“Раней тут уставала зямля на дыбкі...”

№ 10 (1501) 06.03.2021 - 12.03.2021 г

Апошні бой Міхаіла Савіцкага
(Заканчэнне. Пачатак у №№ 8 — 9)

/i/content/pi/cult/840/17887/26.jpgМіхаіл Савіцкі працягвае свае ўспаміны:

“...Але пад раніцу паведамленні былі тыя ж. І толькі тады пра гэта паведамілі па падраздзяленнях. Нас палохала не тое, што галоўныя сілы Чырвонай арміі і флоту пакінулі Севастопаль. Мы ведалі і верылі, што горад, як і ўвесь Крым, зноў будзе нашым. Але на колькі часу разлічваць прадукты харчавання, боепрыпасы і медыкаменты, якія ўжо заканчваліся? Ды і такі разлік весці не было часу: штодзённа нас атакавалі немцы, і мы, губляючы таварышаў, адбіваліся, як маглі. І нават імкнуліся контратакаваць. Часам здавалася: сядзеш на камяністым узбярэжжы Херсанескага маяка — на гэтай самай заходняй кропцы Крымскага паўвострава, непадалёк ад Камышовай бухты, і думаеш, што ніякая сіла цябе ўжо не можа прымусіць падняцца. Толькі абавязак і доўг перад Радзімай прымушае рухацца і рабіць сваю баявую справу. І гэта не проста прыгожыя словы — так было... Баі, у асноўным, ішлі па ўчастках. У другой палове дня 2 ліпеня наш участак збоку 35-й батарэі атакавалі фашысты з пяццю танкамі і трыма бронетранспарцёрамі. Бой, пераходзячы ў рукапашны, працягваўся да вечара, і мы з вялікімі стратамі ўсё ж адагналі фашыстаў і румынаў. Наколькі я памятаю, гэта быў наш апошні бой. Сур’ёзнай праблемай у нас на Херсанесе была адсутнасць пітной вады. Часам даводзілася піць марскую ваду, разбаўляючы ў ёй цукар, які ў нас яшчэ заставаўся. Спёка страшэнная, усё цела гарэла ад распаленых камянёў. Бывала, я і мае сябры амаль страчвалі розум і лезлі напралом, каб завалодаць каністрай пітной вады альбо, калі пашанцуе, нямецкай фляшкай з кавай. Здаецца, 3 ліпеня фашысты ля Херсанескай бухты ўзарвалі скалу, пад якой размяшчаўся шпіталь. Там заставалася шмат параненых. Дык вось усе яны на працягу некалькіх хвілін былі закіданы нямецкімі гранатамі, у выніку чаго, мабыць, з сотні чалавек у жывых засталіся літаральна адзінкі. Увесь бераг у гэтым месцы быў пакрыты трупамі, наваленымі адзін на аднаго. Цяжка параненыя крычалі, прасілі іх прыстрэліць. Хто мог рухацца, імкнуўся паўзці да вады і тануў на вачах пад рогат варожых аўтаматчыкаў. Астатніх, хто яшчэ ацалеў, фашысты выцягвалі з-пад камянёў...”

/i/content/pi/cult/840/17887/27.jpgНадышла раніца 4 ліпеня. Лётчыкі люфтвафэ з паветра пачалі раскідваць лістоўкі з заклікам здавацца ў палон. Тым часам група маракоў і чырвонаармейцаў на дошках, лодках і ўплаў спрабавалі ўцячы ў мора — у зыбкай надзеі, што іх падбяруць нашы караблі і падводныя лодкі. Але выратаванне не прыходзіла, і “месеры” на брыючым палёце ўсіх лёгка расстрэльвалі з кулямётаў...

Каля дванаццаці гадзін падышлі нямецкія танкі і з берага сталі страляць навясным агнём па апошніх абаронцах чарнаморскай цвярдыні. Як успамінаў Савіцкі, камандзір 1-га артдывізіёна капітан Канавалаў падбег да палкоўніка пяхоты: “Што будзем рабіць?” А той адказвае, што ёсць тры выйсця: утапіцца, застрэліцца альбо палон. І трэба мо выбіраць апошні, таму што з палону можна збегчы і быць яшчэ карысным Радзіме. Мала хто падтрымаў такую ідэю, але разважаць на гэты конт не было калі. Знайшлі жалезную скрынку з-пад патронаў, завярнулі партыйныя, камсамольскія білеты, ваенныя пасведчанні ў цэлулоід і паклалі ў гэтую скрынку, якую зарылі ў скалах недалёка ад разбітага маяка...

А агнявая апрацоўка небывалай магутнасці ўсяго ўчастка абароны на Херсанескім паўвостраве шалёна працягвалася. На гэты раз азвярэлыя фашысты (яны ж падобнага супраціўлення ніколі не сустракалі ў Еўропе!) рашылі апошніх абаронцаў Севастопаля проста-такі сцерці з зямлі. Такой бамбардзіроўкі, артылерыйскай і мінамётнай, згадваў Савіцкі, ён яшчэ не бачыў. Боепрыпасы ўжо былі на нулі, “месеры” на брыючым палёце вялі кулямётны абстрэл, “юнкерсы” таксама не драмалі — пры кожным зручным выпадку бамбілі з паветра. Усе, хто трымаў абарону, зразумелі: дапамогі не будзе і развязка хутка наступіць...

Уладзімір Мішчанка, былы аднапалчанін Савіцкага, пасля вайны стаў галоўным канструктарам буйнога прадпрыемства ў горадзе Крывы Рог і напісаў успаміны, у якіх падрабязна апісаў і той бой 4 ліпеня 1942 года. Гэтыя рукапісныя старонкі, дасланыя аўтарам Савіцкаму ў Мінск, мне прадаставілі ў фондзе Мастацкай галерэі творцы, куды яны былі перададзены сынам мастака — Андрэем Міхайлавічам. Прыводжу толькі адзін невялічкі фрагмент рукапісу, бо лічу яго па-сапраўднаму праўдзівым дакументам пра тыя апошнія гераічныя і трагічныя дні Севастопальскай эпапеі, у крывавым кругавароце якой апынуліся Савіцкі і яго баявыя таварышы.

“Днём 4 ліпеня фашысты абстрэльвалі берагавую паласу, кідалі ўсё новыя і свежыя воінскія часці, імкнуліся ўсімі сродкамі скінуць нас, абаронцаў, у мора. Самалёты эскадрыльямі пікіравалі з усіх бакоў. Дымныя, перамяшаныя з пылам чырвона-жоўтай зямлі, слупы разрываў закрывалі сабой усю прастору вакол участкаў абароны. Калі дым, змяшаны з пяском, камянямі і рэшткамі разадраных на шматкі чалавечых цел, апускаўся на зямлю, да берага паўзлі фашысцкія танкі, а за імі — аўтаматчыкі. Іхнія атакі дорага абыходзіліся ворагу. Абаронцы прыкрыцця ўкладвалі навечна сотні нямецкіх трупаў, прымушаючы астатніх адкочвацца назад. Каб запужаць маракоў, немцы скарысталі псіхічную апрацоўку: яны сталі скідваць з пікіруючых самалётаў электраматоры, пустыя металічныя бочкі з адтулінамі, мяшкі з пяском, плугі, скрыні і проста бярвёны. І так — атака за атакай...”

Так, сапраўды, гэта былі самыя жорсткія бамбёжкі, бо ў час выбухаў бомб абрушваліся і абвальваліся цэлыя ўчасткі скалістага берага і засыпалася ўсё жывое пад масай камянёў і зямлі. Бой распадаўся на некіраваныя асобныя сектары, а потым і зусім спыняўся. Ішлі чацвёртыя суткі без вады і ежы. Смерць ужо хадзіла з касой вакол апошніх абаронцаў Херсанеса, і падступала ўсё бліжэй і бліжэй. Едкае, стракатае і дымнае полымя агнямётаў рынулася ўгару па адхоне. Цяпер здавалася, што гараць нават насыпныя валы, жалезабетон, трава — усё плавілася, сплюшчвалася, разбуралася, распаўзалася па зямлі... Няма нічога дзіўнага ў тым, што ў такой сітуацыі гітлераўскія войскі працягвалі займаць былыя ўмацаванні і руіны Севастопаля, сустракаючы на шляху толькі асобныя ачагі супраціўлення.

Міхаіл Савіцкі: “У мяне біяграфія дрэнная. Трапіў у палон — значыць здраднік, лічылася ў савецкі час. Нават пазней у Мастацкім вучылішчы многія мае сакурснікі глядзелі на мяне крыва, падазрона. Тым больш і тады працягвалі выклікаць мяне на “гутаркі” ў адпаведныя органы. І нікога не хвалявала, што я не здаўся ў палон, а мяне здалі разам з горадам. Здалі па віне камандавання. Так, прычыны трагедыі Севастопаля шмат у чым заключаны ў бяздарным кіраўніцтве нашай абаронай, і дзясяткі тысяч параненых, загінулых і палонных нашых чырвонаармейцаў і чырвонафлотцаў — галоўная яго віна...”

Падрабязнасці свайго паланення Савіцкі не памятаў. Апошняе, што ён бачыў, ці яму здавалася, нібы бачыў, — фантан успучанай зямлі і каменнага пылу. Хутчэй за ўсё, як у вершах: “Я не слышал разрыва. / Я не видел той вспышки, — / Точно в пропасть с обрыва — / И ни дна, ни покрышки...”

Гэтым выбухам Савіцкі быў моцна кантужаны на правае вуха, на хвіліну страціў прытомнасць, але, у адрозненне ад байца з верша Твардоўскага, змог вярнуцца на бок жыцця, не пераходзячы за мяжу небыцця. Калі ачуняў, над ім стаяў нямецкі аўтаматчык з закасанымі па локаць рукавамі...

Далей — пекла: перапоўненая змардаванымі, параненымі, скалечанымі палоннымі сімферопальская турма, перасыльныя лагеры ў Бахчысараі і Мікалаеве, 326-ты шталаг, працоўны лагер для ваеннапалонных у Дзюсельдорфе. Канцлагеры смерці Бухенвальд, Мітэльбау-Дора, каменяломні “Кравінкі”, Дахау. Вызваленне саюзнымі войскамі прыйшло 29 красавіка 1945-га. Вязня знайшлі непрытомным, ледзь жывым... Але — выжыў. Насуперак усяму выжыў. Мабыць, Бог яго захоўваў, захоўваў дзеля мастацтва, дзеля краіны, дзеля свету...

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"