Сустрэча з сябрам

№ 50 (1490) 12.12.2020 - 18.12.2020 г

У сталічнай галерэі “Мастацтва” на праспекце Незалежнасці, 12 праходзіць выстава памяці мастака Сяргея Цімохава. Сёлета яму б споўнілася шэсцьдзясят…

/i/content/pi/cult/828/17687/19.jpgВыстава называецца “Край святла”. На ёй экспануецца больш дваццаці графічных работ розных гадоў, па якіх, мяркую, можна прасачыць працэс фармавання ўласнага почырку і, калі добра прыгледзіцца, дык і сэнсавую эвалюцыю ў творчасці спадара Сяргея. У асноўным яго ведаюць як жывапісца, так прадстаўленыя творы могуць стаць для дапытлівага гледача адкрыццём яшчэ адной іпастасі творцы.

На афішы выставы напісана “Сяржук Цімохаў”, і гэта невыпадкова. Так яго называлі сябры-аднадумцы. Пры ўсёй сваёй збольшага матэрыялістычнай свядомасці я схільны думаць, што імя, дадзенае чалавеку пры нараджэнні, як і тое, што потым ён свядома абірае ў дарослым жыцці, мае містычны ўплыў на лёс носьбіта. Імя — гэта абярэг і вектар жыццёвай праграмы. Кажуць, “Как вы лодку назовёте, так она и поплывёт”, і, дальбог, гэта тэза не пазбаўлена сэнсу. На мяжы 70-х — 80-х многія людзі культуры, запісаныя ў пашпартах Дзмітрыямі, Сяргеямі, Аляксандрамі, сталі Зміцерамі, Сяржукамі, Алесямі.

Цімохаў якраз з таго пакалення. Ён скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі ў 1984 годзе. Паводле спецыялізацыі ён мастак-манументаліст. Вучыўся ў Гаўрылы Харытонавіча Вашчанкі. Але само жыццё і асаблівасці характару ўвялі мастака з “манументалкі” ў станковы жывапіс, а ў межах гэтай іпастасі мастак сфармаваў свой вобразны лад, які толькі ўмоўна можна лічыць прадметным. Гэта не абстракцыянізм, але і рэалізмам такое мастацтва не назавеш.

На пачатку 2000-х мне давялося гутарыць з Сяржуком на блізкую нам абодвум тэму ўвасаблення беларускай гісторыі ў мастацтва. Памятаю, што ў той гутарцы праявілася такая важная рыса ягонага характару, як памкненне і здольнасць зазірнуць за далягляд, за край. Прычым, неважна ў які бок —наперад ці назад, у заўтрашні дзень ці ў гісторыю. Галоўнае, як сказаў бы Уладзімір Высоцкі, “паглядзець паверх галоў”. Тым часам, як многія рупліўцы беларушчыны выводзілі нацыянальную ідэю з нашай версіі хрысціянства. А Сяржук лічыў, што не варта спісваць з рахунку і перыяд язычніцтва.

Сказаў ён тады літаральна наступнае:

“Хрысціянства, каб замацавацца на гэтай зямлі, мусіла шукаць кампрамісу з язычніцтвам. Хрысціянскія святы прыстасавалі да дзён, якія язычнікі ўважалі за святочныя. Храмы ставілі на месцах ужо намоленых — там, дзе раней былі капішчы. Крыжамі пазначалі камяні, якім пакланяліся нашы продкі. Калі нашу версію хрысціянства і можна трактаваць як самабытную, больш-менш адпавядаючую нацыянальнаму менталітэту, дык толькі дзякуючы таму, што ў беларускім хрысціянстве захаваліся элементы язычніцтва.

Я не падзяляю хрысціянскай тэзы, нібыта Бог - усё, а вернік — нішто. Для хрысціяніна Бог — гэта той, хто ўзнагароджвае за добрыя ўчынкі і карае за кепскія. Бог — тое, чаго трэба баяцца.

А чалавек, я думаю, не павінен баяцца. Страх ператварае яго ў жывёлу!”

І шэраг ягоных твораў тае пары мелі за мэту эстэтычную рэабілітацыю ранніх вякоў беларускай гісторыі, калі яшчэ і слова “Беларусь” не было.

Яшчэ ён казаў: “Мастак мусіць рабіць тое, у што ён верыць. А ўжо як атрымаецца — хай іншыя вырашаюць”.

У назве выставы прысутнічае паэтычная двухсэнсоўнасць, якая, мабыць, спадабалася б спадару Сяржуку, бо па характару ён не быў катэгарычным і лічыў нармальным, калі ў межах здаровага сэнсу і прыстойнай маралі на адну з’яву ці прадмет існуюць розныя гледзішчы. Па-беларуску “Край святла”, на рускавй мове — “Край света”. Край — гэта і тэрыторыя, і мяжа. Свет — ён і святло, і прастора. Падобных прыгожых двухсэнсовасцяў шмат у творчасці Сяржука Цімохава.

Дарэчы, мае развагі не маюць непасрэднага дачынення да экспазіцыі выставы. Я там пакуль не быў. Адно ўпэўнены, што выстава добрая, бо Сяржук быў сумленным працаўніком, і натура ягоная не дазваляла рабіць штосьці абы як. Проста я скарыстаў інфармацыйную нагоду каб успомніць выдатнага мастака і цудоўнага чалавека. Але на выставу абавязкова пайду. Як на сустрэчу з сябрам.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"