Музыка ў Лошыцы

№ 51 (1491) 19.12.2020 - 25.12.2020 г

Перадкалядны музычны салон у старадаўняй сядзібе? У атачэнні прыгожых мелодый, што ўскалыхваюць пачуцці і саграваюць душу? Менавіта такі расклад прапаноўвае сёння “Музычная гасцёўня” сталічнай філармоніі, праводзячы канцэрт у філіяле Музея гісторыі горада Мінска ў Лошыцкай сядзібе. Ён так і называецца — “Музыка ў сядзібе”.

/i/content/pi/cult/829/17704/15.jpg— У праграму, — распавяла стваральніца і мастацкі кіраўнік “Музычнай гасцёўні”, піяністка Таццяна Старчанка, — мы ўключылі беларускую музыку канца ХVIII — ХІХ стагоддзяў. Гэта творы знакамітага Станіслава Манюшкі, 200-годдзе з дня народзінаў якога адзначалася летась. Міхала Клеафаса Агінскага, які напісаў не толькі паланез “Развітанне з Радзімай”, але і шмат іншых твораў. Напалеона Орды, славутага сваімі замалёўкамі тагачасных палацаў і іншых архітэктурных збудаванняў, а яшчэ тым, што быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы, музыцыраваў у тагачасных парыжскіх салонах разам з Шапэнам. Мацея Радзівіла, які, да ўсяго, быў аўтарам лібрэта оперы Яна Давіда Голанда “Агатка, альбо Прыезд Пана”, пастаўленай у Нясвіжы ў 1784 годзе. І дадалі да ўласна беларускай музыкі тагачасныя расійскія і польскія творы: Міхаіла Глінкі, Аляксандра Грыбаедава, таго ж Фрыдэрыка Шапэна. Акрамя фартэпіяна, будзе гучаць флейта, у якую “ўдыхне жыццё” цудоўны музыкант Яўген Віданаў.

Мы вельмі спадзяёмся, што такі канцэрт не застанецца адзіным. Вельмі хочацца правесці суцэльны цыкл падобных вечарын у розных старадаўніх сядзібах. Думалі распачаць яго яшчэ ўвесну, улетку, ды эпідэміялагічная сітуацыя была неспрыяльнай. Але перамовы вяліся, дый некаторыя творчыя сустрэчы зладзіць усё ж удалося. Вельмі многа залежыць ад кіраўніцтва музеяў, іх зацікаўленасці. Так, вельмі добрыя адносіны склаліся ў нас з Музеем Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, з іншымі ўстановамі. Увогуле, канцэрты ў музеях, на іншых пляцоўках, звязаных з нашай гістарычнай спадчынай, сёння ўжо не рэдкасць. Але часцей за ўсё яны ладзяцца даволі спантанна — у адказ на прапанову тых ці іншых музыкантаў. Але ж могуць і павінны быць не асобныя канцэрты, а цыклы, скіраваныя не толькі на адпачынак, але і на асветніцтва. Музыка, жывапіс, астатняе наваколле, уключаючы мэблю і саму атмасферу сцэнічнай пляцоўкі, — трэба, каб усё гэта знаходзілася ў гармоніі. Гэта дазволіць наведвальнікам больш натуральна перанесціся ў даўніну, адчуць, чым жылі нашы продкі. І адначасова правесці адтуль нітачкі ў сучаснасць, адчуць настальгію па ўласным хатнім музыцыраванні — ціхім і ўтульным. Нарэшце, па гучанні жывой музыкі, а не толькі праз навушнікі.

Дый канцэрты ў філармоніі ніхто не адмяняў! Сярод суцэльнай повязі святочных імпрэз на абедзвюх філарманічных сцэнах ёсць і наш падарунак — канцэрт “Навагоднія сюрпрызы ў Музычнай гасцёўні”, які адбудзецца 23 снежня. Сярод сусветнай класікі — ад Баха да Шнітке — прагучыць і музыка сучаснага беларускага кампазітара Аляксандра Літвіноўскага. Абяцаю, будзе цікава!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"