

Пазаўчора, учора і сёння гамяльчане і госці горада могуць убачыць прэм’еру іранічнай драмы “Блытаніна” маладога беларускага драматурга Аляксея Макейчыка ў пастаноўцы маладога беларускага рэжысёра Дзяніса Фёдарава. Усё правільна: Гомельскі гарадскі тэатр — папраўдзе маладзёжны.

/i/content/pi/cult/843/17927/9.jpgУ іншым тэатры гэтага ж горада — Гомельскім абласным драматычным — прэм’ера сёння і заўтра: замежная камедыя “Абед для грэшнікаў” Эдварда Тэйлара. Да Дня тэатра адкрыта таксама фотавыстаўка загадчыка літаратурна-драматычнай часткай тэатра Уладзіміра Ступінскага: тут сцэны са спектакляў, партрэты тэатральных дзеячаў, моманты рэпетыцый і закуліснага жыцця, гастролі і фестывалі. Гэта трэба бачыць! Няблага было б падумаць і пра выданне адпаведнага фотаальбома, які горад мог бы выкарыстоўваць яшчэ і ў рэкламных мэтах — для прыцягнення турыстаў. Едуць у Палац Румянцавых і Паскевічаў — хай наведаюць і будынак насупраць.

Цэнтрам культурнага турызму ў дапандэмійныя гады пачаў станавіцца Магілёўскі аблдрамтэатр — дзякуючы цікавым фестывальным праграмам “М.@rt.кантакта”. Сёлета тэатр праводзіць толькі беларускую частку — гастролі айчынных калектываў, але ў тыя ж самыя тэрміны, завяршаючы “Тэатральны тыдзень” акурат сёння — сваёй нядаўняй пастаноўкай старадаўняга вадэвіля “Бяда ад пяшчотнага сэрца”. Толькі не спадзявайцеся на традыцыйныя крыналіны! Вы ўбачыце штосьці куды больш сучаснае і цікавае.

У Брэсце звычайна “фестываляць” увосень. А куранят падлічваюць — у Дзень тэатра, раз у два гады ўручаючы прэміі “Залатая афіша” за лепшыя ролі, спектаклі, іх афармленне і да таго падобнае. Пераможцаў вызначаюць тайным галасаваннем сярод творчага складу самога тэатра. Уваход на сённяшнюю “Залатую афішу”, што завершыцца капуснікам, — вольны.

Яшчэ большую аўдыторыю, прычым таксама бясплатна, збярэ сёння РТБД, бо дорыць да свята магчымасць паглядзець анлайн “Шлюб з ветрам”, прызнаны крытыкамі лепшым спектаклем 2019 года (дадам, што на маю думку ён застаецца лепшым і сярод шматлікіх больш пазнейшых айчынных пастановак).

Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр прапануе адзначаць свята з самага ранку: сённяшняя прэм’ера, створаная па камедыі маладога беларускага драматурга Улады Альхоўскай, называецца “6 раніцы, амерыкана”. Але не хвалюйцеся, у вас ёсць час на яе паспець: пачатак і сапраўды а шостай гадзіне, толькі ўвечары. Дарэчы, тэатр на гэтым не спыняецца, і 8 красавіка запрашае на чарговую прэм’еру — “камедыі ў жанры сацыяльнай утопіі”: “Не забудзьцеся распісацца” Міхаіла Хейфеца з Ізраіля ў пастаноўцы нашага маладога рэжысёра Андрэя Каралевіча.

У многіх іншых тэатрах вяснова-святочныя прэм’еры таксама расцягнуты на некалькі наступных тыдняў. І гэта правільна! Бо так тэатралы не прапусцяць ніводнай навінкі: ледзь не штодзень — чарговая. У прыватнасці, 9 красавіка можна будзе выправіцца ў Новы драматычны — на прэм’еру “Лялька. Фікус. Крама” паводле п’есы Яраславы Пуліновіч у рэжысуры маладога, але ў лепшым сэнсе зорнага Арцёма Пінчука.

Не засумуеце і ў бліжэйшыя дні: у сераду і чацвер тэатральная кампанія HomoCosmos запрашае на прэм’еру спектакля “Застацца нельга з’ехаць” (менавіта так, без коскі, якую належыць паставіць самім гледачам) па п’есе ўкраінскага драматурга Ігара Насоўскага ў пастаноўцы нашага Дзмітрыя Багаслаўскага. А напярэдадні прапануе анлайн-абмеркаванне азначанай у назве праблемы міграцыі, якая існавала заўжды, але ў ХХІ стагоддзі захапіла ўвесь свет.

ТЮГ рыхтуе казку, але для дарослых — “Шамацілу” па п’есе Юрыя Куліка. І пакажа яе 15 красавіка. Толькі не думайце, што тэатры забыліся на дзяцей — ні ў якім разе! Тым больш, што і вясновыя канікулы пачынаюцца.

Сёння і штодзень надалей у Маладзёжным тэатры эстрады — прэм’ера музычнай казкі “Той самы Карлсан і Малыш”. А з серады — прэм’ерныя паказы, таксама штодзённыя, спектакля “Катавасія і Пёсасторыя”. Прыдумала і ўвасобіла ўсё гэта нястомны мастацкі кіраўнік тэатра Улада Арцюкоўская.

“Пеця і воўк” — пракоф’еўская класіка, якую добра ведаюць дзеці і дарослыя. Заўтра наш Музычны тэатр прапануе яе не проста паслухаць, а менавіта паглядзець — у выглядзе балета, пастаўленага маладым, але ўжо вядомым беларускім харэографам Сяргеем Мікелем.

Да тэатральнасці рушаць не толькі музычныя казкі, але і філарманічныя канцэрты. У гэтым можна пераканацца, наведаўшы заўтра вечарыну “Рух насустрач. Новы дыялог з класікай”. Сталічная Музычная школа АртГранд, вядомая сваёй крэатыўнасцю, ладзіць у Беларускай дзяржаўнай філармоніі не проста выкананне камерных твораў, але і музычны флэшмоб, жывыя зносіны з артыстамі, варкшоп-знаёмства з музычнымі інструментамі, фотазону ды іншыя цікавосткі на мяжы з салоннай культурай і тэатрам.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"