Фота як ураўненне стану

№ 51 (1491) 19.12.2020 - 25.12.2020 г

Неўзабаве па сканчэнні Месяца фатаграфіі ў Мінску адкрылася тая выстава, якой у праграме фэсту моцна не хапала. Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў пры падтрымцы Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў прэзентаваў добрую падборку праектаў сучасных беларускіх аўтараў пад назвай “Ураўненне стану”. З аднаго боку, атрымаўся даволі адэкватны зрэз таго, што сёння робяць тыя, хто называе сябе фатографамі (як вы хутка зразумееце, гэтай вербальнай канструкцыяй я нікога не хацеў пакрыўдзіць), з другога — проста цікавая і файна падрыхтаваная выстава.

/i/content/pi/cult/829/17702/13.jpgНазва, калі верыць пашукавікам, запазычаная з тэрмадынамікі. Наколькі я зразумеў, гэта ўсеабдымная характарыстыка той ці іншай сістэмы, якая спалучае самыя розныя параметры вымярэнняў — тэмпературу, аб’ём і гэтак далей. “Формулу сучаснасці складана разлічыць, — дадаецца ў куратарскай эксплікацыі. — Калі гэта боль, страх і пакуты, тады свядомасць іх выціскае. Калі задавальненне — растварае. Сучаснасць можа існаваць у мове мастакоў як штосьці часовае, ледзьве ўлоўнае”.

З гэтай сентэнцыяй цяжка не пагадзіцца. Але, што важна, выстава засведчыла яе і самым наглядным спосабам. Дзякуючы ёй паняцце “сучасная фатаграфія”, якое трывала асацыявалася з пэўным наборам імёнаў (не надта, калі шчыра вялікім), выявілася даволі плыткім, папраўдзе ледзь улоўным. Гэтаму спрыяў такі просты крок, як open call — заклік да ўсіх ахвотных дасылаць свае прапановы. І ён займеў нечаканы водгук. Нават куратарка праекта Дзіна Даніловіч, якую па праве можна назваць адным з рухавікоў працэсу ў беларускім фотамастацтве (а таму, здавалася б, яна павінна ведаць усіх), прызнаецца, што з большасцю ўдзельнікаў раззнаёмілася ўжо падчас працы над выставай.

Дзіна прызнаецца, што з многімі праектамі ёй давялося добра папрацаваць, каб давесці іх да належнай экспазіцыйнай кандыцыі. Але ж высілкі яе былі зусім не марнымі. Выстава можа быць папраўдзе ўзорным прыкладам таго, як можна (і, напэўна, трэба) экспанаваць падобнага кшталту фатаграфію.

Наогул, варта адзначыць, што эфектна выставіць фота — задача не з лёгкіх. Проста адбітак у рамачцы, які вісіць на сцяне, не надта ўражвае цяперашняга гледача — асабліва калі аўтар рабіў акцэнт на канцэптуальныя, а не візуальныя чыннікі. Таму важна знайсці тыя хады, якія прымусяць фота прагучаць. Або заззяць. Напрыклад, гэтаму спрыяе мільгаценне страбаскопа, што аздабляе праект Андрэя Кузмянка “Зона адчуджэння” — разнастайных прыродных і рукачынных аб’ектаў, якія былі зафіксаваныя камерай на стадыі разлажэння. “Гэтыя рэчы, пазбаўленыя свайго ўтылітарнага прызначэння, выкінутыя і забытыя, вядуць сваё ўласнае жыццё…” — піша аўтар.

Магчыма, для нейкіх іншых фота ідэальна адкалібраванае і дакладна скіраванае асвятленне было б больш дарэчным. Але ў звязку з гэтым праектам нельга не адзначыць прыкметнай тэндэнцыі: аўтары ўсё болей надаюць увагу не тым выяўленчым сродкам, якія ўласцівыя для іх віду мастацтва — тэхнікай яны свядома грэбуюць на карысць ідэі. Прычым яна можа быць фармалізаваная як заўгодна, а не толькі з дапамогай здымкаў — тут межы ніхто ўсур’ёз не ўспрымае. Зрэшты, падобны дрэйф у бок канцэптуальнага мастацтва адбываецца ў нас сёння паўсюдна, і ўжо зусім хутка размежаванне паміж фатографам і, напрыклад, скульптарам стане зусім няўлоўным.

На фоне іншых удзельнікаў праекта знакаміты канцэптуаліст Ігар Саўчанка, які гэтым разам зноў выставіў замест выяваў тэксты, ужо зусім не пачуваецца белай варонай. Скажам, ягоны маладзейшы цёзка Ігар Ганчарук таксама не робіць уласных здымкаў  — ён удумліва разглядае назапашаныя іншымі архівы (наколькі вы разумееце, іх зусім не бракуе). І прыкмячае, як відэа баявых канфліктаў спалучаюцца са зробленымі штучным інтэлектам цітрамі, дзе выбухі “расшыфроўваюцца” як музыка або смех. Уласна, у гэтым уважлівым позірку на з’явы, якія існавалі ўжо да цябе, і тоіцца ўвесь “цымус” аўтарства.

Апошняе стала галоўнай тэмай своеасаблівага візуальнага даследавання Аляксандры Салдатавай: якое фота (а іх, яшчэ раз нагадаю, сёння вельмі шмат) з’яўляецца мастацкім і чаму? У якасці адказу яна прапанавала цэлы шэраг інтрыгоўных загадак — выяваў, інтэрпрэтаваць якія ў той ці іншы спосаб бадай ніхто не дасць рады. Але ж аўтарка палічыла іх вартымі ўвагі — і ці то праз ейную здольнасць да сугестыі, ці то праз прыцягальнасць саміх выяваў ты з ёй пагаджаешся.

Фатографы сёння часта распавядаюць гісторыі — як рэальныя, гэтак і прыдуманыя. Лілія Грынь, як падаецца, дзеліцца пэўным уласным досведам, дзе канкрэтыка (месца дзеяння — вёска і, падазраю, канкрэтная) спалучаецца з містыкай: “Брэх начных сабак — гэта наша калыханка”. Адназначны сюжэтны наратыў урыўкавыя кадры не складаюць, але кожны пры жаданні зможа зрабіць гэта сам, падключыўшы фантазію. Або проста атрымаць асалоду ад неўпарадкаваных эмоцый. Балазе, праект таксама вельмі добра праэкспанаваны: і памеры здымкаў, і іх размяшчэнне ствараюць патрэбны для належнага ўспрыняцця ірваны рытм.

А вось Марыя Карнеенка прапанавала іншага кшталту гісторыю — шыкоўнае мак’юмэнтары Rattus sapiens. Яна пра лабараторыю, як быццам бы створаную ў Саратаве для селекцыі разумных пацукоў, здатных паводле свайго інтэлекту стварыць канкурэнцыю самому чалавеку. Уласна, сам праект з’яўляецца доказнай базай гэтай гісторыі: ён змяшчае аповеды сведак падзей, плакаты, якія, нібыта, віселі на сценах той самай лабараторыі і дзясяткі іншых самых размаітых артэфактаў. Асабліва мне спадабаліся аўдыяфайлы пад назвай “Ультрагукавая візуалізацыя пацучынага смеху”. Адным словам, усё выглядае пераканаўча. І варта адзначыць, што ў адрозненне ад іншых сфераў чалавечай дзейнасці, у мастацтве выкшталцоная хлусня мае высакародную мэту: паказаць хісткасць нашых уяўленняў пра аб’ектыўную рэчаіснасць, выклікаць паняверку — якая, у сваю чаргу, можа спарадзіць уласны інсайт.

Шчыра кажучы, творы мэтраў, прадстаўленыя на той самай выставе, падаліся мне куды менш вабнымі да інтэрпрэтацыі за праекты пачаткоўцаў. Можа, прычына ў больш традыцыйным разуменні імі такой з’явы, як фотамастацтва? А можа, тых мэтраў наогул дарэмна прыцягнулі ў праект — як бы для “ўзмацнення”? Бо, як выявілася, новае пакаленне — пакуль атамізаванае і “незнаёмае” — вартае ўвагі і само па сабе.

Хочацца верыць, “Ураўненне стану” будзе для яго адпраўным штуршком.