“Няшчасны выпадак” з капліцай, або Што абрынулася блізу сядзібы ў стылі барока з элементамі ракако

№ 43 (1482) 24.10.2020 - 31.10.2020 г

Зранку 18 кастрычніка ў колішнім маёнтку Ганута (зараз не існуе) абвалілася адна з дзвюх капліц-блізнятак, пабудаваных у 1765 годзе. Падзея выклікала дастаткова вялікі розгалас у сродках масавай інфрамацыі ды Сеціве, бо тычыцца нашай гісторыі, славутых імёнаў мінуўшчыны.

/i/content/pi/cult/821/17562/08.jpgМаёнтак Ганута цяпер вядомы па назве вёскі Ручыца (Вілейскі раён), якую яшчэ калі-нікалі называюць Ручыца-Ганута. Першыя згадкі аб ім датуюцца 1501 годам. За пяцьсот гадоў сваёй гісторыі маёнтак перамяніў каля дзясятка ўласнікаў. Валодалі ім Садоўскія, Пронскія, Шумбарскія, Гальшанскія, Пацы, Вільчкі, Сангушкі, Славенскія, Зяновічы і Коцелы. Дарэчы, ад Коцелаў, праз шлюбныя сувязі, Ганута перайшла да Агінскіх, з якімі і звязаны росквіт гэтага маёнтка.

У 1765 годзе ў Гануце была пабудавана сядзіба, якую вядомы беларускі даследчык Анатоль Кулагін назваў “шэдэўрам ракако”. Як сцвярджае прафесар Анатоль Федарук, аўтарам праекта сядзібы быў вядомы віленскі архітэктар, астраном і прафесар Віленскага ўніверсітэта Тамаш Жаброўскі. Але нельга выключыць, што праектаваў яе іншы архітэктар, калега Жаброўскага — славуты італьянец Абрахам Гену. Дакладных звестак пра гэта, як піша спадар Федарук, праўда, пакуль не маецца і поле для дзейнасці даследчыкаў тут неабсяжнае. Але факт ёсць факт: менавіта яго ў той час адмыслова запрасілі з Вільні пабудаваць летнюю рэзідэнцыю троцкага ваяводы князя Тадэвуша Францішка Агінскага.

Што датычыцца капліц, то іх пабудавалі разам з сядзібай ў стылі барока з элементамі ракако. Адна з іх была пастаўлена блізу дарогі, якая вяла да маёнтка, насупраць касцёла (цяпер на гэтым месцы царква). Другую паставілі ля дарогі, якая вяла на могілкі. Менавіта з ёй і здарыўся “няшчасны выпадак”.

/i/content/pi/cult/821/17562/09.jpgТрадыцыйна ў такіх капліцах стаялі скульптуры Езуса, Маці Божай ці святых. Не сталі выключэннем і капліцы ў Гануце. У адной з іх была драўляная скульптура Маці Божай (сярэдзіны XVIII стагоддзя). Яна захавалася і выстаўлена ў экспазіцыі мінскага Музея старажытнабеларускай культуры НАН. А вось знайсці звесткі аб іншай скульптуры дадзеных капліц пакуль не ўдалося.

Трэба адзначыць, што прыдарожныя капліцы ў свой час былі даволі тыповымі для беларускага краявіда. Але з цягам часу шмат з іх пазнікала. “Спрычыніліся” да гэтага і ўзрост капліц, а шмат якім было ўжо больш за два стагоддзі, і даволі неспрыяльны клімат (не сонечныя Грэцыя і Італія). Але нямала “дапамаглі” розныя ўлады (а яны мяняліся на нашых землях ў ХІХ — ХХ стагоддзях нярэдка) і разам з тым мясцовы люд. У наш час далучыўся яшчэ адзін фактар, які можна назваць “нядбайнасць”. Бо клопат пра помнікі архітэктуры Беларусі ляжыць таксама і на мясцовых уладах. І не толькі пра тыя помнікі, што ўнесены ў Дзяржаўны рэестр і абаронены законам.

Абароненыя, але безабаронныя

Храналогія барацьбы за захаванне капліц Агінскіх выглядае так. У 2009 годзе актывісты з Вілейшчыны звярнулі ўвагу на незайздрасны стан аб’ектаў. Было прынята рашэнне паставіць над капліцамі ахоўныя навесы. Дазвол ад Міністэрства культуры на будаўніцтва навесаў (аўтар праекта архітэктар Анатоль Капцюг), як паведаміў Старшыня дабраахвотнага таварыста аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, быў атрыманы. Так над капліцамі сіламі валанцёраў былі пастаўлены першыя ахоўныя збудаванні. У 2017 годзе капліцы атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці трэццяй катэгорыі. 28 сакавіка 2018 года Нарачанскі сельвыканкам падпісаў ахоўнае абавязацельства. Тады ж, пад час суботніка, мясцовымі ўладамі былі заменены старыя ахоўныя збудаванні на новыя. Бо, за дзесяць год тыя спарахнелі, і самі пачалі прадстаўляць небяспеку для капліц. Як нам паведаміў актывіст з Вілейшчыны Павал Хаванскі, у выніку шматлікіх зваротаў грамадскасці ў розныя дзяржаўныя ўстановы капліцу ўключылі ў фінансаванне прэзідэнцкага фонда на 2020 год. Але, справа спынілася на нейкі час з-за адсутнасці зон аховы аб’ектаў, без якіх нельга было стварыць праект рэстаўрацыі. Каля месяца таму Вілейскі райвыканкам даслаў у Менскі аблвыканкам ліст, у якім закраналася пытанне, датычнае стварэння праекта зон аховы помнікаў. Але… 18 кастрычніка мясцовыя жыхары заўважылі перамены ў звычайных краявідах.

Амаль падобная гісторыя адбылася і з капліцай роду Рэйтанаў на ляхавіцкіх могілках. Аб чым “К” пісала ў №24 , 2019 года.

ШТО РАБІЦЬ?

Зразумела, што калі аб’ект, які столькі часу быў у цэнтры ўвагі вялікай колькасці людзей, “нарэшце” абваліўся, гэта не магло застацца незаўважаным. Далучылася да дыскусіі і Сеціва.

Свае парады аб тым, што трэба рабіць выказалі археолаг, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Алег Дзярновіч і і гісторык, археолаг Ігар Чарняўскі (былы начальнік Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры). На іх погляд, прыгодную да будучай рэстаўрацыі капліцы цэглу трэба адабраць і захаваць. Таксама трэба далучыць да справы архітэктара.

Каб даведацца, што было зроблена мясцовымі ўладамі, і што плануецца рабіць цяпер, пасля здарэння, “К” звярнулася да начальніка адзела ідэалагічнай працы, культуры і працы з моладдзю Вілескага райвыканкама спадара Сяргея Паўлоўскага.

Як аказалася, у дзень размовы ў Ручыцы на капліцах адбыліся працы. Прыгодная цэгла была адабрана і перавезена ў пэўнае месца. Далей у планах правесці рамонтныя працы на пашкоджаным навесе, а таксама працы па ўмацаванні рэшткаў капліцы.

Адначасова запускаецца працэс па распрацоўцы праекта зон аховы і праекта на рэстаўрацыйныя працы. На выраб дакументацыі па зонах аховы усяго патрэбна 15 000 рублёў. Гэтыя грошы будуць узяты з мясцовага бюджэта. Што ж датычыцца рэстаўрацыйных прац, як адказаў сп.Паўлоўскі, то вялікі спадзеў на тое, што знойдзецца спонсар.

Пры Вілейскім краязнаўчым музеі ёсць адмысловы дабрачынны рахунак, на які кожны ахвочы можа пералічыць свае ахвяраванні.

Дарэчы, у колішнім маёнтку Чомбраў (в.Валеўка, Наваградскі раён), доўгія годы гібела капліца роду Карповічаў. Не так даўно, яна была адрэстаўравана з дапамогай замежнага фінансавання. Можа, паспрабаваць вырашыць справу такім чынам, каб падтрымаць праект рэстаўрацыі капліц 1765 года пабудовы?

“К” будзе паведамляць чытачам пра далейшы лёс капліц Агінскіх, іх адраджэнне і вяртанне ў звыклы мясцовы краявід.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар