У дызайне — наперадзе планеты ўсёй

№ 11 (1502) 13.03.2021 - 20.03.2021 г

Неверагодна, але факт, што быў такі момант, калі Беларусь сапраўды ў дызайне аказалася наперадзе планеты ўсёй. Гэта было звязана з падзеяй, якая адбылася ў Мінску цяпер ужо ў далёкім 1971 годзе — акурат паўстагоддзя таму. Але ўсё па парадку.

/i/content/pi/cult/841/17895/9.jpgПершыя спробы дызайнераў аб’яднацца

Пачнем з таго, што дызайнеры здаўна жадалі стварыць нейкую сваю міжнародную суполку. Першая спроба была зроблена яшчэ ў 1930 годзе, калі па ініцыятыве вядомага французскага дызайнера і арганізатара дызайнерскай дзейнасці Жака Вьено была створана міжнародная асацыяцыя дызайнераў “Porza”, якая грунтавалася на ідэях знакамітай нямецкай школы дызайну Баўхаўз і вялікака архітэктара і дызайнера ХХ стагоддзя Ле Карбюзье. У гэтую асацыяцыю ўвайшлі дызайнеры з некаторых еўрапейскіх краін. Адным з дэвізаў суполкі былі словы французскага пісьменніка Андрэ Мальро, які, дарэчы, неўзабаве стаў Міністрам культуры Францыі: “Завод, які зараз падобны да катакомбы, стане аднойчы храмам”.

З’езд у Лондане

Але гэта былі толькі першыя спробы дызайнераў аб’яднацца ў нейкім адзіным саюзе. Сапраўды ж рэалізаваць гэтую задуму ўдалася толькі пасля Другой сусветнай вайны. Улетку 1957 года ў Лондане сабраўся з’езд дызайнераў, дэлегатамі якога былі прадстаўнікі такіх краін, як ЗША, Шатландыя, Ірландыя, Германія, Італія, а ў якасці назіральнікаў прысутнічалі дызайнеры з Японіі і Індыі. Мэта з’езду была стварыць маштабную міжнародную асацыяцыю дызайнераў. І вось 28 чэрвеня 1957 года было абвешчана аб стварэнні Міжнароднага савета нацыянальных арганізацый прамысловага дызайну ІКСІД (гэта абрэвіятура ад англійскай назвы арганізацыі International Counselof Societiesof Industrial Design).

/i/content/pi/cult/841/17895/10.jpgМіжнародная асацыяцыя дызайнераў дзейнічае

У 1959 годзе ў Стакгольме прайшоў першы кангрэс ІКСІД. З таго часу кангрэсы гэтага аб’яднання праводзяцца кожныя два гады ў розных краінах-членах ІКСІД, на іх абіраецца кіраўніцтва арганізацыі — Сенат, Прэзідэнт і Генеральны сакратар. Першым Прэзідэнтам ІКСІД быў абраны вядомы дызайнер з Вялікабрытаніі Міша Блэк. У 1975 годзе кангрэс асацыяцыі праводзіўся і ў СССР, у Маскве. З часам ІКСІД набыў вялікі аўтарытэт у міжнародных арганізацыях (ААН, UNESCO), яго пачалі прыцягваць для рашэння міжрэгіянальных, сацыяльных, эканамічных і іншых праблем. Галоўнае ж было тое, што гэтая арганізацыя актыўна садзейнічала інтэграцыі дызайнераў розных краін.

Аб’яднацца ў сумеснай працы

Да пачатку 1970-х гадоў дызайнеры ў рамках арганізацыі ІКСІД мелі зносіны, толькі абменьваючыся прамовамі на кангрэсах, канферэнцыях ды сімпозіумах. Але Юрый Салаўёў, дырэктар савецкага Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута тэхнічнай эстэтыкі (УНДІТЭ), які ў 1965 годзе быў прыняты ў ІКСІД, прапанаваў пашырыць гэтыя зносіны ў якасці міжнароднага праектнага семінара, на якім дызайнеры з розных краін маглі б папрацаваць разам і такім чынам абмяняцца творчым вопытам, праектнымі ідэямі.

/i/content/pi/cult/841/17895/11.jpgМінск — цэнтр сусветнага дызайну

Ідэя правядзення міжнароднага праектнага семінара, якую прапанаваў Юрый Салаўёў, спадабалася кіраўніцтву ІКСІД. Было вырашана ў 1971 годзе правесці такі першы праектны семінар ІКСІД пад назвай “Інтэрдызайн-71”. Аўтар ідэі Салаўёў прапанаваў як месца правядзення семінара сталіцу тагачаснай БССР горад Мінск. Тут якраз нядаўна быў пабудаваны новы шасціпавярховы будынак Беларускага філіяла УНДІТЭ, у якім не сорамна было прыняць замежных гасцей.

Пачалася падрыхтоўка да гэтага значнага мерапрыемства. Семінар планаваўся як унікальная магчымасць для дызайнераў папрацаваць разам з замежнымі калегамі над рашэннем рэальных задач, не абмяжоўваючыся жорсткімі рамкамі і ўмовамі, якія звычайна прысутнічаюць у штодзённай практыцы. Прычым арыенцірам служылі дастаткова буйныя сацыяльныя праблемы, якія патрабавалі сур’ёзнай канцэптуальнай пазіцыі, новых дызайнерскіх ідэй.

Адной з мэт семінара было выяўленне спецыфікі зносінаў спецыялістаў, якія гавораць на розных мовах. Характарызуючы задачы першага міжнароднага праектнага семінара, яго каардынатар прафесар з Вялікабрытаніі Фрыц Хайт адзначаў менавіта гэта: “Тут ёсць шмат людзей, якія размаўляюць на розных мовах. Але мы жадалі б высветліць, наколькі ўніверсальная мова дызайну. Вобразна кажучы, вам прыйдзецца мець стасункі, перш за ўсё, пры дапамозе алоўка”.

Мінскі семінар

У пачатку лета 1971 года ў Мінску, у новым будынку Беларускага філіяла УНДІТЭ сабраліся разам 15 савецкіх (у тым ліку беларускіх) і 14 замежных дызайнераў — з Аўстрыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Індыі, Ірландыі, ЗША, Францыі, Японіі і шэрага еўрапейскіх краін сацыялістычнага лагера. Удзельнікам першага праектнага семінара ІКСІД “Інтэрдызайн-71” былі прапанаваны для распроцоўкі дзве тэмы. Першая — сістэма візуальных камунікацый для Мінска. Другая ж тэма, якая прапанавалася ўдзельнікам семінара, — арганізацыя сістэмы дастаўкі і продажу хлеба — можа здацца зусім не дызайнерскай. Сапраўды, тут няма ніякай звыклай для прамысловага дызайну праектнай работы над стварэннем канкрэтнага аб’екта. Але, трэба сказаць, што ў гэты час у сусветнай практыцы дызайну стаў актыўна развівацца накірунак, які атрымаў назву “нон-дызайн”. Гэта сума недызайнерскіх паслуг, якія выконваюць дызайнеры. Такі падыход патрабаваў дызайнера новага тыпу, дызайнера-кансультанта, які б мог аб’яднаць тэхналогію, праектаванне і сродкі гандлю ў дзейнасці па кіраўніцтву бізнесам. Менавіта на гэтае і была разлічана другая тэма семінара.

Для працы на семінары ўсе дызайнеры былі разбіты на некалькі міжнародных творчых калектываў, якія на працягу 10 дзён выконвалі па выбары адну з прапанаваных для распрацоўкі тэм. Праца праходзіла ў сапраўды творчай абстаноўцы: жаркія спрэчкі, “мукі творчасці”, азарэнні знаходак! І праўда, творцы зусім забываліся на тое, што яны размаўляюць на розных мовах, у сумеснай дзейнасці ўсе адзін аднаго вельмі добра разумелі.

І вось праца была скончана. Цяпер мела адбыцца абмеркаванне вынікаў праектай дзейнасці ўдзельнікаў семінара. Кожны калектыў выставіў планшэты са сваімі напрацоўкамі. На абмеркаванне сабралася шмат народу — супрацоўнікі Беларускага філіяла УНДІТЭ, прадстаўнікі кіраўніцтва ІКСІД, дызайнеры мінскіх праектных і вытворчых устаноў, студэнты — будучыя спецыялісты дызайну. Абмеркаванне атрымалася вельмі жывое. Зноў узнікалі спрэчкі, выказваліся і вельмі станоўчыя ацэнкі работы, а таксама і жорсткая крытыка. Адным словам, было цікава! Важна таксама тое, што пазней некаторыя прапановы, якія выказваліся на семінары па абедзвюх тэмах, былі выкарыстаны на практыцы мінскімі ўладамі.

Семінар атрымаў не проста высокую адзнаку ў ІКСІД — усе, без перабольшвання, проста былі ў захапленні. Таму было вырашана ўслед за мінскім такія семінары праводзіць рэгулярна ў розных краінах-членах арганізацыі, што і выконваецца да нашага часу. Але Мінск можа ганарыцца тым, што менавіта тут быў праведзены самы першы семінар у гэтым шэрагу. І сапраўды, беларуская сталіца тады аказалася ў дызайне наперадзе планеты ўсёй!

Якаў ЛЕНСУ, доктар мастацтвазнаўства