Неабсяжныя межы малой радзімы

№ 49 (1489) 05.12.2020 - 11.12.2020 г

Наш Нацыянальны мастацкі музей валодае багатай калекцыяй, што дазваляе ладзіць выставы на якую заўгодна тэматыку. Ці амаль на якую заўгодна. Але, зразумела, што ўстанова такога статусу заўжды працуе ў адпаведнасці з прынцыпамі дзяржаўнай культурнай палітыкі. Адным з прыярытэтаў гэтай палітыкі з’яўляецца шаноўнае стаўленне да “малой радзімы” — тых мясцін, дзе мы нарадзіліся, дзе прайшлі дзяцінства і юнацтва. Вось і выстава, што яшчэ нядаўна працавала ў музеі, называлася “Малая радзіма — Вялікая зямля”

/i/content/pi/cult/827/17667/015.jpgМне здаецца, што само паняцце “малая радзіма” з’явілася ў нас недзе на мяжы 70-х — 80-х гадоў. Найперш у публіцыстыцы. Распавядаючы пра тую ці іншую асобу, што зрабіла нешта добрае для краіны, журналісты любілі, ды і зараз тая завядзёнка засталася, запытацца пра родавыя карані. Нярэдка аказвалася, што той ці іншы вядомы адмысловец паходзіць родам з маленькай вёсачкі, але праз упартасць і талент шмат чаго дасягнуў на навуковай ці культурнай ніве ў нейкім буйным горадзе. Такі кантраст уражваў.

Тым не менш я, безумоўна, шаную і тых, хто маючы ў кішэні дыплом прэстыжнай ВНУ, вяртаўся на тую самую “малую радзіму”, каб нешта змяніць там на добры лад. Асабіста я сустракаў такіх музейшчыкаў, бібліятэкараў, мастакоў, спецыялістаў па народнай творчасці і пазашкольнай адукацыі.

/i/content/pi/cult/827/17667/016.jpgКожная кропка на карце Беларусі для кагосьці радзіма — “малая”, калі падаўся ў так званы “вялікі свет”, ці проста радзіма, калі паводле народай мудрасці, “дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”.

А выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі “Малая радзіма — Вялікая зямля”, пра якую, уласна, і ідзе гаворка, атрымалася пра хараство нашай краіны і яшчэ пра тое, што хараство гэта, зыходна дадзенае Богам, трэба захаваць і памножыць.

Большая частка твораў экспазіцыі — краявіды. Аўтары карцін — выдатныя мастакі, чыя творчасць ужо стала неад’емнай часткай нашай гісторыі культуры і, дазволю сабе пафасныя словы, люстэркай беларускай душы. Гэта Міхась Сеўрук, Уладзімір Гардзеенка, Валянцін Савіцкі, Май Данцыг, Віктар Грамыка, Мікалай Кірэеў, Віталь Цвірка, Леанід Шчамялёў, Уладзімір Кожух, Натан Воранаў, Віктар Маркавец…

Выразнасць экспазіцыйнай канцэпцыі і высокая якасць карцін робяць і саму выставу творам мастацтва, якую можна было разглядаць у якасці цудоўнай візітоўкі нашай краіны. І госці Беларусі, і яе жыхары маглі праз мастацтва зрабіць новае адкрыццё роднай зямлі, нібыта добра вядомай.

Асабіста мне на выставе цікавыя карціны, найбольш блізкія да рэальнасці. Што ні кажы, а карціна, зробленая ў тыя часы, калі нават фотапарат быў хоць і даступнай, але раскошай, а пабачыць зямлю з самалёта было падзеяй, — не-не ды выклікае настальгію. Трэба адзначыць, што фактычна ўсе мастацкія краявіды тае пары зроблены з гледзішча пешахода. Цяпер жа мы прызвычаіліся бачыць наваколле з акна аўто, цягніка альбо самалёта, бачым здымкі, зробленыя з космасу. А гэта ўжо іншая псіхалогія. Ды і само разуменне “малая радзіма” набывае ў гэтых варунках не столькі фізічны, колькі філасофскі сэнс.

Я вось на выставе прыгадаў, як сам хадзіў з эцюднікам па траве, глядзеў на дрэвы і неба, а сёння там асфальт і бетон. Не скажу, што зусім не прыгожа, але гэта ўжо іншы погляд на свет.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"