Наўздагон Зюзю, або Душа прагне свайго

№ 4 (1496) 23.01.2021 - 30.01.2021 г

Чым замяніць “лайфхак”?
Новы год. Колькі традыцый звязана з гэтым святам, пачынаючы з маштабаў краіны і горада, заканчываючы асобнымі сем’ямі. Шматлікія традыцыі сустрэчы Новага года складаліся не адзін дзясятак гадоў, а то і стагоддзяў, некаторыя — зусім новыя, узніклі выпадкова, але ашчадна захоўваюцца. Не адстаюць ад традыцый і сродкі масавай інфармацыі. Кожны снежань у газетах і часопісах, на радыё і тэлебачанні для дзяцей і дарослых распавядаюць пра надыходзячы Новы год, падводзяць вынікі, робяць прагнозы, раюць што апрануць, што прыгатаваць, куды схадзіць. І апавядаюць нам пра тыя самыя традыцыі. Часцей за ўсё — замежныя.

/i/content/pi/cult/834/17786/18.jpgНа Кубе робяць так, а ў Аўстраліі вось гэтак; у Італіі выкідаюць непатрэбную мэблю праз акно, у Аргенціне — непатрэбныя дакументы, а ў Перу праз вокны выліваюць ваду. Дзесьці адчыняюць усе дзверы-вокны насцеж, каб шчасце не мінула пэўнае жытло, а дзесьці для таго ж самага апоўначы скачуць з любога ўзвышэння, нават святочны стол могуць выкарыстаць для гэтай мэты. “Што ж у гэтым дрэннага?”, — спытаеце вы. Маўляў, адукацыя, узровень ведаў, ды, увогуле, дасведчанасць ніколі нікому не шкодзілі. Згодна. Але ў мяне сустрэчныя пытанні: дзе аповеды пра традыцыі беларусаў, дзе гісторыя свята менавіта на беларускай зямлі?

А як было ў Радзівілаў?

У энцыклапедыях, у тым ліку выдадзеных аўтарытэтнымі дзяржаўнымі выдавецтвамі, чытаем, што Новы год у Беларусі першага студзеня загадаў адзначаць Пётр І. Ялінкі на свята ўпрыгожваць пастанавіў таксама ён. А нічога, што ў часы праўлення Пятра І беларуская зямля была ў складзе іншай краіны — Рэчы Паспалітай — аб’яднанай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага (цяперашняй Беларусі) і Польшчы, якая існавала ў 1569 — 1795 гадах? Увогуле, у тыя часы адукаваная, культурная, развітая Беларусь і была той самай Еўропай, куды расійскі імператар рубіў сваё акно.

Тое ж самае становішча і з гісторыяй навагодніх упрыгожванняў. Яна пачынаецца з загада Пятра І. А як адзначалі беларусы свята раней? Звестак практычна няма. А хіба магутныя Радзівілы, Сапегі, Храптовічы чакалі загадаў расійскага імператара? Яны гулялі, балявалі, адзначалі... І традыцыі ў іх былі свае. Гледзячы на іх гуляў і святкаваў просты люд. І традыцыі таксама складваліся. Дзе звесткі пра ўсё гэта?

У адной з дзіцячых энцыклапедый адшукала інфармацыю, што канцылярыя ВКЛ пастанавіла лічыць пачаткам новага года 1 студзеня з 1550-га. У некаторых рэгіёнах Новы год з гэтай даты адзначалі яшчэ раней — з 1364-га. Можа, яно і не так важна, хто калі пачаў што адзначаць, важна іншае — якім чынам гэта ўсё адбывалася.

Апельсін раней за бульбу

Без уплыву з замежных краін не абыходзілася. Радзівілы і іншыя беларускія магнаты шмат падарожнічалі па свеце і прывозілі з-за мяжы навуку, культуру і традыцыі, якія потым з улікам мясцовага каларыту асіміляваліся на нашай зямлі і з цягам часу сталі ўласна беларускімі. Свае традыцыі прывозілі сюды і замежныя жонкі беларускіх князёў і магнатаў. Адна толькі Бона Сфорца чаго была вартая! Мала хто ведае, але дзякуючы ёй беларусы пакаштавалі апельсіны нашмат раней за бульбу. Зразумела, не сяляне, а тыя ж магнаты. Але яны таксама беларусы і нельга іх узяць і выкінуць з нашай гісторыі, пакінуўшы адно сялянства. А ў сялянства, між іншым, былі свае найбагацейшыя культурныя традыцыі, звязанныя з працай у полі.

Земляробчы каляндар у беларусаў вельмі насычаны — з абрадамі, святамі, песнямі, прыкметамі, звычаямі, забабонамі. Але ўсё ж такі не полем адзіным жылі беларусы. Былі гараджане, былі магнаты, была шляхта, была інтэлігенцыя, чыё і паўсядзённае, і святочнае жыццё да гэтай пары не апісана ў літаратуры для шырокіх мас і асабліва для дзяцей.

Санта Клаўс і Дзед Мароз

Вернемся з мінуўшчыны ў наш год. Святкаванне ў Беларусі Новага года цесна перапляліся з традыцыямі святкавання Раства ў Заходняй Еўропе. Шмат у якіх краінах Санта Клаўса — паслядоўніка Святога Мікалая і калегу Дзеда Мароза — чакаюць менавіта на Раство. У нас шмат дзяцей чакаюць Санта Клаўса пад Новы год, адчыняюць для яго форткі — комінаў жа няма — і пакідаюць яму каля ложка — камінаў таксама няма — шкарпэткі для падарункаў.

Санта Клаўс набірае ўсё большую папулярнасць сярод дзяцей і дарослых. Некаторыя людзі нават адрозніць яго ад нашага Дзядулі не могуць і не бачаць паміж імі ніякай розніцы. А яна каласальная! Звярніце ўвагу на традыцыйныя выявы Санты — нізенькі пульхненькі дзядок, звычайна ў акулярах. Адразу кідаюцца ў вочы праблемы з лішняй вагой і зрокам, якія шмат у якіх выпадках з’яўляюцца з-за маларухомага ладу жыцця і няправільнага харчавання. Наш Дзядуля — гнуткі, падцягнуты, заўжды гатовы вадзіць карагоды і танчыць. Вопраткай зімовыя чараўнікі таксама адрозніваюцца. У сваёй кароценькай шубейцы Санта яшчэ пару дзясяткаў гадоў таму акалеў бы ў час нашай зімы. Ну і сродкі руху ў іх розныя. Нават дарослыя ўжо перасадзілі Дзеда Мароза на паўночных аленяў. Насамрэч яго транспарт — тройка коней.

Знайсці свой каларыт

Чаму адбываецца замяшчэнне нашай культуры заходнееўрапейскай? Спажывец возьме тое, што яму прапануюць, піяраць, навязваюць — замежныя фільмы, замежныя кнігі для дарослых і асабліва для дзяцей, якія толькі пазнаюць свет. А праз некалькі гадоў падсвядома атаясамліваюць сябе з заходней культурай і лічаць сваё непрывабным, нецікавым, несапраўдным.

Кніжны рынак Беларусі запаланіла перакладная заходне-еўрапейская і амерыканская літаратура, выдадзеная ў Расіі (з кінематографам тая ж справа). Ні ў якім разе не прыніжаю значэння і вартасці гэтых кніг у развіцці чытаючага пакалення. Звяртаю ўвагу на зусім іншае — на адсутнасць навагодніх кніг для дзяцей на беларускай мове з беларускім каларытам. Некалькі зборнікаў вершаў, апавяданняў і казак, якім, дарэчы, ужо не адзін год, не ў стане запоўніць гэту нішу. Я ўжо не кажу пра сапраўдныя прыгодніцкія захапляльныя аповесці для дзяцей, якія ўвогуле адсутнічаюць у нашай літаратуры. А ў нас жа не толькі Дзед Мароз з Белавежскай пушчы ёсць. Беларусы маюць свайго ўнікальнага, выключна беларускага духа зімы — Зюзю! Хто з беларусаў пра яго што-небудзь ведае? Гэта неабдымная тэма не толькі для пісьменнікаў, але і для аніматараў навагодніх святаў, вядучых карпаратываў, драматургаў, сцэнарыстаў.

А яшчэ ў Беларусі ёсць Каляды, першы дзень якіх беларусамі-язычнікамі лічыўся пачаткам новага года. Пасля прыняцця хрысціянства яны былі падпарадкаваны святу Нараджэння Сына Божага Ісуса Хрыста. Хоць частка традыцый была зменена на царкоўны лад, Каляды на працягу стагоддзяў заставаліся самым любімым, шумным і вясёлым святам.

Каляды былі шматграннымі, адзначаліся з размахам і ўключалі ў сябе не толькі рытуал вячэры з традыцыйнымі стравамі, дарэчы, іх было некалькі, а і песні, музыку, скокі, тэатральныя пастаноўкі, абрады, варожбы, а напярэдадні свята — выраб абярэгаў і ўпрыгожванне жытла.

У час свята па дварах хадзілі калядоўшыкі. Для большасці сучасных дзяцей калядоўшчыкі — гэта нейкія міфалагічныя істоты ці то жывыя ці то не. А гэта ж цэлы пласт культуры з найбагацейшым фальклорам, які па нейкіх прычынах у сучасных СМІ, асабліва дзіцячых, замоўчваецца. Чаму? Можа, гэта перажыткі мінулага, нікому непатрэбная нематэрыяльная спадчына ці пагарда да свайго і перайманне і навязванне чужых традыцый? Пытанне застаецца адкрытым.

Рэспект “крываваму” меню?

На жаль, традыцыі калядавання сучаснымі людзьмі практычна забыліся. Дзе-нідзе энтузіясты спрабуюць калядаваць, ды ў большасці выпадкаў ад размаху сапраўднага свята засталіся толькі назва ды самаробная зорка.

Затое напрыканцы кастрычніка беларусы актыўна святкуюць Хэлуін, а рыхтавацца да яго пачынаюць яшчэ ў пачатку восені — жудасныя касцюмы, гарбузы, свечкі, ліхтары, “крывавае” меню, прывіды, монстры. СМІ, аб’екты грамадскага харчавання і баўлення вольнага часу актыўна падтрымліваюць амерыканскае свята. Хто прасоўвае ў свядомасць беларусаў практычна забытае Купалле?

Адтуль жа з захаду ідзе замяшчэнне родных слоў на чужыя. Рэзкі “лайфхак” замест такой мяккай “карыснай парады”, халодны “хэнд-мэйд” замест цёплай “ручной працы”, злое “дэдлайн” замест прыемнага “час заканчэння” ці “тэрмін выканання”. І гэта словы, якія паддаючыся англамоўнай модзе, гучаць з вуснаў вядучых на тэлебачанні, друкуюцца ў афіцыйнай прэсе. Што ўжо казаць пра гаворку моладзі: “рэспект”, “гёрла”, “бойфрэнд”, “окей”, “паці”, “фарэва”, “соры”, “хай”, “кіпіш”, “батл”, “фэйс”. І шмат іншых слоў, якія забруджваюць не столькі беларускую, колькі рускую мову. Беларускамоўныя беларусы ў большасці прытрымліваюцца гаворкі без англамоўнага смецця. Што ж датычыцца рускамоўных беларусаў, то хочацца сказаць, што калі вам так хочацца выдзеліцца сярод аднагодкаў сваёй гаворкай, выкарыстоўвайце беларускія словы: падабайка, прынамсі, файны, жудзік, лядоўня, штукар, шпацыр, парэнчы, брукаванка, зашмат, абібок, матузкі, шапік, жмінда, барукацца, заплечнік, капялюш… Ёсць яшчэ процьма родных мілагучных слоў.

Як вядома, усё пачынаецца са слова. Пачаўшы ўстаўляць у сваю рускую гаворку беларускія словы, можа, пачнём і размаўляць па-беларуску, а там і да традыцыйных свят вернемся, вывучым калядныя песні, станчым “Лявоніху”, успомнім легенды, захаваем Масленку, Купалле, Пакравы, Дзяды...

Паважаючы культуру і традыцыі замежных краін, трэба ў першую чаргу трымацца свайго, а не круціць галавой на захад ці ўсход, шукаючы весялейшае свята, новай моды, магутнага героя, прышпільнага слова...

Марына ПЕТРАШКЕВІЧ, бібліятэкар дзіцячай
бібліятэкі № 8 г. Мінска