Пакліканы гісторыяй — Яўзебі Лапацінскі

№ 7 (1498) 13.02.2021 - 19.02.2021 г

(Працяг. Пачатак у №№ 4 — 5)
Мы працягваем знаёміць чытачоў з “таямніцамі” роду Лапацінскіх. Прыйшоў час распавесці і пра выдатнага прадстаўніка роду, гісторыка, асоба якога, на жаль, застаецца малавядомай нават у асяродку беларускіх архівістаў.

/i/content/pi/cult/837/17823/8.jpgЗібі

Герой нашай публікацыі нарадзіўся 1 сакавіка 1882 года ў Кіеве, дзе ў тыя часы яго бацька, актыўна і па агульнаму меркаванню, вельмі паспяхова займаўся адвакацкай дзейнасцю. Поўнае імя першанца Станіслава Лапацінскага, дадзенае яму пры хросце — Яўзебі-Мар’ян-Ян-Станіслаў (у сямейным і сяброўскім коле Яўзебія звалі “Зібі”, а сам ён часам падпісваўся “Ananke” , “E.L.”.).

У 1892 годзе памерла яго маці і бацька Яўзебія блізка сышоўся з ахмістрыняй маёнтка Юзэфай Шчучкавай.Той самай, ад якой нарадзіўся сын Станіслаў (прыкладна, у 1895 годзе). Як меркавалі сваякі Лапацінскіх, яе ўплыў на главу сям’і, чалавека вельмі паважанага за грамадскія заслугі на Віцебшчыне і ў Інфлянтах, Станіслава Лапацінскага быў вялікі. Яніна Жаўтоўская (цытую па Людміле Хмялеўскай) пакінула пра Юзэфу, з якой пазнаёмілася ў 1907 годзе, такія нататкі: “Гэта была асоба, як мне падалося, старая, худая, непрыгожая, гладка прычэсаная і сціпла апранутая, грубаватая і незалежная, якая дазваляла сабе называць пана Лапацінскага: “Гэй ты, стары!”, што той цярпеў, выбачаючы ёй многае, магчыма, па прычыне яе адданасці”. Прысвяціў ёй колькі радкоў і іншы сваяк Лапацінскіх, паляшук Антон Кяневіч, аўтар цікавых успамінаў “NadPrzypecia, dawnotemu...”: “Аднак, вельмі ўражвала ў старасвецкім акружэнні панаванне пані Юзэфы, былой прыслугі жонкі пана Станіслава, якая зараз займалася ўтрыманнем дома і ўсёй хатняй гаспадаркі, адначасова неафіцыйна займаючы пасаду блізкай сяброўкі гаспадара дома. Пры гасцях пані Юзэфа не сядала да стала, аднак, усім у цэлай ваколіцы было вядома, што калі хто хацеў быць у добрых стасунках з панам Станіславам, мусіў у першую чаргу шукаць прыхільнасці пані Юзэфы”.

Пасля заканчэння класічнай гімназіі ў Рызе Яўзебі паступіў вольным слухачом на гуманітарны факультэт Ягелонскага ўніверсітэта, дзе цалкам паглыбіўся ў любімую з дзяцінства гісторыю. Праўда, вучыўся там нядоўга (1903 — 1904 гады). Пазней працягнуў адукацыю ў Дорпаце (цяпер Тарту). Але ўніверсітэцкія штудыі не завершыў. Бо ў пачатку 1905 года ў Інфлянтах пачаліся народныя хваляванні і паўстаўшыя латышы “пачалі паліць замкі баронаў, а саміх баронаў забіваць”. Таму Станіслаў Лапацінскі адправіў сына падалей ад бяды ў Вільню. А сам працягваў назіраць за падзеямі са старой сядзібы ў Сар’і.

Захапленне гісторыяй праявілася ў Яўзебія рана і вельмі здзіўляла сямейнае кола. Людміла Хмялеўская ў сваёй кнізе пра род Лапацінскіх прыводзіць два цікавых сведчанні. “Зібі быў “прыемны ў размове, вельмі інтэлігентны, можа, трохі арыгінальны з прычыны старасвецкіх манер, — пісала пра яго Жаўтоўская.— Ён здаваўся сур’ёзным і ўраўнаважаным і адпавядаў меркаванню, распаўсюджанаму пра ліцвінаў… Маладога чалавека, здавалася, атачалі чары рамантычнай натуры, ён першы сярод знаёмых пачаў задумвацца над значэннем роду, традыцыі, гісторыі, апавядаў пра генеалогію, пра старыя партрэты, што віселі ў Сар’і, пра свавольствы пані Дароты Лапацінскай, колішняй уладаркі Кайранаў пад Вільняй. Ён распавядаў нават пра духаў, бо ягоная цётка пані Жавуская бачыла ў Сар’і прывід ужо памерлага дзядулі Тамаша, мужа пані Дароты” (мужа звалі Юзаф).

Калі біскуп дае шлюб

У 1905 годзе малады гісторык пазнаёміўся з 18-гадовай Ядвігай-Аленай-Марыяй Патвароўскай. Заручыны адбыліся на новы год у Балценіках. А праз год, 6 чэрвеня 1906 года ў Кафедральным касцёле Святога Станіслава і Святога Уладзіслава, у бакавой капэле Святога Казіміра, у прысутнасці вялікай колькасці сваякоў і сяброў гэтых дзвюх сем’яў яны пабраліся шлюбам. У знойдзенай мной метрыцы напісана, што шлюб адбыўся ў касцёле Святога Духа. Сведкамі на шлюбе ў маладых выступілі Аляксандр Горват, князь Юльян Пузына, Уладзіслаў Цэханавецкі, Антон і Геранім Кяневічы (родныя дзядзькі Ядвігі).

Бацькамі Ядвігі былі прадстаўнікі старых родаў з усходняй Беларусі Ксаверы Патвароўскі і Клатыльда Кяневіч, парафіяне Петрыкаўскага касцёла. Дзед Клатыльды Кяневіч Геранім быў харужым Мазырскага павета, а бацька яго жонкі Кацярыны Ігнат Горват пэўны час займаў пасаду мазырскага гродскага суддзі.

Згадаўшы род Горватаў нельга абмінуць згадкай брата Кацярыны Даніла. З яго асобай звязваюць пабудову славутага палаца ў Нароўлі. Які, дарэчы, зусім нядаўна выкупілі энтузіясты, сярод якіх журналіст і пісьменнік Андрусь Горват. Палац у Нароўлі стаіць высока над Прыпяццю на самым поўдні Беларусі. А яго “сваяк” — палац Лапацінскіх у Лявонпалі, зверху пазірае на паўночную мяжу Беларусі — раку Дзвіну (колішні Рубон).

Згаданы Антон Кяневіч (дарэчы, быў бацькам і дзедам двух вядомых гісторыкаў  — Стафана і Яна) у сваіх успамінах апісаў шлюб Лапацінскіх, а таксама дадаў перасцярогу, якая спраўдзілася. Шлюб маладым даваў тагачасны віленскі біскуп Эдвард Ропп (будучы магілёўскі мітрапаліт) і сваяк Лапацінскіх. Бацька Антона быў гэтаму не рады і сцвярджаў, што ведае некалькі сям’яў, якія паблаславілі да шчаслівага сужэнства біскупы. Усе яны былі нешчаслівымі, а некаторыя нават распаліся. Зразумела, біскупы не “з неба спусціліся”, а былі самымі звычайнымі людзьмі, пераважна з вельмі заможных, часам магнацкіх родаў ВКЛ. І, па вялікім рахунку, мала чым адрозніваліся ад сваіх свецкіх братоў — актыўна ўдзельнічалі ў палітычных гульнях і карысталіся ўдалай магчымасцю значна павялічыць свой дабрабыт. Не грэбавалі нават здрадай інтарэсаў сваёй дзяржавы. Так у 1794 годзе, як маскоўскіх агентаў, варшаўскія месцічы адправілі на шыбенніцу віленскага біскупа Юзафа Касакоўскага, а ў Вільні, у гэты самы час, па прысуду Найвышэйшай Рады паўстання (з Якубам Ясінскім на чале) пакаралі смерцю вялікага літоўскага гетмана Шымана Касакоўскага, брата Юзафа. Дарэчы, Адам Міцкевіч лічыў “ворагамі дзяржавы” арыстакратаў і вышэйшыя колы духавенства, аб чым пісаў у сваіх публікацыях. Меў прыклады…

Маладыя перабраліся ў стары палац у Лявонпалі, які адмыслова для сям’і сына аднавіў Станіслаў Лапацінскі. Сядзіба, пабудаваная ў XVIII стагоддзі на высокім беразе Дзвіны, доўгі час была нежылая. У якасці помсты за ўдзел дзеда Ігната ў паўстанні яе спалілі расійскія казакі. Каб будынак не прыйшоў у непатрэбны стан яго наноў пакрылі дахам, але ніхто там не жыў (сядзіба гэта захавалася і пра яе няпэўны лёс мы плануем публікацыю).

Але перад тым як асесці ў родавым маёнтку Яўзебі з жонкай адправіліся ў вандроўку па Еўропе. І нейкі час прабавілі ў Швейцарыі, у Халанеўскіх, сваякоў Борхаў.

Як хваляваліся дасведчаныя Кяневіча — гэты шлюб быў няўдалым. Неўзабаве пасля нараджэння ў 1907 годзе дачкі Тэклі, каля 1911 года, Яўзебі пакінуў сям’ю і адправіўся ў даволі працяглае “турнэ” па Еўропе з жанчынай, якая прыглядала за яго дачкой. Сваякі выказвалі думку, што, магчыма, тут не абыйшлося без “майстра інтрыгі” — “дамы сэрдца” Станіслава Лапацінскага, ахмістрыні Юзэфы. З’яўленне ў будучыні сына ў Яўзебія Лапацінскага сапраўды, магло паўплываць на шанцы яе сына Станіслава атрымаць “спадчыну па бацьку”. Бо ўсё ж Яўзебі быў законным, хоць, магчыма, і не надта любімым сынам.

Пасля бегства з Ляванполя Яўзебі нямала павандраваў па Еўропе. Быў у Францыі, Швейцарыі і Італіі, дзе “замацоўваў” тэарэтычныя веды, атрыманыя падчас вучобы. І гэтыя практычныя веды, у спалучэнні з тэорыяй і прыроднай цікавасцю да мінуўшчыны, далі плён.

Першыя крокі

Каля 1911 года Яўзебі Лапацінскі прыехаў у Варшаву і паступіў на працу ў аддзел рукапісаў бібліятэкі Красіньскіх. У гэты час малады гісторык-архівіст распачаў збор сваёй уласнай калекцыі медалёў, малюнкаў і карцін, навукова-дакументальных матэрыялаў, якая па стане на 1914 год ацэньвалася як “велізарная”. На вялікі жаль, Першая сусветная вайна знішчыла гэту калекцыю цалкам. Сам Лапацінскі часы вайны перачакаў у Пецербургу.

У 1918 годзе гісторык вяртаецца ў Вільню, дзе застае карціну татальнага хаосу ў архіўнай справе. Царскія ўлады падчас эвакуацыі з Вільні вывезлі за горад частку найстаражытных дакументаў. А рэшту, не маючы часу займацца паперамі, калі зямля гарэла пад нагамі, скінулі ў некалькі віленскіх двароў. Вацлаў Студніцкі (былы дырэктар віленскага гарадскога архіва) і Яўзебі Лапацінскі аператыўна наладзілі ратаўнічыя працы і не далі гэтым дакументам знікнуць без следу або разбегчыся па прыватных зборах. Увогуле, як пісалі знаўцы, у Вільні ў тыя часы захоўваўся такі велізарны аб’ём дакументаў, што калі б іх можна было б выставіць на адну паліцу, то яе даўжыня раўнялася б 18 кіламетрам (!).

Так Яўзебі Лапацінскі стаў архівістам. Але бальшавіцка-польская вайна прымусіла яго ізноў узяць у рукі паходны “сакваяж”. Ваенная хваля насіла Лапацінскага ад Торуня да Брацлаўшчыны, што блізу Вінніцы, цягам 1921 — 1922 гадоў. Працаваць давялось перакладчыкам, войтам, кіраўніком камітэта асветы і яшчэ шмат кім. Вярнуўшыся ў Вільню Яўзебі Лапацінскі заняў пасаду віцэ-дырэктара Дзяржаўнага архіва (да 1927 года). Гэта быў перыяд напружанай архіўнай працы, збораў матэрыялаў па гісторыі Вільні, ВКЛ. І асобае месца ў гэтых пошуках занялі раскіданыя па розных архівах і зборах звесткі, датычныя вялікалітоўскіх (уся тэрыторыя ВКЛ) мастакоў, скульптараў, рамеснікаў і іншых творчых асобаў.

Пра далейшы лёс выдатнага архівіста чытайце ў наступнай частцы.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар