Хопіць сумных песень!

№ 50 (1490) 12.12.2020 - 18.12.2020 г

Чалавек пачаў спяваць, падаецца, з самага свайго з’яўлення на свет. У моманты максімальных эмацыйных праяваў. Вось толькі захаваць тыя спевы быў няздольны. Музычныя натацыі (запісы музыкі з выкарыстаннем знакаў прыпынку) існавалі, як сцвярджаюць навукоўцы, у XIV стагоддзі да нашай эры ў старажытнай Грэцыі. Гліняныя таблічкі расшыфроўвалі ці не дваццаць гадоў, але здолелі зразумець, што першай песняй, што да нас дайшла, быў зварот бясплоднай жанчыны да багоў. Я перакананы, што продкі беларусаў спявалі ўсё ж не ад суму, а ад радаснай разняволенасці. ад добрага ўраджаю, ад жончынай лагоднасці, ад таго, што дзяцей шмат і ўсе яны ў гаспадарцы — незаменныя. Дарэчы. згадайце нашу народную, “Песнярамі” апрацаваную песню-маніфест: “Чаму ж мне не пець? Чаму ж не гудзець, калі ў маёй хатачцы парадак ідзець?” Так што беларусам на родзе наканавана жыць пры парадку ў хаце і з радаснай песняй. Так што годзе сумных песень!

/i/content/pi/cult/828/17689/22.jpgУ тым, што песні нашы — пазітыўныя, пераконвае сённяшняя рэдакцыйная пошта. Да прыкладу, не бывае сумных маршаў для аркестраў (Сумны твор Шапэна — выключэнне). Менавіта таму ў Віцебскім абласным метадычным Цэнтры народнай творчасці і прыдумалі сёлета абласны дыстанцыйны конкурс духавых аркестраў і аркестраў народных інструментаў. Называецца мерапрыемства “Гучаць аркестры над Дзвіною і Дняпром”. Галоўны хормайстар абласнога метадцэнтра Дар’я Паўлючэнка тлумачыць: “Для ўдзелу ў конкурсе неабходна да 18 снежня прадставіць арганізатарам якасныя відэазапісы музычных нумароў”. А дырыжор установы Яўген Асіповіч дадае: “Лепшыя будуць вызначацца па наступных намінацыях: “Аркестр духавых інструментаў (дзіцячы і дарослы)”, “Аркестр народных інструментаў (дзіцячы і дарослы)”. Час паліраваць медныя трубы і рамантаваць баяны!

У дзяцінстве, калі ў хаце не было бацькоў, я ўскараскваўся на стол і спяваў рэвалюцыйныя песні кшталту “Смело мы в бой пойдём…” У юнацтве звонкі голас зламаўся, але аскепкі яго засталіся. Спяваю цяпер ціха, не на стале і толькі вясёлыя песні. Чаго і іншым зычу. Сум да дабра не давядзе. Дый Высоцкі калісьці даводзіў: “Я не люблю любое время года, когда весёлых песен не пою”.

Тамара Драздоўская з Горак напісала колькі добрых слоў пра самадзейную спявачку Надзею Курбасаву. Любоў да песні  — ад простай сялянскай сям’і. Яшчэ адзін доказ таго, што праца на зямлі і дае тую радасць, з якой нараджаецца шчырая песня. Надзея працавала медыцынскай сястрой у раённай бальніцы, спявала і спявае ў самадзейнасці — для жывёлаводаў і хлебаробаў. Займела за гэта шмат узнагарод і прыхільнікаў. Аўтарка допісу робіць выснову: “Калі чалавек столькі гадоў захоўвае адданасць любімай справе, натхненне яго ніколі не кіне”. Не буду спрачацца. Яшчэ мая бабуля казала, што той, хто добра спявае, той доўга жыве, бо ведае, для чаго ён гэта робіць.

Зробім невялічкі антракт у нашай песеннай гісторыі. Але не будзем забывацца і на тое, што песня стаіць за любым мерапрыемствам, хоць клубным, хоць бібліятэчным… Дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гароднік адклала ўсе свае надзённыя справы і напісала нам пра тое, што Карэліцкаму раёну споўнілася 80 гадоў. З гэтай нагоды быў падрыхтаваны відэаканцэрт. Мясцовыя рамеснікі пастараліся і нарабілі шмат юбілейных сувеніраў: льняныя вокладкі для штотыднёвікаў, гліняныя талеркі, паштоўкі і экапакеты для падарункаў. А майстар Дома рамёстваў Вольга Крышань вышыла крыжыкам ілюстрацыю да верша Анатоля Грачаннікава “Беларускія краявіды”. Лёгкі празрысты верш. І вышытая карціна — як песня. Але гэта яшчэ не ўсё. Наступны падарунак мясцовых майстроў — узноўлены традыцыйны касцюм канца пазамінулага стагоддзя. Словам, юбілей атрымаўся важкім на творчыя здзяйсненні.

Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч распавядае пра літаратурную арт-гасцёўню. Чарговае пасяджэнне было прысвечана творчасці мясцовых літаратараў. Аўтар сцвярджае: “Пачутае і ўбачанае стымулюе да чытання твораў землякоў, да перачытання раней прачытанага, каб зноў згадаць смак некалі ўпадабанага”. Вельмі прафесійны пункт гледжання.

Мазырская цэнтральная раённая бібліятэка імя Аляксандра Пушкіна працягвае ажыццяўляць брэндавы праект. Піша метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Яна Грубнік: “Мастацкая галерэя “Зачараваныя родным краем” знаёміць чытачоў з творчасцю мазырскіх мастакоў і фатографаў ужо пяць гадоў. Спачатку мы хваляваліся, а ці будзе гэта цікава. Цяпер можна сцвярджаць, што для сумненняў не было падстаў. За гэты час адбылося 35 выстаў, на якіх выстаўляліся работы 19 жывапісцаў і 5 фатографаў. Пэўную частку твораў творцы пакідаюць галерэі. Цяпер у яе фондзе — больш за 20 работ”. Аўтарка допісу выказвае словы ўдзячнасці Тамары Анісімавай, колішняму загадчыку філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у пасёлку Крынічны. Без яе мудрых парад, піша Яна Грубнік, галерэя не была б такой паўнацэннай.

Ганаровы дыплом “За гуманізм і міласэрнасць” Гродзенскага абласнога аддзялення “Беларускі фонд міру” атрымала загадчык аддзела метадычнай работы Іўеўскага цэнтра культуры і дасугу, кіраўнік клуба “Кантакт” для маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі Лілія Кішкель. “Кантакт” сапраўды стаў тым мастком, які трывала знітоўвае людзей з рознымі лёсамі, часам вельмі няпростымі, і дае ім магчымасць творчай самарэалізацыі. Пра гэта паведаміла вядучы метадыст па асноўных жанрах аддзела метадычнай работы Іўеўскага Цэнтра культуры і вольнага часу Святлана Лугіна.

Інфармацыя з Міншчыны, а дакладней — з Клецка. Бібліёграф раённай цэнтральнай бібліятэкі Ірына Цыган распавядае: “У Галавацкай сельскай бібліятэцы прайшоў раённы семінар, а ў яго рамках — творчы вечар Таццяны Цвірка. Яна — сябра раённага літаратурнага аб’яднання “Голас”, абласнога клуба паэтаў і кампазітараў “Жывіца”. Арганізавала мерапрыемства бібліятэкар Галіна Карсюк”.

І зноў хочацца спяваць. Тым больш. што гаворка зараз пойдзе пра Воранаўскі раён, дзе цудоўна ведаюць цану народнай песні. Але ўсё па парадку. У Пагародненскім Цэнтры культуры і народнай творчасці стварылі ў свой час пакой-музей “Тут Радзімы маёй пачатак”. Тут сабраны этнаграфічныя рэчы, якімі карысталіся ў побыце нашы продкі. На галоўным месцы, да прыкладу, — кросны. На іх працуе і перадае майстэрства ахвотным Анжэла Ладыш. На базе ўстановы дзейнічае школа ткацтва, дзе займаюцца і дарослыя, і дзеці. Мясцовыя тканыя вырабы можна набыць на знакамітым Пагародзенскім кірмашы, дзе пастаянна гучыць беларуская песня.

Гаворку пра навіны Воранаўшчыны працягвае рэжысёр Нацкага культурна-краязнаўчага цэнтра Данута Крэнь: “Вёска Нача — адна з вядомых мясцін Воранаўскага краю, багатая на славутых дзеячаў гісторыі і культуры мінулых стагоддзяў. Пры нашай установе дзейнічае аматарскае аб’яднанне традыцыйнай народнай культуры “Сустрэча”, якое наведваюць людзі сталага веку. Вы пабачылі б, як яны спяваюць ды танчаць. Калектыў стаў трывалым брэндам Начы”.

Плойма навін з Ашмяншчыны. Пасядзелкі “Як у нас на Піліпаўку” ладзяцца ў аграгарадку Кракоўка. Аналагічныя вячоркі праходзяць і ў аграгарадку Станцыя Ашмяны. Натуральна, без вясёлай песні не абышлося. 7 снежня на плошы Ашмян запаліла агні галоўная ёлка раёна. Распачаты навагодні продаж сувеніраў. А ў Кальчунах прайшло сямейнае мерапрыемства, падчас якога сем’і дэманстравалі свае таленты і прыхільнасці. Перамагло, натуральна, сяброўства. Работнікі культуры Гальшан у полі пастаяннай увагі трымаюць адпачынак сталых людзей. Сустрэчы праходзяць пад дэвізам “І чайку пап’ем, і песні заспяваем”.

І напрыканцы нашай сённяшняй “песні” — анонс з Гомеля. Музей гісторыі Гомеля арганізаваў выставу фатаграфій Вячаслава Бахметава. Экспазіцыя, дзе прадстаўлена больш за 20 работ, дзейнічае ў Музеі гісторыі друку і фатаграфіі Гомельшчыны. Свае творы аўтар называе амбратыпамі (пазітыўнае адлюстраванне на шкляной пласціне, зафарбаванай з аднаго боку чорнай фарбай). Дадзеная тэхніка вяртае нас да вытокаў фатаграфіі і прымушае згадаць вялікую карысць старадаўніх сямейных фотаальбомаў.

Беражыце сябе, шаноўныя, і спявайце толькі пазітыўныя песні.

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"