Таямніцы Юзафа Аляшкевіча

№ 12 (1503) 20.03.2021 - 27.03.2021 г

Творчай спадчыны нашага земляка, мастака Юзафа Аляшкевіча (1777 — 1830) у Беларусі не так ужо і багата. Хочацца верыць, што ў хуткім часе з’явяцца такія мецэнаты, якія палічаць за неабходнае ўзбагаціць калекцыі і нашых беларускіх музеяў карцінамі Аляшкевіча.

/i/content/pi/cult/842/17922/020.jpgБацькі. Дзеці

“Ян Аляшкевіч — бедны шляхціц, кіраўнік капэлы пры радашковіцкім касцёле” — гэта ўсё, што раней было вядома пра бацьку мастака. У мінулай частцы мы распавялі пра сям’ю яго бацькоў і брата. Сёння час для гісторыі самога Яна Аляшкевіча, ахрышчанага 22 ліпеня 1750 года. Дзе і як ён вучыўся — пакуль невядома. Але, відаць, вучыўся добра. У Радашковічах быў “сваім чалавекам”. Быў добра знаёмы з бацькам Тамаша Зана. 23 студзеня 1772 года ў радашковіцкім касцёле хрысцілі Антона Зана, дзядзьку Тамаша. Шляхціц Ян Аляшкевіч быў запрошаны ў якасці асістэнта. Меліся ў гэтых двух сем’яў і агульныя добрыя знаёмыя — Міхалоўскія і Федаровічы.

Маючы 25 гадоў Ян Аляшкевіч і сам вырашыў абзавесціся сям’ёй. 19 лістапада 1775 года ён пабраўся шлюбам з Людавікай Лейтоўнай. Адным са сведкаў на шлюбе выступіў нейкі Станіслаў Аляшкевіч, магчыма, дзядзька Яна. Цікава тое, што прозвішча жонкі Аляшкевіча, пачынаючы з запісу аб шлюбе, кожнага разу запісвалася па-іншаму — Lejtowna, Gegitowna, Gieritowna, Geriwna. Як бы наўмысна ўскладняючы працу генеолагам, якія б узяліся шукаць карані яе роду.

Праз год пасля шлюбу Яна і Людавікі, 30 кастрычніка 1776 года, было ахрышчана вадой іх першае дзіця — Вінцэнта-Кацярына-Канстанцыя. Дапоўнілі хрост алеям 2 лістапада. Асістэнтам на хросце выступіў радашковіцкі пробашч Антон Букаты, начальнік Яна Аляшкевіча. Які ў гэты час ужо мусіў “загадваць” музычным жыццём пры касцёле. Прайшло некалькі месяцаў і Ян з жонкай апынуўся ў Жамойці, у Шыдлаўскай парафіі. Як сведчаць метрыкі тамтэйшага касцёла, яны былі там ужо 13 красавіка 1777 года. А яшчэ праз некалькі месяцаў на свет прыйшоў герой нашага апавядання.

“28 кастрычніка я, Мацей Мінэйка, ахрысціў дзіця на імя Юзаф, народжанае 25-га, законных сужэнцаў Паноў бацькі Яна Аляшкевіча і маці Людавікі Гегітоўны з Рыдлоцця. Хросныя: Яснавяльможны Пан Сікст Герубовіч з Раўкотаў, Яснавяльможная Пані Сафія Буката браслаўская падсталіна з Багушышкаў”.

З хроснымі бацькамі Юзафу пашанцавала. Міхал-Сікст Герубовіч быў у свой час чашнікам Жамойцкага княства, Сафія Буката — верагодна, маці ксяндзоў Антона і Тадэвуша.

/i/content/pi/cult/842/17922/021.jpgПраўда і домыслы

Адказаць на пытанне, з якой нагоды ўжо сямейны Ян Аляшкевіч кідае “практыку” пры радашковіцкім касцёле і пераносіцца за сотні кіламетраў у жамойцкі “мядзвежы кут” (герб Жамойці — мядзведзь з нашыйнікам), нам можа дапамагчы зварот да гісторыі роду Букатых.

Букатыя паходзілі з інфлянцкай шляхты. Недзе ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў ВКЛ перабіраецца Бенедыкт Букаты. Ад жонкі Сафіі з Волбекаў (верагодна, хросная маці Юзафа Аляшкевіча) Бенедыкт меў шмат сыноў. Частку з іх, каб не драбніць маёмасць, бацькі адправілі ў жыццёвы шлях па “духоўнай лініі”. Зразумела, што нашчадкі высокіх і заможных ураднікаў не займаліся гандлем свечак і не малявалі абразы. Напрыклад, стрыечны дзед Тадэвуша Рэйтана, Феліцыян-Піліп Валадковіч нават стаў на чале ўніяцкай царквы Рэчы Паспалітай. Нешта падобнае было і ў выпадку з нашчадкамі Бенедыкта. Тадэвуш-Юзаф, суфраган жамойцкі, стаў пробашчам у Шыдлаве (дарэчы, едучы ў Мінск, цяжка захварэў і памёр у двары Хмараў у Сёмкава, але быў пахаваны ў Радашковічах). За нейкія заслугі кароль Станіслаў Панятоўскі зрабіў Тадэвуша кавалерам ордэна святога Станіслава. Ануфры ўступіў у Ордэн Піяраў, быў каралеўскім тэолагам. Казімір-Юзаф стаў езуітам, канонікам. Згадаем і аднаго са “свецкіх” нашчадкаў — Францішка, вядомага дыпламата. Бо, падаецца, што і яму мастак Юзаф Аляшкевіч абавязаны сваёй кар’ерай. Што ж датычыцца Антона Букаты з Радашковічаў, то на яго асобе неабходна спыніцца больш падрабязна.

Акрамя таго, што быў ён “працадаўцам” Аляшкевіча-старэйшага, Антон Букаты нават “парадніўся” з ім (падчас хросту першай дачкі Яна Букаты быў асістэнтам). Што ж з сябе ўяўляў “радашковіцкі пробашч”? Быў ён адным з трох галоўных фаварытаў сумнавядомага князя-біскупа Ігната Масальскага. Таго самага, якога 28 чэрвеня 1794 года варшаўскія паўстанцы без суда павесілі “за здраду нацыянальным інтарэсам”. Вось што пра Букату напісаў ксёндз Вінцэнт Пшыялгоўскі, аўтар выдання “Жыццярысы віленскіх біскупаў” (1860 год).

“Малады і здольны чалавек, які хутка ўвайшоў у давер да Масальскага, сташ яго генеральным камісарам, то-бок паўнамоцным радцам усіх фальваркаў і дыяцэзіяльным канцлерам, то-бок загадчыкам яго архіва. Але амбітны, марнатраўны, адначасова прагны да знакаў пашаны і грошаў, прытым выдатны падхалім; як гаспадарку так і архіва ніколі не даглядаў”.

Ці змяніліся погляды на жыццё Антона Букаты ў сталым узросце, аб гэтым у “жыццярысах” згадак няма. Ды і ў нашым выпадку гэта не так ужо і важна. Важна тое, што калі “жамойцкаму” брату Антона Тадэвушу спатрэбілася дапамога дасведчанага капельмайстра, Аляшкевічы сабраліся ў дарогу. Бо, як кажацца ў старой вялікалітоўскай шляхецкай пагаворцы: “На чыім возе сядзішь, таму і спевы спявай”.

Шыдлаўская адысея

У 1760 годзе шыдлавецкі пробачшч Ян Лапацінскі заклаў першы камень у падмурак будучага касцёла і новай парафіі. Далей рэй вёў новы ксёндз — Тадэвуш Букаты. Завершылася будоўля касцёла ў 1786 годзе. Але ўжо ў 1775 годзе са згоды Папы Пія VI у Шыдлаве пачалі праводзіць святы, а парафіянам адпускаць грахі. Верагодна, парафія мела патрэбу ў музычным суправаджэнні імпрэзаў. Таму задаволіць “кадравы голад” і выпала пробышчу з Літвы-Беларусі. Службовая камандыроўка доўжылася нядоўга, і праз нейкі час пасля нараджэння Юзафа Ян з сям’ёй вяртаецца ў “раскіданае гняздо”.

Ужо 3 сакавіка 1784 года ў Радашковіцкім касцёле адбываецца хрост дачкі “мяшчанаў Яна Аляшкевіча і Людавікі Герытоўны” — Бевенуты-Казіміры. Яшчэ праз два гады, 12 чэрвеня 1786 года, была ахрышчана Антаніна-Францішка. І, нарэшце, 1 студзеня 1789 года на свет прыходзіць Мікалай. Ахрысцілі яго 8 студзеня ўсё там жа, у Радашковічах. Імя маці Мікалая і на гэты раз пісар не пакінуў у спакоі — “Герыўна”.

Як склаўся лёс сясцёр Юзафа Аляшкевіча — пакуль невядома. А вось пра Мікалая нам будзе што распавесці. Бо пэўны час лёсы Юзафа і Мікалая былі шчыльна пераплецены, ды і сам Мікалай, як неблагі мастак, пакінуў пэўны след у гісторыі.

Жонка Яна Аляшкевіча Людавіка, маючы сорак дзевяць гадоў, памерла 1 чэрвеня 1798 года і была пахавана на радашковіцкіх могілках. Як вынікае з метрычных запісаў, 5 жніўня 1800 года шляхціц Ян Аляшкевіч, удовы, ажаніўся на Ганне Адамовіч, страціўшай мужа. Калі памёр бацька мастака, дзе быў пахаваны — звестак пакуль не маецца. У тым самым 1800 годзе яго сын, зусім малы Мікалай, падаецца, апошні раз з’явіцца ў метрычных кнігах радашковіцкага касцёла (як сведка на шлюбе ў Драздоў). Неўзабаве пасля таго свой позірк ён будзе наталяць ужо зусім іншымі краявідамі.

У наступнай частцы мы распавядзем аб тым, якім такім цудам Юзаф Аляшкевіч патрапіў у магнацкія двары. І што з таго выйшла.