Мушкецёр анімацыі Ленкін

№ 10 (1501) 06.03.2021 - 12.03.2021 г

На пачатку гэтага года, юбілейнага для ўсёй беларускай анімацыі, і свой уласны юбілей — 60-годдзе — адзначыў адзін з самых вядомых і ўшанаваных рэжысёраў нашага анімацыйнага кіно Аляксандр ЛЕНКІН. Яго першая стужка на кінастудыі “Беларусьфільм” выйшла яшчэ ў 1988 годзе, а праца над апошняй па часе была вось толькі скончана. Фільмы Аляксандра Ленкіна добра ведаюць дзеці — менавіта ён аўтар, сцэнарыст і рэжысёр, папулярных серыялаў для самых маленькіх “Прыгоды рэактыўнага парася” і “Рыбка з імем Нельга”, стваральнік фільмаў паводле беларускіх казак: найбольш знакаміты, шматкроць адзначаны ўзнагародамі на фестывалях — “Дзед”. Але і дарослая аўдыторыя сярод фільмаў Ленкіна знойдзе для сябе і нешта філасофскае, лірычнае, паэтычнае: тут варта згадаць стужку “Птаха”, што таксама неаднойчы адзначалася на фестывалях, — і нешта жартаўлівае, гарэзлівае. Ад самых першых дзён у анімацыі да падзей ужо гэтага года мы і пройдземся з Аляксандрам Ленкіным у гонар юбілею.

/i/content/pi/cult/840/17878/12.jpg— Як атрымалася, што вучыліся вы на акцёра, а сталі рэжысёрам мультфільмаў?

— Насамрэч я хацеў быць не акцёрам, а рэжысёрам ігравога кіно, — такая мара ў мяне з’явілася недзе ў класе дзявятым. Пра мультыплікацыю я нават і не думаў. Але ў тыя часы паступаць на рэжысуру адразу пасля школы было практычна нерэальна. Гэта зараз чамусьці лічыцца нармальным, калі чалавек без жыццёвага досведу ідзе на рэжысёра. Я і сам разумеў, што спачатку трэба чамусьці навучыцца, трэба пасталець. Вырашыў атрымаць вышэйшую адукацыю ў блізкай галіне. А я ўжо і маляваў, і ў тэатральных гуртках пазаймаўся. Так, з групай сяброў і сябровак мы рушылі ў Маскву паступаць на акцёраў, і мяне прынялі ў Шчэпкінскае вучылішча. Два гады я ў Маскве адвучыўся, заканчваў ужо ў Мінску ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Збіраўся ісці ў тэатр, але, пакуль была паўза, часова пайшоў на “Беларусьфільм” у мультцэх да свайго дзядзькі — рэжысёра Ігара Воўчака — на падпрацоўку мастаком-фазоўшчыкам. І ўжо праз тры тыдні зразумеў, што гэта  — маё, што анімацыя сапраўды чароўнае мастацтва, вартае таго, каб яму прысвяціць жыццё. Так я і зрабіў, як бачыце.

А да ігравога кіно з таго часу стаў даволі роўна ставіцца, бо ў анімацыі ўбачыў значна больш магчымасцяў. Але як акцёр пасля нават зняўся ў некаторых фільмах, напрыклад у “Дзяржаўнай граніцы”.

— З нагоды юбілейнай даты можам успомніць самы першы ваш фільм? Для вас гэта была ж, мабыць, значная падзея?

— Гэты фільм я прыгадаю з задавальненнем. Тады і для ўсяго беларускага кіно адбылася падзея, калі ў 87-м годзе Дзяржкіно БССР нарэшце вырашыла самастойна, незалежна ад Масквы даць грошы на тры беларускія дэбюты. Два былі ў ігравым кіно, і мой — у анімацыйным. Так і з’явілася “Просветленная ночь”, 15-хвілінная стужка. У Беларусі на той час анімацыя ўвогуле была на ўздыме, у яе прыйшлі маладыя таленавітыя творцы, такія, напрыклад, як Міхаіл Тумеля, Вячаслаў Бакуновіч, іншыя. Усе разам мы стварылі на студыі вельмі цікавую творчую атмасферу. І мая першая стужка амаль для ўсіх, хто яе рабіў, была першай — і для мастака-пастаноўшчыка, і для мультыплікатараў… Атрымалася добрая фестывальная работа пра тое, як у вялікім свеце, дзе адбываюцца мільёны і мільёны кантактаў, часам бывае складана адшукаць свайго адзінага дарагога чалавека, якому можна аддаць усё сваё жыццё.

— Пачыналі вы з фільма для дарослых, з так званага фестывальнага кіно, але самыя папулярныя і шырока вядомыя вашыя фільмы — усё ж для самых маленькіх гледачоў. Я маю на ўвазе цэлыя серыялы — “Прыгоды рэактыўнага парася”, “Рыбка з імем Нельга”…

— Трэба ўлічваць, што часта гэты падзел — дзіцячы фільм ці дарослы, фестывальны ці камерцыйны, даволі ўмоўны. Але што тычыцца згаданых вамі — то так, яны папулярныя. Але, магчыма, тут пытанне да тэлебачання — чаму яно іх так часта паказвае? (смех) Мы ж на кінастудыі здымаем да дзясятка анімацыйных стужак у год, і палова знятага дакладна вартая таго, каб быць паказаным. Мне, канешне, прыемна, што менавіта мае работы не абдзеленыя ўвагай, але і іншыя фільмы я хацеў бы бачыць. Увогуле, у мяне каля 30 стужак, і не ўсе, дарэчы, беларусьфільмаўскія. Вось, напрыклад, вельмі цікавы фільм “Шарман” я зрабіў на прыватнай студыі Validia — была такая ў 97-м годзе. У мяне хапае і таго, што называецца фестывальным кіно — для падрыхтаванага гледача, і таго, што зроблена для так званай шырокай аўдыторыі, што знята для самых маленькіх. Але ізноў жа скажу пра недакладнасць гэтых тэрмінаў. Выдатным прыкладам можа быць Андрэй Таркоўскі: у Савецкім Саюзе па касавых зборах яго фільмы былі трэцімі пасля фільмаў Разанава і Гайдая. Вось як ні дзіўна. Бо на фільмы Таркоўскага хадзілі не адзін раз, а тры, пяць, дзесяць, таму што яны патрабавалі даволі сур’ёзнага асэнсавання. Мой “Дзед” — паводле народнай казкі — на ўсіх фестывалях, на якіх быў, атрымаў узнагароды. Што не перашкаджае яму быць і папулярным. Ці фільм “Птаха” — ён мне вельмі падабаецца: гэта гісторыя пра старога пастуха, што выратаваў птушаня, якое потым ператварылася ў прыгожую ластаўку і напоўніла жыццё чалавека цеплынёй і любоўю. Вось быццам жа фестывальнае кіно, умоўна для дарослых. Але і дзеці глядзяць з вялікім задавальненнем.

На “Беларусьфільме” мы здымаем самыя розныя фільмы і для самай розной аўдыторыі. І адукацыйныя стужкі робім вельмі нядрэнныя. Якраз стараемся захоўваць гэтую шматжанравасць, бо калі яе не будзе, студыя ператворыцца ў нейкае фармальнае аб’яднанне. А такія доўга не жывуць.

/i/content/pi/cult/840/17878/13.jpg— Відавочна, вы маеце клопат не толькі за сябе, але і за ўсю студыю анімацыйных фільмаў, адзін час вы былі і яе мастацкім кіраўніком. Баліць душа за агульную справу?

— Мастацкім кіраўніком я пабыў нядоўга, гады тры. А потым — такая гісторыя — яшчэ два гады і я, і ўсе навокал думалі, што я мастацкі кіраўнік, але аказалася, што неяк цішком мяне ўжо пазбавілі гэтай пасады. (смех) Бо я заўсёды меў даволі актыўную і выразную пазіцыю наконт таго, што на студыі адбываецца, як наша анімацыя павінна развівацца, як усімі працэсамі павінны кіраваць менавіта прафесіяналы. Некаторым яна не падабалася. Таму пра тое, што ўжо не мастацкі кіраўнік, я даведаўся выпадкова. Сітуацыя, як кажуць, і смех і грэх.

Натуральна, за нашую студыю і нашае кіно я і перажываў, і перажываю. А зараз сітуацыя складаная, усе ведаюць: моладзь сыходзіць — ды й не толькі моладзь, спецыялістаў не хапае, заробку няма. І гэта ж я не толькі за агульную справу хвалююся, а і за свае фільмы! Я кіно раблю не адзін, у групе звычайна каля 20 чалавек, і я хачу, каб яны ўсе былі прафесіяналамі, каб яны атрымлівалі грошы, каб вучылі маладых, а тыя каб не вымушаны былі шукаць працу недзе ў іншых месцах. Калі коратка, я за тое, каб на ўсіх пазіцыях — што на творчых, што на кіраўнічых — былі менавіта прафесіяналы, а не выпадковыя людзі.

— 12 сакавіка будзе адзначацца 50 гадоў беларускай анімацыі. Ці ёсць нагоды для аптымізму?

— Я скажу, можа, і нясціпла, але як ёсць. Беларуская анімацыя за гэтыя 50 гадоў заявіла пра сябе як пра адну з найярчэйшых з’яў ва ўсёй беларускай культуры, прычым як унутры краіны, так і за яе межамі. Пацверджанне аўтарытэту ва ўсім свеце — незлічоная колькасць прызоў і запрашэнняў на фестывалі. І дагэтуль мы, нягледзячы ні на што, робім вельмі класнае анімацыйнае кіно, найвышэйшага ўзроўню, у нас выдатныя рэжысёры і мастакі. Так што юбілей я сустракаю з гонарам за тое, што ўжо амаль 35 гадоў з’яўляюся часткай гэтай з’явы. Ці ёсць нагоды для аптымізму — думаю, ёсць. Фільмы ўсё ж здымаюцца, фінансуюцца, таленавітыя людзі, як я казаў, у нас ёсць, значыцца, добрае кіно будзе працягваць з’яўляцца.

— Вы застаецеся верным “Беларусьфільму”, нягледзячы на цяжкасці. Згадваючы ўсе 35 гадоў, ці атрымлівалася ў вас здымаць менавіта тое, што вы самі хацелі і пра што марылі, ці часцей усё ж даводзілася сыходзіць з рэальнай сітуацыі і магчымасцей?

— Мяне часта куды-небудзь запрашалі, я ж працаваў і ў іншых калектывах, і нават у іншых краінах. Але тут такая справа — дзе ў чалавека якар. Я магу глядзець у розныя бакі, але якар у мяне ўсё роўна ў Мінску. Да таго ж я сапраўды вельмі люблю Беларусь і
вельмі хачу, каб у нашай краіне была самая крутая анімацыя.

А ці заўсёды здымаў менавіта тое, што сам хацеў, — мабыць, фіфці-фіфці. Дарэчы, пра рэактыўнага парася і рыбку Нельга я не збіраўся здымаць, начальства пераконвала. Зараз ужо не шкадую, хіба згадваю, што восем серый “Рыбкі” мы рабілі каля сямі гадоў! А па ідэі трэба было зрабіць за два і спакойна ісці далей. Але ж арганізацыя працэса, так бы мовіць, якая не залежала ад творчай групы, падвяла. А з тых, што сам вельмі хацеў, — ужо згаданыя “Дзед” і “Птаха”, быў калісьці ў мяне і лялечны фільм “Церам-церамок”. А яшчэ “Яма, танцы, чатыры струны”, “Каму чорт дзетак калыша” паводле казкі Уладзіміра Караткевіча — добрае кіно. Спіс можна працягваць.

— Апошнія гады вы прысвяцілі стварэнню ізноў жа серыяла “Тошка і яго сябры”. Як з’явілася ідэя героем мультфільма зрабіць бульбіну?

— На пачатку гэтага года, дарэчы, мы здалі чацвёртую серыю “Тошкі”, зараз я пішу сцэнар ужо для пятай. А ідэя прыйшла не тое што мне асабіста. Гадоў шэсць таму — я якраз быў мастацкім кіраўніком студыі — была пастаўленая задача: зрабіць чарговы мультыплікацыйны серыял. Мы з калегамі сабраліся і зладзілі такі мазгавы штурм: у якасці героя прапаноўваўся і васілёк, і бусел, і зубраня. Такім чынам дабраліся да бульбіны Тошкі. Бульба ж, можна сказаць, адзін з нашых сімвалаў. Нехта можа ўбачыць нешта дрэннае ў тым, што беларусаў называюць бульбашамі. А я лічу, калі зрабіць так, што гэтым можна ганарыцца, то ўсё стане на свае месцы. І мы прыдумалі для Тошкі цэлы свет, у якім ён жыве. І вось ужо паспяхова завяршылі чацвёртую частку. Іншая справа, што падобныя серыялы трэба здымаць не па серыі на год, а па тры-чатыры як мінімум, каб гэта можна было адразу выпускаць да гледача, каб быў нейкі рэзананс. Вось тая ж “Маша і мядзведзь” — там адначасова працуе некалькі рэжысёраў, некалькі груп, то і атрымліваецца з’ява.

— А толькі “Тошка” ў вас як у рэжысёра цяпер на парадку дня?

— Зараз абмяркоўваецца яшчэ адзін праект. Летась сумесна з расійскай анімацыйнай студыяй “Мір” мы працавалі над серыяй “Кампазітары свету — дзецям”. Я рабіў фільм паводле песні “Жук” Мадэста Мусаргскага. А цяпер мы хочам, каб і нашы беларускія кампазітары былі ў гэтым праекце. Я прапаноўваю зрабіць стужку паводле дзіцячай п’есы Яўгена Глебава “Мушкецёры”, якая мне вельмі падабаецца. Там вельмі выразная, характарная, проста такая кінематаграфічная музыка. Я ўжо і сюжэт прыдумаў. Вельмі разлічваю на тое, што ідэя ўвасобіцца ў жыццё.