Хто прадставіць краіну на “Славянскім базары”

№ 11 (1502) 13.03.2021 - 20.03.2021 г

20 сакавіка бягучага года ў Барысаве на базе Палаца культуры імя Максіма Горкага адбудзецца фінал адбору. Ужо стала прыемнай традыцыяй, што падзея з года ў год змяняе лакацыі і праходзіць у фармаце гала-канцэрта. Змагацца за права прадставіць Беларусь на знакамітым форуме будуць два дзясяткі фіналістаў, якія прайшлі папярэднія адборы на дзіцячы і дарослы вакальныя конкурсы.

/i/content/pi/cult/841/17904/opt.jpegВыступленні ўдзельнікаў заключнага этапу нацыянальнага адбору да XIX Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2021” і XXX Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2021” пачнуцца а 11:30 і 16:30 адпаведна. Усе канкурсанты выканаюць па два вакальныя творы.

Узначаліць судзейскую калегію дзіцячага конкурсу салістка Вялікага тэатра Беларусі, народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна. А пакуль журы будзе раіцца, на сцэну выйдуць запрошаныя госці: Ірына Дарафеева, Ангеліна Ламака, Дзмітрый Качароўскі, ансамбль “Верасы”, узорны ансамбль танца “Дарунак”, узорная цыркавая студыя “Летуценнікі” і іншыя. У якасці вядучых выступяць Ангеліна Ламака і Дзмітрый Карась.

Старшынёй дарослага конкурсу стане рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Кацярына Дулава.

У другім аддзяленні выступяць Алёна Ланская, Вікторыя Алешка, Жанет, Аляксандр Саладуха, арт-група “Беларусы” і іншыя. Вядучыя — Вольга Венская і Марыяна Муранкова.

Пачнецца нацыянальны адбор з лёсавання, якое пройдзе напярэдадні, 19 сакавіка. А з самай раніцы 20 сакавіка ў холе Палаца культуры імя Максіма Горкага размесціцца выстава-кірмаш сувенірнай прадукцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Ад магнітаў і бірулек да кубкаў і капілак — усё для самага патрабавальнага пакупніка.

Бонусам для гледачоў стане трансляцыя з месца падзей у Instagram-акаўнце @festivalvitebsk і на тэлеканале “Беларусь 3”. 20 сакавіка на гэтым канале, а таксама на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by у 12:00 пачнецца паказ фіналу нацыянальнага адборачнага тура ўдзельнікаў XIX Міжнароднага дзіцячага конкурсу “Віцебск-2021”, а ў 17:00 — XXX Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2021”.
У прамым эфіры гледачы першымі змогуць даведацца імёны пераможцаў дзіцячага і дарослага конкурсаў.