Ля вытокаў айчыннага краязнаўства

№ 12 (1503) 20.03.2021 - 27.03.2021 г

У мінулым нумары “К” мы анансавалі адкрыццё выставы “Руплівец беларускай даўніны”, прымеркаванай да 170-годдзя з дня нараджэння вядомага гісторыка, археографа і краязнаўцы Аляксея Парфёнавіча Сапунова. Мерапрыемства адбылося 11 сакавіка ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і зрабілася першым у шэрагу акцый, прысвечаных 100-годдзю Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якое будзе адзначацца ў верасні гэтага года.

/i/content/pi/cult/842/17913/08.jpgАляксей Сапуноў атрымаў вядомасць перадусім як краязнавец, даследаванні якога былі прысвечаныя поўначы Беларусі, таму выстава арганізаваная сумесна з Віцебскім абласным краязнаўчым музеем пры ўдзеле Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша, нягледзячы на пэўныя абмежаванні, звязаныя з эпідэміялагічнай сітуацыяй, Музей кнігі працягвае сваю дзейнасць і ладзіць выставачныя праекты, якія прыцягваюць увагу наведвальнікаў бібліятэкі і ўсіх неабыякавых да кніжнай культуры нашай краіны.

Напярэдадні юбілею

Нацыянальная бібліятэка пакрысе падыходзіць да адзначэння 100-годдзя з дня яе заснавання. За афіцыйную фармальную дату ўзнікнення бібліятэкі прыняты дзень выхаду пастановы Савета народных камісараў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, што была падпісаная 15 верасня 1922 года і прадугледжвала арганізацыю Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі.

Зрэшты, нават у межах самога гэтага дакумента бібліятэка таксама называлася ўніверсітэцкай, і з назвай яе на той час існавала пэўная няяснасць. Так ці іначай, працэс стварэння ўстановы фактычна адбываўся на працягу некалькіх гадоў, і вядома, што ўжо ў 1921 годзе бібліятэка існавала і дзейнічала, таму серыя мерапрыемстваў, прымеркаваных да яе 100-годдзя, распачынаецца ўжо сёлета.

Постаць рупліўца спадчыны

Першая выстава ў гэтым шэрагу прысвечаная асобе і дзейнасці Аляксея Сапунова, бо гэты даследчык таксама ў немалой ступені спрычыніўся да ўзбагачэння кнігазбору і станаўлення будучай Нацыянальнай бібліятэкі. Экспазіцыя дазваляе азнаёміцца з пэўнай часткай вялікай і рознабаковай спадчыны, якую пакінуў пасля сябе гэты выдатны навуковец — ён быў аўтарам некалькіх дзясяткаў манаграфій і соцень артыкулаў, а таксама распачынальнікам мноства ініцыятываў у сферы гісторыі, краязнаўства і архіўнай справы.

Так, напрыклад, ён выступіў аўтарам першай беларускай бібліяграфіі, а таксама стварыў падручнік па беларусазнаўстве, які пазней выкарыстоўваў, чытаючы лекцыі. І гэта менавіта ён ініцыяваў вывучэнне Барысавых камянёў — знакамітых помнікаў гісторыі, валуноў з надпісамі, якія былі зробленыя ў XII стагоддзі на загад полацкага князя Рагвалода Усяславіча, які ў хросце меў імя Барыс.

/i/content/pi/cult/842/17913/09.jpgЖыццёвыя вехі

Аляксей Сапуноў нарадзіўся ў 1851 годзе ва Усвятах — цяпер гэта горад у Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі, непадалёк ад памежжа з Беларуссю. На той жа час ён уваходзіў у склад Віцебскай губерні, таму не дзіўна, што будучы краязнавец распачаў навучанне ў Віцебску, дзе скончыў мужчынскую гімназію. Пазней, атрымаўшы ў 1878 годзе вышэйшую адукацыю на гістарычна-філалагічным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта, Аляксей Сапуноў вярнуўся ў Віцебск і заняў у роднай гімназіі пасаду выкладчыка старажытных моў — грэцкай і лацінскай.

Пазней навуковец выкладаў у Маскоўскім універсітэце, працаваў архіварыўсам у Віцебскім цэнтральным архіве старажытных актаў, быў сакратаром Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта, удзельнічаў у стварэнні Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея і Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, выступіў адным з ініцыятараў адкрыцця Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута, дзе чытаў курс “Старажытнасці Паўночна-Заходняга краю”. Акрамя таго, Аляксей Сапуноў быў дэпутатам III Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі, дзе ўваходзіў у фракцыю “Саюза 17 кастрычніка”, якая падтрымлівала ідэі канстытуцыйнай манархіі.

/i/content/pi/cult/842/17913/010.jpgНататкі на палях

Экспазіцыя “Руплівец беларускай даўніны” заснаваная на ўнікальных матэрыялах з асабістага архіва і бібліятэкі Аляксея Сапунова. Тут можна пабачыць яго біяграфічныя дакументы, гімназійныя і студэнцкія сшыткі, выкладчыцкія канспекты, ліставанне з калегамі-даследчыкамі, рукапісы твораў, факсіміле старажытных пісьмовых крыніц і выявы, якімі былі аздобленыя кнігі навукоўца. Найвялікшую каштоўнасць уяўляе з сябе рукапісная праца “Гісторыя горада Віцебска”, якая стваралася Аляксеем Сапуновым да меркаванай даты тысячагоддзя горада, але, на жаль, так і не была выдадзеная.

Аб артэфактах, якія можна агледзець на выставе, падрабязней распавяла загадчык сектара музейнай дзейнасці навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Захарава. Перадусім звяртае на сябе ўвагу радаводнае дрэва Аляксея Сапунова, складзенае адным з ягоных сваякоў. Побач можна пабачыць цікавы дакумент, які дазваляе глыбей пазнаёміцца з таямніцамі біяграфіі даследчыка — гэта брашура, выдадзеная да 25-годдзя яго навуковай дзейнасці, на старонках якой Аляксей Сапуноў уласнаручна пакінуў рукапісныя заўвагі з удакладненнямі тых ці іншых дэталяў свайго жыццяпісу. Так, напрыклад, даследчык адзначаў, што яго бацькі былі сялянамі, і толькі калі сыну наспеў час паступаць у гімназію, бацька запісаўся купцом трэцяй гільдыі.

Сведкі станаўлення

Яшчэ адзін экспанат сведчыць аб таленце і пэўнай адоранасці будучага даследчыка, якія ён выявіў яшчэ ў дужа маладым веку. Гэта сшытак, у якім Аляксей Сапуноў пісаў сачыненні, будучы гімназістам, у чацвёртым класе. Побач можна пабачыць і студэнцкія канспекты — дарэчы, пазней краязнавец са скрухай адзначаў, што і ў гімназійныя, і ў студэнцкія гады выкладчыкі забівалі галовы вучняў ведамі аб мінуўшчыне далёкіх краёў, але надзвычай мала ўвагі надавалі мясцовай гісторыі.

Сам Аляксей Сапуноў узгадваў, што штуршком, які скіраваў яго да зацікаўленасці айчыннай даўніной, быў выпадак, калі адзін з яго калег-гімназістаў прынёс аднекуль старажытны дакумент, пісаны скорапісам, і не мог высветліць яго гісторыю і паходжанне. Пазней даследчык зрабіўся сапраўдным летапісцам сваёй alma mater, выпусціўшы кнігу “Гістарычныя нататкі да сямідзесяцігоддзя Віцебскай гімназіі”. Далейшы ж жыццёвы шлях краязнаўца дазваляюць прасачыць прадстаўленыя побач паслужны спіс і граматы аб узнагароджанні яго ордэнамі Расійскай імперыі.

Кнігі свае і чужыя

Наступная частка экспазіцыі прысвечаная даследчым працам Аляксея Сапунова, сярод якіх галоўнае месца займаюць выданні па гісторыі і краязнаўстве Падзвіння. Тут можна азнаёміцца і з першай публікацыяй аўтара — нарысам “Гістарычныя звесткі пра Віцебскі замак”, які быў змешчаны ў “Памятнай кніжцы” Віцебскай губерні ў 1881 годзе. А побач — ужо больш грунтоўнае выданне, знакамітая манаграфія “Заходняя Дзвіна”. Дарэчы, менавіта на гэтым яе асобніку захаваўся дароўны надпіс аўтара для Івана Пічэты — рэктара Віцебскай духоўнай семінарыі і бацькі першага рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзіміра Пічэты.

Асобны раздзел экспазіцыі складаюць выданні іншых аўтараў з кнігазбору Аляксея Сапунова, многія з іх таксама маюць на сваіх старонках адрасаваныя яму дароўныя надпісы. Так, напрыклад, звяртае на сябе ўвагу цэлы адмысловы ліст, уклеены ў выданне ўласнага аўтарства вядомым мовазнаўцам, будучым акадэмікам і прафесарам Кіеўскага ўніверсітэта Аляксандрам Бялецкім, які такім чынам паведамляў калегу з Віцебска, што аддае яму на суд сваю працу.

Сляды даўніны

Адметна, што на схіле дзён Аляксей Сапуноў падбаў аб захаванні і цэласнасці сваёй найбагацейшай калекцыі даследчых матэрыялаў і ўласнай бібліятэкі. У 1923-м, за год да смерці навукоўца, распачалося ліставанне з Беларускай дзяржаўнай бібліятэкай, у выніку якога значная частка спадчыны Аляксея Сапунова трапіла ў яе зборы. Гэта была вялікая ўдача, бо кнігазбор даследчыка налічваў мноства выдатных кніжных помнікаў — сярод іх быў нават асобнік Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года.

На жаль, падчас нацысцкай акупацыі Беларусі гэты выдатны кніжны помнік быў вывезены за межы Беларусі, дзе захоўваецца і зараз — але, тым не менш, у свой час ён быў сапраўднай перлінай айчыннага кніжнага фонду. Сёння ж бібліятэкі, музеі і архіўныя ўстановы таксама мусяць накіраваць усе высілкі на вяртанне і аб’яднанне страчанай спадчыны Беларусі, вывезенай за яе межы. Дзе гэта магчыма, сітуацыю варта выпраўляць хаця б сродкамі “мяккай рэстытуцыі”, ствараючы лічбавыя копіі кніжных помнікаў. Дакументы, якія сведчаць аб гісторыі набыцця Беларускай дзяржаўнай бібліятэкай кнігазбору Аляксея Сапунова, таксама можна пабачыць на выставе — яны захаваліся ў Нацыянальным архіве. Тут, між іншага, магчыма азнаёміцца са спісам выданняў, падрыхтаваных для перадачы, які налічваў 119 тамоў.

Сярод мноства кніг і артэфактаў, прадстаўленых у экспазіцыі, вылучаецца адмысловая пячатка, якая належала Аляксею Сапунову, а сёння захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. З дапамогай гэтай прылады навуковец пазначаў кнігі са сваёй бібліятэкі — пячатка пакідала на кнігах аб’ёмнае цісненне з прозвішчам уладальніка. Дзейнасць і навуковы даробак Аляксея Сапунова гэтаксама пакінулі трывалы адбітак на працы многіх ягоных вучняў і паслядоўнікаў. Творы ягоныя і сёння прыхоўваюць багата цікавай інфармацыі для даследчыкаў беларускай даўніны і застаюцца надзіва актуальнымі. Кожнаму, хто цікавіцца гісторыяй станаўлення беларускай гістарычнай навукі, варта бліжэй азнаёміцца са спадчынай аднаго з пачынальнікаў айчыннага краязнаўства — выстава будзе працаваць у Музеі кнігі да 2 мая.