Госць з Калугі

№ 49 (1489) 05.12.2020 - 11.12.2020 г

Творчасць — справа рызыкоўная. Бо, здаецца, мастацтва для грамады гэта не рэч першай неабходнасці, а талент — “тавар”, на які не заўжды знойдзецца пакупнік. Але бываюць і выключэнні з правілаў…

/i/content/pi/cult/827/17657/01.jpgРасійскі мастак Аляксей Васільеў, чыя выстава нядаўна праходзіла ў Галерэі Шчамялёва, да таго як адчуў творчае пакліканне, паспеў скончыць у роднай Калуге ўніверсітэт і атрымаць прафесію выкладчыка матэматыкі і фізікі. Недзе на трэцім годзе працы ў школе, да яго прыйшла думка, што не кепска было б распавядаць пра фізічныя законы з дапамогай забаўных малюнкаў. Так і пачалася ягоная мастацкая творчасць.

/i/content/pi/cult/827/17657/02.jpgНа першы погляд, маляваць ён не навучыўся, але комплекс непаўнавартасці яго не мучыць. Зараз мастаку Аляксею Васільеву сорак гадоў. Ён удзельнік шматлікіх мастацкіх конкурсаў, зладзіў дзясяткі персанальных выстаў у Расіі і за мяжой. І работы ягоныя маюць попыт у расійскіх і замежных калекцыянераў.

Відавочна, што сваіх фанатаў Аляксей Васільеў уражвае не канцэптуальнай распрацаванасцю твораў, не шыкоўным майстэрствам, а разняволенасцю. Ён чалавек іранічны і ўмее заўважаць абсурдзісцкія праявы нашага быцця. Тым і цікавы.

Тое, што ў суседняй краіне на такое мастацтва ёсць запыт, можа сведчыць як пра крызісны стан грамадства, так і пра высокую ступень дэмакратызму і талерантнасці. Маўляў, хочацца амбітнаму чалавеку карціны пісаць — хай піша, хоча нехта іх купляць — хай купляе.

Ну, а апраўдвае Аляксея Васільева хіба, што ён і сам не надта сур’ёзна ставіцца да таго, што робіць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"