Па клавішах памяці і будучыні

№ 12 (1503) 20.03.2021 - 27.03.2021 г

У Беларускай дзяржаўнай філармоніі завяршылася серыя канцэртаў “Пакуль не йдуць цітры…” Назва праекта — улюбёныя словы маладой піяністкі Алёны Цагалка, памяці якой і прысвечаны гэты фэст, што прайшоў сёлета ўжо ў сёмы раз. Пад “цітрамі” дзяўчына разумела фінал, толькі не кінастужкі — жыцця. А яно ў яе аказалася вельмі кароткім: невылечна захварэўшы, яна памерла яшчэ студэнткай.

/i/content/pi/cult/842/17908/01.jpgПамятаю, як у Акадэміі музыкі збіраліся грошы на яе лячэнне. Якім немагчымым здарэннем, што не ўкладалася ў галаве, успрымаўся яе сыход. Але тыя фестывалі, што ладзіць яе сяброўка і музыкант, арт-менеджар Ганна Лянькова, быццам далі Алёне другое жыццё. Уражанне, што яна і пасля смерці працягвае не проста быць з намі, але і рабіць добрыя справы. Дарэчы, так яно і ёсць. Бо гэты фестываль утрымлівае ў сабе не толькі канцэрты, але і дабрачыннасць — адрасную дапамогу тым, каму яна асабліва патрэбна. У прыватнасці, сёлета грошы накіроўваліся ў Гродзенскі дзіцячы хоспіс. І ў наведвальнікаў філармоніі была магчымасць зрабіць таксама асабістыя ахвяраванні, бо ў вольным доступе былі флаеры з разліковым рахункам і больш падрабязнай інфармацыяй пра гэтую ўстанову.

Што ж тычыцца канцэртаў, дык іх было тры. І ў цэнтры ўвагі, як заўжды, заставаліся маладыя беларускія піяністы: Аляксандр Музыкантаў, Аляксей Пшанічны, Андрэй Іваноў, пяцікурсніца Акадэміі музыкі Аляксандра Паўлюкавец і іншыя. Менавіта з піяністаў калісьці ўвогуле пачынаўся гэты фэст, начынне якога з цягам часу пашыралася за кошт усё новых праектаў і выканаўцаў розных спецыяльнасцяў: ад прызнаных артыстаў да навучэнцаў Рэспубліканскага каледжа пры БДАМ. Як не стамляецца падкрэсліваць Ганна Лянькова, выступаючы яшчэ і ў якасці вядучай, праграма складаецца найперш з прапаноў саміх музыкантаў. Яны не атрымліваюць ганарары за выступленні, але кожны імкнецца выканаць найперш тое, што яму найбольш блізка. Гэтае і многае іншае надае канцэртам, у лепшым сэнсе слова, “салонную” атмасферу, дзе кожны дзеліцца тым, што яго найбольш хвалюе.

/i/content/pi/cult/842/17908/02.jpgТворам, які сёлета задаў камертон усяму форуму і вакол якога згуртаваліся ўсе іншыя, быў “Нямецкі рэквіем” Ё.Брамса. Да таго ж, у нязвыклым выкананні. Студэнцкі хор нашай Акадэміі музыкі быў падзелены на дзве часткі (сапрана, тэнары — і альты, басы), што змяшчаліся па розных баках сцэны. Замест аркестра — змешчаны ў цэнтры, паміж харавымі групамі, фартэпіянны дуэт Наталлі Котавай-Громавай і Валерыя Баравікова. Ззаду раялей — Антон Невяроўскі з літаўрамі. Наперад будуць выходзіць салісты, але ўсё роўна на першым плане застанецца дырыжор Інэса Бадзяка — бы капітан грандыёзнага лайнера, спушчанага на ваду ў невялічкім заліве Малой залы імя Рыгора Шырмы. У такіх умовах не аркестравыя, а менавіта харавыя, вакальныя фарбы набылі найбольшую інтэнсіўнасць. І асаблівую аб’ёмнасць, шматслойнасць, неверагодную стэрэафанічнасць гучання, што дапаўняліся спляценнем галасоў у своеасаблівыя карункі. Літаўры ж не толькі падкрэслівалі кульмінацыі і рытм. Яны то выступалі гэткім “басовым” абертонам фартэпіяна, то ўвогуле быццам імітавалі гул раяльных струн, то складалі неад’емную частку слаўлення жыцця, замяняючы водгулле трызвону.

Адно тое, што гэты найскладаны твор працягласцю амаль паўтары гадзіны быў падрыхтаваны і годна выкананы моладдзю, заслугоўвае ўвагі і ўхвалення. Гучанне маладых галасоў надавала яму дадатковую сімволіку: музыка і сапраўды аказалася “не пра смерць, але пра бессмяротнасць”, як было пазначана ў надзвычай інфарматыўнай праграмцы, дзе прыводзіліся нават пераклады выкарыстаных у творы біблейскіх тэкстаў. А чым не сімвал — фартэпіянны ўхіл з чаргаваннем белых і чорных клавішаў самога інструмента?

Яшчэ два буйныя творы Ё.Брамса: “Трагічная ўверцюра” і Першы фартэпіянны канцэрт — гучалі ў заключны сімфанічны вечар цыкла, дзе выступіў гэткі “зборны” Канцэртны аркестр на чале з маладым беларускім дырыжорам Юрыем Караваевым. Не менш сімвалічным было і асаблівае паглыбленне ў музыку менавіта згаданага кампазітара-рамантыка, дадзеную ў атачэнні твораў Шуберта, Шумана, Рахманінава, сучаснага неарамантызму. Бо творчасць Ё.Брамса вызначаецца не столькі адкрытай эмацыйнасцю, уласцівай моладзі, колькі, наадварот, мудрасцю, філасофскім пасылам. І гэта ўскосна сведчыла пра тое, наколькі пасур’ёзнела, адчула сваю сталасць, “даросласць” наша моладзь. А тое, што ў праграму былі ўключаны ажно шэсць сучасных твораў, ушчэнт разбіла ходкае меркаванне наконт кансерватыўнасці выканаўцаў і, што не менш важна, слухачоў. Дадатковым доказам прэстыжнасці праекта можа служыць жаданне папоўніць яго сваімі творамі, выказанае маладымі расійскімі кампазітарамі Палінай Назайкінскай і Аляксеем Курбатавым. Пэўна, надалей больш актыўнымі будуць і нашы творцы, бо сёлета да чатырох расійскіх далучылася толькі адна (затое сімфанічная!) беларуская прэм’ера — дзвюх частак з сюіты А.Пшанічнага “Сны”. Гэты твор завяршаў фестываль — бы Алёна Цагалка, памяці якой прысвячаліся канцэрты, не памерла, а толькі паснула.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"