— Мабыць, прычына ў наступным: у Дзяржспісе або пашпарце аб’екта спадчыны вельмі рэдка ўдакладняецца, што канкрэтна знаходзіцца пад аховай. Звычайна пішуць проста: “Будынак ХІХ стагоддзя”. Па логіцы, на ўвазе маецца менавіта ўвесь будынак — і звонку, і ўнутры. Але ж некаторыя чамусьці лічаць, што гаворка вядзецца тут толькі пра фасады ды надаюць увагу выключна ім. Да ўсяго, працы на іх бачныя старонняму воку, і калі ты зробіш нешта не тое, знойдзецца нехта неабыякавы, які пачне біць у званы. Інтэр’еры — іншая справа. Тое, што там робіцца, пракантраляваць куды цяжэй — асабліва калі тэрыторыя прыватная.
— А які ўвогуле маштаб праблемы? Няўжо ў мінскіх дамах можна знайсці так шмат каштоўных інтэр’ерных дэталяў?
— Ёсць стэрэатып, нібы ў нас нічога не захавалася: маўляў, усё вайна знішчыла. Насамрэч, гэта не так. Нават у тых будынках, якія гарэлі пасля бамбёжкі (не кажучы ўжо пра паваенныя), усё адно сёе-тое ды ацалела — скажам, сходы з каванымі парэнчамі або рэшткі арыгінальных роспісаў. Яны наогул трапляюцца ці не паўсюдна: гадоў сто таму шпалеры былі дарагія, і сваё жытло распісвалі нават не самыя заможныя гаспадары.
Але той стэрэатып даецца ў знакі: думаем, што не захавалася, таму і не шукаем. На жаль, такі падыход часам бывае і ў калег-рэстаўратараў: аб’ект бадай цалкам захаваў інтэр’еры — а адказны спецыліст цвердзіць, што нічога цікавага там няма. Хаця яго задача — правесці даследаванні і выявіць усё каштоўнае, што ацалела на аб’екце, а не без ваганняў падпісваць рашэнне, якое ставіць на інтэр’ерах крыж. Так было ў мінскім будынку на Камсамольскай-15: вырашылі, нібы нічога каштоўнага ўнутры не засталося — а насамрэч пад тынкоўкай таіліся цікавыя паліхромныя роспісы. На шчасце, дзякуючы пільнасці рупліўцаў іх удалося захаваць.
Больш сумны прыклад — вядомая фабрыка-кухня. Падчас яе рэканструкцыі мянялася некалькі праекціроўшчыкаў і навуковых кіраўнікоў — і ніхто з іх не пацікавіўся, ці ёсць там арыгінальныя роспісы. А яны былі “зашытыя” пад столлю падчас апошняга рамонту — што адразу і выявілася, калі яе разабралі. Роспісы незафарбаваныя, некалькі соцень квадратных метраў! Яны датуюцца 1952 годам, але пад гэтым слоем рэстаўратары адшукалі яшчэ тры, прычым адзін з часоў акупацыі. Зразумела, што гэта цікавыя гістарычныя дакументы, вартыя дэталёвага вывучэння. Аднак у праект ужо быў закладзены стопрацэнтны дэмантаж тынкоўкі...
— Ці можаце вы неяк патлумачыць такое стаўленне сваіх калег? Можа, гэта проста памкненне дагадзіць заказчыку?
— У тым і справа, што не! Яны могуць дзейнічаць шчыра — ды пры гэтым прыносіць шкоду праз сваю самаўпэўненасць. Таму мы павінны разумець простую ісціну: усяго-ўсяго ніхто з нас ведаць не можа. Я вось таксама не спецыяліст па манументальным жывапісе. Але працуючы на гістарычных аб’ектах, абавязкова такіх адмыслоўцаў запрашаю, калі дапускаю, што там можа быць роспіс. А добраму рэстаўратару жывапісу варта зрабіць маленькі зандаж, каб выявіць, ці ёсць там нешта вартае ўвагі. Гэта зойме ў яго пару працоўных гадзін.
— Аднак ці не варта такую справу ўрэгуляваць заканадаўча, а не пакідаць “на сумленне” саміх архітэктараў?
— На шчасце, гэта ўжо зроблена. У дазволе, які выдае Міністэрства культуры на выкананне праектных работ, апошнім часам з’явіўся пункт, які абавязвае архітэктараў даследаваць таксама і інтэр’еры. Гэта вельмі важны і пазітыўны крок. Іншая справа — ці заўсёды заканадаўства выконваецца? Некалькі разоў здаралася такое: ідуць працы, усё нібыта ўзгоднена, а я з будаўнічага смецця дастаю тынкоўку з фрагментамі роспісаў. На жаль, пры адсутнасці адмысловай Дзяржінспекцыі па ахове спадчыны, пра неабходнасць стварэння якой вось ужо каторы год кажуць прафесіяналы, пракантраляваць такія парушэнні бадай немагчыма.
— Адноўленыя інтэр’еры мінскага “Цэнтральнага” — з усім тым мілым сацрэалістычным кітчам — даўно сталі першаразраднай турыстычнай фішкай. Здавалася б, такі прыклад мусіў натхніць і іншых...
— І ён не адзінкавы. Падаецца, прадпрымальнікі пачынаюць разумець, што адметнасць інтэр’ераў іх установы можа быць іміджавым плюсам. Не так даўно нашым замоўцам стаў банк, які мае аддзяленне ў старым доме на Прывакзальнай плошчы. Унутры там усё было зашыта гіпсакартонам. Але калі яго знялі, мы пабачылі “родную” класіцыстычную ляпніну, хай і далёка не ў найлепшым стане. Банк пагадзіўся перарабіць праект ды патраціцца на аднаўленне інтэр’ера — разумеючы, што гэта будзе статусны аб’ект, візітоўка. А тыя лішнія грошы і час некалі акупяцца за кошт маркетынгу.
Аднак нярэдка бывае так, калі гаспадары шчыра імкнуцца захаваць інтэр’ер, ды не ведаюць як. Адзін з апошніх прыкладаў — кавярня ў даваенным будынку Белкамунбанка на скрыжаванні Леніна і Маркса. Арандатар, пачаўшы рамонт, зняў падшыўную столь і заўважыў пад ёй рэшткі роспісаў. Праект перарабілі, каб той роспіс зберагчы — ды, на жаль, спецыялістаў, здатных падказаць правільную тэхналогію кансервацыі, не запрасілі. Не доўга думаючы, узялі ды і пакрылі ўсё лакам. Што гэта азначае? Па-першае, калі роспіс меў некалькі слаёў, даследаваць іх будзе ўжо немагчыма: яны склеіліся. А па-другое — калі ўзнікне жаданне зрабіць рэстаўрацыю, дый проста ачысціць роспіс ад бруду, “дабрацца” да яго будзе вельмі складана: давядзецца здымаць лак, што вельмі складана і дорага.
— Хацелі зрабіць як лепей, але…
— Менавіта! Часта згубныя вынікі атрымліваюцца менавіта праз некампетэнтнасць. Прыкладам, сёння модным стала пакідаць у інтэр’ерах неатынкаваныя цагляныя сцены — каб стварыць атмасферу даўніны. Але часам для гэтага збіваюць тынкоўку разам з гістарычнымі роспісамі. Проста праз няведанне!
— Думаецца, многія ўласнікі — і асабліва часовыя карыстальнікі — аб’ектамі спадчыны зараз скажуць, што сур’ёзныя даследчыя і рэстаўрацыйныя працы ім папросту не па кішэні…
— Але ж даследаванні не каштуюць вялікіх грошай. Пагатоў, наколькі я ведаю, спецыялісты ў гэтай справе — людзі папраўдзе апантаныя, і дамовіцца з імі вы зможаце. Кантакты такіх рэстаўратараў, дарэчы, можна знайсці на сайце Міністэрства культуры. Бярыце ды карыстайцеся.
Наогул, я заўсёды прыводжу замоўцам менавіта эканамічныя аргументы. Напрыклад, каб зрабіць 1 м2 штучнага мармуру, сёння спатрэбіцца 50 — 100 долараў — у савецкія часы, дарэчы, тэхналогія была куды больш даступнай. Але ведаю выпадкі, калі тую тынкоўку замянялі на банальную белую фарбу. Зрэшты, разуменне каштоўнасці спадчыны, як я бачу, ужо прыходзіць. Калі раней жыхары неакласічных дамоў (не люблю гэтае слова — “сталінкі”) выкідалі дубовыя дзверы сваіх кватэр, замяняючы іх на металічныя, дык цяпер некаторыя вяртаюць драўляныя — хаця каштуюць яны часам як нядрэнны легкавік.
Урэшце, тут ёсць важны прынцып. Галоўнае ў рэстаўрацыі — не аднавіць па максімуме, а не нашкодзіць. Мы разумеем, што часы, падыходы і тэхналогіі мяняюцца. І калі цяпер няма грошай на добрую рэстаўрацыю, роспісы трэба проста захаваць, каб нашы нашчадкі маглі знайсці патрэбныя рэсурсы і ўсё належным чынам зрабіць.
Адносна нядаўна даводзілася працаваць над рэканструкцыяй будынка Рэспубліканскага музычнага каледжа — былой езуіцкай школы канца XVIII стагоддзя, а потым Дома губернатара. Нягледзячы на шматлікія перабудовы, часам проста варварскія, на сценах захаваліся роспісы яшчэ з езуіцкіх часоў! Але ж тэрміны прац былі невялікія, бюджэт спланаваны сыходзячы з таго, што на сценах нічога каштоўнага няма… І вось, удалося знайсці кампраміснае рашэнне: унесеныя змены ў праект, знойдзены падыходы, каб тыя фрэскі захаваць, яны дакументальна зафіксаваныя. І калі гадоў праз 50 справа дойдзе да наступнага рамонту, архітэктары ўжо будуць ведаць пра іх наяўнасць і змогуць адразу запланаваць рэстаўрацыйныя працы.
— А якія прыёмы ў гэтым выпадку прымяняльныя?
— Яны не такія і складаныя. Сцены з роспісам зашытыя гіпсакартонам, а там, дзе тынкоўка амаль адвальваецца, ён яе адмысловым чынам умацоўвае. Прычым каштарыс праекта гэта нават трохі зменшыла: не спатрэбілася траціцца на тое, каб тую тынкоўку збіць. Лічу, што варыянты заўсёды ёсць. Спецыялісты-практыкі заўсёды сыходзяць з рэальнасці задач, і таго хлопца, які зняў пару дзясяткаў “квадратаў” пад уласную кавярню, ніхто не будзе прымушаць рабіць даражэзную рэстаўрацыю. Добры архітэктар прапануе яму нешта іншае: лепей да часу схаваць той роспіс ад вачэй, чым яго нішчыць або спрабаваць аднавіць саматужна.
Урэшце, арандатар павінен разумець, што калі аб’ект, аддадзены яму ў карыстанне, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, ён належыць у пэўнай меры ўсяму грамадству — не толькі сучаснаму, але і будучаму. І калі хоць трохі з’явіцца адчуванне гэтай адказнасці...