“Сярод шляхоў знайсці Дарогу”

№ 12 (1503) 20.03.2021 - 27.03.2021 г

Народную артыстку Беларусі Марыю Захарэвіч цяпер з поўным правам можна ганарліва называць ардэнаносцам. Учора на сцэне роднага для яе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, акурат перад пачаткам першага паказу адроджанага спектакля “Вечар”, адбылася ўрачыстая імпрэза: знаная актрыса, што аддала гэтаму тэатру амаль 64 гады, атрымала ордэн Францыска Скарыны.

/i/content/pi/cult/842/17918/016.jpgЗагад аб узнагароджанні быў падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам летась. Ордэн Францыска Скарыны быў уручаны міністрам культуры нашай краіны Анатоліем Маркевічам.

Марыя Захарэвіч — не проста адна са старэйшых актрыс Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Яна — голас і сама душа беларускай сцэны.

І справа не толькі ў тым, што Марыя Георгіеўна, ураджэнка вёскі на Мядзельшчыне, дасканала валодае роднай мовай. Яе гаворка і са сцэны, і ў якой побытавай размове адразу пазнаецца. Можа, прычына ў тэмбры голасу? Як бы ні быў ён запамінальным, вялікую ролю адыгрывае ўласна размоўная манера. У Марыі Захарэвіч яна папраўдзе спеўная, меладычна мілагучная, у поўным сэнсе слова “кантыленная”, амаль на манер італьянскага бэльканта, як гэта і ўласціва нашай мове. А яшчэ — інтанацыя. Менавіта яна не дазваляе “закалыхваць” да такой ступені, калі ўжо не ўспрымаеш сэнс слоў, а паддаешся адно ўзнёслай мелодыі. Інтанацыя, з якой Марыя Захарэвіч вымаўляе любое слоўца, яшчэ больш індывідуальная і запамінальная, чымсьці тэмбр. Вы ж пазнаеце інтанацыю ўлюбёнай песні ў выкладанні іншага спевака ці музычнага інструмента? Так і тут.

Прыроджаная якасць? Не ведаю. Але ў чым дакладна няма сумневу, дык гэта ў тым, што тая асаблівая інтанацыйнасць гаворкі непасрэдна звязана з надзвычай аптымістычным светаўспрыманнем Марыі Георгіеўны. Вось такая яна, што называецца, “па жыцці” — без падзелу яго на сцэнічнае і побытавае. Ва ўсім і ва ўсіх ўмее бачыць толькі лепшае. І адразу выказвае сваё захапленне.

Для яе такія паводзіны — нязменны стыль жыцця. Адсюль і інтанацыя маўлення — заўжды прыўзнятая, спагадлівая, калі цябе быццам ахінаюць цёплым пледам, а на душу, бы мяккія і адначасова звонкія кроплі вясновага капяжу, падаюць самыя галоўныя словы нетаропкай мелодыі.

Мабыць, менавіта таму Марыя Захарэвіч зрабіла такі вялікі ўнёсак у працу Беларускага радыё: менавіта за гэта яна атрымала яшчэ ў 1980-я Дзяржаўную прэмію Беларусі, удзельнічаючы ў радыёспектаклях “Рыбакова хата” паводле Якуба Коласа і “Хамуціус” па аднайменнай паэме Аркадзя Куляшова пра Кастуся Каліноўскага.

У бягучым рэпертуары тэатра імя Янкі Купалы яна выходзіць у ролі Вядучай у “Паўлінцы”. А ў былыя гады ёй неаднойчы даводзілася выступаць вядучай многіх канцэртаў, іншых урачыстых падзей. Яна не проста абвяшчала нумары, а чытала беларускія творы. Рабіла нават сольныя праграмы, складзеныя з вершаў нашых класікаў і сучаснікаў. І чытала ўсё гэта з тымі ж інтанацыямі папраўдзе народнага характару, выпраменьваючы сваю дабрыню і прамяністаць на ўсіх прысутных.

Самое яе аблічча асацыюецца з маці. Так, яна і сапраўды выхавала двух дзяцей — сына і дачку. Паралельна з творчасцю, якая таксама была і застаецца яе ўлюбёным “дзіцяткам”, нягледзячы на ўсе падводныя камяні акцёрскай прафесіі.

Пэўна, каб захаваць тую мяккасць, спагаду, душэўную лірычнасць і, разам з тым, моцны духоўны стрыжань, ёй дапамагае яшчэ вера — чыстая, незакаламучаная, амаль такая, што бывае ў дзіцяці. Яна ўдзельнічала ў экспедыцыях “Дарога да святыняў з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга”, дый сама ўспрымаецца як светлы анёлак беларускай культуры.

У свае шаноўныя гады Марыя Георгіеўна застаецца ўсё такой жа зацікаўленай ва ўсім, што звязана з мастацтвам. У ёй жыве той нязгасны агеньчык, што выштурхваў яе з дому, каб супрацоўнічаць з Мінскім абласным тэатрам у Маладзечне, робячы рэгулярныя ваяжы на электрычцы: яна і ў спектаклях тамтэйшых удзельнічала, і майстар-класы там праводзіла, і свае пастаноўкі рабіла. Дарэчы, у ролі рэжысёра яна выступіла і ў сталічным спектаклі — “Я не пакіну цябе…” Ён ішоў на былой Камернай сцэне купалаўцаў, што змяшчалася ў будынку насупраць, і Марыя Захарэвіч іграла там разам з прымадоннай Музычнага тэатра Наталляй Гайда — гэта быў неверагодны жаночы дуэт!

Паспрабавала яна сябе і ў ролі выкладчыцы, стаўшы прафесарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, і на тэлеэкране, упрыгожыўшы такія значныя нацыянальныя стужкі, як “Трывожнае шчасце” паводле Івана Шамякіна, “Плач перапёлкі” Івана Чыгрынава.

Аднайменны спектакль з яе удзелам ішоў і ў тэатры. А ўвогуле, на роднай сцэне Купалаўскага тэатра яе ролей — не злічыць. Дык пажадаем новых! Асабліва напярэдадні асабістага юбілею, што адбудзецца сёлета. Хай ордэн Скарыны асвятляе творчы шлях да новых здзяйсненняў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"