Паміж Беніцай і Смалянамі, або Чаму б не пракласці маршрут для турыстаў?

№ 10 (1501) 06.03.2021 - 12.03.2021 г

(Працяг. Пачатак у №№ 3 — 5, 7)
Мы працягваем разам з чытачамі “К” нашу вандроўку па беларускіх сцяжынках філамата Тамаша Зана. Тых самых, па якіх ён, яго сваякі і продкі, пешшу ці конна, зімой і ўлетку, за стагоддзі наматлялі не адну тысячу “вялікалітоўскіх міляў”. Як і ў дзвюх папярэдніх частках, першая кропка нашага маршруту горад Маладзечна, які з’яўляецца цэнтрам перакрыжавання асноўных маршрутных ліній: Беніца — Смаляны, Аборак — Вязыць. Сённяшняя частка маршруту — Маладзечна — Лебедзева — Маліноўшчына — Пруды , як звяно ланцуга злучаецца з Беніцкім напрамкам, пра які вялася гаворка ў папярэдняй частцы.

/i/content/pi/cult/840/17876/8.jpgНаступны прыпынак...

Па старой завядзёнцы ў дарогу я заўсёды бяру нататкі і чытанкі. Таму ў электрычцы “Мінск - Маладзечна” разгарнуў кнігу “Зорка філаматаў”. Важкі том уз’яднаў пад адной вокладкай шэраг нарысаў і эсэ, “пра самых вядомых філаматаў (А.Міцкевіча, Т.Зана, Я.Чачота, А. Петрашкевіча, І.Дамейку і іншых), а таксама пра іх папярэднікаў і паслядоўнікаў”. Эсэ “Дарогамі Тамаша Зана” ўпершыню ўбачыла свет напачатку 1990-х, і было апублікавана ў кнізе “Лісце забытых алеяў: Эсэ” пісьменніка Кастуся Цвіркі. За гэты час, а прайшло без малага трыццаць гадоў, шмат што перамянілася ў беларускіх краявідах. Таму названыя вышэй пуцявыя натакі з апісаннем мясцінаў і, што немалаважна, сустрэчаў, маюць для сучасных даследчыкаў і вандроўнікаў відавочную значнасць. А наш “Шлях” можна разглядаць, як дапаўненне да “Дарог...”. Бо мэта ў нас была больш амбітная — прайсці і апісаць усе вядомыя нам сцяжынкі.

У электрычцы, ужо пад Маладзечна, ад чытанак мяне адарваў голас дыктара: “Мясата”. Першая ж думка — “на выхад”, але яе своечасова нагнала другая — “пра гэта напішу ў наступнай частцы”. Згодна з афіцыйнай версіяй, на свет Тамаш Зан прыйшоў менавіта тут, у Мясаце. Яшчэ трошкі пазней абвесцілі станцыю “Крыніца”, ад якой да апісаных у кнізе занаўскіх Вывёраў “поле перайсці”. Але і пра іх будзе далей.

Ад чыгуначнага да аўтавакзала ў Маладзечна, куды я накіроўваўся, зусім недалёка. Да мястэчка (цяпер — аграгарадка) Лебедзева, першага пункта вандроўкі, ехаць каля пятнаццаці хвілін. Каб не прапусціць якія-небудзь яшчэ неапісаныя краязнаўчыя цікавосткі, агляд мястэчка было вырашана пачаць ад яго ўсходніх межаў. Мушу заўважыць, што гэты “ўікэнд” выдаўся асабліва марозны, снежны і сонечны, таму падоўгу каля кожнага аб'екта я не затрымліваўся.

Заглыбленае ў аналы вякоў

“Так жь село Лебедево, што и к Лебедеву тягло и тягнет, и то Лебедевская волостка, люди все и села, тая околица” — так гучыць першая згадка пра Лебедзева ў дарчай грамаце ад вялікага князя літоўскага Ягайлы брату Скіргайлу (25 красавіка 1387 года). Аб гэтым мінакам штодня нагадвае памятная табліца. Вось толькі з-за таго, што нейкі “дабрадзей” выкруціў тры з чатырох шурубаў, на якіх табліца трымалася на велізарным валуне, чытаць тэкст трэба, бадай скруціўшы шыю ў прамым сэнсе. Дарэчы, зусім побач, таксама ў парку, усталяваны помнік савецкім салдатам, загінуўшым у Другой сусветнай вайне. А вакол парка, па баках свету — школа, адміністратыўны будынак (а ў ім мастацкая школа), касцёл Сэрца Пана Езуса (2001 год) і царква Святой Троіцы (1869 год). Таму вельмі дзіўна, што ў такім людным месцы ніхто не парупіўся або хаця б звінціць апошні шуруб, або вярнуць на месца тры, якіх не стае, замест скрадзеных.

/i/content/pi/cult/840/17876/9.jpgДарэчы, у адпаведнасці з археалагічнымі звесткамі, Лебедзева заглыбляецца яшчэ ў больш даўнюю гісторыю. Гарадзішча І тысячагоддзя да нашай эры, якое мела мясцовую назву “Царкавішча”, было знішчана падчас будаўніцтва дарогі ў бок Маркава. Валодалі ж Лебедзева, акрамя княскай дынастыі Гедымінавічаў, Гальшанскія, Радзівілы, Галаўні, Агінскія. Праходзіў тут у 1812 годзе Напалеон, вялі баі з расійскімі войскамі паўстанцы 1831 і 1863 гадоў. У 1925 — 1926 гадах тут разгарнуў сваю дзейнасць гурток БСРГ пад кіраўніцтвам паэта Алеся Салагуба. На будынку школы змешчана даўняшняя памятная дошка ў гонар паэта, праўда з памылковай датай смерці (1941).

Нарадзіўся ў мястэчку мастак Раман Семашкевіч. Як і Салагуб (1906 — 1934), Семашкевіч таксама быў рэпрэсаваны савецкай уладай (расстраляны у 1937 годзе). Пэўны час тут працавалі і такія асобы, як сусветнавядомы ў будучым вучоны Барыс Кіт (1910 — 2018) і гісторык Генадзь Каханоўскі (1936 — 1994), які “ўсё жыццё прысвяціў роднаму Маладзечненскаму краю”. І гэта сапраўды так. У згаданую вышэй вандроўку “маладзечненскімі дарогамі Зана” Кастусь Цвірка выбраўся менавіта са сваім сябрам і вялікім знаўцам гэтай зямлі спадаром Генадзем Каханоўскім.

Іншымі словамі, гісторыя насычаная і даволі няблага даследаваная. Але...

Гэтае колішняе слаўнае мястэчка па мерках гісторыі ўсяго толькі на нейкія трыста гадоў “маладзейшае” за Мінск, але адметнасцяў у ім усё ж менш. Уласна кажучы, амаль усе з іх я ўжо пералічыў. Засталося толькі згадаць тое, дзеля чаго ўласна я ў Лебедзева і завітаў.

Дзе ж было шукаць сляды?

Згодна з успамінамі Тамаша Зана, вярнуўшыся ў 1840-х гадах з выгнання, якое адбываў у Арэнбургскіх краях, і апынуўшыся ў родных мясцінах, завітаў ён і ў Лебедзева, каб наведаць магілу бацькі. Прычым магіла яго была побач з магілай Станіслава Святарэцкага, бацькі будучай жонкі Тамаша Зана.

Зразумела, пасля столькіх гадоў і падзей (і ў час маёй вандроўкі — пад мятровым снегам) шанец знайсці магілы двух “патрыярхаў” быў невялікі. Але хоць месца пабачыць было неабходна. І ўрэшце пабачыў — дзякуючы падказцы мясцовай жыхаркі, бо я ледзь не праскочыў могілкі, якіх не было ў маім “маршрутным лісце”. А старых могілак у Лебедзеве, аказваецца, дзве адзінкі. Тыя, на якіх цяпер хаваюць “праваслаўных”, мясцовыя жыхары называюць “старыя”, хоць амаль усе пахаванні там ХХ стагоддзя. А тыя, якія раскінуліся вакол неагатычнай капліцы з жоўтай цэглы — “каталіцкія”, лічацца новымі. Дзе ж было шукаць сляды?

/i/content/pi/cult/840/17876/10.jpgАле яны ўсё ж з’явіліся. Сярод дагледжаных магіл ХХ — ХХІ стагоддзяў знайшлася невялікая колькасць добра ўросшых у зямлю, перакуленых, ледзь бачных з-за снега, а мо надзейна схаваных ў хмызняку, камянёў сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Прычым каталіцкіх. Прозвішчы належаць старым мясцовым родам — Чаеўскім, Васілеўскім і іншым. Ёсць на гэтых могілках даволі масіўная стэла, пастаўленая ў памяць закатаваных у 1942 годзе месцічаў. Але, на вялікі жаль, што гэта была за трагедыя, а таксама — што за ахвяры, іх імёны, там не пазначана.

Нагадаю, што бацькі Зана і яго жонкі памерлі ў 1830 — 1840-х гадах. А маці Тамаша пайшла ў іншы свет да 1835 года. Таму, верагодна, на гэтым, заснежаным у дзень вандроўкі, пагорку яны і былі пахаваны. Святарэцкаму пашанцавала болей, бо яго нашчадкі пабудавалі ў сваім маёнтку Маліноўшчына пірамідальную капліцу-пахавальню і перанеслі яго парэшткі туды. Памяць жа пра Занаў аказалася зацёртай да белых плямаў.

Мо і так сыйдзе?

Развітаўшыся з гэтым месцам, адправіўся я да іншага пагорка, які можна цяпер, падаецца, назваць “пагоркам няспраўджаных надзей”. Бо, лічыў я, што Заны пахаваны на “новых”могілках. Дарэчы, з боку “старых” адкрываўся цудоўны від на “новыя”. Дзе сярод некранутых снягоў асляпляльна блішчэў бляшаны дах велічнай капліцы. Сапраўды, нягледзячы на выхадны дзень і далёка не раніцу, я на гэтых могілках аказаўся “першапраходцам”.

Невялікая колькасць надмагілляў канца ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя засведчыла, што і сапраўды могілкі гэтыя значна маладзейшыя за папярэднія. Гісторыя ж неагатычнай капліцы ў сціслым выглядзе такая. Пабудавана яна была як родавая капліца-пахавальня ў 1910 гадах. Уваход у крыпту з правага боку капліцы праз прыбудову-прыямак. Кім пабудавана, у даведніках не паведамляецца, але не выключана, што тымі ж Святарэцкімі. Даволі цікава, бо ўзведзена яна з жоўтай цэглы, што вылучае яе на тле вялікай колькасці касцёлаў і капліц з чырвонай цэглы пачатку ХХ стагоддзя. Аднавілі яе ў 1990-м годзе. Ступень захаванасці гэтага помніка архітэктуры проста выдатная. Праўда, ніякай шыльды ці ахоўнай дошкі на капліцы няма. Аб чым варта паклапаціцца мясцовым краязнаўцам. З такой жа жоўтай цэглы была пабудавана і брама, ад якой у наш час застаўся толькі адзін слупок. Цікава, што на гэтых могілках адно з самых пашыраных прозвішчаў належыць Каліноўскім. Можа такая інфармацыя прыдасца даследчыкам.

Пакінуўшы за сабой Лебедзева, рушыў я на Маліноўшчыну. Дарогай тут недалёка, каля трох кіламетраў. Спярша кіламетр на Беніцу, а рэшту па палявой дарозе, арыентуючыся на бліскучыя магутнасці завода “Аквадзіў”, якія бачны здалёк.

Менш чым за кіламетр ад Лебедзева маю ўвагу прыцягнуў нейкі манумент, які хаваўся сярод купкі дрэў. Аказалася, гэта месца страшнай трагедыі. Як пазначана на помніку: “На гэтым месцы ў ліпені 1942 года былі расстраляны і спалены 949 савецкіх грамадзянаў яўрэйскай нацыянальнасці”. Але ў Сеціве маецца больш канкрэтная інфармацыя пра гэту падзею: “24 чэрвеня 1942 года апошніх (600) сагналі пад выглядам вываду на працу ў хлеў, які знаходзіўся за 1 км ад Лебедзева ў бок вёскі Маркава і належаў А. Субачу. Тамака іх расстралялі і спалілі разам з хлявом”. Адрозненне фактаў даволі істотнае. Думаецца, што варта было б устанавіць усю гістарычную праўду пра тыя падзеі і ўсталяваць новую памятную табліцу.

У працягу мы распавядзем пра маёнтак роду Святарэцкіх, пра славутую капліцу ў выглядзе піраміды, чыя сястра-блізнячка схавалася на могілках ва Уздзе, а таксама пра маёнтак Аборак, дзе Тамаш Зан пражыў тры, не выключаю такой магчымасці, самыя шчаслівыя гады жыцця.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар