Залатая Горка арганных спеваў

№ 3 (1495) 16.01.2021 - 22.01.2021 г

“Калядныя вечары на Залатой Горцы” штогод збіраюць прыхільнікаў добрай музыкі. Сёлета гэты фестываль меў свае асаблівасці, выкліканыя эпідэміялагічнай сітуацыяй, але публіку не страціў. Наадварот, набыў новыя адценні.

/i/content/pi/cult/833/17774/32.jpgСёлета фестываль ладзіўся ў 21-шы раз. Паводле традыцыі, усе канцэрты былі з вольным уваходам. Але, як і раней, захавалася магчымасць пакінуць ахвяраванні сталічнаму касцёлу Найсвяцейшай Тройцы, дзе праходзяць гэтыя музычныя вечары.

Вядома, у параўнанні з леташнімі юбілейнымі ўрачыстасцямі цяперашні форум не мог быць ні такім жа разгорнутым, ні багатым на замежных гасцей. Колькасць удзельнікаў значна знізілася — найперш, з-за таго, што ў праграме, улічваючы пандэмію, адсутнічалі шматлікія харавыя калектывы, якія заўжды былі адметнасцю такіх канцэртаў. Але калядкі ўсё роўна спяваліся: на закрыцці 9 студзеня выступіў фальклорны гурт “Ліцьвіны”. Астатнія чатыры канцэрты былі арганнымі, прычым выступалі толькі айчынныя арганісты, утварыўшы гэткі “хіт-парад” лепшых маладых выканаўцаў: Кацярына Нікалаева, Лізавета Марозава, Калініка Мядзведзева, студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ганна Лабкоўская, Аляксандра Галубцова, што займаюцца арганным выканальніцтвам у класе Уладзіміра Неўдаха.

Як па-розному гучаў адзін і той жа інструмент у розных музыкантаў — і ў творах розных эпох. Слухачам адкрыліся многія невядомыя раней кампазіцыі, творчасць невядомых раней майстроў, бо арганная класіка насамрэч куды больш шырокая і размаітая, чым нам уяўлялася ў мінулыя дзесяцігоддзі.

Яшчэ адной адметнасцю стала тое, што канцэрты ўпрыгожваліся спалучэннем аргана з духавымі інструментамі: трубой (Максім Шкулепа, Аляксандр Ахрэмка), саксафонам (Павел Казак). Паверце, саксафон прыдатны не толькі ў джазе! Чарговы раз пераканацца ў гэтым можна будзе ўжо сёння, калі з арганісткай Ганнай Горбач выступяць саксафаніст Рыгор Харанэка і вакалістка Кацярына Жынгероўская.

Арганныя вечары на Залатой Горцы працягнуцца да канца студзеня — штотыдзень па суботах. А каб наведвальнікі бачылі арганістаў, камера транслюе відэавыяву на экран. І гэта не адзінае новаўвядзенне арганнага выканальніцтва. Калі напярэдадні святаў Віктар Кісцень — кампазітар, музыкант, гукарэжысёр, журналіст, арганізатар “Калядных вечароў…” — даваў сольны арганны канцэрт у зале “Верхні горад”, дык усе крэслы ў час той “Каляднай арганнай містэрыі” былі разгорнуты спінай да сцэны, затое тварам да караля інструментаў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"