Змітрок Бядуля вярнуўся на Радзіму

№ 45 (1484) 07.11.2020 - 13.11.2020 г

У цяжкую ваенную восень 1941 года Змітрок Бядуля разам са сваёй сям’ёй вымушаны быў накіравацца ва эвакуацыю ў Ташкент. Па ўспамінах відавочцаў, на станцыі Сяміглавы Арол пісьменнік выйшаў з цягніка, каб паспрабаваць абмяняць рэчы на ежу. Неўзабаве прагучаў гудок, які абвяшчаў аб адпраўленні цягніка. Усе, каб не спазніцца, кінуліся да сваіх вагонаў... Пабег і Бядуля, немалады ўжо чалавек. Паспеў. Але праз некалькі хвілін яго не стала. Не вытрымала сэрца. Здарылася гэта 3 лістапада. На станцыі Уральск сям’я Бядулі вымушана была сысці з цягніка. Там, ва Уральску (паўночны захад Казахстана), класіка беларускай літаратуры і пахавалі. Пасля вайны сям’я вярнулася ў Мінск і напрацягу доўгага часу неаднаразова ўздымала пытанне аб вяртанні астанкаў Змітрака Бядулі на Радзіму. І вось 3 лістапада 2020 года, нарэшце, адбылося ўрачыстае перапахаванне пісьменніка ў роднай зямлі.

/i/content/pi/cult/823/17594/5.jpgПерапахаванне пісьменніка стала магчымым дзякуючы фонду імя Марыі-Магдалены Радзівіл, які вядомы некалькімі паспяхова рэалізаванымі праектамі (з апошніх, аб якіх ужо пісала “К”, — усталяванне помніка беларускаму пісьменніку Яну Баршчэўскаму ва ўкраінскім горадзе Чуднаў).

Менавіта прадстаўнікі гэтага фонду згодна з просьбай Яфіма Плаўніка, сына Змітрака Бядулі (сапраўднае імя Самуіл Плаўнік — рэд.), узяліся за гэту няпростую справу, за якую раней браліся многія, але, на жаль, ніхто не змог давесці да лагічнага завяршэння.

Апошнюю грамадскую ініцыятыву падтрымалі розныя ўстановы і арганізацыі, як беларускія, так і замежныя. Па словах кіраўніка фонду Аляксандра Сапегі, для многіх устаноў Казахстана, у якія прыйшлося звяртацца, гэта пытанне было, скажам так, новым. Таму яны ўвесь час перанакіроўвалі прадстаўнікоў фонду то да адной інстанцыі, то да другой. Але, урэшце рэшт, атрымаўшы ўсе дазволы, паспяхова правёўшы эксгумацыю, самалётам расійскай кампаніі парэшткі пісьменніка, разам з надмагільнай плітой, былі перавезены ў Беларусь. Адбылося тое 26 лютага 2020 года.

/i/content/pi/cult/823/17594/6.jpgЗ таго і да апошняга дня вялася карпатлівая праца па падрыхтоўцы перапахавання. Трэба адзначыць, што з боку беларускіх афіцыйных установаў, а менавіта Савета Міністраў, Міністэрства інфармацыі і Міністэрства культуры, Мінскага гарвыканкама, а таксама Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры з самага пачатку праекту была аказана ўсебаковая падтрымка.

Дарэчы, пасля з’яўлення ў СМІ інфармацыі аб тым, што парэшткі Змітрака Бядулі перавезены ў Беларусь, у інтэрнэце разгарэліся палкія дыскусіі аб тым, дзе ж “мусіць спачыць славуты пісьменнік”. Думкі падзяліліся паміж Вайсковымі і Усходнімі могілкамі. Вайсковыя могілкі, маючы пэўныя абмежаванні, даўно прэтэндуюць на тытул Нацыянальнага некропаля, бо на іх спачываюць Янка Купала і Якуб Колас, Паўлюк Трус, а таксама вельмі шмат іншых вядомых асобаў. Усходнія ж, дзе таксама пахаваны вядомыя пісьменнікі, акцёры, навукоўцы і спартсмены — Генадзь Гарбук, Уладзімір Караткевіч, Стэфанія Станюта, Васіль Быкаў і многія іншыя, — так бы мовіць, больш адкрытыя для пахаванняў такога кшталту. Дыскусіі, часам рэзкія, урэшце рэшт супакоіліся. Грамадскасць справядліва вырашыла, што апошняе слова ў гэтым пытанні па-поўным праве належыць сыну пісьменніка, спадару Яфіму Плаўніку.

Цырымонія развітання прайшла ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры — “Беларускай хатцы”, на вуліцы Рабкораўскай. Месца было абрана невыпадкова, бо менавіта ў гэтым драўляным дамку 1904 года пабудовы, доўгі час жыў Змітрок Бядуля. Гэта хатка ў тыя часы была адным з культурных цэнтраў Мінска, дзе сустракаліся, а часам і жылі вядомыя літаратары — Максім Багдановіч ды іншыя. Як спадзяецца спадар Міхаіл Рыбак, дырэктар музея, гэтая сціплая сядзібка з утульным дворыкам, заціснутая з усіх бакоў сучаснымі будынкамі, і ў наш час будзе адыгрываць важную ролю ў культурным жыцці сталіцы.

У гэты пахмурны і дажджлівы дзень нібы само неба сумавала разам з намі. У хатцы было вельмі людна. Людзі падыходзілі і адыходзілі. Так як падзея гэта знакавая для Беларусі не бракавала прадстаўнікоў розных беларускіх ўстановаў і СМІ. На развітанне мелі прамовы сын Змітрака Бядулі спадар Яфім Плаўнік, прадстаўнік фонду Марыі-Магдалены Радзівіл спадар Алесь Мацукевіч, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбак, старшыня Беларускага фонду культуры спадар Тадэвуш Стружэцкі і іншыя вядомыя асобы.

Працяг развітання меў месца ўжо на могілках. Да прысутных звярнуліся з прамовамі дырэктар Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі Іван Саверчанка, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” Аляксандр Карлюкевіч, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбак, а таксама сын пісьменніка Яфім Плаўнік. Ён з уласцівай яму шчырай сціпласцю падзякаваў усім тым, хто дапамог з перапахаваннем. Напрыканцы жалобнай працэсіі кароткую прамову таксама зрабіў і рабін Рыгор Абрамовіч.

Чым жа
памятны
Змітрок Бядуля?

Народжаны ў яўрэйскай сям’і Самуіл Плаўнік (1886 — 1941) абраў шлях беларускага літаратара, этнографа, публіцыста і краязнаўцы. З 1912 года быў запрошаны да сталай супрацы з беларускімі культурнымі ўстановамі ў Вільні. Разам з Янкам Купалам працаваў у рэдакцыі “Нашай Нівы”. Пазней перабраўся ў Мінск, дзе жыў разам з сёстрамі ў згаданым дамку на Рабкораўскай. Таксама рэдагаваў краязнаўча-этнаграфічны часопіс “Наш край”, уваходзіў у літаратурныя аб’яднанні “Маладняк”, “Узвышша”. А з 1934 года — сябра Саюза пісьменнікаў СССР. Аўтар вялікай колькасці вершаў, казак, паэм і песень, апавяданняў, раманаў.

Як вядома, ініцыятарам перапахавання з’яўляецца Аляксандр Сапега, кіраўнік Дабрачыннага фонду імя Марыі-Магдалены Радзівіл і старшыня беларускай дыяспары ў Швейцарыі. Менавіта Аляксандр Сапега звярнуўся да сына пісьменніка Змітрака Бядулі спадара Яфіма Плаўніка з гэтай думкай. Ён, нягледзячы на шэсць ранейшых і няўдалых спроб перавезці парэшткі ў Беларусь, пагадзіўся на сёмую, і даў афіцыйны дазвол. Спадар Сапега ў свой час займаўся перапахаваннем парэшткаў Марыі-Магдалены Радзівіл, усталёўкай помніка Тадэвушу Касцюшку і іншымі культурнымі праектамі. Праект падтрымаў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Але вельмі важна, што праект пачынаўся як грамадзянская ініцыятыва. Дзяржава ж таксама не засталася абыякавай — вылучана месца на Усходніх могілках, будзе ўсталяваны помнік. Зразумела, ініцыятарам вельмі шмат высілкаў прыйшлося прыкласці для вырашэння тэхнічных пытанняў — атрымаць усе дазволы, дамовіцца пра эксгумацыію, перавозку. Дарэчы, неабходна падкрэсліць, што даволі значныя расходы на гэтыя працы ўзяў на сабе Ганаровы консул Беларусі ў Швейцарыі Андрэй Нажэскін.

Каментарыі

Алесь СУША, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі:

“Мы супрацоўнічаем з Дабрачынным фондам імя Марыі-Магдалены Радзівіл і таму былі ад самага пачатку ў курсе справы па перапахаванні пісьменніка. На мой погляд, выключна важную ролю ў гэтым адыграў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, які стаў асноўным партнёрам фонду ў справе вяртання парэшткаў Змітрака Бядулі ў Беларусь. Без яго, мне падаецца, мала што атрымалася б.

Падзея гэта вельмі важная. Знакавая для Беларусі. Знакавая і цікавая, бо сапраўды выклікала вялікі рэзананс з боку немалой колькасці дзеячаў культуры краіны. Бо, па-першае, на сёння актыўна абмяркоўваецца стварэнне свайго, беларускага пантэона, вяртання імёнаў (нават фізічнае) нашых культурных дзеячаў, пахаваных па-за межамі Беларусі. А па-другое, падаецца, сёння мала хто з запытаных мінакоў на вуліцы ўзгадае імя пісьменніка, і ўжо пагатоў назаве некалькі ягоных твораў. Таму гэта мерапрыемства мусіць стаць такім маленькім штуршком, які дазволіць напоўніцу вярнуць нашчадкам яго імя”.

Яфім ПЛАЎНІК, сын Самуіла Плаўніка (Змітрака Бядулі):

Мы пацікавіліся ў спадара Яфіма Плаўніка, чаму шэсць ранейшых спробаў перапахаванняў не былі даведзены да лагічнага канца.

“Адразу пасля вайны, зразумела, было не да таго. Мінск быў зруйнаваны, дзе-нідзе ацалелі драўляныя хаткі. Гадоў праз дваццаць пасля заканчэння вайны з Уральска прыехала дырэктар Уральскага літаратурнага музея і сказала, што ў нас пахаваны ваш пісьменнік Змітрок Бядуля, і было б добра падабраць аб ім матэрыялы. Яна пачала хадзіць па нашых музеях, якія ўжо існавалі, і ёй заўсёды, з вялікай ахвотай давалі копіі дакументаў. Маці аддала ёй ордэн Змітрака Бядулі (ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга — адзіная дзяржаўная ўзнагарода пісьменніка — рэд.).

Прайшло яшчэ колькі гадоў, пасля таго як мы вярнуліся ў Мінск. Мы зрабілі першую спробу перавезці прах бацькі. Наступная спроба прыпала на 100-годдзе з дня нараджэння пісьменніка. Іван Антановіч запрасіў мяне да сябе ў ЦК КПБ і запытаўся, ці не буду я супраць перапахавання, “..бо гэта наш класік. Мы будзем над гэтым працаваць”. Потым былі прапановы з нейкага фонду. Але завершылася справа тым, што гэтым заняўся Аляксандр Сапега. Гэта быў першы чалавек, які сказаў, што тое магчыма. І выканаў, што сказаў.

І гэтае перапахаванне для мяне вялікая радасць. Тут стаіць труна з прахам майго бацькі. І хоць яна і замешана са скрухай, але цела будзе аддадзена зямлі, што вельмі важна тут, на Радзіме.

Першае ж пахаванне было для мяне шокам, і я, тады фактычна дзіцё ў цяжкія гады вайны, памятаю яго да драбніцаў”.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар