Кантакт як выхад з анлайну

№ 11 (1502) 13.03.2021 - 20.03.2021 г

21 — 27 сакавіка Магілёўскі абласны драматычны тэатр будзе адзін за адным прымаць вядучыя калектывы з іншых гарадоў краіны: тут пройдзе Тэатральны тыдзень “М.@rt.кантакт.by”.

/i/content/pi/cult/841/17903/25.jpgКанец сакавіка, а менавіта тыдзень ад Міжнароднага дня тэатраў лялек да Міжнароднага дня тэатра, традыцыйна быў пазначаны правядзеннем буйнога форуму, што збіраў у Магілёве лепшыя спектаклі, знаных артыстаў і крытыкаў з усяго свету. Пандэмія ўнесла свае карэктывы: леташні юбілейны фестываль, які павінен быў стаць 15-м па ліку і прадэманстраваць 24 спектаклі з 11-ці краін, быў адменены літаральна напярэдадні, калі арганізатары зразумелі ўсю сур’ёзнасць небяспекі распаўсюджвання каранавіруса. Спачатку думалі захаваць у яго афішы гастролі беларускіх калектываў, але і гэтаму не было суджана тады здзейсніцца. Затое сама ідэя яшчэ больш пашыраных гастроляў айчынных тэатраў павінна здзейсніцца сёлета.

Афіша Тэатральнага тыдня абяцае шмат цікавага. Так, у ёй застаўся заяўлены год таму “Шлюб з ветрам” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі — спектакль, прызнаны лепшым у краіне за 2019 год паводле апыту крытыкаў. Але магілёўская публіка мае да яго і сваю цікавасць: гэта чарговая творчая работа Кацярыны Аверкавай, якая ў свой час была мастацкім кіраўніком Магілёўскага тэатра. У спектаклі РТБД яна выступіла ў тандэме з Яўгенам Карнягам, стаўшы адным з аўтараў “Шлюбу…”, кампазітарам і мастацкім кіраўніком. Дарэчы, музычны складнік тут — аснова зместу: спектакль уяўляе з сябе асучаснены вясельны абрад, што праз спевы і пластыку не “аднаўляе мінуўшчыну”, а ўзнімае найбольш набалелыя гендарныя праблемы, якія з часам не толькі не састарэлі, але і ўзмацнілі сваю актуальнасць. Ну а пластыка і іншыя мастацкія знаходкі згаданага Я.Карняга — гэта заўжды, пры любым драматычным і нават трагічным развіцці ўзнятай тэмы, сапраўднае свята для душы.

Заўважым, што па збегу абставін гледачоў чакае яшчэ адно сцэнічнае святкаванне шлюбу — “Мяшчанскае вяселле” Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Спектакль Ігара Казакова паводле аднайменнай п’есы Б.Брэхта — зусім іншы па сваёй эстэтыцы: вясёлы, іранічны, з клаўнадай і фарсам. Але таксама мае самае непасрэднае дачыненне да Магілёўскага тэатра: рэжысёр гэтага калектыву Міхаіл Лашыцкі (дарэчы, Тыдзень завяршаецца вадэвілем “Бяда ад пяшчотнага сэрца” ў яго пастаноўцы і сцэнаграфіі) выступіў у “Мяшчанскім вяселлі” мастаком. Дый І.Казакоў паспеў стаць улюбёнцам магілёўскай публікі. Доўгі час быў галоўным рэжысёрам тамтэйшага тэатра лялек, а сувязяў з гэтым горадам не страчваў і пасля свайго сыходу. У рэпертуары тэатра-гаспадара цяперашняга гастрольнага тыдня — яго нядаўняя “Пікавая дама”, ды не інсцэніроўка знакамітай пушкінскай аповесці, а пастаноўка аднайменнай постмадэрнісцкай п’есы Дзмітрыя Багаслаўскага. Гэты выбітны спектакль афіцыйна не ўключаны ў афішу Тэатральнага тыдня, але непасрэдна папярэджвае яго: чарговы паказ прызначаны на 20 сакавіка. Пэўна, вырашылі, што ажно тры казакоўскіх праекта будзе “занадта”: Магілёўскі абласны тэатр лялек прапанаваў на Тэатральны тыдзень адзін са сваіх хітоў, што ў свой час зрабіў фурор на “М.@rt.кантакце-2017” — спектакль “Сіняя-сіняя” ўсё таго ж І.Казакова паводле У.Караткевіча.

Дачыненне да Магілёва мае і “Дзядзька Ваня” Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра. Рэжысёр спектакля Віталь Краўчанка, нядаўна прызначаны мастацкім кіраўніком гэтага калектыву, пачынаў свой творчы шлях з пастаноўкі “Братоў і Лізы” ў Магілёўскім драмтэатры. Той спектакль, пазней прывезены на гастролі ў сталіцу, прыцягнуў да маладога рэжысёра ўвагу крытыкаў і грамадскасці — як гаворыцца ў такіх абставінах, зрабіў яму імя.

Такое беражлівае стаўленне да творчай моладзі, адкрыццё ўсё новых талентаў стала для Магілёўскага драмтэатра і яго былога дырэктара Андрэя Новікава, які быў на гэтай пасадзе больш за 20-годдзе, чымсьці накшталт крэда. Невыпадкова ў афішы цяперашняга Тыдня — “Лілічка” па творах Уладзіміра Маякоўскага і яго каханай Лілі Брык, дзе рэжысёрам і аўтарам інсцэніроўкі з’яўляецца Каміля Хусаінава, прынятая ў тэатр пасля вучобы ў нашай Акадэміі мастацтваў і ў Санкт-Пецярбургу.

Тэатр драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча з Бабруйска адкрые гастрольны тыдзень, расставіўшы ўсе “Кропкі на часавай восі”, што паспелі назбіраць суцэльны букет узнагарод. Журы Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі аддало яму ажно пяць узнагарод сярод тэатраў драмы, прызнаўшы лепшымі не толькі сам спектакль, але і п’есу Дзмітрыя Багаслаўскага, рэжысуру Таццяны Траяновіч, сцэнаграфію Валянціны Праўдзінай, а таксама мужчынскую ролю другога плана — заслужанага артыста Беларусі Аляксандра Парфяновіча. Тая “пяцёрка” ўзнагарод, бы зачараваная лічба, прынесла перамогу і надалей: V Рэспубліканскі конкурс тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія”, што праводзіўся Міністэрствам культуры Беларусі, адзначыў спектакль як “Лепшую пастаноўку па творы беларускага аўтара”.

Яшчэ адным творам беларускага аўтара, уключаным у праграму Тэатральнага тыдня, з’яўляецца “Метро” Аляксандра Савухі, чые працы пачалі ўваходзіць у шорт-лісты такіх прэстыжных конкурсаў-фестываляў драматургіі, як “Любимовка” ў Маскве, WriteBox у Мінску. Ёсць у “Метро” і першая перамога: рэжысёр і мастак-пастаноўшчык гэтага спектакля Андрэй Жыгур выйграў Рэспубліканскі конкурс рэжысёрскіх эксплікацый, дзякуючы чаму і адбылася гэта прэм’ера ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску. Сучасная п’еса, дзе герой балансуе між жыццём і смерцю, філасофскі мэсэдж, скіраваны ў тым ліку да моладзі, нечаканыя відовішчныя эфекты — у спектаклі ёсць што паглядзець і над чым задумацца. А само аблічча метро не толькі як “падземкі”, але і як дарогі, шляху — гэта яшчэ і штуршок да развагі пра будучае “М.@rt.кантакта”: ну павінна ж быць святло ў канцы тунэля. Дый слова “кантакт” у назве форуму — адно з самых, бадай, актуальных у сённяшняй тэатральнай практыцы, дзе ўсе крыху стаміліся ад “дыстанцыйных” паказаў і нават рэпетыцый.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"