Хатынская аповесць Сяргея Селіханава

№ 13 (1504) 27.03.2021 - 02.04.2021 г

Дзень Нацыянальнай болю і смутку — так сёння называецца Дзень 22 сакавіка, калі споўнілася роўна 78 гадоў з часу вялікай трагедыі ў беларускай вёсачцы Хатынь. Менавіта тут, вясной 1943 года, гітлераўцы і іх хаўруснікі-паліцаі спалілі зажыва 149 жыхароў, сярод якіх 75 дзяцей. А ўсяго ў перыяд Вялікай Айчыннай было знішчана разам з людзьмі 628 беларускіх вёсак: 186 — так і не былі адбудаваны. Гэта быў сапраўдны генацыд беларускага народа з боку фашысцкіх захопнікаў, і сумнявацца ў гэтым не даводзіцца. Сёння многія загінулыя ў полымі вайны вёскі адзначаны памятнымі знакамі, манументамі і мемарыяламі. Аднак менавіта Хатынскі мемарыял, які па сваёй эмацыйнай, трагедыйна-філасофскай, ідэалагічнай і мастацка-эстэтычнай значнасці амаль адразу пасля яго адкрыцця ў ліпені 1969 года, выйшаў за фізічную мяжу канкрэтнай вёскі і навечна стаў жорсткім знакам масавага знішчэння мірнага насельніцтва на ўсёй тэрыторыі акупаванай Беларусі. Сімвалам, у “плоці” якога — запавет патомкам зрабіць усё, каб такое больш ніколі не паўтарылася.

/i/content/pi/cult/843/17925/4.jpgЯк нараджаўся Мемарыял

Скажу па-шчырасці, так ужо павялося ў гісторыі манументальнага мастацтва, што ў асноўнай масе простых людзей мала хто ведае мастакоў і архітэктараў — аўтараў таго ці іншага помніка або мемарыяла. Як правіла, яны вельмі рэдка ставяць аўтографы на п’едэсталах сваіх работ. Гэтаму часта спрыяюць і сродкі масавай інфармацыі, у якіх не заўсёды ўзгадваюцца стваральнікі манументальных твораў.

Цікавая гісторыя вылучэння аўтараў мемарыяла на Ленінскую прэмію. Вось як успамінаў пра гэта Леанід Левін: “У прызначаны час, а адбывалася гэта ў Маскве, на пасяджэнне Камітэта па прэміях з’явілася Кацярына Аляксееўна Фурцава. Паглядзела ўсе прадстаўленыя намі фотаматэрыялы і адпаведныя тлумачальныя запіскі. Тут жа ўзарвалася: “Як? Хто? Чаму Масква не ведала пра гэтую Хатынь? Гэта што за работа? Гэта жа здзек з мастацтва! Што скажуць нашчадкі, калі ўбачаць такога старога? Абарванага, няшчаснага… Няўжо нельга было паставіць фігуру салдата, які ратуе дзяцей? Хто дазволіў усё гэта?.. Тут і блізка няма нашага мастацтва! Работу нельга вылучаць на прэмію, тым больш – Ленінскую. Помнік трэба хутка зносіць. Бульдозерам!”

Сёння цяжка сказаць, як тады, пасля такіх слоў міністра культуры СССР, разгортвалася дыскусія членаў Камітэта, але 1 красавіка 1970 года на тайным галасаванні аб’яднанага пленума з 38 чалавек за “Хатынь” прагаласавалі 36! Скульптар Сяргей Селіханаў, архітэктары Юрый Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін сталі лаўрэатамі. Адзіная на ўвесь Савецкі Саюз прэмія за архітэктурна-скульптурны ансамбль пайшла ў Беларусь.

/i/content/pi/cult/843/17925/5.jpg...А пачыналася ўсё так. Помню, недзе ў сярэдзіне 1960-х, калі я працаваў інспектарам па ахове помнікаў гісторыі, культуры і архітэктуры ў апараце Міністэрства культуры БССР, мы разам з Сяргеем Селіханавым, а таксама з тагачасным старшынёй Дзяржбуда БССР Уладзімірам Каралём, архітэктарамі Леанідам Левіным і Юрыем Градавым упершыню прыехалі на зарослую травой і кустоўем хатынскую зямлю. Тады ўжо у дырэктыўных органах разглядалася пытанне пра неабходнасць будаўніцтва буйнога мемарыяла дзяржаўнага значэння на месцы спаленай фашыстамі разам з людзьмі вёскі Хатынь Плешчаніцкага (зараз Лагойскага) раёна Мінскай вобласці. Уладзімір Кароль нам “па сакрэту” сказаў, што тая ідэя належала першаму сакратару ЦК КПБ Пятру Машэраву. Хаця ёсць версія, што трошкі раней такая задумка “прамільгнула” ў папярэдніка Машэрава — Кірылы Мазурава. Але, у прынцыпе, гэта не мае вялікага значэння.

У цэнтры поля мы знайшлі невялічкі сціплы помнік  — укленчаная жанчына на квадратным цэментавым п’едэстале, тынкоўка якога зусім прыйшла ў заняпад. Гэта быў своеасаблівы скульптурны абеліск, раней усталяваны ў памяць загінулых хатынцаў, як я даведаўся, па праекце скульптара Акіма Курачкіна. Адзін з жыхароў суседняй вёскі Казыры, які прыязна прапанаваў нам сваё суправаджэнне, расказаў, што пасля вайны тут стаялі каталіцкія крыжы на трох вясковых могілках. Потым іх нібыта прыбралі і замест крыжоў паставілі часовы драўляны абеліск з чырвонай зоркай. А ужо пасля гэтага з’явілася Журботная Маці. Праслухаўшы расповед нашага “экскурсавода”, мы, пераадольваючы паласу хмызняку, прайшліся па полі і нечакана ўбачылі рэшткі некалькіх комінаў — жывую рану страшэннага генацыду і ў густой траве-дзядоўніку — фрагменты фундаментаў спаленых дамоў як крывавыя сляды вайны антычалавечнага фашызму з народам, які быў спакон веку народжаны толькі для міру, для зямлі, для кахання. Помню, Лёня Левін доўга-доўга стаяў у коміна, а потым ціха сказаў: “Ведаеце, я зараз чую ў вушах званы... І ведаю, па кім яны звоняць...” Тады я ўспрыняў гэта як перафразаваную прыгожую метафару, якая належала сярэдневяковаму паэту-святару Джону Дону. Бо вялікі раман “дзядзі Хэма” выйшаў на рускай мове, калі не памыляюся, толькі ў 1968 годзе. Але Левін, мабыць, ужо быў з ім знаёмы, мо, па англійскім арыгінале...

/i/content/pi/cult/843/17925/6.jpgА у гэты час там, “наверсе”, ужо падрыхтоўвалася Палажэнне пра конкурс на лепшы праект мемарыяла. Сяргей Іванавіч, па яго словах, загадзя да гэтага быў гатовы. Ён ужо меў добры вопыт работы з маладымі таленавітымі архітэктарамі Леонідам Левіным, Юрыем Градавым і Валянцінам Занковічам, які трошкі пазней да іх падключыўся. За плячамі гэтай цудоўнай чацвёркі ўжо былі некалькі вельмі ўдалых супольных праектаў помнікоў.

У конкурсе прынялі удзел некалькі груп вядомых скульптараў і архітэктараў, але ў выніку, пасля доўгіх абмеркаваняў, тагачасны кіраўнік краіны Пётр Машэраў канчаткова затвердзіў праект Сяргея Селіханава і яго аднадумцаў. Канешне, ніхто з аўтараў тады не думаў і не меркаваў, якая слава іх чакае пасля таго, як гэты нацыянальны помнік ахварям фашызму стане шырока вядомым на ўвесь свет. Для самога Селіханава работа над праектам з‘явілася не толькі вышэйшым адкрыццём у асабістай творчасці, але і, безумоўна, бліскучым жыццёвым клічнікам, які быў увасоблены ў каштоўны шчыт Яго Вялікасці Мастацтва буйной формы.

Праз усю вайну...

Горад Віцебск. Побач з гарадской ратушай, ля сцяны старадаўняга будынка з купалам на рагу вуліц Суворава і Маякоўскага, месціцца Дзіцячая мастацкая школа № 1, а з 1923 па 1941 год тут знаходзіўся знакаміты Віцебскі мастацкі тэхнікум, перайменаваны ў 1934-м у вучылішча. На будынку — мемарыяльныя дошкі народнаму архітэктару СССР Уладзіміру Каралю, народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву і народным мастакам краіны Заіру Азгуру, Андрэю Бембелю, Паўлу Масленікаву і, канешне, Сяргею Селіханаву: для ўсіх іх гэта знакамітая ўстанова да вайны была alma mater.

Амаль на працягу дзесяці гадоў я меў цесныя зносіны з гэтым таленавітым скульптарам, чалавекам няпростага лёсу, які “ад званка да званка” прайшоў усю Вялікую Айчынную. Ён быў удастоены высокіх баявых ўзнагарод за храбрасць і мужнасць: ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, “Чырвонай зоркі”, медалём “За адвагу”. Але ніколі, прынамсі ў гутарках са мной, не выхваляўся сваімі ўзнагародамі і вельмі скупа расказваў пра свае цяжкія франтавыя шляхі-дарогі, якія завяршыліся толькі ў пачатку мая 1945-га на Эльбе і потым — у Празе. І яшчэ год капітан Селіханаў праслужыў у горадзе Праскураў начальнікам штаба дывізіёну артпалка пры Кіеўскай ваеннай акрузе. Угаворвалі застацца ў арміі, але, па яго словах, за гады вайны столькі назбіралася ўражанняў пра ваенныя “саракавыя-ракавыя”, “свінцовыя, парахавыя”, што нельга было яму, скульптару па прызванні, не ўвасобіць іх у гіпсе, бронзе, граніце.

І гэтую тэму — тэму вялікага народнага подзвігу — Селіханаў увасобіў у поўнай меры, пачынаючы з першай пасляваеннай спробы разца 1947 года — “За гонар сцяга”, і заканчваючы сусветна вядомай манументальнай хатынскай бронзай 1969-га — “Няскораны чалавек”. А паміж гэтымі датамі — дзясяткі станковых кампазіцый, псіхалагічных партрэтаў, натурных эцюдаў, статуй, праектаў помнікаў і манументаў. Думаю, што селіханаўская Хатынская скульптура — не проста твор вопытнага і таленавітага майстра-прафесіянала. Яна зроблена рукамі і сэрцам чалавека, які прайшоў цяжкі баявы шлях ад Масквы і Ржэва — да Берліна і Прагі, што значыць — ад года 41-га да апошняга дня вайны. І што яму прыйшлося перажыць на фронце, убачыўшы уласнымі вачыма спаленыя і разбураныя гарада і вёскі  — аднаму Богу вядома... Думаю, без глыбокага вопыту ваенных гадоў селіханаўская бронзавая Хатынь была б іншай...

...Вялікая Айчынная заспела мастака ў Віцебску. І ўжо на другі дзень па нападзе фашысцкай Германіі на СССР Сяргей з торбай на плячах — на прызыўным пункце ваенкамата. Дамоў яго ўжо не адпусцілі, бо ішло спешнае фарміраванне народнага апалчэння і батальёнаў для тэрміновай адпраўкі навабранцаў у запасныя палкі ці проста на перадавую. А вораг быў ужо ля варот горада. 4 ліпеня жонку і маленькую дачку Селіханава Наташу разам з іншымі разгубленымі гараджанамі спешна пагрузілі ў цягнік і ў эвакуацыю накіравалі на ўсход. Канчатковая кропка — горад Аткарск Саратаўскай вобласці, дзе жонка мастака Раіса Савельеўна адразу ж уладкавалася на працу ў ваенную частку.

А між тым, увечары, прызыўнікі, сярод якіх быў Селіханаў, па распараджэнні першага сакратара абкама партыі Стулава і ваеннага каменданта горада Міроненкі пакінулі Віцебск і накіраваліся на ўсход у бок Смаленска. А ўжо 9 ліпеня перадавы атрад 20-й нямецкай танкавай дывізіі ўварваўся ў горад, і праз два дні, пасля бязлітасных баёў, Віцебск быў цалкам узяты. Але ў гэты час Селіханаў ужо пад’язджаў да падмаскоўнага Падольска, каб быць залічаным на кароткатэрміновую вучобу ў артвучылішча. А ўжо праз тры месяцы ён атрымаў баявое хрышчэнне пры абароне сталіцы.

Так пачалася новая старонка ў жыцці майго героя — байца Чырвонай арміі ў складзе дывізіёна знішчальна-супрацьтанкавай артылерыі. Першы баявы экзамен здаваў у кровапралітных бітвах пад Масквой і Ржэвам, паспяхова адбіваючы атакі нямецкіх “панцарвафэ”. У адным з баёў быў цяжка кантужаны — але ачуняў. Біўся з “тыграмі” на Курскай дузе, фарсіраваў Днепр, з баямі пераадольваў Карпаты, адбіваў танкавыя контратакі на Сандамірскім плацдарме на левым беразе Віслы, прайшоў з “саракапяткамі” Сілезію.

Перамогу гвардыі капітан Селіханаў сустрэў раніцай 8 мая 1945 года ў Празе, калі войскі I Украінскага фронту канчаткова паціснулі апошнія ачагі супраціўлення эсэсаўскіх падраздзяленняў. Падкрэслю, што і на фронце, у рэдкія вольныя хвіліны, Селіханаў не выпускаў з рук алоўка, адлюстроўваючы ў трафейным альбоме абліччы сваіх баявых сяброў-аднапалчан і жывыя сцэны з ваеннага жыцця. Але яшчэ год баявы афіцэр-ордэнаносец працягваў служыць ва Украіне, мроячы пра вяртанне да любімай работы, якая была перапынена вайной… У Кіеве, недалёка ад месца службы капітана Селіханава, асталявалася і яго сям’я. Калі прыйшоў час “дэмбеля”, не ўзнікла роздумаў, ці заставацца ў Кіеве: толькі Беларусь, толькі Мінск, і нікуды болей.

Пластыка гуманізму

У гэтым горадзе, які стаў для яго назаўсёды родным, прыйшло цвёрдае і канчатковае рашэнне: не губляючы часу ўвасобіць у вечным матэрыяле бессмяротны подзвіг народа, прысвяціць гэтай высакароднай справе ўсё сваё жыццё. Практычна адзінай радасцю для скульптара становіцца праца. І праца падзвіжніцкая. Калі не ідуць у разлік ні стомленасць, ні хваробы, калі творца, сціскаючы ў пальцах гліну, прадбачыць узніклы ва ўяўленні пластычны вобраз, але мае мужнасць адмовіцца ад рашэнняў, якія падаваліся бясспрэчнымі ўчора, ды выглядаюць недакладнымі, недарэчнымі сёння.

Першай пасляваеннай работай, як я вышэй ужо казаў, была кампазіцыя “За гонар сцяга”, якая, па словах аўтара, “з’яўлялася сур’ёзнай спробай сіл на кардынальнае аднаўленне пластычнай формы”. Гэтая спроба разца трансфармавалася ў дзвюхметровую кампазіцыю “Вызваленне”, якая ў 1948-м экспанавалася на Усесаюзнай мастацкай выставе ў Маскве. У гэтай рабоце, жыццёвай і натхнёнай, ужо пачыналі дакладна прасочвацца тыя гуманістычныя прынцыпы, якія папярэднічалі ўсяму наступнаму мастацтву скульптара.

Бадай, 1950-я — час сталасці майстра. Удзел у скульптурным афармленні павільёна БССР на ВДНГ СССР і новага будынка Маскоўскага ўніверсітэта, праектаванне помнікаў, цыклы партрэтаў сучаснікаў — усё гэта, зразумела, рабілася ў строгіх рамках адзінага рэчышча тагачаснага сацыялістычнага (гэта значыць дзяржаўнага) рэалізму. Але па лепшых творах тых гадоў, якія ён паспеў пакінуць нам, можна меркаваць пра тое, якія цікавыя вобразатворчыя магчымасці былі ў іх закладзены. Работы розныя па змесце і кампазіцыйнай структуры, але куды ж адысці ад знаёмага “селіханаўскага” пластычнага почырку, які назіраецца ўсюды і ва ўсім? Мастак, адмаўляючыся ад ілюзіі непасрэднага бачання натуры, імкнуўся да стварэння цэласных пластычных маналітаў, дзе вобраз паўставаў бы чаканнай формулай, а аб’ёмы, сілуэты, фактурная плоць статуй і бюстаў былі б, так бы мовіць, асноўнымі параметрамі псіхалагічных велічынь, лаканічна яснымі ў сваёй дакладнай пэўнасці.

Лічыў сябе аршанцам

Скажам, бронзавая фігура Канстанціна Заслонава ў Оршы ўзвышаецца ля магілы героя ў прывакзальным скверы на прамым і строгім пастаменце з чырвонага граніту. Сквер і будынак вакзала — як бы востраў паміж чыгуначнымі пуцямі. Гэтыя пуці і былі партызанскім полем, на якім вёў бітву Заслонаў. Селіханаў расказваў: “Па сутнасці, хаця я нарадзіўся ў Петраградзе, але ўсе дзіцячыя і юнацкія гады правёў у Оршы. І лічу сябе аршанцам, мала таго, у юнацтве сам меў непасрэдныя адносіны з аршанскай чыгункай. Яшчэ хлопчыкам пратаптаў такую знаёмую, насычаную мазутам і выкладзеную шпаламі зямлю. Такім чынам, для мяне і майго сааўтара — архітэктара і ветэрана вайны Георгія Сысоева — стварэнне гэтага помніка было сапраўдным падарункам лёсу…”

Іншы бок творчасці Селіханава — больш камерны, “выставачны”. Тут і складаныя кампазіцыі накшталт “Рэйкавай вайны”, “Апошняга боя”, “Абаронім дзяцей”, і партрэтныя бюсты, і амаль імпрэсіяністычныя, бліскучыя эцюды з кітайскага цыкла. У лепшых з іх, гэтых своеасаблівых вобразных “формулах характараў”, прыкметнае прыцягненне да абагульненасці, да паглыблена-філасофскага асэнсавання гісторыі чалавечага жыцця. У такіх работах як партрэты Яна Фабрыцыуса, Аляксея Данукалава, Уладзіміра Лабанка, Янкі Купалы, Якуба Коласа, блізкіх сяброў мастака — Івана Мележа, Генадзя Цітовіча, Аляксандра Мазалёва, — аўтар умела злучае строгую канструктыўную логіку і адкрытую імпульсіўнасць успрымання. План агульны: асноўныя рысы характару, якія вызначаюць уражанне ад скульптуры ў цэлым, і разам з тым мастак дабіваецца адчування ўласнай непасрэднай сустрэчы з асобай, якая прадстае перад гледачом у момант штодзённага быцця.

Яркі, тэмпераментны, часам рэзкі і запальчывы ў ацэнках работ калег, стрыманы і маўклівы, калі трэба было пахваліць па справе, незалежны ў сваіх поглядах на ўстаноўленыя правілы і нормы жыцця, Селіханаў — з тых мастакоў, якія прыводзяць у поўнае засмучэнне аматараў строгіх схем і бездакорна-дакладнай класіфікацыі. Яшчэ б: хіба лёгка вызначыць шлях мастака, які прайшоў ад “чыстага” сацыялістычнага акадэмізму — да такой “авангарднай” работы, як хатынскі “Няскораны чалавек”? Аналізаваць усю творчасць мастака зараз у маю задачу не ўваходзіць, просто хачу хаця б пункцірна пракласці той шлях, па якім ён прайшоў ад пасляваенных кампазіцый і партрэтаў рознай якасці да вышэйшай сваёй мастакоўскай кропкі — Хатынскаму мемарыялу.

Мне здаецца, што не трэба вызначаць “лепшыя” і “горшыя” этапы ў яго мастакоўскай біяграфіі, як гэта любяць рабіць некаторыя мастацтвазнаўцы. У кожнага з тых перыядаў — свая гістарычная глеба, свае асаблівасці жыццёвага зместу, свая пластычная форма. Усё іншае падпарадкоўваецца гэтым вызначальным фактарам. Сяргей Селіханаў — сын свайго Часу, але на парозе ўласных 50 гадоў, працуючы над хатынскім праектам, ён імкнуўся, магчыма, стыхійна, вырвацца з рамак таго часу і знайсці сваё сапраўднае месца на старце “найноўшага мастацтва”, якое толькі-толькі нараджалася ў нетрах беларускай выяўленчай культуры.

Пра ўсё гэта можна прачытаць у ілюстраваным альбоме “Сяргей Селіханаў. Няскораны чалавек”, які толькі што выйшаў у свет у выдавецтве “Беларусь”. Тут сваімі ўспамінамі пра мастака і яго творчасць дзяліліся Леанід Левін, Іван Міско, Леанід Шчамялёў, Георгій Паплаўскі, Аляксандр Шатэрнік, мастацтвазнаўцы Наталья Шаранговіч і аўтар гэтага артыкула, а складальнікам альбома з’яўляецца ўнук Сяргея Іванавіча, таленавіты скульптар Канстанцін Селіханаў.

Іосіф Камінскі сведчыць...

...У пачатку 1970-х мы з Сяргеем Іванавічам тройчы суправаджалі замежныя дэлегацыі дзеячаў культуры ў Хатынь. Пару разоў — з Л.Левіным і Ю.Градавым. Аднойчы з в’етнамскімі скульптарамі і маскоўскім перакладчыкам Дзмітрыем Ляцягіным пабывалі ў гасцях і ў доме Іосіфа Камінскага, які тады жыў у вёсцы Казыры непадалёк ад мемарыяла. Таго самага Камінскага, які стаў прататыпам “Няскоранага чалавека” ў бронзавай кампазіцыі. За “круглым сталом”, па-сялянску сціпла сервіраваным посудам з бульбай, квашанай капустай і салам, мы папрасілі старога прыгадаць усё, што на самой справе адбылося ў Хатыні тады, 22 сакавіка 1943 года.

І вось што расказаў ён нам: “…Калі карнікі кінулі мяне ў свіран памерам 12 на 6 метраў, то там ужо знаходзілася мая сям’я і яшчэ некалькі душ. Праз палову гадзіны свіран быў цалкам запоўнены маімі аднавяскоўцамі — жанчынамі, старымі, маленькімі дзяцьмі. Усе моцна плакалі, крычалі. Было жудасна… Потым дзверы адчыніліся, і карнікі сталі расстрэльваць усіх з кулямётаў і аўтаматаў. Я ж са сваім 15-гадовым сынам Адамам аказаўся прыціснутым ля сцяны, і забітыя людзі падалі проста на мяне. Яшчэ жывыя з дзікім галашэннем стукаліся ў драўляныя сцены і знаходзілі сваю пагібель ад куль. Усюды — кроў, кроў, гарачая кроў. Дыхаць не было чым. Усё гарэла, трэскалася, як у сапраўдным пекле. А калі абрынуўся дах, мне цудам удалося выбрацца з-пад абгарэлых трупаў і дапаўзці да дзвярэй. Але адна свалата ў чырвонаармейскім шэрым шынялі, мацюкаючыся па-ўкраінску, як бы мімаходзь выпусціла па мне кароткую чаргу з аўтамата. На маё шчасце, толькі адна куля трапіла ў левае плячо. Перасільваючы боль, я прыкінуўся мёртвым. Заплюшчыў вочы, чакаў другой чаргі, аднак яна не адбылася. Адам жа, увесь абгарэлы, нейкім чынам змог выскачыць са свірана і трошкі прабегчы, аднак у яго наўздагон другая свалата стрэліла, і мой сын упаў як падкошаны. Калі карнікі, закончыўшы сваю чорную справу, з’ехалі, я раптам пачуў голас Адама. Падпоўз, ледзь прыпадняў яго і ўбачыў, што крывавая паясніца майго хлопца прашытая кулямі. Ён, паміраючы, толькі і паспеў спытаць, ці жывая маці…”

Пасля такога страшэннага маналогу Селіханаў ціха сказаў мне, каб я ўсё гэта абавязкова запісаў. В’етнамцы моўчкі сядзелі, слухалі і не верылі сваім вушам, што гэта магло здарыцца ў сапраўднасці, і толькі адзін — мастак Шань — дрыжэчымі рукамі імкнуўся ў свой альбом накідаць алоўкам партрэт Камінскага. І — нарысаваў, вельмі падобна. Потым усе моўчкі ўсталі з драўлянай лавы, выпілі па чарцы на памін душы забітых, і на развітанне мы з Сяргеем Іванавічам абяцалі наведаць Іосіфа Іосіфавіча праз нейкі час. Але праз тры — чатыры месяцы (ішоў 1973 год) даведаліся, што гэты чалавек пайшоў з жыцця і быў пахаваны ў Лагойску.

Шмат пазней я чуў і іншыя версіі ад журналістаў і гісторыкаў пра тое, як разгортваліся страшэнныя падзеі ў той дзень 22 сакавіка ў Хатыні. Ды і сёння з’яўляюцца ўсё новыя і новыя факты і зусім нечаканыя сведчанні пра тое, што там адбылося. Але я прывёў запісаны мной у блакнот маналог Іосіфа Камінскага менавіта такім, якім мы тады пачулі яго з першых вуснаў.

Але скажу так: Камінскі не памёр. Ён разам з загінуўшым сынам Адамам на руках проста ператварыўся ў манументальную шасціметровую бронзавую статую, якая навечна стала ўражальным і вызначальным цэнтрам, напятым, напружаным нервам усёй унікальнай архітэктурна-прасторавай кампазіцыі на пяцідзясяці гектарах зямлі. Чалавек, смяротна стомлены, пачарнелы ад гора, быццам бы толькі што выйшаў з пекла пылаючага свірана. “Няхай будзе пракляты фашызм!” — нібы крычаць бронзавыя вусны. Яго дух не зламаны: гнеў, жальба і прага месці чытаюцца на скажоным ад болю твары... Жорсткі, непрыгладжаны сімвал “знака Бяды”…

Аднойчы, незадоўга да смерці мастака, будучы ў майстэрні гаспадара, я спытаў Сяргея Іванавіча пра яго творчую эвалюцыю ў мастацтве: да чаго ён прыйшоў, ад чаго адмовіўся. На што мой суразмоўнік (тады яму было каля 58 гадоў) адказаў, што яму гаварыць пра сваю эвалюцыю занадта пампезна. Гэта, маўляў, справа крытыка. Затое ўласна пра скульптуру ён мог разважаць гадзінамі, бо скульптура для яго ўсё: “и жизнь, и слёзы, и любовь…” Сапраўды, гэта была яго Ліра, магчыма, адзіная ў сваім родзе. Ліра як яго сардэчны запавет, глыбока выпакутаваны вялікім і складаным жыццём.

Што я магу сказаць у заключэнне сваіх кароткіх успамінаў пра Сяргея Селіханава? Толькі адно. Дым франтавых дарог, па якіх прайшоў Майстра, — як злучальны шлейф, што перацякае з партала Мінулага ў партал Сённяшняга, — не рассеяўся, не растаў у трансляцыі яго творчага крэда. Свая прыгажосць і свая чалавечая праўда назаўсёды засталіся і ў маёй памяці, і ва ўсіх лепшых творах мастака…

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"