Неабдымны рэсурс правадніка

№ 7 (1498) 13.02.2021 - 19.02.2021 г

Як напісаць “біяграфію” кніжнаму помніку
4 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая прэзентацыя Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь. База дадзеных аб найкаштоўнейшых артэфактах кніжнай спадчыны краіны цяпер даступная ў Сеціве на партале Нацыянальнай бібліятэкі па адрасе kp.nlb.by. Дзякуючы ёй кожны ахвочы можа бліжэй пазнаёміцца з найбольш выдатнымі беларускімі старадрукамі і рукапісамі альбо самастойна паўдзельнічаць у стварэнні іх максімальна поўнага спіса.

/i/content/pi/cult/837/17832/25.jpgГенеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі падкрэсліў, што ў падначаленай яму ўстанове тыя ці іншыя новыя інфармацыйныя рэсурсы прэзентуюць ледзь не штотыдзень, але Дзяржаўны рэестр у іх шэрагу займае надзвычайнае месца — яго акурат можна лічыць галоўным з рэсурсаў такога кшталту, бо ў ім адлюстраваныя самыя каштоўныя кнігі, якія захоўваюцца ў нашай краіне.

Нацыянальная бібліятэка з моманту заснавання вядзе рэестр “Нацыянальная бібліяграфія”, які змяшчае ўсе выданні, што выходзяць у свет у Беларусі. Як правіла, у яго штогод трапляюць амаль 99 працэнтаў кніг, якія выйшлі на працягу года, а апошні працэнт выданняў паступова ўключаецца пазней. Гэта надзвычай высокі паказчык, які сведчыць як аб паспяховай рабоце супрацоўнікаў бібліятэкі, так і аб адказным стаўленні беларускіх выдаўцоў, якія супольна прыкладаюць усе намаганні, каб звесткі аб кніжнай спадчыне пастаянна збіраліся і абагульняліся. Прытым адметна, што бібліятэкам краін-суседзяў у аналагічныя тэрміны ўдаецца сабраць інфармацыю максімум аб палове выданняў. Паступова наспела патрэба і ў рэестры, які ўлічваў бы найбольш каштоўныя кнігі і калекцыі, што захоўваюцца ў Беларусі.

/i/content/pi/cult/837/17832/26.jpgАхоўны статус кнігі

Паводле Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь, кніжнымі помнікамі лічацца рукапісныя кнігі альбо друкаваныя выданні, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, або якія з’яўляюцца рэдкімі ці каштоўнымі дакументамі і маюць адметныя гістарычныя, навуковыя, мастацкія або іншыя вартасці. Задача Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь — улічыць усе выданні такога кшталту, якія захоўваюцца ў бібліятэках, музеях, архівах, іншых дзяржаўных і прыватных установах. Рэестр мусіць таксама зрабіцца асновай для папаўнення Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Работа над стварэннем рэестра вялася на працягу дзесяцігоддзяў, а яе заключны этап ахопліваў апошнія чатыры гады. У ходзе гэтай дзейнасці была выпрацаваная нарматыўна-метадычная база, што дазволіла вызначыць, якія выданні можна аднесці да ліку кніжных помнікаў, а таксама было распрацавана праграмнае забеспячэнне для стварэння электроннай базы рэестра.

У выніку на дадзены момант рэестр змяшчае інфармацыю больш чым пра тысячу сто кніжных помнікаў. На гэты момант рэсурс уключае толькі тыя кніжныя помнікі, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы, таму яго стваральнікі запрашаюць да супрацоўніцтва калег з іншых устаноў, каб працягваць напаўненне базы звесткамі аб актуальным стане кніжнай спадчыны Беларусі. Адной з галоўных задач рэестра мае быць не толькі ўлік кніжных помнікаў, але і забеспячэнне іх аховы і надзейнага захавання, а таксама высвятленне інфармацыі аб месцы знаходжання сёння выданняў такога кшталту за межамі краіны.

Намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, начальнік аддзела арганізацыі аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцяў Міністэрства культуры Наталля Лапаціна ўдакладніла, што сёння статус гісторыка-культурнай каштоўнасці маюць каля двух дзясяткаў кніг, якія ўвайшлі ў Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў. Яна таксама выказала спадзяванне, што работа па напаўненні рэестра будзе спрыяць наданню кніжным помнікам ахоўнага статусу.

Віртуальнае злучэнне кнігазбораў

Кіраўнік рабочай групы па стварэнні рэестра, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша адзначыў, што ў Беларусі існуюць музейныя ўстановы, у фондах якіх захоўваецца нават больш кніжных помнікаў, чым у буйных бібліятэках. Сярод іх, безумоўна, вылучаецца Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, у структуры якога дзейнічаюць, у тым ліку, Музей беларускага кнігадрукавання і Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага. Дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Джумантаева распавяла, што са ста тысяч адзінак захоўвання ў фондах установы — дваццаць тысяч складаюць кнігі і рукапісы, у тым ліку каля ста старадрукаваных выданняў — то-бок, кніг, якія былі выдадзеныя да 1830 года.

Аляксандр Суша нагадаў, што кніжная спадчына Беларусі надзвычай багата прадстаўлена ў зборах самых розных устаноў па ўсёй краіне. Так, музей рэдкай кнігі, створаны на аснове кніжных збораў з бібліятэкі роду Паскевічаў, дзейнічае з 2008 года пры Гомельскай абласной бібліятэцы. Летась адкрыўся аддзел рэдкай кнігі на базе Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага. Часам каштоўныя кніжныя помнікі нацыянальнага і нават міжнароднага ўзроўню захоўваюцца нават у сельскіх музеях у зусім невялікіх населеных пунктах — у якасці прыкладу можна згадаць Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей у Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці. Таму ідэя аб’яднання інфармацыі аб беларускіх старадруках на агульнанацыянальным узроўні наспявала даўно.

Крытэрыі этыкі да месца паходжання

Практыка захавання кніжных помнікаў на працягу гісторыі зазнавала істотныя змены ў розныя эпохі. Некалі лічылася, што найлепей забяспечыць ахову кніжнай спадчыны можна толькі цэнтралізавана, сабраўшы ўсе каштоўныя кнігі ў адным месцы, у адміністрацыйным цэнтры краю ці сталіцы дзяржавы. Такім чынам многія беларускія кніжныя помнікі на працягу XIX стагоддзя былі вывезеныя ў Санкт-Пецярбург, дзе дзейнічала Імператарская публічная бібліятэка, альбо ў Віленскую публічную бібліятэку — і ў выніку, як вядома, гэта стала прычынай страты многіх каштоўных кніг, якія так ужо ніколі і не вярнуліся ў Беларусь.

Сёння такі падыход не знаходзіць падтрымкі, а адмыслоўцы прытрымліваюцца меркавання, што вывозіць кніжны помнік з месца яго паходжання ці першапачатковага захоўвання не надта этычна і немэтазгодна з пункту гледжання яго папулярызацыі, бо менавіта на месцы найлепш раскрываецца яго патэнцыял. Важна заахвоціць уладальнікаў, каб яны ўсведамлялі значэнне помнікаў, якія знаходзяцца ў іх на захаванні, таму сёння варта развіваць паўнацэнны ўлік такіх кніг на рэгіянальным узроўні.

Жыццяпіс кнігі

Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў дае шырокія магчымасці для вывучэння і напаўнення. Кожны з запісаў рэестра, прысвечаны таму ці іншаму кніжнаму помніку Беларусі, утрымлівае інфармацыю аб назве, аўтары, выдаўцы, часе і месцы выхаду кнігі, яе фізічных характарыстыках, наяўнасці дэфектаў альбо памет і іншых асаблівасцях знешняга выгляду, колішніх уладальніках і сучасным фондатрымальніку ды месцы захавання. Такім чынам, прыводзіцца апісанне не выдання наогул, а індывідуальнага асобніка, таму, калі на захаванні ў бібліятэцы маюцца два ці больш экземпляраў той ці іншай каштоўнай кнігі, то ў рэестры будуць прыведзеныя запісы аб кожным з іх як самастойным кніжным помніку.

Таксама у кожным запісе ўтрымліваецца тэкставае апісанне кнігі з інфармацыяй аб прычынах яе ўключэння ў рэестр, і некалькі ілюстрацый, якія дазваляюць меркаваць аб выглядзе помніка. Для некаторых пазіцый рэестра даступны таксама поўны тэкст кнігі. Пры працы з рэестрам карыстальнік мае магчымасць праводзіць сарціроўку помнікаў паводле даты альбо месца выдання, мовы тэксту, рабіць выбаркі па некалькіх крытэрыях. Вызначыць месцы захоўвання кніжных помнікаў у тым ці іншым рэгіёне магчыма таксама з дапамогай інтэрактыўнай карты.

Уладальнікі ранейшыя і сённяшнія

Другі раздзел рэестра прысвечаны калекцыям, то-бок, кніжным помнікам, якія ўяўляюць каштоўнасць не толькі як адзінкавыя асобнікі, а як сукупнасць кніг, што склалася гістарычна і мае агульнае паходжанне. Асобныя дакументы, якія ўваходзяць у склад такіх калекцый, могуць нават не мець прыкметаў кніжнага помніка і не быць каштоўнымі самі па сабе, але іх значнасць вызначаецца акурат прыналежнасцю да пэўнага гістарычнага кнігазбору, які мог належаць той ці іншай гістарычнай асобе альбо роду. Між іншага, прадстаўленая тут інфармацыя пра кнігі, друкаваныя Францыскам Скарынам, нясвіжскія кніжныя зборы Радзівілаў, кніжныя калекцыі славутых беларусістаў Мікалая Янчука і Яўхіма Карскага, пра калекцыі інкунабул, лістовак, мініяцюрных выданняў, кніг з аўтографамі. З запісаў рэестра, прысвечаных такім калекцыям, таксама можна перайсці на старонкі асобных выданняў, улічаных у іх складзе.

Трэці ж раздзел рэестра, у сваю чаргу, распавядае аб фондазахавальніках, то-бок тых установах, дзе захоўваюцца кніжныя помнікі. Тут ужо створаныя профілі шасці абласных бібліятэк Беларусі, і іх супрацоўнікі могуць прыступаць да работы па ацэнцы заявак на ўключэнне кніжных помнікаў у Дзяржаўны рэестр, атрыманых ад іх уладальнікаў. У выніку на рэгіянальным узроўні можа быць дадзена першасная экпертная ацэнка патэнцыйных кандыдатаў на ўключэнне ў рэестр. Будуць створаны экспертныя групы з удзелам прадстаўнікоў абласных бібліятэк, краязнаўчых музеяў, іншых устаноў, якія змогуць ацэньваць, ці мэтазгодна ўносіць тую ці іншую кнігу ў Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў на падставе крытэрыяў, прапісаных у метадычных дакументах, прадстаўленых на сайце.

Адной з важных вартасцяў Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў як электроннай базы звестак з’яўляецца яго здольнасць да мадэрнізацыі і канвертацыі, што дазволіць забяспечыць надзейную працу са змешчанай у базе інфармацыяй у будучыні. Рэестр прадугледжвае дэцэнтралізаваны збор звестак аб кніжнай спадчыне, што забяспечвае доступ да яе напаўнення шырокаму колу зацікаўленых асобаў і арганізацый. Пры наяўнасці экспертнай ацэнкі і верыфікацыі заявак на ўключэнне помнікаў, каштоўнасць рэестра ў тым, што магчымасць прыняць удзел у працы па яго напаўненні маюць найперш самі захавальнікі. База прадугледжвае магчымасць працы на беларускай, рускай і англійскай мовах, існуе версія інтэрфэйсу для людзей з абмежаванымі магчымасцямі зроку. Застаецца спадзявацца, што Дзяржаўны рэестр здолее заахвоціць усіх аматараў і даследчыкаў айчыннай культурнай спадчыны бліжэй пазнаёміцца са светам кніжных помнікаў Беларусі.