Творчасць патрабуе засяроджанасці

№ 12 (1503) 20.03.2021 - 27.03.2021 г

Ці атрымаецца так, каб днём гандляваць на рынку, працаваць на будоўлі ці засядаць у парламенце, а ўвечары пісаць карціны ці вершы? Але, мяркую, паспрабаваць варта. Раптам нечакана для сябе самога адкрыеш сваё сапраўднае пакліканне і рэзка зменіш жыццёвы вектар.

/i/content/pi/cult/842/17910/05.jpgКалісьці Маякоўскі выказаў сваё бачанне гарманічнай асобы паэтычнай тэзай: “В деревнях — крестьяне. Бороды веники. Сидят папашы. Каждый хитр. Землю попашет, попишет стихи”. Асобныя выпадкі такога парадаксальнага спалучэння тэарэтычна магчымыя, але ж дазволю сабе паспрачацца з класікам адносна ўніверсальнасці такога меркавання. Часцей за ўсё пры такім раскладзе альбо пашня крыва пойдзе, альбо верш атрымаецца нязграбным.

Між тым мастацкі сверб ёсць ці не ў кожнага чалавека. Ды і мастацтва, як вядома, “месца не агароджанае”. Вось, каб неяк гэта суаднесці, і прыдумана вызначэнне “самадзейнасць”. Тут іншыя, чым у прафесійным мастацтве, крытэрыі ацэнкі, свядома заніжана планка. Але часам на гэтым абшары можна ўгледзець нешта надзвычай цікавае. Нездарма і прафесіяналы калі-нікалі звяртаюцца да стылістыкі і вобразнага ладу, уласцівага народнаму мастацтву ў розных ягоных праявах.

Аляксандра Раманава, чыя персанальная выстава пад назвай “Чароўных казак галасы” праходзіць зараз у галерэі “Універсітэт культуры”, не тое каб дылетант, але і не зусім прафесіянал. Яна мае датычную мастацтва адукацыю — Віцебская вучэльня мастацтваў і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Аднак, жывапісу ці графіцы не вучылася. Паводле дыплома яна рэжысёр клубных мерапрыемстваў, абрадаў і святаў. Працуе кіраўніком дзіцячай тэатральнай студыі, спрабуе сябе і ў галіне драматургіі. А дзе ж ты знойдзеш такога рэжысёра ці літаратара, які б не спрабаваў маляваць?

Вось і спадарыня Аляксандра, мяркуючы па работах экспазіцыі, магчыма, спачатку малявала, распрацоўваючы мізансцэны, а пазней маляванне вылучылася для яе ў асобную творчую іпастась. Ужо больш за дзесяць гадоў яна з’яўляецца сябрам клуба мастакоў-аматараў “Контур”. Аляксандра Раманава брала ўдзел у творчых імпрэзах самадзейных мастакоў. Ёсць на яе рахунку і пленэр і досыць сур’ёзная выстава. Больш за тое, яе работы знайшлі прытулак у прыватных калекцыях Беларусі і замежжа.

На выставе чатыры серыі графічных работ, сюжэтна звязаных з казкамі і міфалогіяй. Ёсць у гэтых работах штосьці і ад дзіцячага малюнка, і ад някепскага ведання сучаснага мастацтва. Карыстаецца спадарыня Аляксандра інструментарыем, што даступны кожнаму — акварэль, каляровыя алоўкі, маркеры. Ніякай экзотыкі, ніякіх складаных тэхналогій. Ды і самі карціны немудрагелістыя сюжэтам і стылістыкай. Асабліва да-спадобы мастачцы маляваць анёлаў.

Запыт на тое, што робіць Аляксандра Раманава сёння, ёсць. Таму, мяркую, на выставе будзе цікава і тым, хто сутыкаецца з прафесійна выбудаванай эстэтыкай эпізадычна, і тым, хто мэтанакіравана стварае сабе камфортнае асяроддзе.

Мо пасля прагляду выставы нехта настальгічна згадае, што апошні раз нешта натхнёна маляваў у далёкім дзяцінстве. А хтосьці пойдзе ў краму і набудзе аловак, пэндзаль, фарбы. І альбом для малявання.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"